Крыштальны мікрафон «Еўрабачання» партугальцу Сальвадору Сабралу прынесла песня «Amar Pelos Dois» («Любові хопіць на дваіх»), якую напісала яго сястра Луіза. Па выніках галасавання ён набраў 758 балаў.
У выступленні артыста галоўны акцэнт быў зроблены на выкананні песні: яно суправаджалася светлавымі эфектамі на галоўнай сцэне, а гледачы засвяцілі ўсю залу ліхтарыкамі на тэлефонах. Партугалец апошнім з удзельнікаў конкурсу прыехаў у Кіеў толькі на адкрыццё «Еўрабачання» 7 мая і не прымаў удзел у рэпетыцыях з-за парока сэрца, якім пакутуе з дзяцінства. СМІ пісалі, што да канца года 27-гадоваму спеваку неабходна знайсці донара.
Другое месца заняў Крысціян Костаў з Балгарыі, які набраў 615 балаў.
Група з Малдовы SunStroke Project размясцілася на трэцім месцы, набраўшы 374 балы.
Таксама ў пяцёрцы лепшых Бельгія і Швецыя. Галоўны фаварыт конкурсу, італьянец Франчэска Габані, стаў толькі шостым.
Беларусь заняла ў фінале 17-е месца. Арцём і Ксенія, канешне ж, хацелі самага лепшага выніку, але не засмучаныя: «Наша песня прагучала двойчы на «Еўрабачанні», што самае галоўнае. Мы лічым, што гэта важна для нашай мовы, для нашай культуры. Мы стараліся быць сумленнымі ва ўсім і зрабілі ўсё, каб падарыць радасць. Вельмі стаміліся, таму што гэты конкурс — велізарнае выпрабаванне для артыстаў. Але ўвесь час адчувалі падтрымку Беларусі, за што хочам сказаць вялікі дзякуй».
Беларусі далі 12 балаў Азербайджан і Украіна.
Нагадаем: фінал міжнароднага конкурсу «Еўрабачанне—2017» прайшоў у Кіеве 13 мая. На сцэну Міжнароднага выставачнага цэнтра выйшлі прадстаўнікі 26 краін.
Фота БЕЛТА
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.