Вы тут

Азімыя замаразкаў амаль не спужаліся


Аднак на поўдні краіны больш пацярпелі ягаднікі і квітнеючыя сады.

Аб гэтым паведамілі спецыялісты НАН Беларусі і Мінсельгасхарчу падчас брыфінгу на тэму «Уплыў неспрыяльных умоў надвор'я на ход пасяўной кампаніі» ў прэс-цэнтры БЕЛТА.


Без істотнай шкоды

Намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Эрома Урбан адзначае, што гэтай вясной быў нетыпова працяглы перыяд нізкіх тэмператур. Але вясновыя замаразкі не нанеслі істотнай шкоды пасевам азімых збожжавых культур. Спецыяліст паведаміў, што толькі на некаторых палях, дзе тэмпература паветра апускалася ніжэй за мінус 5 градусаў, назіраецца падмярзанне лісця. Акрамя таго, пераўвільгатненне глеб у Віцебскай вобласці і некаторых раёнах Мінскага рэгіёна запавольвала ход вясновых палявых работ, а халаднаватае надвор'е стрымлівала інтэнсіўны рост раслін.

На пасевах азімага жыта, пшаніцы і трыцікале адзначаецца фаза «выхад у трубку», але з-за нізкіх начных тэмператур паменшылася інтэнсіўнасць паступлення і засваення раслінамі азоту, што неспрыяльна адбіваецца на развіцці раслін. «У перыяд трубкавання фарміруюцца такія важныя складальнікі ўраджаю, як даўжыня коласа, колькасць каласкоў у ім. Недахоп азоту ў гэты час прыводзіць да ападзення ніжніх каласкоў. Для забеспячэння добрай ураджайнасці азімых збожжавых неабходна правесці другую падкормку азотнымі ўгнаеннямі», — падкрэсліў Эрома Урбан. А яшчэ эксперт лічыць, што сёння стан пасеваў азімага рапсу ацэньваецца як добры і здавальняючы, каля 90% паспяхова перанесла замаразкі.

У сваю чаргу, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Ядлоўскі паведамляе, што сёлета ўзімку былі спрыяльныя ўмовы для азімых культур, таму гібель пасеваў у параўнанні з мінулым годам невялікая. «Гібель пасеваў азімых збожжавых культур склала ўсяго 0,6% ад пасеянай плошчы, страта азімага рапсу — 11,5%, — удакладніў ён. — Гэта амаль у межах дапушчальных аб'ёмаў. Таму спадзяёмся, што ў гэтым годзе мы атрымаем больш рапсу на зерне і больш загрузім свае перапрацоўчыя магутнасці і забяспечым жывёлагадоўлю».

Арганізацыйны фактар

Таксама Васіль Ядлоўскі паведаміў, што цяпер практычна завершана сяўба ранніх яравых збожжавых культур. Паводле яго слоў, такая сяўба сёння завершана ў тым ліку і ў Віцебскай вобласці, дзе пераўвільгатненне глебы запавольвала ход палявых работ. «Спачатку ранняя вясна дала нам большы запас часу для палявых работ. Але халоднае надвор'е ў канцы красавіка — пачатку мая разам з багатымі ападкамі, асабліва па паўночным усходзе, прывяло да запаволення тэмпаў пасяўных работ і развіцця культур. Цяпер толькі збіраецца аператыўная інфармацыя аб тым, як пацярпелі яравыя культуры ад вясновых замаразкаў, але мы ўжо ведаем, што гібель яравых культур нязначная. Яшчэ рана казаць пра тое, як паўплываюць вясновыя замаразкі на ўраджай, але мы пакуль не прагназуем істотнага зніжэння аб'ёмаў ураджаю з-за нізкіх тэмператур. Больш за ўсё нас турбуе арганізацыйны фактар, калі не вытрымліваюцца тэмпы палявых работ з прычыны пераўвільгатнення глебы. З-за гэтага адбываюцца самыя вялікія страты», — сказаў Васіль Ядлоўскі.

Цвіценне садоў без гудзення пчол

А яшчэ спецыяліст паведаміў, што з-за вясновых замаразкаў пацярпелі пладовыя і ягадныя культуры. «У канцы красавіка — пачатку мая пупышкі сталі пашкоджвацца з-за халадоў. Цвіценне садоў пачалося ў першай дэкадзе мая, але з-за халоднага надвор'я не будзе той прагназаванай ураджайнасці, на якую мы маглі б разлічваць. Пацярпелі і ягадныя культуры — дурніцы, парэчкі і іншыя», — дадаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення. Каб у садах і ягадных культурах быў добры ўраджай, пад час цвіцення неабходна сур'ёзная актыўнасць насякомых-апыляльнікаў. А ў халоднае надвор'е пчолы амаль не лятаюць.

Акрамя таго, са спазненнем ідзе развіццё кармавых культур. Касавіцу плануецца пачаць на 5—6 дзён пазней, чым у мінулым годзе.

Цёплыя ночы — на наступным тыдні

Спрыяльнае для палявых работ надвор'е чакаецца ў другой палове мая, паведаміла намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Кузьміч.

У найбліжэйшы час сіноптыкі ўвогуле не чакаюць неспрыяльных умоў надвор'я для аграрыяў. Дзённыя тэмпературы складуць больш за 20 градусаў вышэй за нуль. На гэтым тыдні — апошнія начныя замаразкі, а далей начныя тэмпературы будуць павольна павышацца.

Паводле слоў намесніка начальніка службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Надзеі Мельчаковай, маштабных пашкоджанняў сельскагаспадарчых культур ад вясновых замаразкаў не адзначана. «Мы часткова турбуемся за азімы рапс, пладовыя дрэвы. З-за халадоў стрымліваліся тэмпы пасадкі бульбы і пасеву кукурузы. Але ў сувязі з павышэннем тэмпературы і ўсталяваннем сонечнага надвор'я ў найбліжэйшы час умовы для гэтых работ будуць спрыяльныя. На гэтым тыдні будзе цёплае сухое надвор'е, аднак магчыма, што ў канцы мая да нас завітаюць дажджы», — адзначыла яна.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?