Вы тут

Як «штукуюць» у Баянічах - сталіцы гумару Мінскай вобласці


У вёску Баянічы, што ў Любанскім раёне, цяпер можна дабрацца без праблем. Але так было не заўсёды. Яшчэ ў 50—60-я гады мінулага стагоддзя населены пункт атачала дрыгва. І жылі тутэйшыя, як тыя людзі на балоце. У суседнія вёскі маглі трапіць толькі позняй восенню або зімой, калі мароз добра скуе зямлю.


Ганна Перагуд трапіла ў Баянічы па размеркаванні пасля заканчэння культасветвучылішча. Калі ў адведкі да дачкі прыехаў бацька, то быў шакаваны, што па вясковай вуліцы ні прайсці ні праехаць — суцэльная гразь ды лужыны. Хацеў забраць дзяўчыну дамоў, у цывілізацыю, але тая не пагадзілася. І зрэшты не шкадуе. Надта ж самабытныя, каларытныя людзі тут жывуць. І называюць сябе баянкамі. Любяць «паштукаваць» (пажартаваць), як над іншымі, так і над сабой.

— Калі вучылася завочна ў Мінску, выкладчык спытаў у мяне падчас экзамену: «Вы з тых Баянічаў, дзе вала на дуб цягнулі?» — успамінае Ганна Мікалаеўна. — А я ж маладая была, сарамлівая, зачырванелася. Але ўзяла сябе ў рукі ды і спытала: «Адкуль вы пра гэта ведаеце?» Той усміхаецца ў адказ: «Мы тут, у Мінску, наслухаліся пра вашыя «штукі».

— А ці праўда, што тую няшчасную жывёліну на дуб цягнулі? — пацікавілася я.

— Трэба было аднаму баяніцкаму дзядзьку ярмо для вала зрабіць, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Вось і нагледзеў ён на дубе дыхтоўную кульбяку. Паклікаў на дапамогу вяскоўцаў, і яны пацягнулі вала на дрэва — прымяраць яе. «Ці падыходзіць?» — пытаюцца ў яго знізу. «Падыходзіць, і вол задаволены!» — адказвае той.

У свой час Ганна Мікалаеўна запісала ад старажылаў байкі, легенды ды «штукі». Неяк у вёсцы закончылася соль. І баянкі вырашылі яе на градах пасеяць. Чакаюць, чакаюць, а соль так і не ўзыходзіць. Яны і падумалі, што соль — замежная расліна, якая дасць ураджай праз некалькі гадоў.

Было тое ці не, цяпер ужо дакладна ніхто не памятае, але гэтыя «штукі» перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Баянкі і сёння з сябе «штукуюць»: пасеялі калісьці соль у Баянічах, а яна ўзышла пад Салігорскам (Любанскі раён мяжуе з Салігорскім). Любы факт, падзею тут могуць падаць так, што адразу і не зразумееш, праўда гэта ці выдумка. Накшталт: «Мы сеем бульбу ноччу, каб каларадскі жук не бачыў».

Адкуль пайшлі гэтыя жарты-гісторыі, цяжка сказаць. Магчыма, людзі, якія амаль цэлы год былі адрэзаны ад бойкіх дарог, цывілізацыі, жылі замкнёнай суполкай, шмат і цяжка працавалі, такім чынам разнастаілі сваё існаванне, весялілі сябе.

Жыў калісьці ў Баянічах дзед Давыдоўскі, які мог бясконца расказваць розныя гісторыі. У яго хаце было надта цёмна. Папрасіў ён суседзяў, каб вокны зрабілі большымі. Дык майстры так выразалі праёмы, што ўсю сцяну агалілі. А яшчэ стары баяў пра тое, як самагонку гнаў. Працэс, так бы мовіць, быў у самым разгары, а тут раптам нешта як загрукае! Госці падумалі, што міліцыя нечакана з'явілася, усхапіліся з месца... Ды гаспадар супакоіў іх: «Не бойцеся, гэта брага грукае».

А вось яшчэ прыдумка. Паленаваліся баянкі рыбу лавіць і вырашылі зварыць юшку проста ў возеры. Распалілі з усіх бакоў вогнішчы і сталі чакаць, пакуль вада закіпіць...

А як вам такое? Сабраліся браты параіцца, як зрабіць, каб у хаце было святлей. «Браточкі, дык давайце ўсе разам, талакой, у мяшках святло наносім!» — прапанаваў старэйшы. Так і насілі да самага вечара...

Падчас калектывізацыі ў вёску прыслалі першы трактар. Пачуўшы гул, самыя спрытныя баянкі залезлі на гумно і ўбачылі, што па дарозе рухаецца «чорт». Пахапалі яны вілы, сякеры і рушылі насустрач нячысціку лупатаму. Хацелі выкалаць яму вочы, каб не бачыў, куды рухацца. Старшыню калгаса баянкі таксама выбіралі арыгінальна: ішлі па сяле і кацілі гарбуз. У які двор закоціцца, гаспадар яго і будзе кіраўніком.

Смешныя гісторыі ў Баянічах не пераводзяцца.

— Маці майго кума, прынамсі, баяла: «Прывезла адна жанчына зерне ў млын малоць, ды прывязала свайго каня да трактара, які стаяў побач. Пакуль займалася справай, ён і паехаў. Выскачыла кабета следам на вуліцу ды толькі рукамі развяла... Навошта, кажа, каня гнала, магла б муку дадому і на трактары адвезці, — расказаў супрацоўнік Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка.

Шмат «штук» мне ў свой час расказала адна са старэйшых жыхарак Баянічаў Кацярына Беразоўская. «Загадаў аднойчы калгасны брыгадзір баяніцкаму чалавеку адвезці кінамеханіка ў суседнюю вёску. Едуць яны па дарозе, а той усё просіць: пакажы той дуб, на які вала цягнулі. «Пачакай крыху», — кажа дзядзька. Прывозіць ён хлопца пад самы тоўсты дуб ды зганяе з воза. Пакуль той пешшу з апаратурай на плячах дабіраўся да месца, мужчына вярнуўся назад. Брыгадзір і цікавіцца:
«Ці адвёз кінамеханіка куды трэба?» — «Так, адвёз. Цяпер ён таму валу, якога на дуб цягнулі, кіно паказвае»...

На жаль, Кацярына Аўдзееўна пайшла з жыцця. Да свайго пахавання жанчына падрыхтавалася загадзя. Зрабіла сабе помнік з выбітай на ім датай нараджэння, які захоўвала ў сенцах пад зрэбнай дзяружкай.

З гэтай нагоды Сяргей Выскварка расказаў цікавы выпадак. Да яго знаёмага прыехалі госці з Германіі, папрасілі паказаць ім мясцовую «экзотыку». Гасцей прывезлі ў Баянічы, дзе побач з сучаснымі дыхтоўнымі дамамі захаваліся маленькія хацінкі, якія амаль што ўраслі ў зямлю, ды калодзежы з «журавамі». Пабывалі госці і ў Кацярыны Аўдзееўны. Яны доўга не маглі зразумець, навошта жывому чалавеку помнік. «Каб дзецям і ўнукам было менш турбот», — растлумачыла бабуля. Наступны раз, калі той хлопец наведаўся да нямецкіх знаёмых, яны паказалі яму помнік, які заказалі для сябе, — ацанілі практычнасць беларускай жанчыны.

Баянічы, можна сказаць, сталіца гумару Мінскай вобласці. Ужо не першы год тут ладзіцца раённы фэст «У Баянічы — на гулянічы», які збірае не толькі жыхароў Любаншчыны і цэнтральнага рэгіёна, але і шматлікіх гасцей з усёй краіны. У дасціпнасці, «штукарстве» баянкі не саступаюць ні балгарскаму Габраву, ні калінкавіцкім Аўцюкам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сястра Габрава і Аўцюкоў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.