Вы тут

Замежныя інвестары выбіраюць Беларусь


На Віцебскім VІ Міжнародным эканамічным форуме «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» дзелавыя людзі, навукоўцы, эколагі з больш чым 10 краін абмяркоўвалі планы і падпісвалі дагаворы. А галоўнае — дэманстравалі канкрэтныя вынікі супрацоўніцтва.


Прадпрыемства па вытворчасці гіперпрасаванай цэглы і пліткі ў пасёлку  Руба Віцебскай вобласці стала вынікам рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, у якім удзельнічаў замежны інвестар і Міністэрства архітэктуры  і будаўніцтва Беларусі. Аб'ём інвестыцый склаў больш за 5 млн долараў.

Падтрымка гарантуецца

Перад пачаткам бізнес-мерапрыемства адбылася прэзентацыя завода групы кампаній Modern-Expo па вырабе гандлёвага абсталявання. Сярод яе кліентаў Nestle, MacDonalds, PepsіCo, Brіtіsh Amerіcan Tobacco, Mars, Henkel і іншыя транснацыянальныя кампаніі. А пачыналася ўсё ў 1993 годзе са стартапу ў польскім гарадку Люблін. Працягнулася ва Украіне...

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы Конрад Паўлік, падкрэсліў, што праект у Віцебску рэалізуецца на высокім узроўні, а магчымасці супрацоўніцтва дзвюх краін вялікія. Пасольства актыўна спрыяе пашырэнню эканамічных сувязяў і наладжванню дзелавых кантактаў.

Прадпрыемства «Даламіт» прадставіла на форуме шырокую лінейку сваёй прадукцыі: ад даламітавай мукі для вытворчасці шкла да шчэбеню, які выкарыстоўваецца пры будаўніцтве дарог.

Паводле слоў кіраўніка згаданага вышэй холдынга Пятра Піліпюка, у Беларусі самыя прывабныя ва Усходняй Еўропе ўмовы для інвестыцый. Камерцыйны поспех гарантуе і тое, што наша краіна — член ЕАЭС. На вялікай тэрыторыі Мытнага саюза можна без праблем пастаўляць заказчыкам неабходнае ім абсталяванне. Прадукцыю з Беларусі чакаюць і ў ЕС. Больш як 200 гараджан ужо атрымалі прэстыжную працу з добрай аплатай. А пасля запуску другой чаргі вытворчасці будуць створаныя новыя працоўныя месцы.

Завод — рэзідэнт Свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Ён размясціўся ў памяшканнях буйнога прадпрыемства, плошчы якога доўгі час не выкарыстоўваліся. Такім чынам, маёмасць цяпер задзейнічана і прыносіць карысць.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, вітаючы ўдзельнікаў бізнес-форуму, падкрэсліў, што інвестары не пашкадуюць, што ўклалі грошы ў гэты рэгіён. Мясцовыя ўлады гатовы забяспечыць узаемадзеянне з рэспубліканскімі органамі ўлады. Падтрымка гарантуецца не толькі на этапе будаўніцтва, але і пры далейшай эксплуатацыі прадпрыемстваў, аздараўленчых комплексаў, аб'ектаў сэрвісу і паслуг. У аснове трываласці ўкладанняў — працавітасць, добрасумленнасць беларусаў. Мы — надзейныя партнёры.

Арыентацыя на інавацыю

Толькі Modern-Expo інвеставала ў Віцебшчыну парадку 8 мільёнаў долараў. А ўсяго на сёння ў Прыдзвінскім краі рэалізуецца больш за 180 інвестыцыйных дагавораў на суму каля 1,2 мільярда ўмоўных адзінак. У прыватнасці, чэхі зацікавіліся перапрацоўкай торфу. Літоўцы, славакі і індыйцы арганізавалі вытворчасць лекавых сродкаў.

Мясцовая ўлада прапануе інвестарам для будаўніцтва велізарную колькасць зямельных участкаў. Ёсць магчымасць па сімвалічнай цане набыць будынкі. Многае робіцца, каб паэтапна суправаджаць кожны праект. Аблвыканкам абяцае ўзаемадзеянне з усімі службамі для мінімізацыі камерцыйнай рызыкі і садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў, звязаных з будаўніцтвам. Рэгіянальныя ўлады арыентуюць прадпрыемствы на інавацыйны шлях развіцця, пошук сучасных тэхналагічных рашэнняў.

«Обальскі керамічны завод» дэманструе сваю прадукцыю: керамічныя блокі складанай формы, вонкавую цэглу і сучасныя будаўнічыя сумесі.

Вытворцам Віцебшчыны таксама ёсць што прапанаваць інвестарам. На прадпрыемстве «Віцязь» засвоілі выраб зарадных станцый для электрааўтамабіляў. Намеснік галоўнага канструктара Дзмітрый Харын запэўніў, што аналагаў у Беларусі пакуль не вырабляе ніхто. Каля «Віцязя» ўжо можна запраўляць кілаватамі «колы». Кошт устаноўкі значна ніжэйшы, чым у замежных канкурэнтаў. Цяпер неабходна знайсці аператара — па аналогіі з кампаніямі мабільнай сувязі. Такі партнёр павінен спланаваць, дзе неабходна ўсталяваць станцыі, зрабіць гэта і эксплуатаваць іх. І хоць у Беларусі экалагічных аўто пакуль мала, за імі — будучыня. У планах «Віцязя» — экспарт станцый у Расію і іншыя краіны.

Сёлета на форуме ўпершыню былі прэзентаваныя сельскагаспадарчыя холдынгі Віцебшчыны. Гэтыя інтэграваныя структуры працуюць па схеме «ад поля да прылаўка». Яны прыцягнулі інвестараў з Кітая, якія гатовы прафінансаваць будаўніцтва малочнатаварных фермаў. Бізнесмены са Славакіі зацікавіліся стварэннем фермаў па вырошчванні кароў мясных парод і комплексаў авечкагадоўлі.

На форуме была прадстаўлена распрацоўка інжынераў кампаніі  «Віцязь» — зарадная станцыя для электрамабіляў, якая выпускаецца серыйна.

Ваду зямля падагравае

Таксама падчас эканамічнага форуму першы раз адначасова праводзіўся XІV Рэспубліканскі экалагічны форум. На ім былі прадстаўленыя айчынныя дасягненні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. У прыватнасці, тэхналогія па выкарыстанні падземных геатэрмальных крыніц для ацяплення будынкаў. Такія ўстаноўкі ўжо функцыянуюць на памежных пераходах, у Брэсце — на прадпрыемстве па перапрацоўцы агародніны. Набыўшы абсталяванне за 20 тысяч долараў, можна дзясяткі гадоў не плаціць за электраэнергію, падагрэў вады. А ў спякоту сістэма працуе як кандыцыянер.

Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі распрацоўвае рэсурсазберагальныя і экалагічна бяспечныя тэхналогіі вырошчвання раслін ва ўмовах паўночна-ўсходняй часткі краіны і займаецца арыгінальным насенняводствам самых новых сартоў сельскагаспадарчых культур айчыннай і замежнай селекцыі.

Зацікаўленым расказалі і пра ўчасткі для здабычы мінеральнай вады і разліву яе на продаж. Там можна пабудаваць спа-цэнтры і санаторыі.

Удзельнікам форуму паказалі, як будуецца Віцебская гідраэлектрастанцыя, самая магутная сярод аналагаў. Вялікі інтарэс выклікалі праекты па выкарыстанні адходаў абутковай і іншай вытворчасці. Далёка за межамі краіны высока цэняць беларускае адзенне, бялізну з натуральных тканін, асабліва з лёну. Таму іх вытворчасць і экспарт вельмі выгадныя. Інвестараў таксама цікавіць магчымасць перапрацоўваць беларускія карысныя травы, ягады, грыбы...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.