Вы тут

Ці лёгка сельскаму Савету дэпутатаў атрымаць пераходны сцяг?


У Лапіцкім сельсавеце Асіповіцкага раёна нам расказалі, ці лёгка атрымаць пераходны сцяг.

Дарэчы, для любога сельскага Савета дэпутатаў атрымаць гэты сцяг вельмі пачэсна. Бо ён дастаецца выключна найлепшым. На Магілёўшчыне такія спаборніцтвы паміж сельскімі Саветамі праводзяцца ўжо 11 гадоў. Шчасціць, трэба сказаць, не ўсім раёнам. А вось Асіповіцкі вызначыўся ўжо другі раз. У 2014 годзе сцяг дастаўся Вяззеўскаму сельсавету. Зараз жа «прапісаўся» ў Лапічах.


Аляк­сандр Га­ра­дзі­лаў га­на­рыц­ца пе­ра­мо­гай.

Паказаць сябе з усіх бакоў

— Гэта работа не толькі старшыні сельскага Савета Аляксандра Гарадзілава, а ўсяго калектыву і грамадскасці, якая працуе на тэрыторыі, — тлумачыць старшыня Асіповіцкага райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік. — Каб выйсці ў пераможцы, трэба ўсебакова паказаць сваю працу: вядзенне справаздачнасці, арганізацыйна-масавую работу — такіх паказчыкаў дзясятак, не менш. Лапіцкі сельсавет усе іх выканаў. Тут добра спрацавалі разам з сельгаспрадпрыемствамі па закупе малака і буйной рагатай жывёлы. Праведзена вялікая работа па зносе пустуючых дамоў і перадачы зямель у севазварот.

— Самае цяжкае тут — знайсці нашчадкаў, — уключаецца ў размову старшыня Лапіцкага сельскага Савета Аляксандр Гарадзілаў. — Прыходзіцца і ў Расію звяртацца. Было, што родныя прысылалі адмову ад спадчыны. Праз суд прызнаём дамы пустуючымі. Толькі пасля гэтага іх можна знасіць. Калі гаспадар памірае, нашчадкі на працягу паўгода павінны ўступіць у правы бясплатна, потым за гэта прыйдзецца плаціць грошы. Але шмат хто свой шанц не выкарыстоўвае. Дом прыходзіць у заняпад, туды пачынаюць звальваць смецце, таму сельсавет павінен прыняць меры.

— А хто вам дапамагае ў гэтай рабоце?

— Райсавет дапамагае. Стараюся, каб на сесіях і выканкамах усе да аднаго прысутнічалі, у тым ліку кіраўнікі школ і дзіцячых садкоў, клубаў і гэтак далей. Я ж на сваёй тэрыторыі ўсіх ведаю. Прыехаў у Жорнаўку ў 1977 годзе, з тых часоў там і жыву. Працаваў галоўным інжынерам, потым старшынёй калгаса, начальнікам цэха дрэваапрацоўкі. Вопыт вялікі. Усіх дырэктараў і начальнікаў ведаю.

— Але ж для іх гэта як грамадская нагрузка. Напэўна, не цікава.

— Чаму не цікава? Калі яны бачаць вынік, ім падабаецца. Напрыклад, уцягванне зямель у севазварот. Няма зараснікаў, беспарадку — прыгожа. Культура вытворчасці на вышыні. Яны зацікаўлены, каб людзі прыгожа жылі, каб было прыемна ў вёску заехаць. Сёння ж кожны кіраўнік за парадак на сваёй тэрыторыі адказвае. Быў у нас закінуты вялікі сад, мы замацавалі яго за Лапіцкай школай, яны там ужо другі год гаспадараць — выразалі ўвесь хмызняк, пабялілі дрэва. У Лапічах знайшлі прадпрымальніка, які з пустуючага будынка зрабіў краму. Цяпер робіць кавярню на 60 месцаў.

Вялікая Грава стала перспектыўнай

А яшчэ Лапіцкаму сельсавету вельмі пашчасціла на актывістаў. Мінчанка Лілія Лабус некалькі гадоў таму пайшла на пенсію і вярнулася ў родную вёску. Нехта ў раёне ёй сказаў, што Вялікая Грава неперспектыўная, і гэта вельмі яе зачапіла. Разам з мужам Пятром Мікалаевічам распрацавалі ўласную праграму, як адрадзіць вёску, і цяпер паступова яе рэалізуюць.

— Спачатку пачала наводзіць парадак вакол сябе, потым узялася за навакольныя сядзібы, — дзеліцца вопытам стараста. — Побач была згарэлая хата, людзі туды неслі смецце — пліты газавыя, боты, усякае рыззё. Сама парадак наводзіла і суседзяў заклікала. Спачатку адмаўляліся, казалі, адчапіся, а потым і самі сталі прыклад паказваць. Хочацца ж жыць у чысціні.

На ўездзе ў вёску раней стаяла закінутая сядзіба, але сужэнцы яе акультурылі за свой кошт, а яшчэ паставілі крыж. Дзякуючы Ліліі Сцяпанаўне ў вёску пачаў заязджаць і рэйсавы аўтобус. Стараста спачатку ў аўтапарк звярталася, а ёй там адказалі — не рэнтабельна. Яна тады пайшла на прыём да старшыні Асіповіцкага райвыканкама. І той даў дабро. Цяпер аўтобус ходзіць 3 разы на тыдзень. «Нам пакуль хопіць, — кажа жанчына. — У нас жа толькі 50 жылых дамоў, а не 100, як мы плануем. Лічба рэальная, раней у нас было і болей».

А нядаўна з падачы Ліліі Сцяпанаўны тут пачалі рэалізоўваць грандыёзны праект — узвядзенне капліцы. Яна нават ездзіла на прыём да першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алега Чыкіды, і той адобрыў гэта рашэнне. Выдзелілі 4 соткі пад будаўніцтва. Ініцыятары ўзрадаваліся, сабраліся і ўжо падмурак зрабілі. «Капліца — гэта вяртанне духоўных традыцый. Будзе капліца — і вёска адродзіцца, — лічыць Лілія Сцяпанаўна. — Мой былы настаўнік Станіслаў Лукашэвіч выдаў кнігу пра храмы Асіповіцкага раёна. У нас у ХІХ стагоддзі таксама была царква. Ёсць звесткі, што ў 1855 годзе на сродкі жыхароў Вялікай Гравы праводзіўся яе капітальны рамонт. Вось такая цікавая гісторыя».

У планах пачысціць раку Граўку і зрабіць там нешта накшталт зоны адпачынку, каб было дзе салаўёў слухаць. А потым — зрабіць музей вёскі, сабраць фотаздымкі і гісторыі тутэйшых сямей.

— Мы прапагандуем нашу малую радзіму, — кажа жанчына. — Сам Прэзідэнт выступае за адраджэнне вёскі, а хто гэта зробіць, як не мы? У нашай Граве безгаспадарчых сядзіб ужо няма. Была 21, але мы з жыхарамі і дэпутатамі ўсё вычысцілі. Уяўляеце? І могілкі па 30 чалавек адразу прыязджае прыбіраць. Капліцу таксама за свае грошы будуем.

Лілія Лабус лічыць, што вёсцы не хапае толькі газаправода, каб аднавіцца. «Усяго толькі 700 метраў трэба. Малой Граве далі на сподачку. А мы што, горшыя?»

Су­жэн­цы Ла­бусы лю­бяць на­во­дзіць пры­га­жосць.

А ў хаце — дом сацыяльных паслуг

— Гэта наш «залаты фонд»! — кажа пра старастаў Аляксандр Пузік. — Таму што яны «вочы і вушы» старшыні сельскага Савета. Я нагадваю: вы не павінны маўчаць, павінны казаць пра ўсё, што адбываецца на месцах. Прыехала аўталаўка — трэба паглядзець, чым там гандлююць, наколькі свежы хлеб. Калі чэрствы, раю тэлефанаваць адразу ж мне. На вёсцы шмат адзінокіх. Захварэў нехта — трэба паведаміць, каб аператыўна дапамагчы. Раз на квартал збіраем нашых актывістаў у Асіповічах. Раімся, размаўляем, разглядаем праблемы. Каб не было пытанняў з вулічным асвятленнем, каб дарога была прагрэйдаваная, каб у сем'ях бяды не здарылася. Нам усё цікава.

У Асіповіцкім раёне 156 населеных пунктаў, з іх шмат такіх, дзе жыве ад 20 да 50 чалавек. Спецыялістаў у такіх вёсках не хапае, але гэта не значыць, што яны там наогул не бываюць. Сустрэчы адбываюцца ў дамах сацыяльных паслуг. Знаходзяцца і жыхары, якія з задавальненнем прапануюць для гэтага свае хаты. Туды па графіку прыязджаюць прадстаўнік сельсавета, медык, сацыяльны работнік, участковы і гэтак далей. Там жа праводзяцца дні інфармавання. Народныя абраннікі расказваюць, што яны робяць для таго, каб людзям лягчэй жылося, тут жа сяльчане дзеляцца набалелым.

Такіх дамоў сацыяльнага абслугоўвання ў раёне 37. Едзем у адзін з іх да старасты Ганны Блізнец у вёску Амінавічы. У мінулым яна — брыгадзір калгаса «Камунар», усе прывыклі звяртацца да жанчыны з любой нагоды. Яна безадмоўная, хоць і самой не салодка ў жыцці, ды і хвароб цэлы букет.

— Вось прыйшлі да аўталаўкі, а кагосьці няма. Мы адразу ж ганца пасылаем, — расказвае яна пра будзённы клопат. — Дровы патрэбны або дрэва спілаваць? Людзі спачатку да мяне звяртаюцца. Не магу заставацца ў баку ад чужых праблем — сумленне не дазваляе.

Каментарый у тэму

Яўген Нальгачоў, галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Атрымаць пераходны сцяг вельмі ганарова, бо гэта найвышэйшая адзнака нашай дэпутацкай дзейнасці. Асноўнай мэтай спаборніцтва з'яўляецца павышэнне ролі органаў мясцовага самакіравання ў вырашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Магілёўскай вобласці, актывізацыя дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па ўключэнні жыхароў Магілёўскай вобласці ў вырашэнне пытанняў, якія маюць мясцовае грамадскае значэнне, садзейнічанне праваахоўным органам у забеспячэнні правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў, вырашэнне іншых задач мясцовага значэння. За 11 гадоў існавання гэтага спаборніцтва яго лідарамі станавіліся Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі, Магілёўскі, Дрыбінскі, Бабруйскі раёны. Апошні раён нават тройчы. Зараз сцяг заслужана дастаўся Асіповіцкаму раёну. Так трымаць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Справа гонару

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».