15 мая ў Доме дружбы прайшла прэзентацыя кніжнай серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая» Выдавецкага дома «Звязда», дзе было прадстаўлена новае выданне – зборнік перакладаў класічнага кітайскага паэта Мэн Хаажаня.
«Мудрасць гор маўклівых» – восьмая кніга серыі, якая ўжо прадстаўляла раней беларускія перастварэнні Ду Фу, Лі Бо, Ван Вэя, Ай Ціна, Лі Хэ, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня. Загучаць па-беларуску кітайскім паэтам розных эпох дапамагалі Мікола Мятліцкі, Леанід Дранько-Майсюк, Рагнед Малахоўскі, Таццяна Сівец, Алена Раманоўская і інш. Перакладчыкамі паэзіі Мэн Хаажаня выступілі Навум Гальпяровіч, Алесь Бадак, Юлія Алейчанка, Валерыя Саротнік, Дар’я Нечыпарук.
З вітальнымі словамі ўдзельнікам прэзентацыі выступіў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, які падзяліўся планам стварэння Цэнтра культуры Беларусі ў Пекіне, а таксама ідэямі, якія будуць агучаны на пасяджэнні беларуска-кітайскага падкамітэта па культурных сувязях, якое пройдзе ў канцы мая ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
Намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч падкрэсліў важнасць выданняў серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая» ва ўсталяванні актыўнага культурнага дыялогу паміж Кітаем і Беларуссю, выказаў спадзяванні на далейшае плённае развіццё кніжнага праекта і прэзентацыі яго на міжнароднай арэне.
Падтрымаў выдавецкую ініцыятыву і загадчык аддзела Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь па справах культуры Чжан Хунвэй.
Дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў агучыў перспектывы серыі, падзяліўся планамі выдання зборнікаў Сюй Чжымо і Вэнь Ідо.
Падчас мерапрыемства гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца і з выставай графічных работ вядомага мастака Каміля Камала, які па-філасофску пераасэнсоўвае кітайскую рэчаіснасць у ілюстрацыях да перакладных кніг. Кітайскія песні і танцы прадстаўлялі студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і вучні сталічнай гімназіі № 23. Мелодыка кітайскай лірыкі гучала ў выкананні студэнткі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгеніі Кудрык. Шчодра дзяліліся сваім перакладчыцкім вопытам Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч, Леанід Дранько-Майсюк.
Юлія АЛЕЙЧАНКА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.