Вы тут

Самую розную інфармацыю ад урачоў прапануе новы інфармацыйны партал


Факт: 9 з 10 беларусаў маюць адну або некалькі шкодных звычак. У параўнанні з шэрагам высокаразвітых краін у нас па-ранейшаму высокі працэнт тых, хто курыць, злоўжывае алкаголем, цукрам, соллю, — словам, мае вострую патрэбу ў праўдзівай, кампетэнтнай інфармацыі адносна харчавання і не толькі. Пра здаровыя стасункі, правільнае выхаванне дзяцей, сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе і г. д. важна ведаць усім нам незалежна ад узросту, адукацыі, прафесіі і дастатку. Аб адкрыцці нацыянальнага інтэрнэт-партала «Здаровыя людзі» расказаў міністр аховы здароўя Валерый МАЛАШКА.


Інфармацыйны рэсурс, створаны на базе газеты «Медыцынскі веснік», аб'ядноўвае галоўныя сферы жыцця і мае паўнацэнную версію на беларускай мове, а таксама тэхналагічныя магчымасці павелічэння шрыфту для людзей са слабым зрокам. У партала ёсць старонкі ў сацыяльных сетках, мабільная версія.

— Пацыент сам нясе адказнасць за сваё здароўе, і наша задача — яго праінфармаваць, каб прадухіліць развіццё захворванняў, — кажа Валерый Малашка. — У нас ёсць пэўныя поспехі: сёння зніжаецца смяротнасць, расце нараджальнасць, па выніках гэтага года чаканая працягласць жыцця павінна перавысіць 74 гады, на што ўказвае тэндэнцыя першага квартала.

Разам з тым Міністэрства аховы здароўя ідзе па шляху пашырэння інфармаванасці насельніцтва з дапамогай сучасных тэхналогій, бо ёсць занепакоенасць распаўсюджанасцю неінфекцыйных захворванняў, у першую чаргу, сардэчна-сасудзістай і анкалагічнай паталогіі — асноўных прычын смяротнасці насельніцтва. А звязана гэта з тым, што па-ранейшаму сярод насельніцтва распаўсюджаны такія фактары рызыкі, як курэнне, нерацыянальнае харчаванне, недастатковая фізічная актыўнасць і спажыванне алкаголю. Кожны другі беларус пакутуе ад праблем са здароўем, звязаных з лішняй вагой, а каля 30 працэнтаў кураць.

Дарэчы, наступленне на тытунь працягваецца. Вось ужо і спажыванне тытуню з дапамогай парагенератараў прыраўнаванае да звычайнага курэння тытуню. Без абмежаванняў і забарон не абысціся, як не абышлася ніводная краіна, якой удалося істотна знізіць колькасць курцоў. Японія, напрыклад, мела некалі амаль 80 працэнтаў насельніцтва, залежнага ад гэтай звычкі. Аднак дзяржава паставіла перад сабой задачу знізіць паказчык, што і было дасягнута — сёння размова ідзе пра 20, а ў перспектыве плануецца дасягнуць 12 працэнтаў. З іншага боку, не забаронай адзінай... Тут і маштабная прапаганда адпаведных паводзін патрабуецца, што мы таксама не выпускаем з-пад увагі.

Партал «Здаровыя людзі» плануе рэгулярна напаўняцца інфармацыяй ад высокапрафесійных спецыялістаў, што будзе карысным як для здаровых, так і для хворых. На жаль, медыкам на прыёмах не заўсёды хапае часу, каб растлумачыць асаблівасці захворвання, правесці прафілактычныя размовы. А тут дзейнічае нават форум, на якім можна выказаць сваю думку па той ці іншай праблеме, пакінуць пытанне і атрымаць кампетэнтны адказ. Калі спатрэбіцца журналісцкае расследаванне, будзе праведзена і яно.

— Калі мы кажам пра здароўе чалавека, то сама па сабе фізічная актыўнасць, правільнае харчаванне, рэжым працы і адпачынку яшчэ не вызначаюць нашай задаволенасці, не гарантуюць пазітыўны настрой. Гэта магчыма пры іншых умовах — запатрабаванасці чалавека ў прафесіі, атрыманні адукацыі, наяўнасці кола сяброў, пры добрых стасунках з партнёрам па шлюбе, дзецьмі і бацькамі... Словам, нельга недаацэньваць псіхалагічную і эмацыянальную атмасферу, — адзначае кіраўнік праекта «Здаровыя людзі», кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Вольга СВЯТЛІЦКАЯ. — Калі штосьці з гэтага выпадае, то верагоднасць таго, што чалавек трапіць да ўрача з псіхасаматычным захворваннем, вельмі высокая.

Свет моцна змяніўся, колькасць фактараў, якія не спрыяюць нашаму здароўю, няўхільна расце. Наяўнасць аўтамабіля, магчымасць рабіць пакупкі ў інтэрнэце зніжае нашу фізічную актыўнасць, а таксама вядзе да адасобленасці і адзіноты. Сёння адны людзі проста не выходзяць з дому, іншыя аказваюцца непатрэбнымі на рынку працы. На нашых вачах знікаюць і нараджаюцца прафесіі, а мы не заўсёды паспяваем да гэтага прыстасавацца. Стрэс і страх становяцца нашымі спадарожнікамі, і трэба вучыць людзей супрацьстаяць гэтаму, іначай рана ці позна яны трапяць на бальнічны ложак.

Жыццёвы сцэнарый «садок-школа-інстытут-сям'я-работа-пенсія-дача і кропка» таксама паламаўся. Тэхналогіі аховы здароўя дазваляюць 45-гадовым жанчынам нараджаць здаровых дзяцей. Ці пажадае такая жанчына быць пенсіянеркай, калі яе дзіцяці ўсяго 10 гадоў? Усё большая колькасць людзей не жадае адчуваць сябе пажылымі ў 65 гадоў...

Цікава, што тэлеперадачы аб ахове здароўя не карыстаюцца ўжо былой папулярнасцю. Паводле сацыялагічных даследаванняў, толькі 50 працэнтаў людзей ва ўзросце да 30 гадоў уключаюць тэлевізар, і верагоднасць таго, што чалавек знойдзе неабходную перадачу аб важнай для яго праблеме, набліжаецца да нуля. Будучае, як ні круці, за спецыялізаванымі інтэрнэт-каналамі, куды і накіравала позірк Міністэрства аховы здароўя. Лягчэй сарыентавацца на сайце дапамогуць сем раздзелаў: «Будзь шчаслівым», «Харчуйся правільна», «Жыві актыўна», «Расці дзяцей», «Заставайся маладым», «Кантралюй здароўе», «Будзь незалежным». Ёсць і асабісты кабінет, можна рабіць асабістыя закладкі.

Падрабязнасці

Поўнамаштабнае даследаванне, якое ахапіла звыш 5 тысяч чалавек, паказала, што кураць 29,6 працэнта беларусаў, пры гэтым 27 працэнтаў — штодня. Сярэдні ўзрост пачатку — каля 17 гадоў у юнакоў і каля 20 — у дзяўчат. Радуе, што 12 працэнтаў людзей не ўжываюць алкаголь, хоць узровень спажывання спіртных напояў застаецца высокім (каля 9 л абсалютнага алкаголю ў год на душу насельніцтва). З другога боку, больш за 30 працэнтаў людзей дасольваюць ежу, заўсёды або часта ўжываюць апрацаваныя прадукты з высокай колькасцю солі — 35 працэнтаў, што, на думку спецыялістаў, вельмі шмат. Недастатковая фізічная актыўнасць — у 13 працэнтаў, а ў больш як 53 працэнтаў павышаны артэрыяльны ціск.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Людзі без хвароб

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».