Вы тут

У Гродне ўзнаўляе работу «блышыны» рынак


Наш карэспандэнт прайшлася па радах і прыцанілася да артэфактаў. Ці то надвор'е паспрыяла, ці гродзенцы сапраўды зацікавіліся даўніной, але гандлёвыя рады былі цесна аблеплены на працягу амаль што пяці гадзін. Ды і месца для базара бойкае — цэнтр старога Гродна, плошча Савецкая, якая два стагоддзі таму называлася Рыначнай. Цяпер тут часта гандлююць — то велікодны кірмаш, то кірмаш для школьнікаў, то восеньскі продаж гародніны.


Новы базар не прэтэндаваў на размах. Прадаўцы-калекцыянеры занялі два рады каля Палаца тэкстыльшчыкаў. Напярэдадні гандаль праходзіў у яго холе, бо ішоў дождж, а вось на другі дзень выйшлі на плошчу.

Уздоўж прылаўка чутно: «Колькі каштуе?», «А гэта па чым?». Цікаўлюся, як фарміруецца цана на тавар.

— А ніяк, — чую ад мужчыны збоку, — мы прапануем сваю цану, пакупнік — сваю, затым знаходзім кампраміс. Напрыклад, за насценны гадзіннік я прасіў 420 рублёў, а прадаў за 380. Праўда, муж з жонкай падыходзілі да мяне некалькі разоў.

Вось і зараз адну з пакупніц зацікавіў стары гадзіннік, але ўжо настольны. Кажа, што прымеркавала яго для каміна. Прадавец запрасіў 400 рублёў. Жанчына напрыканцы звярнула ўвагу на вялізнае яйка-шкатулку і адышла.

Пакупнікі ўважліва разглядалі прылаўкі. Чаго толькі тут няма. Посуд, самавар, патэфон, гаспадарчыя прылады, бутлі, не кажучы пра розныя значкі, маркі, манеты... За серп прасілі 4—5 рублёў, за падковы — 2—8, барэльефы гіпсавых анёлаў у пазалочаных рамках каштавалі 50, срэбны набор кубачкаў — 40, за статуэтку дамы ў пікантнай позе прасілі 20 рублёў. Ёсць версія, што ў ёй можна схаваць што-небудзь.

— Ніколі не ведаеш, што можна набыць разам з прадметам даўніны. Мой знаёмы аднойчы купіў шкатулку, а там у патайным аддзеле — каштоўны пярсцёнак, — падзяліўся камерцыйным поспехам сябра прадавец Дзмітрый.

Сам ён таксама аматар старых рэчаў. Пры выпадку купляе іх і за межамі краіны. Нешта прывёз і на гродзенскі рынак, напрыклад, вось гэтую прыгожую французскую лямпу пад газу. Гаворыць, што ў Еўропе, і ў Расіі такія блышыныя рынкі вельмі папулярныя. Яны там праводзяцца рэгулярна і збіраюць вялікія натоўпы як прадаўцоў, так і пакупнікоў. Дарэчы, на барахолцы ў Гродне сустракаліся польскія турысты. Яны цікавіліся самаварам і польскімі медалямі.

Многія жанчыны-наведвальніцы, як ні дзіўна, звярталі ўвагу на маркі і манеты. Аказваецца, яны раней таксама захапляліся філатэліяй і нумізматыкай, і зараз успомнілі маладыя гады.

— Прыйшла сюды з пазнавальнай мэтай, — паведаміла гродзенка, — раней і сама маркі збірала. І рэчаў такіх было нямала, але з пераездамі пагубляліся. Вось ваза ва ўсходнім стылі нагадала мне Каўказ, дзе я вучылася, і разам з гэтым юнацтва...

Леанід Міхайлавіч, былы інжынер, а цяпер калекцыянер і прадавец, лічыць, што многія ідуць сюды, каб набыць рэчы, якія некалі былі ў іх, а зараз з'яўляюцца рэдкасцю. Іх яшчэ называюць вінтажнымі — гэта брэнды мінулых гадоў. Больш старыя рэчы, якім за паўстагоддзя, адносяцца да катэгорыі антыкварных. На рынку такіх таксама нямала.

— Многія мелі такія прадметы і цяпер хочуць набыць іх, каб вярнуцца ў той час, успомніць нешта прыемнае і захаваць яго ў сабе, — адзначыў Леанід Міхайлавіч. — Успаміны хочуць вярнуць, настальгіруюць...

Куплялі ў асноўным тое, што не вельмі дорага. Напрыклад, мужчына з барадой набыў два старыя фотаздымкі за 8 рублёў.

— Навошта яны вам, — пытаю, — гэта ж нават не вашыя продкі ці вядомыя людзі... не разумею...

— Таму, што вы жанчына практычная, а жыць — гэта не толькі дзяцей нараджаць і піць-есці, мы вышэй за гэта, цікавімся гісторыяй, у музеі ходзім, — кінуў мужчына адыходзячы.

Прызнаюся, позірк больш выхопліваў бытавыя рэчы, чым тыя ж вінілавыя пласцінкі (радыёлы ж няма) ці розныя значкі (куды іх чапляць?). Што ў іх каштоўнага? Але пачула, як калекцыянер пахваліўся, што мае значок, за які яму прапаноўваюць 900 долараў.

— Я яго не прадаю, бо гэта рэдкасць, дэсантны значок, выпушчаны малым тыражом, — паведаміў Алег Юр'евіч.

На рынак ён прынёс частку сваёй калекцыі, якую збірае амаль 40 гадоў, яшчэ з арміі. Алег дэманструе медаль 1934 года, які выдаваўся на будаўніцтве алімпійскіх аб'ектаў у Германіі. А вось свісток для падняцця ў бой салдат рускага імператарскага палка. Кажа, што моладзь цікавіцца такімі прадметамі.

Мяне ж больш чапляла гісторыя Гродна, старыя паштоўкі з выявамі старога горада. І такія знайшліся. У аднаго прадаўца цана — ад 30 да 300 рублёў. У другога — больш роўная: 40—50 рублёў.

Уразіў здымак гэтай самай плошчы 1944 года, адразу пасля вызвалення. Там, дзе размясціўся рынак, была зруйнаваная зямля, але затое стаяў старажытны храм Фара Вітаўта, які знеслі праз 15 гадоў. Цяпер на гэтым месцы памятны знак. Паштоўка 1918 года адлюстроўвае від гарадской плошчы з абеліскам, якога таксама цяпер няма. Старыя фота і паштоўкі можна аформіць у рамку і падараваць з якой-небудзь нагоды.

— Кірмаш даўніны, спадзяюся, прыцягне і замежных турыстаў, гэта будзе і надалей такая «фішка» для бязвізавага горада, — паведаміў адзін з арганізатараў, старшыня гродзенскага таварыства нумізматаў «Скарабей» Віктар Какарэка. — У нас ёсць цікавыя калекцыі і рэчы на продаж, людзі паглядзяць, успомняць нешта і купяць.

У невялічкай таўханіне заўважаю інтэлігентнага мужчыну з вялізнай статуэткай. Нейкая антычная дама амаль з паўметра. Свой здабытак мужчына вызначыў як артэфакт другой паловы ХХ стагоддзя.

— Хутчэй за ўсё, статуя зроблена ў 60-я гады і штучна састарана. Будзе стаяць для ўпрыгожвання інтэр'ера, гэта цяпер модна...

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вінтаж па-гродзенску

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.