Вы тут

55 адценняў ізумруднага


Ізумруднае вяселле, імянарачэнне немаўляці і рэгістрацыя маладых. Адразу тры святочныя мерапрыемствы і тры моцныя, прыгожыя і яскравыя пары ўпрыгожылі акцыю «Сям'я, як радзіма, павінна быць у кожнага», якую Міністэрства юстыцыі арганізавала напярэдадні Дня сям'і ў канцэртнай зале «Верхні горад».


Леанід і Лілія ЯШЧУКІ — 55 гадоў у шлюбе пасля двух тыдняў знаёмства.

Рэгістраваць шлюбы ў апошнія гады маладыя ўсё больш любяць каля помнікаў архітэктуры, у гістарычных мясцінах і замках. У год свайго векавога юбілею органы загса Беларусі арыентаваны на тое, што любое жаданне асоб, якія хочуць зрабіць гэты дзень асаблівым, — закон. Наўрад ці знойдуцца зараз такія ідэі, фантазіі ці жаданні, якія яны не змаглі б увасобіць, заўважыў Сяргей ЗАДЗІРАН, першы намеснік міністра юстыцыі Беларусі.

— Орган запісу актаў грамадзянскага стану — гэта першыя дзверы, куды людзі ідуць спачатку як закаханыя, пасля — як шчаслівыя бацькі, каб зарэгістраваць свайго першынца. Так што, па сутнасці, гэта дзверы ў новы свет сямейна-шлюбных адносін, — дадаў ён.

Таццяна і Сяргей Паўловічы, якія на вачах гасцей і журналістаў учора сталі новай сям'ёй, пазнаёміліся год назад. З моманту сустрэчы каханых да шлюбу прайшло крыху больш за год. Планавалі пажаніцца менавіта 12 мая ў Маскоўскім загсе. Калі ім прапанавалі паўдзельнічаць у акцыі, пагадзіліся.

Наваспечаная сям’я Таццяны і Сяргея ПАЎЛОВІЧаў.

Якім бы рамантычным ні было каханне само па сабе, але веліч і прыгажосць шлюбу надаюць менавіта дзеці. Наталля Філімонава, начальнік аддзела загса Маскоўскага раёна Мінска, правяла цырымонію імянарачэння маленькага хлопчыка, які нарадзіўся 18 красавіка ў сям'і Волгіных. Дзмітрый Ягоравіч Волгін, трэцяе дзіця ў сям'і шчаслівых бацькоў, атрымаў свой першы дакумент — пасведчанне аб нараджэнні і «з'явіўся на свеце» афіцыйна.

Ізумруднае вяселле (55 гадоў у шлюбе) сёлета адзначаюць муж і жонка Яшчукі, і абодва кажуць, што галоўнае ў шчаслівых адносінах — гэта цярпенне. А да дэвізу акцыі ім хацелася бы дадаць, што «сям'я, як і радзіма, павінна быць у кожнага адна».

Дружнае сямейства ВОЛГІНЫХ.

— Я сустрэў яе 24 лістапада 1962 года, і праз два тыдні мы сталі мужам і жонкай. І па сённяшні дзень жывём у згодзе і сяброўстве, — падзяліўся Леанід Сцяпанавіч. — Нас у загсе Кастрычніцкага раёна Мінска распісалі ў той жа дзень, як мы падалі дакументы.

— Умець любіць, паважаць, дамаўляцца і быць добрымі да ўсіх і заўжды, — так бачыць рэцэпт доўгага сямейнага шчасця Лілія Міхайлаўна.

Залатое вяселле Леанід Сцяпанавіч і Лілія Міхайлаўна Яшчукі таксама адзначалі ў загсе. Думаецца, гэтая светлая пара пройдзе разам па жыцці яшчэ не адзін год. Зрэшты, як і астатнія закаханыя гэтага свята.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?