Вы тут

Пачасціліся выпадкі махлярства ў дачыненні да пенсіянераў


Яны звычайна ў ліку першых, хто адгукаецца на прапановы фінансавых пірамід, гандлёвых сетак, розных фірмаў і фірмачак са сферы паслуг набыць нешта быццам бы вельмі карыснае па зніжанай цане. Гэтым і карыстаюцца махляры. Імі, у прыватнасці, распрацаваны тэхналогіі падману і навязвання непатрэбных тавараў і паслуг пад выглядам клопату аб вашым дабрабыце і здароўі.


Не ведала баба клопату... ды надбала фільтр

Недзе ў першай палове дня да амаль 80-гадовых Антаніны Мікалаеўны і яе мужа Барыса Сцяпанавіча, якія, між іншым, жывуць на праспекце Газеты «Звязда» ў Мінску, завітала суседка па кватэрнай пляцоўцы з навіной: «ЖЭС разам з «Водаканалам» праводзяць сход жыхароў пад'езда. Нешта наконт якасці водаправоднай вады».

Пытанне гэта не надта моцна хвалявала Антаніну Мікалаеўну, але чаму б не паслухаць дасведчаных людзей? Можа нешта новае скажуць... Новае на сходзе сапраўды прагучала з вуснаў прадстаўнікоў адной фірмы, якая займаецца распаўсюджваннем фільтраў для вады. Менавіта яны, як аказалася потым, ініцыявалі гэты сход. І гаварылі толькі яны. Дакладней, палохалі пенсіянераў дрэннай якасцю вадаправоднай вады, якая, акрамя таго, мае тэндэнцыю пагаршацца. Тут, маўляў, адно выйсце: паставіць фільтр. І такім чынам стварыць надзейную заслону дрэнным, а то і ўвогуле небяспечным рэчывам, якіх шмат у вадзе з-пад крана. А паколькі прадстаўнікі ЖЭСа і «Водаканала» адсутнічалі (іх, як потым высветлілася, і не думалі запрашаць), то палёт фантазіі прадстаўнікоў фірмы быў на высокім узроўні: маўляў, да поўнага шчасця толькі гэтага фільтра вам і не хапае.

У якасці галоўнай прыманкі выкарысталі велізарную 50-працэнтную зніжку для інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і шматдзетных маці. Тут Антаніна Мікалаеўна сказала: «А мы з мужам абодва інваліды: муж першай групы, інсультнік, а я — другой». У адказ: «Вам пашанцавала. Вось вам у першую чаргу паставім фільтр. Толькі трэба вашы дакументы аб інваліднасці паглядзець». Пакуль гарталі дакументы, нешта перапісвалі, сантэхнік з фірмы хутка, літаральна за 10 хвілін, прыстасаваў на кухні пад мойкай фільтр. З чым пенсіянераў-інвалідаў госці сардэчна павіншавалі.

Потым Антаніна Мікалаеўна ўспамінала, што яны быццам замбіравалі яе: літаральна забалбаталі, далі падпісаць нейкія паперы. Крыху, праўда, пахмурнелі, калі даведаліся, што ў новых шчаслівых уладальнікаў фільтра няма пры сабе наяўных грошай — толькі банкаўская картка. Жанчыну нават хацелі на аўтамабілі падвезці да найбліжэйшага аддзялення Беларусбанка, але яна на той момант не змагла пакінуць хворага мужа аднаго. Праўда, прадстаўнікі фірмы моцна і не настойвалі: дагавор падпісаны, значыць, заплацяць. Куды дзенуцца. На тым і развіталіся.

Антаніна Мікалаеўна адразу патэлефанавала дачцэ і пахвалілася фільтрам: маўляў, пашанцавала, з вялікай зніжкай набыла. Тая адчула нешта падазронае ў дзеяннях фірмы і параіла маці не спяшацца з аплатай, пакуль яна сама не ўбачыць і фільтр, і дагавор. Маці павінна была, згодна з дагаворам, заплаціць 320 рублёў. Прычым, у ім не ўказвалася асобна цана фільтра і кошт устаноўкі.

Дачка ўважліва вывучыла ўсе абставіны гэтага пытання і прыйшла да высновы: яе бацькоў банальна развялі на грошы. Бо аналагічны па вартасцях фільтр можна было набыць у Мінску за суму ад 80 да 120 рублёў — і без усялякіх «зніжак». Няўжо 10-мінутная паслуга па яго мантажы каштуе 200 рублёў? Аказалася, што на самай справе аніякай зніжкі і не было: выключна маніпуляцыя лічбамі. Каб разысціся з мірам, дачка прапанавала фірме забраць фільтр, бо аплаты не будзе. Адказ быў катэгарычны: дагавор падпісаны, плаціце, інакш «сустрэнемся ў судзе».

Праз пэўны час з суда Маскоўскага раёна Антаніне Мікалаеўне прыйшла папера, згодна з якой неабходна было адказваць на іск фірмы. Трэба сказаць, што да разгляду справы дачка, якая ўзяла на сабе судовыя клопаты маці, грунтоўна падрыхтавалася. Вывучыла адпаведныя законы і інструкцыі, «залезла» ў інтэрнэт, дзе знайшла братоў-саюзнікаў па няшчасці — таксама пацярпелых ад агрэсіўнай палітыкі гэтай фірмы. Адзін небарака, маці якога таксама прадалі аналагічны фільтр, праверыў яго на якасць ачысткі вады. Яна толькі трохі памякчэла, а вось астатнія характарыстыкі не змяніліся. Шмат карыснага дачка даведалася ў таварыстве абароны спажыўцоў, дзе на азначаную фірму было ўжо складзена цэлае «дасье». Звярнулася ў «Водаканал» і ЖЭС, дзе высветліла асобныя цікавыя моманты.

Не будзем падрабязна пераказваць усе перыпетыі судовай справы, скажам толькі, што фірма суд не выйграла. Праўда, Антаніне Мікалаеўне давялося падаваць сустрэчны судовы іск. Але здзерці грошы з пенсіянераў фірме не ўдалося.

Якія высновы можна зрабіць з гэтай справы?

Першае і галоўнае: не верце на словы красамоўным і абаяльным прадстаўнікам розных, часам з мудрагелістай назвай, камерцыйных структур, якія нечакана з'яўляюцца на парозе вашага дома. У іх адна задача: прадаць свой тавар. Тут усё ідзе ў ход, але акцэнт робіцца на быццам бы рэкордныя зніжкі ў параўнанні з іншымі прадаўцамі аналагічных вырабаў. Таму не пагаджайцеся адразу на «выгадную паслугу», парайцеся са сваякамі, сябрамі, знаёмымі, пашукайце такія вырабы ў інтэрнэце, параўнайце цэны.

Па-другое, не давайце пашпарт незнаёмцам для перапісвання вашых асабістых даных у нейкі там дагавор. Вы ж у краме набываеце тавары без пашпарта, адзіная сувязь пасля гэтага з прадаўцом — чэк. Без яго немагчыма вярнуць тавар назад у належны тэрмін. А паперка з вашым подпісам потым аказваецца сур'ёзным дакументам супраць вас: а менавіта дагаворам падраду аб аказанні вам паслуг па ўстаноўцы, як у нашым выпадку, фільтра.

Па-трэцяе, калі вас угаварылі падпісаць нейкі дакумент і вы нават заплацілі, то гэта не значыць, што ўсё страчана. Ёсць служба па ахове правоў спажыўцоў, юрыдычныя кансультацыі, а значыць, і шанц вярнуць грошы. Не такія ўжо яны мудрыя, гэтыя махляры, каб усё прадугледзець.

Ахвотных нас падмануць не становіцца менш

А летась, напрыклад, у «модзе» быў рамонт пластыкавых вокнаў. Сталым людзям звычайна тэлефанавала ветлівая дзяўчына і з радасцю паведамляла, што на гэтым тыдні ў іх доме ці квартале праводзіцца акцыя па рамонце вокнаў, а пенсіянерам прадугледжаны значныя зніжкі. Калі вы не супраць, то вас наведае іх прадстаўнік, які, на шчасце, сёння працуе побач з вашым домам. Ён ацэніць стан вокнаў, дасць парады, нешта падкажа... Паслуга бясплатная. Звычайна людзі пагаджаліся. Хутка прыходзіў чыста апрануты і культурны малады чалавек са сваімі бахіламі (каб выпадкова не запэцкаць вашу падлогу) і ўважліва аглядаў вокны, знаходзіў нямала схаваных дэфектаў і прыкмет амаль 100-працэнтнай зношанасці ваконных механізмаў (фурнітуры), якія праз пэўны час зламаюцца, і тады прыйдзецца ставіць новае акно. Эксперт вытрымліваў паўзу, а затым з сур'ёзным выглядам прапаноўваў рамонт з істотнай зніжкай. Сталыя людзі нярэдка пагаджаліся, падпісвалі тут жа дагавор. А потым даведваліся, што іх «развялі», бо рамонт трох вокнаў каштаваў, як адно новае.

Ёсць катэгорыя дзялкоў, якія, наадварот, гатовыя пазбавіць вас ад клопатаў, аказаць паслугу, нават нешта заплаціць. Сёння ў часткі насельніцтва стала шмат залішніх кніг. Няма ўжо былой прагі да літаратуры. Чытаюць менш, людзі часам не ведаюць, куды дзець старыя выданні. Выкінуць шкада, аддалі б каму-небудзь, ды мала хто бярэ. І тут з'яўляюцца скупшчыкі кніжак, якія ў бясплатных рэкламных выданнях размяшчаюць аб'явы накшталт «Куплю кнігі». Яны сапраўды за невялікія грошы набываюць асобныя выданні. Кажуць, што для сабе, але часцей дзеля перапродажу. Аднак пад іх маркай нярэдка ў кватэрах мінчан, жыхароў іншых гарадоў з'яўляюцца паляўнічыя за рарытэтамі. Яны быццам бы з інтарэсам глядзяць кнігі вашай бібліятэкі, нешта адкладаюць у бок, спрачаюцца вакол цаны. Аднак больш за ўсё іх цікавяць рэдкія, пераважна дарэвалюцыйныя, выданні або выданні савецкага перыяду звычайна да 1930 года.

Калі рарытэтаў няма, то госць нейк спакваля пераводзіць размову на наяўнасць у доме старажытных рэчаў, манет, упрыгожванняў, паштовак, статуэтак, баявых узнагарод, ваеннай формы (асабліва ў пашане генеральская), прадметаў сталінскай эпохі і г. д. І часам шанцуе: недасведчаны чалавек можа прадаць за зусім невялікія грошы рэдкую рэч, за якую ў заўзятага калекцыянера можна «наварыць» у шмат разоў больш. Таму будзьце пільныя.

Леанід Лахманенка

Загаловак у газеце: ФІЛЬТРуйце прапановы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.