Вы тут

Як Беларусь змяніла японца Хітошы


За час навучання ў Інстытуце журналістыкі БДУ Хітошы Танака стаў сапраўднай «зоркай» не толькі свайго курса. Мы даведалася ў пяцікурсніка, у чым яго сакрэт і якія планы ён мае на будучыню.


— Летам я атрымаю дыплом спецыяліста. Таму, азіраючыся назад, магу ўпэўнена сказаць: мая вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце — гэта нешта неверагоднае! Я ехаў у Мінск, бо проста хацеў дасканала авалодаць рускай мовай, але ў дадатак да гэтага адкрыў для сябе краіну, якая так моцна адрозніваецца ад маёй радзімы, — дзеліцца Хітошы. — Хоць і Беларусь у некаторым сэнсе стала для мяне цяпер роднай. Яна моцна паўплывала на мяне як на асобу: я адмовіўся ад скрытнасці, якая ўласцівая ўсім японцам, і стаў больш простым і шчырым у адносінах з людзьмі.

Трыццацітрохгадовы студэнт з усмешкай прыгадвае, як некалькі гадоў таму выкладчыкі раілі яму навучыцца хваліць самога сябе: «А то хто пра цябе даведаецца, калі ты маўчыш?» І тады Хітошы пачаў «гаварыць» на старонках беларускіх газет і ў сюжэтах на тэлебачанні:

— У вас многія людзі захапляюцца культурамі краін Усходу. Гэта дапамагала мне рабіць першыя крокі ў журналістыцы: я рыхтаваў матэрыялы пра тое, што добра ведаю, — пра Японію, японцаў, нашы традыцыі і святы, — кажа пяцікурснік. — Акрамя таго, мне неаднаразова даводзілася праводзіць чайныя цырымоніі, майстар-класы па прыгатаванні сушы і нават вучыць беларусаў азам японскай каліграфіі.

Разам з тым малады журналіст пастаянна паглыбляецца ў нашу культуру: наведвае розныя гарады, адзначае беларускія святы разам са сваімі сябрамі і нават зацікавіўся праваслаўнай рэлігіяй.

— Я не рэлігійны чалавек, але час ад часу хаджу ў храм свяціцеля Мікалая Японскага, які знаходзіцца ў Мінску. Думаю, што калі аднойчы і захачу прыняць якую-небудзь веру, то гэта, хутчэй за ўсё, будзе праваслаўе.

Нават падчас практыкі Хітошы заўсёды заставаўся ў Мінску (хоць звычайна студэнты-замежнікі едуць дадому), супрацоўнічаў з газетамі, рыхтаваў сюжэты для тэлебачання.

— Я жыву ў інтэрнаце і заўважыў, што многія студэнты амаль бязвылазна сядзяць там каля сваіх камп'ютараў. Мне падаецца гэта няправільным. Я, шчыра кажучы, лічу, што інтэрнат — гэта месца, дзе трэба толькі спаць і есці, а не бавіць там увесь час. Таму для сябе вырашыў, што нават інтэрнэт у сваім пакоі падключаць не буду, каб не было спакусы ў ім застацца. Дарэчы, такі падыход матывуе мяне амаль кожны дзень хадзіць у бібліятэку, — дзеліцца Хітошы.

Яго імя часта гучыць на занятках у Інстытуце журналістыкі: выкладчыкі любяць ставіць японца ў прыклад не толькі іншым замежным студэнтам, але і беларусам. Сам пяцікурснік рэагуе на гэта спакойна:

— Быць добрым студэнтам — гэта адно, а стаць пасля выпуску добрым спецыялістам — зусім іншае. Сёння ўсе мае сілы скіраваны на пошукі працы ў Мінску. Гэта няпроста, паколькі сёлета з факультэта журналістыкі выпускаюцца адразу два курсы — пяты і чацвёрты — у сувязі з пераходам на чатырохгадовае навучанне. Да таго ж у мяне склалася ўражанне, што работадаўцы «баяцца» замежнікаў, — адзначае Хітошы. — Таму цяпер я нават гатовы ўзяцца за работу і не па спецыяльнасці. Скажам, быць перакладчыкам. У любым выпадку я не адчайваюся і спадзяюся, што змагу застацца ў Беларусі.

Ганна КУРАК, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Сваю будучыню бачу ў вас»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».