Вы тут

Як арганізаваць стылізаванае вяселле


Вяселлем з лімузінамі і феерверкам ужо амаль нікога не здзівіць. Іншая рэч, калі выкупляць нявесту дапамагаюць сапраўдныя рыцары ў даспехах, а ў самы разгар весялосці на свяце з'яўляецца... Святая Інквізіцыя.

Пра моду на стылізаваныя вяселлі, старабеларускія абрады і сумяшчэнне несумяшчальнага гутарым са Змітром САСНОЎСКІМ, музыкантам, стваральнікам і кіраўніком гурта «Стары Ольса», а цяпер яшчэ і дырэктарам святочнага агенцтва «Арт-Нос».


Зміцер Сасноўскі: «Вяселле ў беларускім стылі — гэта супер».

— Колькі вы ўжо займаецеся арганізацыяй свят?

— Усё пачалося ў 2005 годзе. Тады мы з сябрам кіравалі турагенцтвам «Гісторыя-Тур», якое спецыялізавалася на гістарычным турызме. Першым святам, якое мы арганізавалі, стала вяселле ў сярэднявечным стылі. Захапленне гісторыяй і старадаўняй музыкай, арганізацыя фестываляў — усё няўхільна вяло да гэтага новага занятку.

— З якімі вясельнымі стылямі працуеце?

— Зараз распрацавана шмат сцэнарыяў, але асноўнымі з'яўляюцца старабеларускі стыль, позняя народная традыцыя, стыль ампір і, нарэшце, 1930-я гады з невялікім ухілам у тэматыку Другой сусветнай вайны. Часта людзі заказваюць кавалак той ці іншай стылізаванай эпохі, а другая частка ладзіцца ў стылі сучаснага свята — з жывой сучаснай музыкай, салютамі, ілюзіяністамі.

У якім кірунку цікавей працаваць мне? Ведаеце, паглыбленне ў любую эпоху мае свае непадробныя эмоцыі, але ўлюбёным, безумоўна, застаецца Сярэднявечча.

— Што характэрна для сярэднявечнага вяселля? Якія конкурсы і гульні можна правесці?

— Конкурсы, забавы і гульні вельмі разнастайныя — ад сілавых да праяў кемлівасці і спрыту. Большасць старых застольных традыцый — гумарыстычныя. Нашыя продкі мелі досвед і густ у застоллях! Нязменным і для многіх эпох з'яўляюцца хрысціянскія традыцыі. Усім прапануем пачынаць застолле з агульнай малітвы. Традыцыяй з'яўляецца і павага да старэйшых — ад іх просім блаславення забаў.

Вельмі цікава, калі жаніх і нявеста выбіраюць такую забаву, як прыезд Святой Інквізіцыі. І сам суд, і спальванне на вогнішчы, і дараванне грахоў адбываюцца пры захапляльнай падтрымцы ўсіх гасцей. Хаця бываюць моманты, калі артысты іграюць так добра, што некаторыя прысутныя ўспрымаюць усё як сапраўднае.

Так аднойчы адбылося на вяселлі паводле заходнебеларускіх традыцый 30-х гадоў. Нахабнае ўварванне польскіх памежнікаў, спыненне музыкі і патрабаванне скласці дэкларацыю выклікала настолькі шчырае абурэнне, што хлопцы, якія выконвалі ролі памежнікаў, ледзь не былі пабітыя!

Традыцый на самай справе вельмі шмат, рэалізаваць іх у межах аднаго дня вельмі складана. Асабліва гэта датычыцца народнага вяселля, якое ў беларусаў заўжды было вялізарным музычна-тэатральным дзеяннем.

— А што характэрна для старабеларускага вяселля?

— На жаль, далёка не ўсе зараз здольныя ўспрымаць многія старабеларускія традыцыі. Перыядычна даводзіцца нешта старадаўняе, асабліва элементы дахрысціянскіх традыцыйных вераванняў, спрашчаць, стылізаваць альбо ўвогуле прыбіраць. З іншага боку ёсць цікавыя заказы, дзе мусіш скласці сцэнарый вяселля менавіта паводле дахрысціянскіх традыцый, якія аднаўляем літаральна па рэштках. Адпаведна павінен рыхтаваць патрэбны рэквізіт, строі, забаўляльныя нумары. Улетку 2016 года правялі цікавае вяселле паводле дахрысціянскіх традыцый на вадзе.

Да традыцый старабеларускага вяселля, напрыклад, адносіцца зачытванне «Граматы вясельнай», абсыпанне маладых зернем, звязванне ручніком рук, перанос маладой на руках праз мост, піццё вады са студні.

— А як праходзіць выкуп нявесты ў старабеларускім стылі?

— Выкуп нявесты ў традыцыі беларусаў, вядома ж, ёсць. І ў досыць поўным выглядзе захаваўся яшчэ і дагэтуль. Гэта стары звычай стварэння сям'і з актам куплі-продажу, калі маладую сапраўды выкуплялі ў яе бацькоў сябры маладога перад вянчаннем. Тут шмат было жартаў і імправізацыі, але асноўныя этапы заставаліся наступнымі: жанчыны выводзілі да дружыны маладога падстаўную бабулю пад маскай, а потым ужо якую-небудзь дзяўчыну-модніцу альбо нават «цыганку». Нарэшце, справа даходзіла і да самой нявесты. За яе таргаваліся доўга, але ўрэшце сват працягваў нявесце хусцінку, тая бралася за адзін канец, сват — за другі, і так яны выходзілі да «войска» маладога.

— Як успрымаюць стылізаваныя вяселлі госці?

— Шчыра кажучы, вельмі па-рознаму. Таму заўжды прапаную дзеля павагі да гасцей «не ў тэме» мець кавалкі праграмы паводле сучасных звычаяў, спеваў, тостаў. Заўжды знаходзіцца, як я называю «дзядзька Коля з Баранавічаў», які папросіць Верку Сярдзючку. Даводзіцца ўлічваць густы ўсіх. Бывае складана, але імкнёмся. Бо сумяшчэнне стыляў, як я ўжо казаў, непазбежнае. Таму да лімузінаў на сярэднявечным вяселлі стаўлюся абсалютна нармальна.

Рэдка трапляюцца людзі з катэгарычным патрабаваннем чысціні стылю. Усе ставяцца з разуменнем да некаторых сучасных элементаў.

— Ці бывала так, што ўсе госці прыходзілі ў адпаведных стылю вяселля строях?

— Было, што большасць. Гэта амаль заўжды сюрпрыз і здзіўленне для старэйшага пакалення, якое часта лічыць, што маладыя звар'яцелі: ладдзя, паветраны шар ці карэта ўжо мала здзіўляюць, але ўварванне князя са світай і нечаканыя тэатралізаваныя актыўныя дзеянні выклікаюць шок у непадрыхтаваных. Увогуле, стала папулярным шакаваць і здзіўляць нечаканымі нумарамі сваіх гасцей. Цяпер рыхтуем адзін юбілей, да якога сам юбіляр не будзе ведаць нічога, акрамя імёнаў запрошаных гасцей, а там будзе поўнае Сярэднявечча.

— Што рабіць, калі для вяселля трэба вывучыць спецыяльныя танцы?

— Само развучванне танцаў заўжды ператвараецца ў цікавы інтэрактыўны майстар-клас. Але гэта для гасцей. Маладыя часта просяць падрыхтавацца да гэтага загадзя. Вучым, рыхтуем.

— Дзе звычайна ладзяцца стылізаваныя вяселлі?

— У адпаведных эпохам сядзібах і маёнтках — Сула, Дукора, Нясвіж, Мір, Ганка, Веста, Фестывальны, Камарова, Раздолле. Зрэшты, аздобіць памяшканне паводле выбранай эпохі — абсалютна магчымае і папулярнае дзеянне.

— Ці ёсць вяселле, якое запомнілася вам больш за ўсё?

— Ведаеце, запамінаецца кожнае. Ніколі няма аднолькавых вяселляў. Людзі розныя, сцэнарыі ніколі цалкам не супадаюць, заўсёды адбываецца нешта нечаканае і ўзрушальнае. Тут можна доўга ўспамінаць пра імправізаваныя заезды на рэтра-машынах, нечаканае выкраданне маладой з замка раней, чым да яе прыехаў на кані малады, паветраны шар, які раптоўна зляцеў з маладымі... Сумна не бывае!

— Якое ў вас самога было вяселле? Напэўна, таксама стылізаванае?

— Сябры-артысты, увесь «Стары Ольса», рамеснікі ў Дудутках, паплечнікі па рыцарскім руху і калегі па Таварыстве рэтра-машын зрабілі для нас сапраўднае свята, якое доўжылася тры дні. Было ўсё: 30-я гады, старабеларускі дзень, сярэднявечны, падарожжы, нават на чацвёрты дзень хапіла забаў!

— Што трэба ведаць і пра што памятаць тым, хто хоча арганізаваць стылізаванае вяселле?

— Толькі адно — усё прадумаць і арганізаваць няпроста, але гэта таго вартае, бо застанецца ў памяці сваёй незвычайнасцю. А яшчэ павага да сваёй гісторыі для многіх ужо стала важкім аргументам. І гэта вельмі цешыць.

Ганна БАГІНО

bаhіnо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Рыцары ў даспехах і старадаўнія танцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.

Палітыка

Вялікая размова с кіраўніком Брэсцкай вобласці пра лёс рэгіёну

Вялікая размова с кіраўніком Брэсцкай вобласці пра лёс рэгіёну

«Асноўная задача — павысіць эфектыўнасць вытворчасці. Для гэтага патрэбна падняць аграрную галіну на больш высокі тэхналагічны ўзровень»

Грамадства

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Гэта прынцыпы, накіраваныя на зніжэнне колькасці смецця і захаванне рэсурсаў планеты.

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.