Гэта разгубленае, калі не сказаць роспачнае, пісьмо прыйшло ў рэдакцыю з вёскі на Віцебшчыне ад спадарыні М. (па меркаваннях, якія стануць зразумелыя далей, я не называю ні прозвішча аўтаркі, ні дакладнага месца дзеяння). Чытачка прасіла ў газеты аднаго: каб пераслалі яе допіс у кампетэнтныя органы, якія дапамогуць рашыць праблему. Каюся: ліст мы нікуды не пераслалі. Бо праблема ў ім — з вобласці маралі і ні пад крымінальнае, ні пад адміністрацыйнае заканадаўства не падпадае, гэтаксама як і пад валявое рашэнне якой бы то ні было галіны ўлады. Зрэшты, аб усім па парадку.
У спадарыні М. — канфлікт з суседкай (з кім не бывае?). Прычым канфлікт з адценнем містыкі, бо яго каталізатарам паслужылі словы... варажбіткі. «Суседка абвінаваціла мяне ў тым, што я нібыта навяла на яе псоту, і з-за гэтага яна хварэе. Яшчэ прыгадала, што пяць гадоў назад здохла ў яе карова — таксама па маёй віне. Штурхнула мяне і злосна закрычала: «Не падыходзь да мяне ніколі, забойца, чараўніца!» Аказалася, пра псоту ад мяне ёй сказала варажбітка. У мяне мільганула думка, што суседка проста з'ехала з глузду, але калі яе муж падключыўся: маўляў, «мы ўсё ведаем, а хто наклаў мне ў машыну іголак?», я зразумела, што гэта не жарт, а цяжкае абвінавачванне. Яны настолькі ўпэўненыя ў трызненні гэтай варажбіткі, што пераканаць іх у адваротным немагчыма. А я ні ў чым не вінаватая перад імі. Ніякіх адносін я не маю ні да тых іголак, ні да хваробы гаспадыні, ні да падзяжу той каровы... Думаю, не я адна пакутую ад падобных ілжэчараўнікоў. Можа быць, час ужо прымаць меры, бо шарлатанства наносіць шкоду нявінным людзям, як і тэрарызм... А калі варажбітка скажа забіць мяне («ведзьму»), і тады гаспадыня хварэць перастане, і карова ўваскрэсне?! Хіба можна вяртацца грамадству ў Сярэднявечча? Мы ж жывём у ІІІ тысячагоддзі, і такімі «лекарамі» павінна займацца пракуратура...»
Прачытаўшы гэты «крык душы», можна ўспрыняць яго па-рознаму. Можна скептычна ўсміхнуцца: дзве кабеты — адна прымхлівая, другая больш, чым трэба, бярэ да галавы — пасварыліся, і што тут такога? Можна паспачуваць аўтарцы пісьма: вёска ёсць вёска, у цеснай супольнасці, дзе ўсім да ўсіх ёсць справа, ёй цяпер нялёгка і насамрэч даводзіцца апраўдвацца не толькі перад суседзямі, але і перад іншымі, бо рэпутацыя ў вачах аднавяскоўцаў несумненна пахіснулася. Можна пагадзіцца з высновамі допісу: падобнымі выпадкамі павінны займацца кампетэнтныя органы, але тут жа і адмовіцца ад гэтай ідэі, бо дзе шукаць «доказную базу»?
Дый прававой нормы ў нас такой няма, каб за «чараўніцтва» ды «варажбу» да адказнасці прыцягваць, не ў Сярэднявеччы ж сапраўды жывём і не сярод афрыканскіх плямён з іх крывавымі культамі...
Але разважаць, на маю думку, тут найперш трэба аб іншым. У плоскасці агульнай культуры цывілізаваных людзей, гістарычнай памяці і павагі да спрадвечных традыцый, якія нашы пра-пра... фарміравалі на працягу не аднаго стагоддзя. На жаль, і першага, і другога, і трэцяга ў нашым грамадстве сёння назіраецца дэфіцыт.
Хоць, трэба прызнаць, цывілізаваным і рацыянальным чалавекам перастаеш адчуваць сябе вельмі хутка пасля прагляду «Бітвы экстрасэнсаў», «Чорнага і белага» ці яшчэ якой пастановачнай халеры з трасцай, якіх на шматлікіх каналах — і айчынных, і суседскіх — хапае. Я ўжо не кажу пра рэкламу ў перадачах для хатніх гаспадынь (дзеля справядлівасці варта сказаць, што тут размова пра каналы не беларускія, але ж вялікай колькасці людзей даступныя) — на экране з'яўляюцца брутальны барадаты маг ці варажбітка з баявой расфарбоўкай на твары і з кіпцюрамі бы ў драпежнай птушкі і абяцаюць вылечыць ад любой немачы, вярнуць каханага, засцерагчы ад сурокаў. Гавораць гэта так пераканаўча, што колькі разоў паглядзіш — і ўжо знаходзіш у сябе незразумелыя балячкі і праблемы, робіш выснову, што без містычнага ўмяшальніцтва нядобразычліўцаў тут не абышлося, пачынаеш збіраць чамаданы, каб ехаць у Кіеў ці Маскву запісвацца да таго тэлевізійнага мага на прыём, а потым вырашаеш пашукаць свайго, дамарослага, якому шлях на тэлебачанне закрыты, але ж развешваць на слупах улёткі і даваць аб'явы ў сеціве ніхто не забараняў... Звоніш, знаходзіш, ідзеш «на сеанс», выкладваеш кругленькую суму. І, вядома ж, за такія грошы верыш усяму, што тая «ведзьма ў сямі пакаленнях» табе напляла. Сказала, што ва ўсім вінаватая суседка — ату суседку, сказала сабраць пад поўняй зямлю з дванаццаці магіл — аглядваючыся, валачэшся ноччу на клады...
Ёсць яшчэ варыянт — бясплатны. Вялікая сметніца пад назвай інтэрнэт. Шчыра кажучы, нават не падазравала, колькі містычнага паскудства там беспакарана ў свабодным доступе размешчана. Пацікавілася — жахнулася. «Як навесці смяротную псоту на палюбоўніцу мужа», «Што трэба для навядзення псоты на немаўля» — валасы дыбам становяцца ад падобных падрабязных «інструкцый», якіх — сотні, калі не тысячы. Можа, мае рацыю наша чытачка, і трэба сапраўды да тых, хто займаецца падобнымі практыкамі, хто распаўсюджвае падобную інфармацыю, прымаць меры, як да экстрэмістаў?..
І вось тут час гаварыць аб гістарычнай памяці і аб павазе да спрадвечных традыцый. У народзе да сферы непадуладнага рацыянальнаму тлумачэнню (а што такая сфера ў нашым жыцці існуе, прызнаюць сёння ўсе, нават закасцянелыя скептыкі) заўсёды ставіліся з вялікай асцярожнасцю.
Так, былі ў вёсках знахары — іх хаты стаялі наводшыбе, да іх ішлі толькі ў самых крайніх выпадках, бо ведалі, што атрымаць, не аддаўшы (не ў матэрыяльным плане), немагчыма. Спроба кагосьці сурочыць, прываражыць, нават праклясці лічылася вялікім грахом, была і яшчэ адна перасцярога: усё абавязкова вернецца да цябе, калі так саграшыў. І гэта веданне, гэта няпісанае «табу» было самым дзейсным засцерагальным механізмам ад панавання цемрашальства, якое, калі прыгледзецца, сапраўды пачынае квітнець у ХХІ стагоддзі. (Нядаўна пачула, што на сталічных могілках усё часцей праводзяць нейкія рытуалы: бяруць зямлю з пахаванняў, прыкопваюць у іх фотаздымкі, раздрукаваныя з сацыяльных сетак). Пакуль мы не ўспомнім спрадвечную навуку дзядоў, якая засцерагала ад падобных дзеянняў, небяспечных калі не ў фізічным, дык у духоўным сэнсе дакладна, і для самога «містыка», і для іншых людзей, — ніякія забаронныя меры не дапамогуць.
У прынцыпе, гэта ўжо ў плоскасці свабоды сумлення і выбару. Але, акрамя іх, даў жа нам для нечага Божачка мазгі і душу.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.