Вы тут

Што рыхтуе фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017»


Праграма на вершы Купалы і Коласа, юбілей «Сяброў» і выступленні сучасных паэтаў.

2 і 3 чэрвеня пройдзе XVІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017». Гэта адзінае свята, што мае такі статус: усе творы выконваюцца на нацыянальнай мове. Яскравы конкурс маладых выканаўцаў, выступленне Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі, а таксама праграма, створаная спецыяльна да 135-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, — вось асноўнае, чым сёлета будзе здзіўляць любімы фестываль.


— Канцэрты пройдуць пад знакам адной з галоўных падзей у культурным жыцці гэтага года — 135-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтым юбілеем, тэмай творчасці песняроў будуць прасякнуты ўсе фестывальныя мерапрыемствы, — адзначыла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына ДРЫГА. — Адкрыецца фестываль галоўнай падзеяй — конкурсам маладых выканаўцаў эстраднай песні. 2 чэрвеня пройдуць адразу два туры. Падчас апошняга яны выканаюць песні ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга на сцэне летняга амфітэатра Маладзечна.

На вечаровым канцэрце-адкрыцці адбудзецца падвядзенне вынікаў конкурсу. А таксама будзе прэзентавана зусім новая праграма — «Купала і Колас. Вы нас гадавалі», аўтарам і складальнікам якой з'яўляецца Міхаіл Фінберг. У ёй будуць і знаёмыя публіцы творы, напісаныя на словы гэтых паэтаў, і абсалютна новыя, якія прэзентуюць упершыню. Завершыцца першы дзень святочным салютам.

Вельмі насычанай чакаецца і праграма другога дня фестывалю — адбудзецца канцэрт акадэмічнай музыкі ў дзіцячай музычнай школе. Штогод там прэзентуюць малавядомыя творы мінулых эпох — кампазітараў XVІІ, XVІІІ і XІX стагоддзяў. У гэты ж дзень артысты фестывалю выступяць у вёсцы Чысць. Канцэрт-закрыццё прымеркаваны да юбілею ансамбля «Сябры». Яго вядучым будзе народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.

— Падтрымліваць высокі ўзровень нацыянальнага фестывалю зусім няпроста, — разважае мастацкі кіраўнік — дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг. — Некаторыя аўтары забараняюць выконваць свае творы — і гэта надзвычай прыкра. Але мы працуем на карысць нашай роднай Бацькаўшчыны. Няма такога кутка ў Беларусі, дзе ні пабываў бы наш аркестр. Нядаўна мы вярнуліся з Вілейкі, там распачалі новы цудоўны фестываль у касцёле... Ужо рэпеціравалі праграму на творы Купалы і Коласа, якую адыграем на фестывалі песні і паэзіі, — атрымалася вельмі каларытна.

Пра тое, што ў Маладзечне ўсіх гасцей сустрэнуць з традыцыйнай гасціннасцю, расказала дырэктар Палаца культуры Маладзечна Святлана САРОКА:

— Горад гатовы да фестывалю: зроблена афармленне, падрыхтаваныя асноўныя ўстановы, у якіх будуць праходзіць мерапрыемствы, а таксама канцэртныя пляцоўкі. Цяпер ідзе вялікая работа з рэжысёрамі і пастаноўшчыкамі. Нам надзвычай прыемна вітаць у сябе творчую эліту Беларусі — паэтаў, кампазітараў, выканаўцаў — адбудзецца шмат добрых і цёплых сустрэч. Прымуць актыўны ўдзел народныя ўзорныя калектывы, лепшыя творцы. Распачнецца фестываль нават раней за 2 чэрвеня — з 31 мая ў нас пачнуць праходзіць прэзентацыі і сустрэчы з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Другі год працуе афіцыйны сайт фестывалю, падкрэсліла Святлана Сарока, на ім можна знайсці ўсю актуальную інфармацыю.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Да канцэртаў — гатовы

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.