Вы тут

Адзіны ў Беларусі слуцкі Музей салаўя запрашае ў госці


Адзіны ў Беларусі слуцкі Музей салаўя з цікавасцю наведваюць мясцовыя аматары прыроды і госці старажытнага горада.


Экскурсію праводзіць дырэктар Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў Тамара Каляда.

Гэтым разам сюды прыехала каманда прафесіяналаў: Слуцкі эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў стаў месцам правядзення абласнога семінара «Вопыт і перспектывы развіцця музеяў прыроды Мінскай вобласці». Яго ўдзельнікі абмеркавалі планы стварэння новых экспазіцый, з цікавасцю праслухалі паведамленне пра тое, як настаўнікі і вучні гімназіі горада Дзяржынска збіраюць матэрыялы для свайго музея савы. Мудрая, разважлівая птушка стала своеасаблівым сімвалам гімназіі. Пра яе тут ведаюць шмат паданняў, вершаў. Дазналіся вучні і пра ўмовы пражывання савы ў мясцовых лясах.

Уплыў сучасных вялікіх гарадоў на стан навакольнага асяроддзя вывучаюць школьнікі і педагогі Салігорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. На створанай імі інтэрактыўнай «Сцежцы развіцця адчування» можна ўбачыць больш за восемсот відаў і сартоў раслін, пачуць багатыя сваёй разнастайнасцю гукі прыроды, пазнаць навобмацак тыя раслінкі, глебу, якія дзецям у горадзе не сустракаюцца.

Менавіта пра тое, што чалавецтва пакідае ў спадчыну падрастаючаму пакаленню, з хваляваннем гаварыў удзельнік семінара прафесар Крсціч Барывой з Сербіі. Вядомы эколаг прааналізаваў глабальныя працэсы і фактары пагрозы стану навакольнага асяроддзя. Згаджаючыся з беларускімі калегамі, ён падкрэсліў, што экалагічная адукацыя дзятвы не меней значная, чым укараненне сучасных прыродаахоўных тэхналогій.

У зацені двухсотгадовага дуба пасвяцца чарапахі — такое можна ўбачыць у двары Слуцкага эколагабіялагічнага цэнтра навучэнцаў.

Дарэчы, пра ідэі сучасных вынаходак, запазычаных чалавекам у птушак, раслін, звяроў, таксама расказвалі стваральнікі музеяў прыроды. З вёскі Гацукі Слуцкага раёна на семінар прывезлі цікавую прэзентацыю пра нанатэхналогіі ХХІ стагоддзя і іх сувязі са звычайнымі... матылькамі. Унікальная навігацыйная сістэма некаторых відаў гэтых насякомых дае ім магчымасць, не збіваючыся з курсу, пралятаць тысячы кіламетраў. Пабудова пяшчотных крыльцаў матылькоў падказала вырашэнне многіх задач распрацоўшчыкам сонечных батарэй, воданепрымальных тканін, манітораў...

Пра глабальныя перамены ў навакольным асяроддзі розных кантынентаў расказвае прафесар з Сербіі Крсціч Барывой.

Несумненна, школьнікі з вёскі Гацукі, азнаёмленыя з фантастычнымі здольнасцямі матылёў, яшчэ з большай павагай ставяцца да насельнікаў мясцовых лясоў і палёў.

Што ж датычыцца слуцкага салаўя, то яго чароўныя здольнасці агульнавядомыя. Нездарма гэтаму ўнікальнаму спеваку мясцовых гаёў і ўзлескаў прысвечаная экспазіцыя музея. У ім сабраныя малюнкі, фотаздымкі, гуказапісы, вырабы ўмельцаў, памятныя манеты, мастацкая літаратура. Ёсць тут нават даследаванне прозвішчаў, утвораных калісьці ад слова «салавей».

Сярод музейных «партрэтаў» слуцкага салаўя ёсць і такі: выкаваны майстрам-кавалём.

Слуцкі Музей салаўя — сённяшні ўзор паспяховага ўкаранення новых формаў экалагічнага выхавання. Але ў тым і прызначанасць любога добрага ўзору, каб яго пераймалі і развівалі далей.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Звонкі слуцкі салавей запрашае ў свой музей

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».