Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Рыцец


За ўсё сваё жыццё я не бачыла такой вёскі, дзе ўсе двары вясной былі б расквечаныя лясной ветраніцай. Гэта адзін з першацветаў, які часам памылкова называюць падснежнікам. Белыя пяшчотныя кветачкі растуць сапраўдным дываном на пустых падворках да самых ганкаў. І не дзіва: навакольны лес заваёўвае вёску. Але не гэта галоўная адметнасць населенага пункта Рыцец. Вёска аказалася за лініяй дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы. Цяпер, як вядома, праводзіцца дэмаркацыя нашай мяжы з Украінай. Паласа, па якой пройдзе агароджа, ужо адведзеная і абазначаная. Да Рыцеца яшчэ застаецца некалькі кіламетраў. Такія рэаліі.


Цяпер у вёсцы засталося пяцёра пастаянных жыхароў. Перыядычна паміж імі ўзнікаюць чуткі, што вось правядуць дэмаркацыю, а людзей адселяць у Тамашоўку. Але ў сельскім Савеце лічаць, што для такіх чутак няма падстаў, ніхто не збіраецца нікога высяляць, няма такога рашэння, ды і сродкаў ніхто не выдзяляў. А людзі паціху наракаюць на свой лёс: вось так жылі яны жылі, хлеб расцілі, дзяцей гадавалі, спраўлялі вяселлі ды хрысціны. А потым да іх прыйшла мяжа. І ўсё перамянілася.

Рыцец — крайні паўднёвы пункт Брэсцкага раёна, ад цэнтра сельсавета Тамашоўкі ён размешчаны за 10 кіламетраў. А найбліжэйшая ўкраінская вёска Кашары за 300 метраў. Раней гэта і ўспрымалася амаль як адзін населены пункт, магазін у Кашарах быў агульным. Як і школа, іншыя сацыяльныя аб'екты.

Галіна Яўгенаўна Дубіна, жыхарка Рыцеца, усё жыццё адпрацавала настаўніцай ва ўкраінскай школе. У яе вельмі паказальная біяграфія. Сама Галіна родам з украінскай вёскі Сыкунь. Пасля заканчэння педінстытута ў Луцку прыехала сюды працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Выйшла замуж за беларускага хлопца, ды і засталася ў Рыцецы назаўсёды. Тут, дарэчы, амаль усе сем'і такія — беларуска-ўкраінскія. Школа, куды накіравалі маладога спецыяліста, спачатку была ў прыстасаваным памяшканні ў Кашарах, потым пабудавалі новую ў Альшанцы. Усё роўна хадзіць на работу было не больш за кіламетр. З Рыцеца да яе ў клас адзін час 13 дзяцей хадзіла. Так і вучыла ўсіх навакольных дзяцей чытаць, пісаць, лічыць. Мовамі навучання былі ўкраінская і руская. Далей дзеці ішлі ва ўкраінскую сярэднюю школу. Потым многія паступалі ў ВНУ, нярэдка ў Брэст. І пасля падзей 1991 года некаторы час усё заставалася амаль па-ранейшаму. Галіна Яўгенаўна працавала ў школе, у 1997 годзе выйшла на пенсію. А праз год, у 1998 годзе, ім забаранілі хадзіць у магазін. У Рыцец пайшла аўтакрама.

Іры­на Ляў­чук.

Спачатку людзі вельмі абураліся. Як гэта? Магазін стаіць за трыста метраў, па сутнасці, на суседняй вуліцы, ні сцяны да яго, ні агароджы, а хлеба купіць зайсці не маеш права. Ну і, вядома, парушалі забарону. Але да парушальнікаў сталі прымаць, як той казаў, меры стрымлівання. Адным словам, паступова адвучылі ад паходаў у суседнюю вёску.

Памежныя службы з абодвух бакоў зразумець можна. Яшчэ з 90-х праз навакольныя лясы пайшлі патокі кантрабанды. Спыніць яе можна было толькі рашучымі дзеяннямі, хоць і ўмоўным, але надзейным кардонам. Вось і траплялі пад патэнцыяльнае падазрэнне ўсе, хто тут паяўляўся, у тым ліку мясцовыя жыхары.

І людзі гэта, здаецца, разумеюць, а вось душа і сэрца працівяцца. Колькі на гэты конт было сварак і высвятленняў адносін з пагранічнымі нарадамі! «Я тут нарадзіўся, басанож бегаў, еду да маці ў свой бацькоўскі дом, а ты мяне затрымліваеш, нібы шпіёна!» — не раз крычаў былы жыхар вёскі. А ў памежніка свая работа, яму прадпісана правяраць і падазраваць усіх. Асабліва пакрыўджаная на новыя парадкі Ірына Фёдараўна Ляўчук. Яна таксама родам з украінскага сяла, выйшла замуж у Рыцец. Цяпер жыве адна, муж памёр. Дзеці прыязджаюць часта, асабліва брэсцкі сын, у якога рэжым работы: трое сутак праз трое. У тры свабодныя дні ён едзе да маці, працуе па гаспадарцы і на агародзе. Бывае, а палове пятай раніцы на скутэры дабіраецца на цягнік. Ну і вечна трапляе пад праверкі.

У такой сітуацыі амаль немагчыма пазбегнуць перагібаў. Напрыклад, праверылі групу людзей, якія вярталіся з пахавання аднавяскоўца, а людзі гэта ўспрынялі ледзь не як абразу. І што тут зробіш? Ніхто ж не думаў раней, што будуць межы з усімі наступствамі. Самі ж лініі меж, як і лініі дэмаркацыі, ва ўсе часы праводзіліся, як правіла, у сталічных кабінетах. А людзі жывуць вось тут, на канкрэтным лапіку зямлі.

Галіна Дубіна паказвае памежны слуп суседняй дзяржавы, які паявіўся тут нядаўна. «Гэта нам напамін, што мы замежнікі», — смяецца былая настаўніца. І расказвае, што за гэтым слупам, крыху далей, знаходзіцца вельмі глыбокае прыроднае возера пад назвай Рыцец, якое мясцовыя жыхары заўсёды лічылі сваім. Цяпер яно замежнае.

— Некалі на курсах павышэння кваліфікацыі ў Луцку нам адзін навуковец лекцыю чытаў, — працягвае Галіна Яўгенаўна. — Ён расказваў, што яшчэ ў панскія часы нейкі аматар прыроды аднойчы памеціў шчупака і адпусціў у Свіцязьскае возера. Дык тую рыбіну потым вылавілі ў нашым возеры Рыцец. Такім чынам, паводле яго версіі, усе Шацкія азёры маюць нейкія падземныя плыні. Вось такія дзівосы тутэйшай прыроды. А якія яны прыгожыя, маляўнічыя тыя азёры! Ды і ў нас тут, бачыце, прыгажосць якая!

І праўда, амаль у кожнага каля дома невялікі вадаём, і невядома, ці гаспадары ў свой час паклапаціліся, ці сама прырода. Тут вада блізка, выкапаць штучнае азярцо, здаецца, не праблема. А яшчэ з усіх бакоў да вёскі лясы падступаюць, і гэта накладвае адбітак. Дзікі, здараецца, бессаромна падыходзяць ледзь не да самых сядзіб. Некалькі разоў ужо сваім паяўленнем напужалі вяскоўцаў.

Га­лі­на Ду­бі­на.

Паводле слоў былой настаўніцы, жывецца ім у сваёй вёсцы зусім нядрэнна. Галоўнае, што Галіна і Іван Дубіны ўдваіх. Пакуль крыху ёсць сілы, займаюцца гаспадаркай. У іх ёсць нават конь, а яшчэ куры, козачка. Кожны год садзяць агарод. Вясной, вядома, клопатаў прыбаўляецца. Летам чакаюць у госці ўнукаў, якіх дзед і бабуля маюць шасцёра, ужо і двое праўнукаў падрастаюць. Сын жыве ў Брэсце, да бацькоў наведваецца нярэдка. Раз на тыдзень, па чацвяргах, у вёску прыходзіць аўтакрама. Гандлёвы работнік запісвае ўсе заяўкі, стараецца выконваць. А магазін у суседніх Кашарах, дарэчы, не так даўно закрылі. Да іх таксама прыходзіць крама на колах.

Пошта прывозіць пенсію. Правесці агляд заязджае медработнік. Каб жыхары вёскі маглі прайсці флюараграфію, сёлета па іх прыязджала машына Тамашоўскай амбулаторыі. А вось электраэнергія ў Рыцец па-ранейшаму паступае з Украіны.

Старшыня Тамашоўскага сельскага Савета Алена Бурак расказала, што так было заўсёды. Праўда, у 2011 годзе Шацкія раённыя электрасеткі раптам прыслалі папярэджанне, што больш не будуць сілкаваць беларускую вёску. Цягнуць дзясятак кіламетраў лініі для пяці, хай тады яшчэ для дзесяці жыхароў было б вельмі дорага. Давялося ўзгадняць пытанне на ўзроўні міністэрстваў дзвюх краін. Аказалася, што па перыметры мяжы ёсць і ўкраінскія вёскі, якія падключаны да беларускіх электрасетак. Таму ў Мінску і Кіеве дамовіліся, што жыхары будуць плаціць за электраэнергію ў сваіх краінах, а дзяржавы разлічацца між сабой. Больш пытанняў не ўзнікае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Мяжа, што прайшла цераз сэрца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.