Вы тут

Захапленне па-фінску: хобіхорзінг — верхавая язда на цацачных коніках


Калі ў Англіі даўно ўжо праводзяцца чэмпіянаты па квідзічы (яздзе на мётлах), то ў Фінляндыі таксама з'явілася сваё захапленне: верхавая язда на цацачных коніках — хобіхорзінг. Дзяўчаты, якія гэтым займаюцца, лічаць яго і хобі, і новым відам спорту і нават праводзяць сапраўдныя спаборніцтвы.


У яздзе на цацачных коніках нічога новага няма. Да пэўнага часу гэтым тэрмінам карысталіся даследчыкі фальклору, каб апісаць касцюміраваных персанажаў — удзельнікаў народных свят. У Фінляндыі ўжо больш за 10 тысяч аматараў гэтага хобі, у асноўным дзяўчаты-падлеткі, але некаторыя хлопцы таксама прымаюць удзел у гэтых імправізаваных скоках. Большасць дзяўчат, якія катаюцца на цацачных коніках, вельмі любяць коней сапраўдных. Але займацца конным спортам у Фінляндыі вельмі дорага, таму для многіх з іх уяўная верхавая язда — выдатны кампраміс. «Наезніцы» часта ствараюць сваіх коней самі. 18-гадовая Тая Туркі, якая трэніруе іншых энтузіястаў, кажа: «Для людзей вельмі дзіўна ўбачыць гэта, асабліва першы раз, таму што яны думаюць, што мы лічым коніка жывым, але на самай справе гэта не так».

Па хобіхорзінгу праводзяцца самыя сапраўдныя спаборніцтвы, якія прыраўноўваюцца да спартыўных спаборніцтваў. І там усё сапраўды па-даросламу: на турнірах ацэньваюць выездку і скачкі — дзяўчаткі стараюцца паўтарыць элегантныя рухі сапраўднай язды, пераскокваюць праз перашкоды. Дарэчы, нядаўна ў красавіку ў фінскім горадзе Вантаа прайшоў фестываль гэтых катанняў, які аб'яднаў каля 200 спартсменаў і некалькі тысяч гледачоў. На спаборніцтвах журы звяртаюць увагу не толькі на спартыўны складальнік, але і на знешні выгляд коніка: акуратнае аздабленне і ўпрыгажэнні. Адна з удзельніц модных спаборніцтваў 20-гадовая Аліса Аарніямякі да таго, як пачаць катацца на коніку на палцы, 10 гадоў займалася сапраўднай верхавой яздой. Паводле яе слоў, хобіхорзінг — вельмі нават дэмакратычная забаўка і цалкам прыдатная альтэрнатыва жывому коніку.

У многіх скачкі дзяўчат праз перашкоды на цацачных коніках наогул выклікаюць смех, а то і нянавісць. У інтэрнэце досыць з'едлівых каментарыяў з нагоды хобіхорзінга. Часам даходзіць да таго, што дзяўчаткі вымушаны хаваць, што займаюцца яздой на цацачных коніках. Але шмат хто з іх гатовы адстойваць сваё права на гэта незвычайнае захапленне. Ну і права называць гэты занятак спортам, вядома.

Загаловак у газеце: Мой конік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?