Вы тут

Ці з'явіцца ў сталіцы плошча імя Эдварда Вайніловіча?


Шчодры мецэнат, яркі грамадскі дзеяч свайго часу, Эдвард Вайніловіч пакінуў па сабе выключна станоўчыя ўспаміны. Яго постаць асацыюецца толькі са стваральнай дзейнасцю, а асоба лічыцца прыкладам высокай маральнасці, духоўнасці, хрысціянскага светапогляду. Ён годна пражыў жыццё, вытрымаў усе ўдары лёсу, у тым ліку страшную трагедыю — смерць дзяцей і жонкі. Больш як год назад быў распачаты працэс беатыфікацыі (прызнання святым) Эдварда Вайніловіча, і ўжо сёння пройдзены першы этап — каталіцкай царквой ён лічыцца блаславёным.

Два гады таму «Звязда» ўжо ўздымала тэму значнасці шырокай папулярызацыі спадчыны мецэната, грунтоўнага даследавання яго жыцця і дзейнасці. Сёлета, калі мы будзем адзначаць 170-годдзе Эдварда Вайніловіча, гэтая тэма зноў набывае важнасць. Тым больш істотная ініцыятыва надання яго імя адной з плошчаў сталіцы. Таму, каб абмеркаваць за круглым сталом зробленае за два гады і пагутарыць пра перспектывы далейшых даследаванняў, мы зноў запрасілі ў рэдакцыю экспертаў. Да нас завіталі: дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, прафесар, доктар філалагічных навук Адам МАЛЬДЗІС і загадчык аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Андрэй УНУЧАК.


Ён беларус, з нашых земляў

— Колькі месяцаў таму пачала гучна прамаўляцца ідэя аб наданні плошчы ў Мінску, непадалёк ад касцёла Святых Сымона і Алены, імя фундатара гэтага храма Эдварда Вайніловіча. Крок цалкам лагічны, бо Вайніловіч шмат зрабіў дзеля развіцця духоўнасці не толькі сталіцы, але і іншых гарадоў Беларусі. Як навукова-гістарычная супольнасць успрыняла гэтую ініцыятыву, і што ў цэлым варта зрабіць для яшчэ больш шырокай папулярызацыі спадчыны нашага выдатнага земляка?

Вячаслаў Даніловіч:

— 2017 год абвешчаны ў Беларусі Годам навукі, і вельмі сімвалічна, што якраз на гэты год прыпадае шэраг знакавых для нашай гісторыі юбілеяў. Гэта 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 950-годдзе Мінска, 100-годдзе лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый, сёлета мы адзначым і 170-годдзе з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча. Таму ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі мы асабліва шмат увагі ўдзяляем пашырэнню звестак і папулярызацыі айчыннай гісторыі. Робім гэта, каб выхоўваць падрастаючае пакаленне, даносіць да шырокай грамадскасці звесткі пра знакавых постацяў гісторыі, якія звязаныя са стваральнай дзейнасцю, з'яўляюцца выдатным прыкладам служэння радзіме, таму месцу, дзе нарадзіліся. Эдвард Вайніловіч, безумоўна, адна з такіх асоб.

Таму, натуральна, на наш погляд, варта назваць адну са сталічных вуліц ці плошчаў або сквер (гэта ўжо будзе рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта) у гонар Эдварда Вайніловіча. Гэта будзе знакавае рашэнне. Я хацеў бы падкрэсліць, што гэты чалавек быў перадусім стваральнікам. Ён адзін з нямногіх прадстаўнікоў нашай шляхты, які адкрыта казаў, што ён беларус і паходзіць з нашай мясцовасці. Для яго беларуская зямля родная. У сваіх успамінах Вайніловіч пісаў: «Род наш ні перад кім не здымаў шапкі, Вайніловічы не прыйшлі ні з захаду, ні з усходу, яны карэнныя, мясцовыя, кроў ад крыві і косць ад косці гэтага народа, які калісьці хаваў сваіх прадстаўнікоў у гэтых курганах, а цяпер на вясковых могілках, і родную сваю зямлю беларускую арэ сахой». Мы бачым, што Вайніловіч выдатна ўсведамляў: тут яго карані, ён паходзіў з гэтай зямлі і па магчымасці рабіў усё, каб умацаваць яе, усю краіну, садзейнічаць дабрабыту людзей, якія тут жывуць, і даць ім магчымасць плённа развівацца і надалей.

Адам Мальдзіс:

— Сапраўды, Эдвард Вайніловіч у свой час быў адным з нямногіх, хто разумеў, што на гэтых землях жыве беларускі народ. Ён аднолькава добра размаўляў па-польску, па-руску і па-беларуску, таксама валодаў нямецкай і французскай мовамі. А мы ведаем, чым большай колькасцю моў валодае чалавек, тым ён багацейшы духоўна. Вайніловіч лічыў, што зямля — цэнтр для народа, які тут жыве. Ён часам не называў народ беларусамі, а потым смела казаў і пра сябе, і пра сваіх землякоў як пра беларусаў. У той час як многія магнаты, напрыклад Радзівілы, Чартарыйскія, ніколі сябе беларусамі не называлі. Яны былі арыстакратамі прышлымі, а Вайніловіч — тутэйшы, паходзіў з мясцовага старажытнага роду Вайнілаў. Не так даўно да мяне прыязджаў з Парыжа нашчадак Вайнілаў і расказаў, што іх род тут жыў спрадвеку. Але сам Вайніловіч быў чалавекам сціплым. Ён неаднойчы пісаў, што хацеў бы быць пахаваным на Капыльшчыне, дзе побач з Савічамі знаходзіцца старажытны курган. Там пахаваныя яго продкі.

Вячаслаў Даніловіч:

— Калі да нас у інстытут звярнуліся з прапановай правесці мерапрыемствы па ўшанаванні памяці і спраў гэтага чалавека, мы з задавальненнем адгукнуліся. Ужо некалькі гадоў праводзіцца цыкл рэгіянальных імпрэз, прысвечаных асобе Вайніловіча. Пачалі ў 2015 годзе ў Капылі, дзе прайшла першая з канферэнцый. Прадоўжылі справу ў 2016-м у Нясвіжы, таксама рэгіянальнай канферэнцыяй, а сёлета восенню правядзём міжнародную канферэнцыю сумесна са Слуцкім раённым выканаўчым камітэтам, якая будзе прысвечана 170-годдзю мецэната. Слуцкая зямля цесна звязаная з лёсам Вайніловіча. Гэта навуковая імпрэза стане важнай падзеяй для Случчыны. Мы імкнёмся ладзіць канферэнцыі не толькі для акадэмічных навукоўцаў, але запрашаем на мерапрыемствы вучняў, настаўнікаў, яны атрымліваюць магчымасць паслухаць вучоных, задаць пытанне, даведацца нешта новае па гісторыі роднай зямлі і самім выказацца.

Але знакавасць сёлетняй канферэнцыі ў тым, што напярэдадні мы сумесна са Слуцкім райвыканкамам правядзём конкурс навукова-краязнаўчых работ навучэнцаў Случчыны, прысвечаных гісторыі мясцін, асобе Эдварда Вайніловіча. На канферэнцыі будуць прадстаўлены найлепшыя работы. Вядзём таксама перагаворы аб магчымасці адзначыць пераможцаў не толькі дыпломамі, але і падарункамі. Думаецца, гэтай канферэнцыяй мы засведчым значэнне Случчыны ў гісторыі Беларусі і ўшануем памяць Эдварда Вайніловіча.

Ад матэрыялаў — да манаграфіі

— Наколькі даследаваная спадчына Эдварда Ваніловіча? Мы ведаем, што ў перакладзе на беларускую мову выйшла частка яго ўспамінаў. Ці ёсць у планах напісаць грунтоўную манаграфію, магчыма, стварыць персанальную энцыклапедыю, прысвечаную яго асобе?

Андрэй Унучак:

— Шмат яшчэ навукоўцам належыць зрабіць у галіне вывучэння біяграфіі Эдварда Вайніловіча. Ёсць успаміны, выдадзеныя па-беларуску, якія вы згадалі, два зборнікі матэрыялаў, што выйшлі за апошнія гады, раней публікаваліся матэрыялы, артыкулы, прысвечаныя яго творчасці і постаці. Але сёння, калі казаць пра біяграфістыку ў беларускай гістарыяграфіі, то такіх работ, прысвечаных асобным постацям, не так і шмат. І Вайніловіч, безумоўна, грунтоўнага даследавання заслугоўвае. Мы можам казаць, што для нас, навукоўцаў, гэта ў пэўным сэнсе выклік. Бо на супрацоўнікаў Інстытута гісторыі ў гэтым выпадку звяртаюць увагу найперш. Таму менавіта мы ўжо тры гады запар ладзім канферэнцыі, прысвечаныя Эдварду Вайніловічу. Гэта паказвае зацікаўленасць навукоўцаў тэмай, яе запатрабаванасць грамадствам, а таксама тое, што матэрыялы для даследаванняў ёсць. Мы маем прастору для дзейнасці, але ёсць ужо і напрацоўкі, на аснове якіх можна ствараць манаграфію, пісаць біяграфію, нават энцыклапедыю Вайніловіча.

— Магчыма, варта было б напісаць біяграфічны раман?

Вя­ча­слаў Даніловіч.

Вячаслаў Даніловіч:

— З такой прапановай трэба звяртацца да пісьменнікаў. Але ідэя слушная. У любым выпадку нам найперш варта назапасіць матэрыял. Я ўпэўнены, што з цягам часу гэтыя кропкавыя даследаванні аб'яднаюцца ў манаграфію, прысвечаную асобе Эдварда Вайніловіча. Магчыма, дойдзе справа і да энцыклапедыі.

Адам Мальдзіс:

— Да мяне ўвесь час звяртаюцца з просьбамі напісаць кнігу пра Эдварда Вайніловіча. Калі я быў яшчэ вучнем сярэдняй школы, часта ездзіў з бацькамі ў Вільнюс і хадзіў па букіністычных крамах. Набываў тое, што мне здавалася звязаным з нашым краем. У свой час набыў і кнігу ўспамінаў Вайніловіча, толькі таму, што прозвішча мне падалося беларускім. Ужо праз многа гадоў напісаў пра яго некалькі артыкулаў для розных выданняў. І мне прапанавалі напісаць кнігу, дзе варта спалучыць навуковы аналіз, эсэістыку, пры гэтым напісаць тэкст жыва, даступна для звычайнага чытача. Караткевіч у свой час мяне сагітаваў напісаць аповесць «Восень пасярод вясны», звязаную з паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Таму я сапраўды пачаў думаць, што можна ўкласці ўжо кнігу пра Вайніловіча, звярнуў увагу найперш на выключнасць яго асобы. Я ўжо нават пачаў складаць план. Як сябар рады па кананізацыі Вайніловіча не маю права пісаць і казаць нешта кепскае пра яго. Але тут сапраўды можна быць спакойным: ніякіх слабых чалавечых рыс я ў яго асобе не бачу.

Прыклад выключна станоўчы

— У шырокай грамадскай свядомасці асоба Вайніловіча асацыюецца найперш з будаўніцтвам Чырвонага касцёла. Але ж за сваё жыццё ён зрабіў шмат карысных для роднага краю спраў, якія варта памятаць і казаць пра іх.

Вячаслаў Даніловіч:

— Сапраўды. Але яшчэ я хацеў бы падкрэсліць важнасць прынцыповага стаўлення Вайніловіча да працэсаў, што адбываліся на беларускай зямлі. Напрыклад, ён падтрымліваў наш нацыянальны рух, беларускую літаратуру. Не пайшоў на супрацоўніцтва з германскімі акупацыйнымі ўладамі падчас Першай сусветнай вайны, калі была акупаваная Міншчына. Калі паводле Рыжскага мірнага дагавора адбыўся падзел Беларусі на Заходнюю і Усходнюю, Вайніловіч публічна выказаўся супраць такога кроку. Казаў пра тое, што адзіны народ не павінен быць падзелены на часткі паміж рознымі краінамі. Вайніловіч шмат зрабіў для развіцця сельскагаспадарчай справы. Ён доўга ўзначальваў Мінскае сельскагаспадарчае таварыства, тады яно было самым буйным, вядомым і актыўным у заходніх губернях. У першую чаргу гэтаму спрыяў Эдвард Вайніловіч і яго актыўная праца. У Клецку заснаваў разлікова-ашчадны банк, у Слуцку — гандлёвую школу, таварыства дабрачыннасці. Ён клапаціўся пра эканамічнае, культурнае развіццё краю, меў і грунтоўную, прынцыповую стваральную пазіцыю, не ішоў на кампрамісы са сваім сумленнем.

Гэта ключавая асоба для свайго часу, і прызнанне каталіцкай царквой Вайніловіча блаславёным сведчыць пра яго высокую духоўнасць. Ён здолеў вытрымаць удары лёсу, яны не зламілі яго. А ў памяць пра дзяцей, якія памерлі, ён не проста паставіў помнік, але пабудаваў сапраўдны храм, куды могуць прыйсці ўсе, каб памаліцца, храм, які з'яўляецца сімвалам нашай сталіцы. Гэта таксама істотны момант.

Адам Мальдзіс.

Адам Мальдзіс:

— Сапраўды, Рыжскі мірны дагавор, у выніку якога яго родную Міншчыну падзялілі папалам, Вайніловіч успрыняў з абурэннем. Ён таксама належаў ды тых людзей, якія свайго імені не страцілі, нават калі было забаронена лічыць сябе беларусам. Тут ён стаіць поруч з Францішкам Багушэвічам, Магдаленай Радзівіл. Вайніловіч варты кананізацыі яшчэ і таму, што, з'яўляючыся прадстаўніком шляхты сярэдняй заможнасці, ён ніколі не вылучаў сябе як вышэйшую, абраную асобу. Імкнуўся быць як усе. Вайніловіч не быў рэвалюцыянерам, ён лічыў, што трэба развіваць край эвалюцыйна. Канешне, ён быў добрым гаспадаром. Праз 25 гадоў існавання сельскагаспадарчага таварыства гэта даказала выстаўка вынікаў яго працы, што прайшла ў Мінску. Усе адчувалі сябе раўнапраўнымі, ён гуртаваў прадстаўнікоў усіх нацый. Таму Вайніловіча смела можна назваць народным гаспадаром. На пасады аканомаў у сваіх маёнтках ён прызначаў простых сялян, якія былі вельмі кемлівымі. Адначасова ён быў і пакутнікам. Страціў дзяцей, жонку і не захацеў ажаніцца зноў.

— Таксама важны момант у тым, што яго асоба яднала і сёння яднае розныя канфесіі: ён фундзіраваў не толькі касцёлы, але і цэрквы.

Вячаслаў Даніловіч:

— Сапраўды, Вайніловіч быў чалавекам з надзвычай развітым пачуццём справядлівасці, прынцыповасці, ён меў шырокія погляды, клапаціўся пра развіццё грамадства і сваёй краіны, улічваючы ўсе яе асаблівасці.

Анд­рэй Унучак.

Андрэй Унучак:

— Так, Эдвард Вайніловіч быў вельмі талерантным чалавекам. Шанаваў гісторыю, вельмі добра ведаў сямейны радавод аж да пачатку XVІ стагоддзя і ганарыўся сваім родам. Таксама цікавыя яго ўспаміны пра паўстанне 1863—1864 гг. На той момант яму было 16 гадоў. Вайніловіч лічыў, што паўстанне не дасягне тых мэтаў, якія ставілі паўстанцы, а край будзе зруйнаваны. Таму ён стаяў на ідэі штодзень весці стваральную працу, якая падыме адукацыю, эканоміку ў краі, зробіць з былых земляў ВКЛ квітнеючае асяроддзе. Разам з тым не асуджаў паўстанцаў, не казаў пра іх кепска, аднак лічыў, што тых момантаў, што з'яўляліся ідэаламі эпохі, можна было дасягнуць праз развіццё адукацыі і цяжкую працу.

Дарэчы, на Случчыне Вайніловіч стаў заснавальнікам сістэмы страхавання. На той час звычайны пажар мог знішчыць цэлую вёску. Людзі заставаліся без нічога, гадамі маглі жыць у зямлянках. Але сістэма страхавання, прапанаваная Вайніловічам, настолькі мінімізавала ўрон ад пажараў, што гэты падыход быў узяты за аснову ва ўсёй Расійскай імперыі.

Адам Мальдзіс:

— Сёння некаторыя журналісты называюць Вайніловіча «беларускім Сталыпіным», а я хутчэй назваў бы Сталыпіна «расійскім Вайніловічам». Сталыпін хацеў, каб Вайніловіч пасля рэвалюцыі 1905 года стаў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі, а ён быў верны Міншчыне і не пагадзіўся стаць чыноўнікам. Хацеў быць са сваім народам. Падчас Першай сусветнай вайны ён быў разгублены: маёнтак, дзе знаходзілася багатая бібліятэка, разрабавалі, яму даводзілася начаваць у лесе зімою. З вялікай цяжкасцю выехаў у Польшчу. Але імкнуўся выратаваць людзей, перспектыўных для Беларусі, узяў іх з сабою.

Вячаслаў Даніловіч:

— Эдвард Вайніловіч — выдатны прыклад чалавека, які стварае штосьці станоўчае, спрыяе развіццю краіны эвалюцыйным шляхам. І нам вельмі важна ў сённяшніх умовах успамінаць менавіта такіх асоб. У нашы дні часта бачым спробы радыкалізаваць, раскалоць грамадства. А Вайніловіч, як чалавек дасведчаны, разумеў, што гэта да дабра не даводзіць.

Адам Мальдзіс:

— Эдвард Вайніловіч — асоба выключная. Я не ведаю другога чалавека са свецкіх асоб, якога ў Беларусі прапанавалі б кананізаваць. Усе беларускія святыя — людзі духоўныя, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу. Больш за тое, ён жыў у самы складаны для Беларусі час, калі наша краіна знаходзілася паміж Усходам і Захадам. Ён падтрымліваў традыцыі збліжэння і ўзаемаразумення, талерантнасці ў дачыненні да іншых веравызнанняў. Нават касцёл Чырвоны пабудаваў у раманскім стылі, бо хацеў, каб ён не спаборнічаў па архітэктуры з іншымі храмамі Мінска, быў асобным па сваім стылі. Дапамагаў беларускім мусульманам, яўрэям, праваслаўным. Ён адзін з нямногіх наследаваў традыцыі ВКЛ у складаны час, калі мы страцілі імя сваёй краіны.

Навукоўцы поруч са святарамі

Эдвард Вайніловіч, яго асоба, жыццёвы прыклад сёння яднаюць не толькі канфесіі, але і свецкую навуку з рэлігіяй. Мы бачым, што навукоўцы выдатна працуюць поруч са святарамі дзеля дасягнення агульнай мэты.

Вячаслаў Даніловіч:

— Так, калі мы толькі пачыналі размову, да нас звярнуліся ксёндз-магістр Уладыслаў Завальнюк, пробашч парафіі Чырвонага касцёла, разам з даследчыкам, кандыдатам гістарычных навук Уладзімірам Пуцікам. І мы, ведаючы асобу Вайніловіча, палічылі такую працу за станоўчы прыклад. Гэта спрыяе кансалідацыі грамадства. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва, у нас шмат сумесных мерапрыемстваў і з Беларускай праваслаўнай царквой.

Андрэй Унучак:

— Я не стаў бы супрацьпастаўляць працу вучоных і святароў. Яшчэ з ХІХ стагоддзя згадаю шмат прыкладаў вучоных-святароў, якія пісалі грунтоўныя навуковыя даследаванні. Гэта было абсалютна звычайнай справай. У пытанні вывучэння лёсаў такіх высокадухоўных асоб, як Эдвард Вайніловіч, супрацоўніцтва навукоўцаў і святароў можа даць яшчэ большы плён, мы дапаўняем адно аднаго. Не перацягваем канат, а дапамагаем сабе, а потым і чытачу глыбей зразумець чалавека, яго матывы і ўчынкі.

Вячаслаў Даніловіч:

— Мне бачыцца, што любы вучоны павінен быць духоўным чалавекам. Бо калі гэтага духоўнага складальніка, маральных якасцяў няма, то навуковыя адкрыцці могуць прывесці да жудасных знішчальных вынікаў. І гісторыя паказвае, што часта радыкальныя падзеі ў грамадстве звязаныя са стратай духоўнага стрыжня. Гэта ў выніку прыводзіла да адмоўных з'яў, пасля якіх наша грамадства аднаўлялася дзесяцігоддзямі.

Дзеля развіцця турызму

— Пасля ўвядзення дазволу на 5-дзённае наведванне нашай краіны без візы вельмі актуальным становіцца пытанне турыстычнага патэнцыялу розных мясцін. Ведаю, што ўжо створаны маршрут «Слядамі Вайніловіча», які праходзіць праз Слуцк, Капыль, Клецк і тыя месцы, што звязаныя з жыццём і дзейнасцю мецэната. Наколькі ён можа быць запатрабаваны сёння і ці важна яго больш актыўна прапагандаваць?

Вячаслаў Даніловіч:

— На наш погляд, гэты маршрут запатрабаваны. І са свайго боку мы спрыяем яго большай папулярнасці — праводзім рэгіянальныя канферэнцыі з удзелам шырокай грамадскасці. Асоба Вайніловіча звязаная не толькі з Беларуссю, але і з Расіяй, Польшчай, Літвой, Украінай. І сёння ў Слуцку захаваўся будынак гандлёвай школы, якую Вайніловіч некалі заснаваў. Нам ёсць што паказаць, расказаць пра гэтага чалавека. Асабліва тым, хто цікавіцца гістарычным мінулым і знакавымі асобамі нашай краіны. Больш за тое, канферэнцыі, якія мы праводзім, будуць карысныя для экскурсаводаў, што працуюць на маршруце. Нам вельмі важна, каб тыя звесткі, што расказваюць турыстам падчас экскурсій, не супярэчылі гістарычным фактам і адлюстроўвалі сапраўдныя падзеі. На жаль, такія выпадкі скажэнняў часам здараюцца. Таму з задавальненнем запрашаем на канферэнцыю ў Слуцку і экскурсаводаў. Лічу таксама важным аднаўленне маёнтка Вайніловіча ў Савічах. Натуральна, патрэбнае фінансаванне. Магчыма, нехта са спонсараў выкажа жаданне падтрымаць гэты праект, мы толькі з радасцю пагодзімся. Лічым, што трэба ўзнаўляць спадчыну, якую мы мелі, тым больш, калі ёсць дакладныя апісанні маёнтка, паводле якіх будзе адноўлены яго гістарычны выгляд, а не пабудавана нешта новае.

Чакаем цуду

— Каб працэс беатыфікацыі Вайніловіча быў завершаны і яго афіцыйна прызналі святым, павінен здарыцца цуд. Што можа быць такім цудам?

Вячаслаў Даніловіч:

— Ці не цуд тое, што памяць пра асобу захоўваецца праз дзесяцігоддзі? Выходзяць кнігі, праводзяцца канферэнцыі, ды і вынікі яго працы становяцца сімваламі сталіцы і краіны. Такіх людзей не так шмат. Калі Вайніловіч рабіў гэта, то, я ўпэўнены, без думкі, аб услаўленні свайго імя. Проста рабіў — для сваёй краіны і народа. Цяпер памяць захоўваецца і рухаецца наперад, развіваецца. Гэта ўсё дае магчымасць нашым суайчыннікам, сучаснікам браць прыклад з выдатных папярэднікаў, далей ісці шляхам, які паказаў Вайніловіч, рабіць добрыя рэчы і для нашай нацыі, і для краіны. Далёка не кожная гістарычныя постаць можа пахваліцца такім безумоўна станоўчым стаўленнем. Памяць пра яго добрыя справы жыве.

Адам Мальдзіс:

— Не магу сёння растлумачыць, чаму тады ў Вільні я набыў менавіта кнігу ўспамінаў Вайніловіча. Грошай у вучня ж было мала. Магчыма, гэта і быў цуд.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Постаць, якая яднае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».