Вы тут

Куды прыйсці па агляд рэчаіснасці


Найлепшыя фотажурналісты свету ў адмысловай выставе ў Мінску.

Гэты фотаздымак абляцеў увесь свет. 22-гадовы турэцкі паліцэйскі Меўлют Мерт Алтынташ крычыць пасля забойства расійскага пасла ў Турцыі Андрэя Карлава на адкрыцці фотавыставы «Расія вачыма туркаў», а забіты мужчына ляжыць побач. Фатограф Assocіated Press Бурхан Азбіліджы, які, дарэчы, не збіраўся наведваць мерапрыемства і трапіў сюды амаль выпадкова, у гэтых небяспечных умовах узяў фотаапарат і пачаў працаваць. Серыя здымкаў, якую ён зрабіў, стала ашаламляльнай ілюстрацыяй для гучнай навіны, а ў выніку — пераможцам найпрэстыжнейшага міжнароднага конкурсу фотажурналістаў World Press Photo, то-бок «Сусветным прэс-фота года». Вынікі конкурсу, ужо 60-га, былі падведзеныя ў Амстэрдаме ў лютым, а 4 мая ў мінскім ЦЭХу пачала працаваць выстава, што прэзентуе пераможцаў і цэлы мінулы год.


45 фатографаў з 25 краін — гэта выбранае з 80 408 работ 5034 аўтараў са 126 краін. На конкурс падавалі свае заяўкі і 19 удзельнікаў з Беларусі, але пакуль ніхто з іх не аказаўся адзначаным. Незалежная арганізацыя World Press Photo, створаная ў 1955 годзе, падтрымлівае прафесійную фотажурналістыку і прысуджае найпрэстыжнейшую ў сваёй сферы ўзнагароду, але, што больш цікава для звычайнага гледача, яна арганізуе штогадовую выставу па выніках конкурсу, якая вандруе па свеце і вяртае нас у мінулы год і паказвае свет у яго разнастайнасці і нечаканых праявах. У тым, што гэтая экспазіцыя здольная даць гледачу, — яна беспрэцэдэнтная. Пэўны актуальны агляд, зрэз апошняга часу, вобразы з розных куткоў свету, а таксама, што важна, — спалучэнне значнасці тэмы і мастацтва фатаграфіі, прафесіяналізму.

Часткова гэта адкрыцці, часткова — адлюстраванне таго, што хвалявала і хвалюе ўвесь свет. Летась, напрыклад, (выстава World Press Photo таксама праходзіла ў Беларусі) пэўным «лідарам» у цікавасці прэс-фатографаў прадказальна аказалася тэма бежанцаў, і пераможцам быў здымак «Надзея на новае жыццё» аўстралійскага фатографа Уорэна Рычардсана, які паказаў момант перадачы сірыйскага дзіцяці цераз калючы дрот на венгерска-сербскай мяжы. Сёлета з шырока абмяркоўваемых актуальнасцяў, не кажучы ўжо пра фота забойцы расійскага пасла ў Турцыі, на выставе знойдзецца выява Аішы Эванс, што стаіць перад мужчынамі ў форме на мітынгу супраць паліцэйскага гвалту ў дачыненні да чарнаскурых у ЗША; Куба пасля смерці Фідэля Кастра; чорны насарог, што быў знойдзены забітым браканьерамі дзеля каштоўнай здабычы — рога; наступствы выбуху бомбы ў пакістанскім горадзе; перапоўнены бежанцамі, якія спадзяюцца трапіць у Італію цераз Міжземнае мора, трум лодкі і так далей.

Узнагароды World Press Photo прысуджаюцца ў намінацыях «Экстранныя навіны», «Актуальныя тэмы», «Агульныя навіны», «Працяглыя праекты», «Штодзённасць», «Людзі», «Прырода» і «Спорт». У катэгорыі экстранных навін сёлета можна ўбачыць фота сірыйскіх дзяцей пасля артылерыйскіх абстрэлаў і цэлы рэпартаж пра эвакуацыю паселішча блізу Алепа пасля авіяўдараў; здымак, зроблены падчас бітвы за Масул у Іраку; тут жа бежанцы, забойствы, тэракты.

Калі гэта выглядае змрочна і жудасна (ну такі парадак дня), то крыху гратэскная серыя здымкаў абыходжання з пандамі ў Кітаі ўраўнаважыць цяжкія ўражанні. Не так даўно пандаў выключалі з катэгорыі віду, што знікае, і яны аказаліся проста «пад пагрозай», але ў Кітаі гэтыя жывёлы ўсё роўна ўвесь час знаходзяцца пад наглядам чалавека. Цікавым фотапраектам стала серыя здымкаў з невялікага заснежанага паселішча каля ракі Ніжняя Тунгуска на Крайняй Поўначы Расіі, дзе жыве каля ста чалавек, а найбліжэйшы горад знаходзіцца за трыста кіламетраў.

Шыкоўнай, хоць і цяжкай, атрымалася серыя здымкаў з Філіпін, дзе вядзецца актыўная барацьба ўрада на чале з новым прэзідэнтам Радрыга Дутэртэ з распаўсюджваннем наркотыкаў. У выніку, па звестках міжнароднай арганізацыі Amnesty Іnternatіonal, тут павялічылася колькасць пазасудовых забойстваў, і за кароткі тэрмін паліцыяй і невядомымі ўзброенымі людзьмі было забіта 7025 чалавек. Даведацца пра гэта і шмат іншых з'яў, куткоў і тэндэнцый, што маюць месца дзе б там ні было ў свеце, можна на выставе World Press Photo.

Экспазіцыя, у якой вельмі своеасаблівым спосабам адкрываецца 2016 год, стала даступнай для наведвання 4 мая і будзе працаваць да 24-га.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.