Вы тут

Чаму ідзе снег у маі?


Сёлетняя вясна была багатай на сюрпрызы надвор'я. Чаму адбываюцца ў прыродзе такія анамальныя з'явы, як снег у маі, як капрызы надвор'я адаб'юцца на ўраджаі — пра гэта нашаму карэспандэнту расказалі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.


Ва ўсім вінавата глабальнае пацяпленне

Нейкіх гадоў 30 таму ўсё было проста і зразумела: у пачатку лістапада мы апраналіся ў зімовыя паліто, майскія святы сустракалі ў летніх сукенках. А за апошнія гадоў 15 можна ўспомніць сезоны, калі зімой не было патрэбы даставаць з шафы футра, затое ў сакавіку яно было неабходна.

Што адбываецца з кліматам, чаму здараюцца нетыповыя з'явы ў прыродзе, расказала начальнік аддзела клімату Гідрамета Алена КАМАРОЎСКАЯ:

— Змены клімату абумоўлены глабальным пацяпленнем. У Беларусі яно пачалося ў 1989 годзе і цяпер працягваецца. За гэты час сярэдняя гадавая тэмпература вырасла на 1,3 °С. Усе гэтыя гады, за выключэннем 1996 года, былі цяплейшыя за кліматычную норму, якая для Беларусі складае 5,8 °С. Таксама павялічылася кантраснасць надвор'я: то горача, то холадна. Мяркуецца далейшы рост тэмпературы, а разам з ім і высокая імавернасць анамальных з'яў.

— Як часта на тэрыторыі Беларусі выпадаў снег у маі?

— Нагадаю, што на тэрыторыі нашай краіны ў норме канчатковае снежнае покрыва сыходзіць у сярэднім у першай дэкадзе красавіка. Аднак зарэгістраваныя і выпадкі майскага снегападу. Так, напрыклад, у Мінску ў 1945 годзе снег выпаў 26 мая. У 1952 годзе вялікі снег выпаў 19 мая, і вышыня снежнага покрыва дасягала 6 см. Ён праляжаў два дні і прычыніў шмат шкоды сельскай гаспадарцы. Самы позні выпадак снегападу назіраўся 6 чэрвеня 1962 года — тады снег праляжаў больш за дзве гадзіны. Думаю, шмат хто з мінчан памятае 1 мая 2007 года, калі снег ішоў на працягу 9 гадзін і ўтварыў снежнае покрыва вышынёй 3 см.

У гэтым годзе снег назіраўся 1 і 10—11 мая ў Езярышчы, Сянне, Оршы, Горках, Барысаве, Валожыне, Ашмянах і Лідзе.

— З пункту гледжання абывацеля вясна ў гэтым годзе нейкая няўдалая, халодная. А якая ваша ацэнка?

— Вясна ў цэлым з 1 сакавіка па 13 мая не халодная, але вельмі кантрасная. Пачалася вясна на месяц раней, чым звычайна (17—18 лютага), з пераходам сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 0 °С. Першая палова вясны характарызавалася як цёплая, у прыватнасці, тэмпература паветра ў сакавіку была амаль на 6 °С вышэйшай за кліматычную норму. І тэмпература красавіка таксама была вышэйшай за норму на 0,5 °С. Аднак па тэмпературным рэжыме месяц аказаўся неаднародным: першая палова была цёплай, затым рэзка пахаладала. Такое надвор'е пратрымалася месяц, і гэты перыяд сапраўды вельмі халодны: тэмпература паветра была на 2—3,5 °С ніжэйшай за норму. Так холадна ў перыяд з 15 красавіка да 11 мая на большай частцы тэрыторыі краіны яшчэ ні разу не было за ўвесь пасляваенны перыяд.

Разлікі на ўраджай

Халоднае і нестабільнае надвор'е ў красавіку і ў маі выклікае трывогу: што будзе з ураджаем? Пра гэта думаюць гаспадары прыватных падворкаў і кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

— Ад замаразкаў пацерпіць ураджай костачкавых і яблыкаў, у першую чаргу ў паўднёвых рэгіёнах краіны. Там ужо ў красавіку квітнелі абрыкосы і алыча — ім пашкодзілі яшчэ красавіцкія замаразкі. У цэнтральным і паўночным рэгіёнах у фруктовых дрэў напярэдадні майскіх халадоў толькі пачыналася цвіценне, і таму замаразкі паўплывалі на іх у меншай ступені, — кажа намеснік начальніка службы гідралогіі і аграметэаралогіі Гідрамета Надзея МЕЛЬЧАКОВА. — Аднак і тут маюць месца частковыя пашкоджанні кветак чарэшні, вішні, ранніх сартоў і грушы, пашкоджаны першыя кветкі ў ранніх суніц.

Што датычыцца азімых, то можна казаць пра тое, што ў прыродзе ўсё мудра ўладкавана. У сілу ўмоў, якія склаліся мінулай восенню, у многіх раёнах азімыя сышлі ў снег, не атрымаўшы дастатковага развіцця. Зацяжная вясна дала ім магчымасць падоўжыць перыяд кушчэння, з'явіліся дадатковыя парасткі, і ёсць падставы чакаць добры ўраджай. Нягледзячы на нестабільнае надвор'е, большасць раёнаў правялі сяўбу ранніх збожжавых культур у аптымальныя тэрміны. Аднак у паўночным рэгіёне Беларусі ўмовы для пасяўной у гэтым годзе склаліся вельмі неспрыяльна. На большай тэрыторыі Віцебскай вобласці да пачатку другой дэкады мая глеба заставалася ў асноўным вільготнай звыш нормы. Лішак глебавай вільгаці перыядычна ўскладняў палявыя работы і ў іншых рэгіёнах. Выключэнне складае, мабыць, толькі Гомельская вобласць: на крайнім паўднёвым усходзе ўжо прыкметны недабор ападкаў.

Халодная вясна вымусіла сельскагаспадарчыя прадпрыемствы перанесці пасадку цеплалюбівых раслін (бульбы, кукурузы) на больш позні перыяд. Нізкія тэмпературы не спрыяюць догляду раслін, засваенне мінеральных угнаенняў, напрыклад, у такіх умовах ідзе горш.

Дэфіцыт цяпла, перапады начных і дзённых тэмператур стрымлівалі адрастанне і назапашванне вегетатыўнай масы шматгадовых траў. Нягледзячы на пацяпленне, па начах па-ранейшаму халаднавата, што не вельмі спрыяе росту траў. Пры гэтым тэрміны першага ўкосу ўжо набліжаюцца. У трэцяй дэкадзе мая раннія сарты травы ў паўднёвым рэгіёне краіны пачнуць паспяваць для касавіцы. З-за пагодных анамалій першы ўкос, хутчэй за ўсё, будзе больш сціплы, чым у мінулым годзе. Нягледзячы на ўсе гэтыя моманты, ёсць падставы казаць пра тое, што катастрафічных наступстваў з-за вясновай нестабільнасці надвор'я не прадбачыцца. Наколькі багатым будзе ўраджай, цяпер ужо залежыць ад летняга надвор'я: засуха або залішняя вільгаць, як вядома, мае негатыўныя наступствы.

Агракліматычныя зоны змяняюць межы

Пацяпленне клімату прывяло да таго, што адбыліся змены меж агракліматычных зон на тэрыторыі Беларусі. Упершыню схема агракліматычнага раянавання Беларусі была складзена ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. На тэрыторыі нашай краіны спецыялісты выдзелілі тры агракліматычныя зоны: Паўночную, Цэнтральную і Паўднёвую, якія займалі прыкладна аднолькавыя плошчы.

За апошнія 28 гадоў у выніку пацяплення агракліматычныя зоны ссунуліся прыкладна на 200 км на поўнач. Паўночная агракліматычная зона практычна распалася, затое на поўдні з'явілася новая, падобная па клімаце з паўночнымі рэгіёнамі Украіны.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

yanovskaya@zvіazda.by

Фота БЕЛТА и Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Надвор'е паказала нораў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?