Вы тут

Беларусы выйшлі ў фінал міжнароднага музычнага конкурсу


13 мая ў Кіеве пройдзе фінал маштабнага песеннага шоу "Еўрабачанне". Што асабліва прыемна, у вялізным канцэрце мы, як і мільёны іншых гледачоў па ўсім свеце, зноў убачым нашых удзельнікаў і пачуем беларускую мову.


Другое паўфінальнае шоу, у якім выступалі беларусы, завяршылася ў ноч з чацвярга на пятніцу. Калі нашу краіну назвалі ў ліку першых шчасліўцаў з топ-10, у многіх напэўна адлягло ад сэрца: усё ж адна справа — верыць і спадзявацца на поспех, а другая — дакладна ведаць, што пасля двух гадоў няўдач задача-мінімум выкананая, і свята на нашай вуліцы працягваецца. "Гэта неверагодна! Дзякуй кожнаму з вас за падтрымку!" – напісалі артысты на сваёй старонцы ў сацсетках ці не адразу пасля абвяшчэння вынікаў. Наогул, мяркуючы па водгуках у сусветным павуцінні, нашых артыстаў падтрымлівалі землякі і проста прыхільнікі з Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Румыніі, Нарвегіі, ЗША і нават Катару.

Ад усяго сэрца віншуем "NaviBand" і зычым ім удачы ў фінале! Дарэчы, паводле жараб’ёўкі, якая адбылася ўчора, беларусы з песняй "Гісторыя майго жыцця" выйдуць на сцэну пад нумарам 3. Разам з імі барацьбу за галоўны прыз працягнуць канкурсанты з Балгарыі, Венгрыі, Харватыі, Даніі, Ізраіля, Румыніі, Нарвегіі, Нідэрландаў і Аўстрыі. Усяго ж, нагадаем, у фінальным канцэрце выступяць удзельнікі з 26 краін; адкрые гранд-шоу прадстаўнік Ізраілю, а завершыць — спявачка з Францыі Альма.

Букмекеры, якія апошнія некалькі гадоў загадзя прадказваюць пераможцу "Еўрабачання", дагэтуль робяць самыя высокія стаўкі на запіснога фаварыта сёлетняга конкурсу, прадстаўніка Італіі — пераможцу Сан-Рэма Франчэска Габані, які са сваёй песняй-памфлетам "Occidentali's Karma" ("Карма на заходні манер") і чорнай малпай літаральна ўзарваў еўрапейскія чарты і набраў на YouTube звыш 110 мільёнаў праглядаў. Другім найбольш верагодным прэтэндэнтам на перамогу называюць прадстаўніка Партугаліі Сальвадора Сабрала: хворы на сэрца артыст сваёй лірычнай баладай на роднай мове "Amar Pelos Dois" парадаваў вуха музычных эстэтаў і, на думку многіх крытыкаў, прадставіў самую пяшчотную і прыгожую песню на конкурсе гэтага года. Замыкае тройку лідараў прадстаўнік Балгарыі Крысціян Костаў — самы юны ўдзельнік "Еўрабачання-2017" відавочна скарыў энергетыкай і крыху змрочным абаяннем сэрцы дзявочай аўдыторыі. Таксама ў першую дзясятку, паводле прагнозаў букмекераў, трапяць артысты з Бельгіі,  Швецыі, Арменіі, Румыніі, Францыі, Вялікабрытаніі і Азербайджана. Зрэшты, настроены на барацьбу і іспанскі спявак-гітарыст Манэль Навада Кесара са сваёй лёгкай "пляжнай" песенькай і сцэнічнымі доскамі для серфінгу, больш падобнымі зверху да гаманцоў, і ўкраінскія рокеры з гурта О.Тorvald, і прадстаўніца Германіі спявачка Levina, чый глыбокі хрыплаваты голас літаральна заварожвае…

Наколькі спраўдзяцца гэтыя прагнозы і нашы чаканні — даведаемся ўжо зусім хутка. Нагадаем, нацыянальныя журы ацэнкі ўжо выставілі, а сёння ўвечары галасуюць за сваіх улюбёнцаў гледачы з усіх 42 краін-удзельніц конкурсу. Балы ад беларусаў агучыць колішняя фіналістка "Еўрабачання" Алена Ланская. Пераможца "Еўрабачання", як і летась, вызначыцца па суме балаў суддзяў і публікі, таму інтрыга мусіць трымацца да апошняй хвіліны, а вынік — спадзяёмся — акажацца ўсё ж выбарам музычным, а не палітычным.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.