Вы тут

Як спецназавец пайшоў у цырульнікі


Прафесіі ўжо даўно не дзеляцца на жаночыя і мужчынскія, але, пагадзіцеся, у некаторых амплуа бачыць хлапцоў нязвыкла. Напрыклад, у якасці медыцынскай сястры, кіяскёра, візажыста... ці нават цырульніка. Так, на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар — 2017» сярод спецыялістаў па прычосках быў толькі адзін хлопец. Але менавіта яму дасталася перамога. Мінчанін Мікалай КАЗЛОЎ, цырульнік 4-й катэгорыі, падзяліўся, чым яго прыцягнула гэта прафесія і як ён адчувае сябе ў жаночым калектыве.


Складана паверыць, але Мікалай узяў у рукі плойку і нажніцы для валасоў усяго год таму.

— У прафесію прыйшоў выпадкова, — прызнаецца ён. — Вучыўся ў кадэцкім корпусе, потым пайшоў служыць у 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння (заўсёды марыў аб элітных войсках). Калі вярнуўся дадому, спрабаваў сябе ў розных сферах. Працаваў ахоўнікам, кур'ерам у рэстаране, таксістам, клаў плітку, вырабляў кухонныя фасады... І гэта не ўвесь спіс! Мне хацелася, каб работа была ў радасць. У выніку выбіраў паміж масажыстам і цырульнікам, але, ацаніўшы ўсе плюсы і перспектывы, вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі апошняга.

Наконт будучай прафесіі Мікалай раіўся з сястрой, сябрамі, баяўся, што яго не зразумеюць. Тыя спачатку думалі, што хлопец жартуе. Але намеры маладога чалавека аказаліся сур'ёзнымі. Грошай не было, таму Мікалай шукаў бясплатныя курсы з наступным уладкаваннем на работу. Адвучыўся ў сетцы цырульняў «Усход», дзе цяпер і працуе. Планаваў стаць толькі жаночым майстрам, але потым зацікавіўся і мужчынскімі стрыжкамі. На думку Мікалая, дамы — больш патрабавальныя кліенты: «Усе хочуць быць прыгожымі, каб улюбляць у сябе».

Яшчэ падчас курсаў хлопец пачаў удзельнічаць у прафесійных конкурсах. У «Ружы вятроў», напрыклад, спрабаваў свае сілы ў намінацыі «haіr tattoo» (мастацкі выстрыг) — заняў 6-е месца з 15. А ўжо на «Беларускім майстры — 2017» навічка чакаў сапраўдны поспех.

— Да конкурсу мяне рыхтавала майстар Вольга Далідовіч, дзялілася сваім інструментам, бо ў мяне не было ні плойкі, ні шпілек, — з усмешкай успамінае Мікалай. — Хацелася стварыць нешта незвычайнае і цікавае. На прычоску адводзілася 40 хвілін, і ў прынцыпе, калі трэніраваўся, я ўкладваўся ў гэты час. Дарэчы, мадэллю, якая дэманстравала конкурсную работу, была мая сястра.

Адна з аўтарскіх работ маладога цырульніка.

Малады цырульнік прызнаецца, што дагэтуль крыху бянтэжыцца, калі працуе з кліентамі. Паколькі Мікалай яшчэ мае мала вопыту, то звычайна стрыжэ так, як хоча наведвальнік. Па яго назіраннях, сярод дзяўчат цяпер папулярнае карэ з падаўжэннем да твару, а хлопцы аддаюць перавагу стрыжцы паўбокс. А вось са сваімі валасамі юнак не эксперыментаваў: хацеў паспрабаваць, але так і не адважыўся.

— На сваю прычоску я не трачу шмат часу: проста кожны дзень мыю галаву і сушу фенам. Ніякіх укладачных сродкаў. Мне здаецца, што хлопцу не варта праводзіць гадзіны каля люстэрка. Лепш патраціць гэты час на што-небудзь карыснае, напрыклад, адцісканні ці падцягванні. Трэба ж быць мужным! — лічыць былы спецназавец.

У чым сакрэт прыгожых валасоў? Парады для дзяўчат ад майстра-пачаткоўца простыя: менш паліць локаны прасікамі і рабіць маскі. А калі фарбавацца, то лепш у прафесіяналаў, каб не застацца без валасоў.

Цікавімся, як яму працуецца сярод дам. «У жаночым калектыве адчуваю сябе добра. Усе дапамагаюць, калі ў мяне з'яўляюцца нейкія пытанні. Чуў, што калі цырульнік — мужчына, ды яшчэ і добры майстар, да яго выстройваецца з кліентаў чарга. Буду правяраць гэту тэорыю на практыцы», — смяецца Мікалай.

Прафесія цырульніка яму падабаецца тым, што дазваляе быць мастаком. «Тут няма абмежаванняў. Можна рабіць людзей больш шчаслівымі і яркімі! Мне вельмі падабаецца тое, чым цяпер займаюся. Вядома, гэта больш складана, чым я думаў: тут столькі нюансаў, што, здаецца, і паўжыцця не хопіць, каб з усім разабрацца. Але я ўпэўнены, што змагу справіцца».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіаzda.by

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА

Загаловак у газеце: Мастак з плойкай у руках, або Як спецназавец у цырульнікі пайшоў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.