Вы тут

У падземцы будзе гучаць класіка


Напэўна, не знойдзецца сярод нас чалавека, які б не ведаў імёнаў Вівальдзі, Баха, Моцарта або Бетховена. А ці здольныя мы назваць хоць бы пяць беларускіх класікаў? Глеб Вайкуль і Дар'я Бараноўская вырашылі выправіць гэту сітуацыю і прапанавалі ўключаць выдатныя творы беларускіх кампазітараў на платформах усіх станцый метро. Падобныя праекты працуюць у падземках Пекіна, Нью-Ёрка, Стакгольма, Лондана, а ў хуткім часе да гэтага спісу далучыцца і Мінск. Сталічныя пасажыры, якія чакаюць цягнік, змогуць атрымаць асалоду ад музыкі Манюшкі, Агінскага, Багатырова. Больш за тое, класіка ў метро не толькі не перашкаджае тэхніцы бяспекі, але і скарачае колькасць правапарушэнняў.

Што яшчэ прапануюць рэалізаваць удзельнікі Рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd? «Звязда» склала падборку самых карысных ініцыятыў.


Для памяці пакаленняў

У Баранавічах супрацоўнікі дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання вырашылі добраўпарадкаваць сквер, прысвечаны героям-лётчыкам. Парк імя Степанішчава — двойчы Героя Савецкага Саюза, які ў 1946 годзе трагічна загінуў, — доўгі час знаходзіўся ў запусценні. Цяпер жа ў ім з'явяцца прыгожыя клумбы, ліхтары, лавачкі і, нават, арт-аб'екты — трохметровая «пятля Несцерава» і подыум «Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада» (у Баранавічах ‑ 12 вуліц носяць імёны герояў-лётчыкаў).

— Мы хочам змяніць адносіны да патрыятызму ў навучэнцаў і жыхароў мікрараёна, — тлумачаць у каледжы.

Многае ўжо ўдалося зрабіць. Напрыклад, дамовіцца з ЖЭСам, каб той клапаціўся аб старых дрэвах у скверы, апрацоўваў іх ад паразітаў. Клумбы высадзілі самі супрацоўнікі каледжа. А навучэнцы, якія асвойваюць прафесію цырульніка, бясплатна рабілі стрыжкі гараджанам у абмен на ахвяраванні на арт-аб'екты. Плануецца, што «пятля Несцерава» і мемарыяльны подыум упрыгожаць сквер ужо ў снежні гэтага года.

«Свой чалавек» у адміністрацыі

Узаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі стане прасцей. Бясплатная электронная праграма — бот-дзяржслужачы — дапаможа рыхтаваць і запаўняць дакументы (віртуальны «чыноўнік» умее распазнаваць пашпарт і ўносіць гэтыя даныя ў даведкі), а таксама будзе падказваць, куды і калі звяртацца, каб вырашыць праблему, якая вас хвалюе (напрыклад, аформіць ІП). Праграма ўжо працуе ў месенджары «тэлеграм», потым будзе даступна і для карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «Фэйсбук». Распрацоўшчыкі запэўніваюць, што разабрацца ў праграме зможа любы чалавек, далёкі ад праграмавання. А чыноўнікі толькі падтрымліваюць ініцыятыву, якая павысіць юрыдычную адукаванасць насельніцтва і скароціць час, неабходны на розныя адміністрацыйныя працэдуры.

Клавіятура для ўраўненняў і чарцяжоў

«Разумную» клавіятуру, з дапамогай якой можна выконваць дамашнія заданні па розных прадметах, распрацавалі студэнты БДУІР і БНТУ. А пачалося ўсё з асабістай гісторыі. Год таму Дзіма Кузьміч трапіў у бальніцу. Яго суседам па палаце быў хлопчык з ДЦП. Праз дыягназ школьніку складана было пісьмова рашаць задачы і чарціць графікі. Тады Дзіма і вырашыў прыдумаць сэрвіс, які дапаможа дзецям з парушэннямі дробнай маторыкі выконваць заданні па фізіцы, хіміі і матэматыцы. Клавіятура «Sсrаwlеss» — гэта праграма, якая ўсталёўваецца на смартфон ці планшэт. На ёй можна лічыць у слупок, рашаць ураўненні, зручна афармляць нелінейныя запісы, напрыклад дробы. Стандартная фізічная клавіятура не адаптавана для гэтага, і вучні трацяць шмат часу на пошук патрэбных сімвалаў для запісу прыкладаў.

— Праект вырашае некалькі праблем, — расказвае Дзмітрый Кузьміч. — Дзеці будуць вучыцца лічыць самастойна, а не на калькулятары, рабіць чарцяжы (звычайна яны выкарыстоўваюць ужо намаляваныя бацькамі ці надрукаваныя ў сшытках).

Каманда праекта наведвала Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў, дзе пратэсціравала «разумную» клавіятуру і ўпэўнілася, што яна зручная для школьнікаў. Плануецца, што поўная версія праграмы будзе запушчана ў канцы жніўня, якраз да пачатку навучальнага года.

Жыццё пасля інсульту

Па статыстыцы, 70 працэнтаў людзей, што перажылі інсульт, — гэта інваліды, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі. На жаль, забяспечыць рэабілітацыю бясплатна дзяржава можа толькі на 45 дзён у годзе. Што рабіць у астатнія 320? Прыватныя медцэнтры і наёмныя спецыялісты каштуюць дорага, а каб займацца самастойна, патрэбны пэўныя веды. Урач-неўролаг Дар'я Цішына запускае анлайн-рэсурс рrоіnsult.bу, дзе дапамогуць арганізаваць дамашнюю рэабілітацыю дыстанцыйна. Чалавек, які перанёс інсульт, ці яго сваяк змогуць атрымаць індывідуальную праграму практыкаванняў, навучыцца правільна іх выконваць (для гэтага ёсць друкаваныя інструкцыі і відэаўрокі) і фіксаваць у табліцы дасягненні. Чакаецца, што ў год будзе складацца 12,5 тысячы індывідуальных планаў. Плюс дадаткова будуць раводзіцца семінары і сустрэчы.

Падобныя праекты паспяхова рэалізуюцца ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе. На тэрыторыі СНД аналагаў няма, таму беларускі рэсурс мае вялікі патэнцыял.

Родныя людзі

У ліпені ў Навагрудскім раёне правядуць Другі фестываль сем'яў усынавіцеляў «Родныя людзі». Бацькі змогуць адпачыць, абмяняцца досведам, атрымаць псіхалагічную дапамогу. Чаму гэта важна?

— Парадокс, але паток грамадскай увагі скіраваны ў большай ступені на дзіцячыя дамы, а не на прыёмныя сем'і, і тым самым умацоўваецца сіроцтва, а не сямейнае ўладкаванне малых, — лічыць каардынатар праекта, псіхолаг Вольга Галаўнёва. — Людзі не адважваюцца на ўсынаўленне, бо баяцца апынуцца з цяжкасцямі ў выхаванні сам-насам. Закрытасць гэтай тэмы параджае прадузятасць у адносінах да сірот.

Першы фестываль у фармаце палатачнага лагера прайшоў два гады таму ў Мінскай вобласці і сабраў больш за 100 чалавек. Арганізатары спадзяюцца, што падобныя мерапрыемствы будуць спрыяць развіццю культуры ўсынаўлення, а прапаганда яго як гераічнага выратавання сірот зменіцца спакойнымі і паважлівымі адносінамі да дзяцей і сем'яў, якія знайшлі адно аднаго.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Агінскі ў метро і віртуальны чыноўнік

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».