Вы тут

Праблемы і дасягненні Віцебшчыны — інтэрв'ю з Уладзімірам Цярэнцьевым


На Віцебшчыне самая вялікая колькасць населеных пунктаў — больш за 6,2 тысячы. І ў кожным, незалежна ад колькасці насельніцтва, мясцовая ўлада абавязана стварыць годныя ўмовы для пражывання. Зразумела, гэта патрабуе ад дэпутатаў вялікай адказнасці. Трэба вырашаць нямала задач, здымаць праблемныя пытанні. Нярэдка па вопыт у вобласць прыязджаюць з іншых рэгіёнаў.

Пра актуальныя праблемы, дасягненні і планы наш карэспандэнт пагутарыў са старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым.


— Уладзімір Уладзіміравіч, падчас абрання на пасаду вы падкрэслілі, што асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца развіццю глыбінкі. Гэта зрабіць, напэўна, цяжка, калі большасць раёнаў атрымліваюць датацыі?

— Так. Для рашэння сацыяльна значных пытанняў, узмацнення даходнай часткі мясцовых бюджэтаў трэба павялічыць уласныя даходы рэгіёнаў.

Тут ёсць некалькі спосабаў. Напрыклад, смялей трэба перадаваць у распараджэнне рэгіёнаў прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці. У тым ліку і горадаўтваральныя. У выніку будзем больш актыўна імі займацца, не азіраючыся на міністэрствы. У мясцовы бюджэт трапіць значная сума падатку на прыбытак. Гэта датычыцца і перадачы маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ў сельскай мясцовасці, малому і сярэдняму бізнесу.

На жаль, нямала гаспадарак апынуліся ў няпростай сітуацыі. Таму ствараюцца інтэграцыйныя структуры. У іх складзе тэхналагічна яднаюцца вытворцы прадукцыі, мясакамбінаты, малаказаводы, камбінаты хлебапрадуктаў. Плюс — гандлёвыя прадпрыемствы. Гэта рэальная схема для павелічэння аб'ёмаў вытворчасці, паніжэння выдаткаў.

— Віцебшчына — лідар у краіне па колькасці населеных пунктаў. Нямала і такіх вёсак, дзе жывуць да 10 чалавек. Як органы ўлады клапоцяцца пра жыхароў такіх вёсак?

— Прыкладна трэць з больш чым 6 тысяч вёсак — маланаселеныя і аддаленыя. У прыблізна 2 тысячах пражывае 10 чалавек і меней, а ў 75% колькасць жыхароў не перавышае 50 чалавек.

Лічу, што і невялічкія вёскі не адарваныя ад цывілізацыі. Для паляпшэння транспартнага абслугоўвання пастаянна абнаўляецца аўтобусны парк. Усе вёскі ахоплены гандлёвым і бытавым абслугоўваннем. Туды, у прыватнасці, прыязджаюць аўталаўкі... Дарэчы, тавары прывозяць і камерцыйныя «крамы на колах». Функцыянуе каля 150 комплексных прыёмных пунктаў. Аказваюцца паслугі паштовай сувязі. Дарэчы, з 400 аддзяленняў 283 — знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Дзейнічаюць 35 перасоўных аддзяленняў. Вядзецца абслугоўванне і бібліятэкамі на колах.

Насельніцтва можа арандаваць тэхніку для сельскагаспадарчых і будаўнічых работ. Да варот падвозіцца сельскагаспадарчая прадукцыя — гэтым займаюцца гаспадаркі і ЖКГ. І медыкі, нават вузкія спецыялісты, — частыя госці ў глыбінцы.

Вяскоўцы, упэўнены, не наракаюць. Вось стварылі сетку сацыяльных пунктаў, 56 гаспадарчых і мабільных брыгад сацыяльнага абслугоўвання. Непрацаздольным аказваюцца паслугі па распілоўцы дроў, апрацоўцы ўчасткаў, іншыя... Для пераездаў сацыяльных работнікаў на Віцебшчыне пачалі выкарыстоўваць скутары...

За пажылымі замацоўваюцца і валанцёры. Укараняюцца новыя формы працы. Напрыклад, паслуга «Суразмоўца на гадзіну». Адкрываюцца дамы сезоннага і сумеснага пражывання пенсіянераў. Іх таксама прымаюць у «прыёмных сем'ях». І «прыёмныя дзеці» дораць ім увагу і клопат. У сваю чаргу часта атрымліваюць дапамогу ў вядзенні гаспадаркі, па доглядзе дзяцей...

Сустрэча з батутыстамі (першы злева — пераможца Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра Уладзіслаў Ганчароў).

— Камунальных унітарных прадпрыемстваў для аказання паслуг насельніцтву пры сельскіх выканкамах не так многа. Хаця некалькі гадоў таму на рэспубліканскім узроўні ўлады многа гаварылі пра неабходнасць стварэння невялікіх КУПаў для аказання паслуг насельніцтву і іх развіцця. Што перашкаджае? Чаму ў адных атрымліваецца, а ў іншых раёнах КУПы або не стваралі, або яны з часам спынілі дзейнасць?

— Складанасць пры стварэнні КУПаў заключаецца перш за ўсё ў тым, што пытанні не ўрэгуляваныя на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, адсутнічае прававая аснова, якая рэгулявала б абслугоўванне і трыманне тэхнікі. Ёсць некалькі добрых прыкладаў. Узорны тут Лепельскі раён. Там дзейнічаюць аж 4 КУПы. Закупляюць малако, апрацоўваюць зямельныя ўчасткі, дастаўляюць дровы і торфабрыкет. Аказваюць транспартныя і іншыя паслугі...

У Сенненскім раёне дзейнічаюць КУПы «Наш клопат» і «Мясцовыя паслугі». Першы займаецца зборам малака. Абслугоўвае 412 здатчыкаў з 112 вёсак. Другі аказвае паслугі па нарыхтоўцы дроў, дастаўцы паліва. Выконваюцца работы па добраўпарадкаванні. Сёлета плануюцца збор у вёсках цвёрдых бытавых адходаў і транспарціроўка на палігон.

У Віцебскім раёне пры Воранаўскім выканкаме КУП дапамагае грамадзянам апрацоўваць зямлю, убіраць ураджай. Нарыхтоўваюцца кармы. Рэалізуецца сельскагаспадарчая прадукцыя. Даглядаюцца пашы, зразаюцца аварыйныя дрэвы. Выконваюцца работы па добраўпарадкаванні могілак. КУП таксама зносіць дамы, якія не эксплуатуюцца...

— Ці ёсць на Віцебшчыне ўдалыя прыклады развіцця малога бізнесу ў глыбінцы? І што яму перашкаджае?

— Добрыя прыклады ёсць. І, спадзяюся, будуць у далейшым. Напрыклад, ураджэнец аграгарадка Коханавічы Верхнядзвінскага раёна ў 2009-м набыў там драўляны дом. Перабудаваў і арганізаваў прыватнае прадпрыемства. Адкрыў краму. Першыя гады працаваў без выхадных і адпачынкаў. Заробленыя грошы пускаў у абарот. І ў выніку адкрыў сетку невялікіх крам, дзе рэалізуюцца пераважна харчовыя тавары. Прадпрымальнік стварыў 12 працоўных месцаў...

А ў вёсцы Юхавічы Расонскага раёна ў створанай у 1995-м фермерскай гаспадарцы людзі спачатку працавалі на зямлі. Потым пачалі займацца нарыхтоўкай лесу, перапрацоўкай драўніны, вытворчасцю піламатэрыялаў. На сёння калектыў налічвае 120 чалавек. За кошт прыбытку запланавана стварэнне рэмонтна-тэхнічнай базы і стаянкі для аўтатрактарнай тэхнікі. Задумалі арганізаваць і вытворчасць ацыліндраваных лесаматэрыялаў і вырабаў з іх. У перспектыве — выраб паліўных пелет з адходаў лесапільнай вытворчасці. Будуць развіваць паляўнічую гаспадарку. Фермер на арандаваных азёрах уладкаваў палатачны лагер, арганізаваў лоўлю рыбы...

У Шаркаўшчынскім раёне ў 2012 годзе стварылі прыватнае прадпрыемства па аказанні будаўнічых паслуг. У далейшым фірма набыла ў Германавічах будынак, які не выкарыстоўваўся. Там стварылі вытворчасць па апрацоўцы драўніны. 22 чалавекі атрымалі працоўныя месцы...

Адна з найбольш вострых праблем для пачаткоўцаў у бізнесе — дзе ўзяць стартавы капітал? Дорага абыходзяцца крэдыты. І, як вынік, яны незапатрабаваныя.

— Праблема недахопу маладых кадраў на перыферыі, бадай, «вечная». Былыя выпускнікі, адпрацаваўшы па размеркаванні, з'язджаюць у гарады. Але ж пры гэтым асабіста ведаю прыклады, калі маладыя ўрачы і ветэрынары падчас адпрацоўкі жылі, мякка кажучы, не ў самых лепшых бытавых умовах, у пакоях без выгод... Калі мы пачнём пра гэта сур'ёзна думаць?

— Штогод у нас размяркоўваецца больш за 6 тысяч спецыялістаў. Самая вялікая колькасць — у сельскую гаспадарку — каля 2000 чалавек. Для параўнання ў прамысловасць — больш за 1200 чалавек, будаўніцтва — каля 1000 чалавек, адукацыю — больш за 700 чалавек. Столькі ж — у гандаль і грамадскае харчаванне.

Але штогод да 20% маладых работнікаў дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў і будаўнічых арганізацый звальняюцца і ідуць у камерцыйныя структуры. Або ўвогуле з'язджаюць у пошуках працы за мяжу. Іх не задавальняюць нізкі ўзровень заработнай платы і цяжкія ўмовы з вялікай доляй ручной працы. Далёка не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі здольныя забяспечыць маладых спецыялістаў жыллём. У некаторых з іх няма нават уласных інтэрнатаў.

Але не ўсё так дрэнна. Напрыклад, забяспечанасць педагагічнымі кадрамі ў галіне адукацыі павялічваецца. Пачаткоўцам у медыцыне летась выдзелілі 57 кватэр і 190 месцаў у інтэрнатах.Для замацавання кадраў жыллёвае пытанне вырашаецца з дапамогай арэнднага жылля. Летась такім чынам 8 кватэр людзі атрымалі ў Глыбокім і Гарадку.

У Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама канстатуюць, што за 2 апошнія гады павялічваўся працэнт прыбыцця кадраў. Гэта звязваюць з мадэрнізацыяй вытворчасці. Як і з тым, што складана знайсці працу па-за размеркаваннем. Наконт жылля — большасць пражываюць у бацькоў, каля 21% — у інтэрнатах... Выпадкі пражывання ў памяшканнях без выгод вельмі рэдкія. Заўсёды ёсць альтэрнатыва: пасяліцца ў здымным жыллі пры частковай або поўнай аплаце за сродкі арганізацый. Моладзь хоча жыць у глыбінцы не горш, чым у гарадах. Хочуць добрае жыллё, зарплату, спартыўныя аб'екты і іншае. І нямала прыкладаў, калі атрымліваюць жаданае.

У многіх арганізацыях зроблена шмат для замацавання маладых спецыялістаў. Умеюць цаніць іх у ААТ «Завод керамзітавага жвіру» ў Новалукомлі. Маладому спецыялісту, які ўступае ў шлюб, выплачваецца матэрыяльная дапамога — 10 базавых велічынь. А пры нараджэнні першага дзіцяці —  15, другога — 20 базавых. Маладыя людзі заахвочваюцца таксама на святы. А да Дня будаўніка ім уручаецца прэмія — 100% тарыфнай стаўкі (акладу).

Калі маладыя спецыялісты згаджаюцца, з імі заключаюцца кантракты. І ў адпаведнасці з заканадаўствам устанаўліваюцца даплаты да заработнай платы: ад 30% да 50% і больш ад тарыфнай стаўкі.

З біскупам Віцебскай каталіцкай епархіі Алегам Буткевічам і начальнікам аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Міхаілам Даніленкам.

— Падатак «на ўтрыманства» сёлета стаў тэмай «нумар адзін» для абмеркавання ў грамадстве. На жаль, нямала прыкладаў, калі людзі насамрэч не могуць знайсці работу. Напэўна, мясцовай уладзе трэба больш актыўна дапамагаць цэнтрам занятасці, патэнцыйным работадаўцам?

— Мы ўзмацнілі працу па своечасовай і поўнай падачы наймальнікамі інфармацыі пра наяўнасць свабодных працоўных месцаў. Штодзень кадравікі пра вакансіі інфармуюць органы па працы. Адпрацаваны і эфектыўна дзейнічае механізм актуалізацыі агульнарэспубліканскага банка вакансій.

Рынак працы па-ранейшаму арыентаваны на рабочыя прафесіі — 58,3% вакансій. Пры гэтым усё больш запатрабаваныя высокакваліфікаваныя спецыялісты. Наймальнікі маюць неабходнасць у швачках, кіроўцах, бетоншчыках, арматуршчыках, кухарах, цырульніках. Многа шанцаў знайсці працу ў прадаўцоў, зборшчыкаў абутку, токараў, электраманцёраў. Сярод спецыялістаў і служачых найбольш запатрабаваныя: бухгалтары, інжынеры, медыцынскія сёстры, урачы, выхавальнікі садкоў.У сельскай мясцовасці дэфіцыт трактарыстаў, ветэрынарных урачоў, фельчараў, леснікоў.

— Кіраўнік дзяржавы неаднойчы гаварыў пра неабходнасць павышэння дэпутацкай актыўнасці, ролі Саветаў у грамадстве, адыход ад фармалізму ў гэтай сістэме... Як з гэтага пункту гледжання вы ацанілі б дэпутацкі актыў Віцебшчыны?

— У вобласці дзейнічаюць 224 мясцовыя Саветы дэпутатаў. У тым ліку — абласны, 23 — базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, 200 — першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню. У Саветы дэпутатаў усіх узроўняў абраныя 3218 чалавек.

Мясцовае самакіраванне — адзін з найважнейшых інстытутаў сучаснага грамадства, паколькі максімальна набліжаны да насельніцтва, з'яўляецца першасным узроўнем арганізацыі публічнай улады.

Для большасці выбаршчыкаў дэпутат — чалавек, якому яны павінны давяраць. Ён мусіць быць добра інфармаваны і разбірацца ў тым, што адбываецца ў яго акрузе. Абавязаны цікавіцца, чым жывуць яго выбаршчыкі, якая сітуацыя на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Толькі так ён можа эфектыўна ўдзельнічаць у працэсах кіравання, вырашаць шырокае кола пытанняў, ад якіх залежаць развіццё рэгіёна і якасць жыцця.

Дэпутацкі корпус працуе ў адзінай звязцы з выканаўчай вертыкаллю. Гэта вельмі важны момант. Бо ўлада на месцах — самая блізкая да чалавека. І яна павінна быць максімальна адкрытай і празрыстай. У тым ліку і праз дыялог, які рэалізуецца з дапамогай ідэалагічных работнікаў, СМІ.

У раёнах увайшлі ў практыку Дні работы з насельніцтвам. У іх прымаюць удзел дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў, старэйшыны, актыў сельсаветаў, адказныя работнікі райвыканкамаў, раённых службаў і ведамстваў. Станоўчыя вынікі даюць такія формы работы, як выязныя сустрэчы, прыёмы. Каштоўны маніторынг па зваротах грамадзян...

Узмацніўся інстытут старэйшын вёсак. Яны выконваюць важную ролю сувязі ўлады з народам.

Дзейнасць усіх прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання сканцэнтравана на вырашэнні як стратэгічна важных задач ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, так і паўсядзённых праблем грамадзян. Яна накіраваная на дасягненне агульнай канчатковай мэты — павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва рэгіёна. А гэта магчыма праз забеспячэнне ўстойлівага, дынамічнага і эфектыўнага функцыянавання эканомікі.

Гутарыў Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Усё пачынаецца з даверу

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».