Вы тут

Як развіваецца глыбінка Палесся?


Століншчына знаходзіцца даволі-такі далёка ад сталіцы, але па некаторых паказчыках мясцовыя жыхары нават выйграюць. У іх ліку, унікальная прырода і прыклад землякоў, якія паспяхова ладзяць свой бізнес
у родных сёлах. Пра тое, чым жыве сёння Столінскі раён і якія мэты перад сабой ставіць на найбліжэйшы час, мы пагаварылі з Рыгорам ПРАТАСАВІЦКІМ, старшынёй Столінскага райвыканкама.


— Століншчына вядома як рэгіён з моцнай прадпрымальніцкай ініцыятывай, рэгіён добрых гаспадарнікаў. Як улады спрыяюць развіццю бізнесу?

— Малы і сярэдні бізнес раёна прадстаўлены 229 суб'ектамі гаспадарання прыватнай формы ўласнасці, у іх ліку 44 фермерскія гаспадаркі. У форме індывідуальнага прадпрымальніцтва зарэгістравана 1 139 чалавек.

На Століншчыне паступальна ідзе развіццё фермерскіх гаспадарак. Фермерам выдзелена звыш дзвюх тысяч гектараў зямлі. Спецыялізацыя фермерскіх гаспадарак — агародніцтва адкрытага і закрытага грунту. У апошнія гады інтэнсіўна развіваецца пладаводства, сёння «пад садамі» знаходзіцца 476 гектараў зямлі. Летась фермерскімі гаспадаркамі выраблена звыш 500 тон збожжа, 3,3 тысячы тон бульбы, каля 58 тысяч тон агародніны, 18 тысяч тон пладоў і ягад.

Неабходна адзначыць, што прыватны бізнес займаецца і перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. У фермерскай гаспадарцы «Альшаны» ўстаноўлена лінія па вытворчасці яблычнага соку. Прыватнае прадпрыемства «Палескія вострыя прыправы» займаецца саленнем і квашаннем агародніны.

Летась уведзены ў эксплуатацыю бізнес-цэнтр «Лілія», дзе цяпер функцыянуе дзевяць гандлёвых аб'ектаў. Гэты цэнтр пабудаваны з керамічнай цэглы, вырабленай, дарэчы, на Століншчыне — Гарынскім камбінатам будаўнічых матэрыялаў.

Адным з перспектыўных кірункаў у актывізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы ў нас бачыцца ўключэнне ў абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца. У 2016 годзе на адкрытых аўкцыённых таргах было прададзена дзевяць аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Адзін аб'ект быў бязвыплатна перададзены для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці маладым інвалідам. Сёлета быў прададзены яшчэ адзін аб'ект, дзе будзе створана сем рабочых месцаў.

— На тэрыторыі раёна ёсць шмат цікавых, нават унікальных прыродных аб'ектаў. Якім чынам раён прыцягвае турыстаў? Што ўжо зроблена ў плане інфраструктуры?

— Галоўным турыстычным брэндам нашага раёна з'яўляецца рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Альманскія балоты» плошчай больш за 94 тысячы га. Гэта найбуйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным выглядзе. У Альманскіх балотах пражывае 151 від птушак, 25 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тут знаходзіцца найбуйнейшая ў лясной зоне Еўропы калонія шэрай чаплі. На тэрыторыі заказніка сустракаецца 26 відаў жывёл, тры з іх занесены ў Чырвоную кнігу.

У ландшафтным заказніку «Альманскія балоты» добраўпарадкавана экалагічная сцежка працягласцю 1,3 км да месца размяшчэння ўнікальных водна-балотных аб'ектаў: возера Вялікае Засамінае і Малое Засамінае (Мёртвае балота).

Што да самога Століна, то сапраўдным упрыгажэннем горада з'яўляецца сядзібна-паркавы ансамбль «Манькавічы» — былая рэзідэнцыя князёў Радзівілаў. Яшчэ адзін цікавы аб'ект — старадаўняя сядзіба «Нова-Беражное» вядомага княжацкага роду Алешаў (савецкі пісьменнік Юрый Алеша — яго нашчадак).

У раёне зарэгістравана 13 суб'ектаў аграэкатурызму (10 — фізічныя асобы, 3 — фермерскія гаспадаркі). Завяршаецца будаўніцтва аграсядзібы ў вёсцы Кашара паблізу заказніка «Альманскія балоты».

Што да інфраструктуры, то Беларуска-Германскім сумесным прадпрыемствам «Дамінік» у пойме Прыпяці ў маляўнічым месцы ўведзена ў эксплуатацыю турыстычная база з аказаннем паслуг рачнога сэрвісу на 36 месцаў.

— Сёлета ў Давід-Гарадку плануюць правесці абласныя «Дажынкі». Што збіраецеся абнавіць у горадзе напярэдадні знакавага мерапрыемства?

— У цяперашні час праектнымі інстытутамі практычна завершана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на 32 аб'екты. З іх па аб'ектах адукацыі неабходна правесці капітальны рамонт з добраўпарадкаваннем сярэдніх школ №1 і №2, Цэнтра дзіцячай творчасці, стадыёна, ясляў-сада №1 па вуліцы Школьнай і бягучы рамонт дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Акрамя гэтага, неабходна выканаць рэканструкцыю кінатэатра «Зара» — пад будынак клуба, рамонт помніка загінулым воінам на плошчы Вызваліцеляў, капітальны рамонт музея і мадэрнізацыю цэнтральнай плошчы і сквера.

Па аб'ектах аховы здароўя патрабуюцца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і добраўпарадкаваннем адміністрацыйнага будынка і памяшкання хуткай дапамогі філіяла Давыд-Гарадоцкай бальніцы па вуліцы Савецкай, рэканструкцыя гаражоў, капітальны рамонт з добраўпарадкаваннем Давыд-Гарадоцкай бальніцы па вуліцы Кастрычніцкай, 81. Па аб'ектах інжынерна-транспартнай інфраструктуры прадугледжана добраўпарадкаванне шэрагу вуліц.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».