Вы тут

Прайшоў VІІІ фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак»


Сёлета ён быў прысвечаны 595-годдзю вяселля караля польскага Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, якая стала пачынальніцай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.


Кожны фэст, які не ўпершыню праходзіць у нашай краіне, мае свой адметны твар. Фестываль у аграгарадку Гальшаны, што на Ашмяншчыне, хоць і валодае статусам рэгіянальнага, ужо каторы год аб'ядноўвае аматараў айчыннай гісторыі з усёй краіны. І справа не толькі ў тым, што ён па традыцыі распачынае фестывальны сезон, але і ў незвычайнай атмасферы, што пануе на пляцоўках каля муроў старажытнага замка Сапегаў. Здаецца, час пачынае ісці ў адваротны бок і палац магнатаў зноў жыве звыклым жыццём: у яго залах ладзяцца балі, каля сцен — прадстаўленні вандроўных тэатраў, турніры рыцараў і бугурты.

Міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ, адкрываючы фестываль, зазначыў:

— Гэты фэст, які ладзіцца каля муроў старажытнага Гальшанскага замка, з кожным годам выклікае ўсё больш цікавасці не толькі ў жыхароў Ашмяншчыны. Кола яго прыхільнікаў сярод усіх жыхароў нашай краіны нязменна пашыраецца. Фэст займае адметнае месца, а тое, што ён акцэнтуе ўвагу на мінуўшчыне краю, — паказчык пашаны мясцовых улад да гісторыі. Тут робяць усё магчымае, каб захаваць нашы здабыткі, нашу культурную, духоўную спадчыну для наступных пакаленняў. Мы ведаем найноўшую гісторыю Гальшанскага замка, памятаем, у якім жудасным стане знаходзілася яго тэрыторыя яшчэ некалькі гадоў таму. Спадзяюся, што ў самы бліжэйшы час дзякуючы падтрымцы інвестараў мы пабачым замак, адроджаны з руінаў.

Дарэчы, зрабіць ахвяраванне на аднаўленне замка, дадаць сімвалічную цаглінку да яго макета мог літаральна кожны наведвальнік фестывалю. Гэта стала своеасаблівым падарункам на вяселле Соф'і Гальшанскай і караля Ягайлы, бо ўсе ўдзельнікі і госці фэсту па праву маглі сябе назваць гасцямі на гэтым вялікім балі. Сімвалічна, што свята распачалося святочнай літургіяй у гонар Соф'і Гальшанскай, ганаровыя госці ўсклалі кветкі да помніка Соф'і, а потым усе разам далучыліся да вясельнага картэжу — тэатралізаванага мастацка-гістарычнага шэсця да асноўнай пляцоўкі свята. Сёлета ў ліку ўдзельнікаў фэсту былі сябры клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Гродна, Мінска, Ліды, Вілейкі, Ляхавіч, Ваўкавыска, Маладзечна, яркае інтэрактыўнае прадстаўленне «Юр'я і Цмок» падрыхтаваў вандроўны тэатр «Вір» з Мінска, а танцавальны калектыў Soleіl правёў майстар-клас па сярэднявечных танцах.

Адной з найярчэйшых старонак фэстывалю можна назваць конны турнір, вядучым якога ўжо традыцыйна выступіў кіраўнік клуба «Залатая шпора» Павел Заслаўскі. Падчас спаборніцтва коннікі мусілі паказаць спрыт, хуткасць і трапнасць у нанізванні «пярсцёнка» на дзіду, рассяканні мячом капусты і яблыка, падняцці хусткі з зямлі дзідай. Удзельнікі турніру даказалі, што спрытным конным ваяром можна быць у любым узросце: найстарэйшым коннікам быў 67-гадовы пан Олесь.

Які ж фэст без канцэрта ды танцаў? Сёлета за забавы адказвалі гурты «Восьмыдзень» з Віцебска, Cad Goddeu з Брэста, HardWood і «Стары Ольса» з Мінска. Завяршылася свята позна ноччу яскравым штурмам крэпасці і феерверкам.

У час, калі фестывалі сярэднявечнай культуры ператвараюцца ў камерцыйныя імпрэзы, «Гальшанскі замак» застаецца ўсё такім жа душэўным і па-свойску ўтульным. Важна, што акцэнт нязменна робіцца на гістарычнай мінуўшчыне краю (а тут сапраўды ёсць чым пахваліцца), істотнасці захавання старажытных замкавых муроў.

Фэст у Гальшанах распачаў сезон, і ўжо 27 мая гасцей запрашае музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо непадалёк ад сталіцы. Тут пройдзе фестываль «Эпоха рыцарства».

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: На вяселле да Ягайлы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.