Вы тут

Піянерыі спаўняецца 95 гадоў


Гісторыя піянерыі ў СССР пачынаецца з прыняцця рашэння Усерасійскай камсамольскай канферэнцыі 19 мая 1922 года аб стварэнні піянерскай арганізацыі. Да 1924 года яна насіла імя Спартака, а пасля смерці Уладзіміра Ільіча Леніна была названая яго імем. У наступныя гады піянерскія атрады сталі фарміравацца на базе школ паўсюдна. Ужо праз некалькі гадоў пасля пачатку руху налічвалася да паўтара мільёна піянераў. У іх, як правіла, прымаліся дзеці, пачынаючы з 9-гадовага ўзросту (звычайна ў 3—4 класах савецкай сярэдняй школы). У першую чаргу піянерамі станавіліся выдатнікі і актывісты.


І нават цяпер, праз шмат гадоў, былыя савецкія піянеры, ужо дрослыя, памятаюць тое хваляванне, якое адчувалі пры падрыхтоўцы да ўступлення ў шэрагі масавай грамадска-палітычнай арганізацыі. Памятаюць, як пад гукі горнаў і барабанаў завязвалі ім пунсовыя гальштукі, як упершыню ў сваім жыцці ўрачыста прысягалі на вернасць піянерскай справе. У гэтым я ўпэўнілася, пагутарыўшы з піянерамі даваенных і пасляваенных гадоў — жыхаркамі вёскі Табулкі.

— У піянерскай арганізацыі я была яшчэ да вайны. Гэта была сярэдзіна 1930-х гадоў, — расказала мне Ефрасіння Іванаўна Мікалайчык. — Памятаю, ужо тады існавалі так званыя цімураўскія каманды. Мы займаліся грамадскай дапамогай, гэтак жа дапамагалі ў калгасах: палолі проса, падбіралі каласкі збожжа, знішчалі пагібельную для ўраджаю саранчу. Займаліся зборам каляровых металаў, лекавых раслін, музейных экспанатаў. Піянеры заўсёды прымалі актыўны ўдзел у школьных і грамадскіх мерапрыемствах. Да гэтага часу памятаю, якой радасцю для нас было запрашэнне ў Палац піянерыі на сустрэчу з вядомай савецкай актрысай Любоўю Арловай. Выстраіўшыся вялікай калонай, мы ўрачыстым шэсцем, займаючы ледзь не ўсю вуліцу, адправіліся сустракаць зорку кіно.

Перагортваем старонкі піянерскага летапісу. Сваімі ўспамінамі са мной таксама падзялілася Марыя Сцяпанаўна Літвінчук — піянерка пасляваеннага часу.

— У кожным класе былі піянерскія звёны, куды ўваходзіла 5—8 дзяцей, якія сябравалі адно з адным, жылі ў адным доме ці на адной вуліцы. Я была звеннявой у сваім класе. У сярэдзіне 1950-х гадоў адной з асноўных задач піянерскай арганізацыі было паляпшэнне якасці навучання, авалоданне асновамі навук. Як абвяшчаў піянерскі лозунг: «Піянер — усім дзецям прыклад!» І мы стараліся выканаць гэтую задачу: навучалі непісьменных, дапамагалі адстаючым, клапаціліся аб тым, каб усе вучні хадзілі ў школу. Яшчэ ладзілі конкурсы на лепшага матэматыка, фізіка, знаходзілі розныя формы таварыскай узаемадапамогі, дамагаліся таго, каб піянеры былі перадавікамі ў вучобе, — падзялілася Марыя Сцяпанаўна. — Мы ўзмоцнена займаліся спортам, прымалі ўдзел у розных спартыўных спаборніцтвах і эстафетах. Хадзілі ў сумесныя паходы, ездзілі на экскурсіі, удзельнічалі ў ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца».

Піянеры нашага часу працягваюць і развіваюць традыцыі старэйшага пакалення. Піянерская арганізацыя ў нашай школе існуе з дня яе ўтварэння. Дружына з гонарам носіць імя нашага выпускніка, воіна-інтэрнацыяналіста Івана Бурэнкі. У скарбонцы спраў юных піянераў — працоўныя дэсанты, канцэрты для працаўнікоў вёскі, цімураўская работа. А наперадзе яшчэ мноства піянерскіх адкрыццяў, эстафет і творчых спраў.

Ірына ЛУКАШЫК, вучаніца 11 класа Табульскай сярэдняй школы Пінскага раёна

Загаловак у газеце: Жывы летапіс піянерыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».