Вы тут

Казкі для дзяцей і для дарослых: чароўныя творы Алены Масла


Казкі для дзяцей і для дарослых: чароўныя творы Алены Масла

 

«Я заўсёды меў на ўвазе, што пішу казкі

не толькі для дзяцей, але і для дарослых…

Дзяцей больш забаўляе сама фабула,

а дарослых цікавіць укладзеная ў казкі ідэя».

Г. Х. Андэрсен

 

У цуд трэба верыць безумоўна. Як вераць у магію, у Боскія сілы і іншыя невытлумачальныя рэчы. Дзеці вераць у цуд, ім не патрэбны доказы.

Дарослыя — іншыя. Ім трэба заўсёды ведаць складнікі кожнай рэчы, таму іх не цікавяць казкі. Але ёсць творы для дзяцей, здольныя закрануць зусім не дзіцячыя пачуцці нават у дарослых. Менавіта гэта мела на ўвазе бібліятэкар, даючы мне кнігу Алены Масла і кажучы, што было б добра, калі б экзэмпляр казкі «Пакінутае дзіця» меўся ў кожным радзільным доме. Маўляў, гэта была б лепшая спроба адгаварыць маці пакідаць дзіця без бацькоў.

Алена Масла — майстар аўтарскай казкі. Апошняя знаходзіцца вельмі далёка ад казкі фальклорнай, мае сваю эстэтычную канцэпцыю. Героі ў такіх казках больш індывідуалізаваныя, іх характарыстыка можа мяняцца на працягу ўсяго твора. І, канечне, такі твор мае некалькі ўзроўняў прачытання: адзін — для дзяцей, другі — для дарослых. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да пэўнай ускладненасці ўсяго твора. Адзіным безумоўным патрабаваннем для любой казкі з’яўляецца ўстаноўка на вымысел, што яднае яе, напрыклад, з фэнтэзі.

У выпадку з казкамі Алены Масла ўзнікае яшчэ адно звяно параўнання — прыпавесць. Аднак калі ў прыпавесці сюжэт можа быць рэдуцыраваны да параўнання, то ў яе казках прысутнічае паўнавартасны сюжэт і створаны сапраўдныя характары. Акрамя гэтага, яе творы вылучае прэтэнзія на больш арыгінальную і глыбокую думку, што так даспадобы дарослым.

У якасці прыклада прапануем дзве казкі з падобным сюжэтам: «Будзільнік» і «Гісторыя адной канапы». Абедзве распавядаюць пра звычайныя рэчы, якія жывуць сваім уласным жыццём. Так, Будзільнік крыўдзіцца на гаспадара за тое, што яго занадта часта рамантуюць, не жадае мірыцца з новымі хуткімі стрэлкамі ў сваім механізме і спецыяльна ламае іх. Заканчваецца казка зусім не па-казачнаму, але лагічна: «…на гэты раз, убачыўшы, што будзільнік сапсаваўся зноў, гаспадар не стаў яго рамантаваць. Здаў майстру на дэталі, а сабе купіў новы». Ніякіх высноў і вылучанай маралі няма. Але чытач адразу разбярэцца, што да чаго. Празмерная ганарлівасць Будзільніка перакрэсліла яго галоўную функцыю — служыць гаспадару, а не дабівацца жорсткага падначалення сабе кожнай дэталі.

У казцы «Гісторыя адной канапы» аўтар зноў прадстаўляе неадушаўлёны прадмет і паступова ажыўляе яго: спачатку праз апісанне, так скажам, не характэрных для мэблі рысаў: умення чытаць, кемлівасці. Потым перад намі раскрываюцца думкі Канапы і яе перажыванні. Любіміцу ўсёй сям’і спасцігае часты лёс старой мэблі: яе адвозяць на лецішча. Але, у адрозненне ад Будзільніка, Канапа не толькі здолела скарыцца са сваёй доляй, але і знайшла ў гэтым свае плюсы і яшчэ больш аддана служыла сваім гаспадарам. Таму гаспадыня Канапы прыходзіць да наступнага рашэння: «Дарагі! Ці не падтрымаеш ты мой намер аддаць рэчы з гарышча ў музей? Няхай бы не пыліліся, а людзей радавалі!»

У вышэйназваных казках няма адкрытай маралі, відавочнай супярэчнасці дабра і зла, але кожны з герояў па-рознаму вырашае ўнутраны канфлікт: пазбавіцца гордасці, прыняць змены і працягваць служыць сваёй мэце або крыўдзіцца і ствараць перашкоды іншым.

Кожны дзіцячы твор выхоўвае ў маленькіх чытачах патрэбную мадэль паводзінаў: не размаўляй з незнаёмымі, як Чырвоны Капялюшык; не замахвайся на чужую маёмасць, як Ліса ў «Зайкавай хатцы» і г. д. Акрамя выканання падобных выхаваўчых задач казкі Алены Масла вучаць пэўнаму спосабу мыслення: назіраць за паводзінамі персанажа і даваць яму ацэнку самастойна. А гэта значыць, што маленькі чытач і аўтар стаяць нароўні, і дарослы ў такім выпадку ўжо не маралізатар, а суразмоўца, сябар. Пры гэтым нярэдка творы могуць мець двайное прачытанне — для дарослых і для дзяцей. У адных будзе найперш задзейнічаны рэалістычны сюжэт, у другіх — казачны.

Напрыклад, казка «Сок з альясу» мае даволі рэалістычны сюжэт: гаспадыня разам са сваёй старой кветкай едзе жыць з вёскі да дзяцей, але, сустрэўшыся з рэаліямі жыцця ў гарадскіх умовах і крыўдай ад нявесткі, вяртаецца дадому. Але ёсць у творы і казачны сюжэт, звязаны з «падаконным» жыццём альясу, які цярпеў абразу не толькі ад сваіх гарадскіх суседак архідэй, але і ад свайго родзіча, якому даў жыццё. Выснова, што зробяць і дзеці, і дарослыя пасля прачытання твора, будзе аднолькавая: трэба з павагай ставіцца да старэйшага пакалення, быць больш уважлівымі да іх. Аднак заключэнне чытачы розных узростаў зробяць, зыходзячы з розных сюжэтных ліній. Дзеці чыталі казку пра альяс, які выжываў на падаконніку, а дарослыя — драматычную гісторыю пра тое, як нявестка, імкнучыся не быць горшай сярод модных сябровак, перасадзіла стары альяс у новы гаршок і пакрыўдзіла тым самым свякроўку.

Уяўленне пра тое, якой сапраўды павінна быць дзіцячая літаратура, вельмі добра прадстаўлена ў выказванні самой Алены Масла: «…Паблажлівасць гэта і сапраўды нараджае памылковае ўяўленне пра лёгкасць тэматыкі, калі літаратура для дзяцей нават у вуснах паважаных, заслужаных аўтараў ператвараецца ў салодзенькае сюсюканне — часта на тэму захаплення сваімі ўнукамі». Пратэст супраць сюсюкання — гэта і сумны фінал твораў, што для сённяшніх дзяцей, звыклых да шчаслівых фіналаў, нечаканасць. Так, у казцы «Воблачка» маленькае воблака збягае ад маці, а калі вяртаецца, даведваецца, што пакуль не было яго, маці ад перажыванняў сышла на дождж. У казцы «Зорачка» распавядаецца пра хворую дзяўчынку, якая можа памерці «раней адмеранага», а вось Зорачцы якраз падаравана самае доўгае жыццё. Але тая вырашае ахвяраваць ім і скаціцца з неба, каб падараваць сваё жыццё дзяўчынцы.

Такое трагічна-драматычнае гучанне фінала казкі вельмі нагадвае знакамітыя казкі Г. Х. Андэрсена, якія часта таксама заканчваліся досыць сумна. Сама казачніца сцвярджае, што нельга адгароджаць дзяцей ад «цяжкіх» эмоцый і імкнуцца толькі да забаўляльнасці: «Наогул, цяпер вельмі моцная тэндэнцыя да забаўляльнасці, у літаратуры ў тым ліку. Але ж немагчыма ўсё жыццё адскакаць і адвесяліцца! Якія толькі выпрабаванні не пасылае людзям лёс, з якімі чалавечымі бедамі толькі не даводзіцца нам сутыкацца… Ці маюць людзі маральнае права наракаць на бяздушша, абыякавасць, чэрствасць грамадства у дачыненні да асабістых праблемаў, бедаў, калі імкнуцца засцерагчыся ад суперажывання і дапамогі ў час свайго дабрабыту тым, каму дапамога патрэбная?..» Невыпадкова сумная «Русалачка» Г. Х. Андэрсена ў пераапрацоўцы Дыснея заканчваецца сапраўдным хэпі-эндам. Іншая справа, што ў такім фінале абясцэньваецца выбар гераіні паміж сваім жыццём і жыццём прынца і ўвогуле пытанне бессмяротнасці душы і сапраўднай адказнасці за свае ўчынкі. Воблачка Алены Масла ў лепшых традыцыях казак магло б сустрэць перашкоды, што сталі б для яго проста карысным вопытам, а пасля вярнуцца дамоў да маці. А Зорачцы за яе ўчынак фея магла — па-дыснееўску —падараваць новае жыццё. І ў такім выпадку творы зноў толькі б выконвалі педагагічна-выхаваўчыя задачы, не даючы прасторы паразважаць над пытаннямі жыцця і смерці, самаахвярнасці і адказнасці за свае ўчынкі.

Героі казак пісьменніцы — самыя розныя, і часта менавіта яны і вызначаюць сюжэтную структуру твора. Адна з кніг носіць назву «Жывыя рэчы», бо героі казак, прадстаўленыя тут, з’яўляюцца выключна рэчамі. У такіх творах асабліва адчуваецца сувязь з казкамі Г. Х. Андэрсена, прасочваюцца рысы прыпавесці. Так, у творы «Сапраўдны правіцель» галоўным персанажам з’яўляецца кароль, вытканы на кіліме, які трапіў у хату, дзе жывуць непаслухмяныя дзеці. Гэты герой, не падобны да каралёў з народных казак, дапамагае дабіцца парадку ў кватэры, прычым дзейнічае сваімі сіламі, праяўляе кемлівасць і мудрасць, чым заслугоўвае аўтарытэт сярод усіх рэчаў.

Для казак характэрна суіснаванне дзвюх рэальнасцей: казачнай і сапраўднай. У «рэчавых» казках Алены Масла героі дзейнічаюць у рэальным свеце, аднак іх жыццё само па сабе прадстаўляе для дзяцей гульню, што тлумачыцца іншым успрыманнем імі рэчаіснасці, дзе нежывыя прадметы маюць сваю гісторыю і атрымоўваюць жыццё ў гульні.

Ёсць у пісьменніцы і казкі, набліжаныя па форме да народных, аднак і тут выяўляецца яе своеасаблівая казачная манера. Падобныя творы якраз як быццам пратэстуюць супраць клішэ, замацаваных у фальклоры. У творах максімальна прысутнічае апавядальнік, даючы ацэнку ўчынкам герояў і парады на будучае жыццё чытачам, апісанні, а канцоўка вельмі нечаканая, нават калі яна па-традыцыйнаму шчаслівая. «Па-традыцыйнаму» — для народных казак, таму што маслаўская канцоўка неадназначна шчаслівая: зло не заўсёды павінна быць пакарана фізічна, як і станоўчыя героі не заўсёды павінны застацца ў жывых, каб жыць доўга і шчасліва. Так, напрыклад, у казцы «Лепшая прыгажуня» для таго, каб выбраць нявесту прынцу, ладзяць цэлы конкурс. Праз усе выпрабаванні здолела прайсці толькі адна дзяўчына, якая не толькі валодала добрым сэрцам, але і сапраўднай знешняй прыгажосцю. Здавалася б, яна і павінна стаць жонкай прынцу, аднак насамрэч Зараніца знайшла ўжо свайго прынца і жыве з ім «ці то недзе ў яго заморскім палацы, ці то ў сціплай леснічоўцы: калі ёсць каханне, месца жыхарства не такая ўжо істотная рэч». Прынц жа так і шукаў сабе нявесту праз конкурсы прыгажосці. Такія казкі ўжо апелююць непасрэдна да дзяцей, у іх няма двайнога прачытання.

У казцы «Балотная кансерваторыя» Алена Масла перайначвае казачны зачын: «не ў трыдзявятым царстве, не ў трыдзясятым гаспадарстве, не за сінім морам, не за зялёным долам, а недзе тут, недалёка ад нас з вамі, на скрыжаванні шырокіх шляхоў-пуцявін ёсць вёска». Фінал твора нечаканы, аўтар «падманвае» чытача, падаючы надзею на даволі прадказальны канец. Жабкі сваімі спевамі сапсавалі ўвесь лад возера, і ён з цягам часу пачынае ілець. Але вось яна, надзея на тое, што ўсё можа аднавіцца, а жабкі пакінуць балота. Бусел з’ядае зачыншчыцу, але нічога не мяняецца, бо занадта ўжо позна, што падмячае адна з жабак: «Ніхто ўжо сюды не вернецца. Вялікай рыбе чыстая вада патрэбная. Нашай твані нікому не адужаць».

«Казка пра нябачныя крылы і нячутую песню» па сістэме персанажаў, сюжэту вельмі набліжана да народнай: ёсць тут месца і хохлікам, і русалкам, і зачараванай дзяўчыне, і чарадзейным коням. Аднак прысутнічае і незвычайнае: галоўны герой з простага добрага хлопца ператвараецца ў злодзея, прычым без усялякага цуда, бо нечаканае багацце робіць яго сквапным і злым. І толькі калі адзін на адзін сустрэўся ён з той, каму калісьці абяцаў дапамагчы, у ім прачынаецца сумленне, ды такое, што ён гатовы ахвяраваць сваім жыццём дзеля яе. У фінале зло фармальна пакарана (цмок забіты, хохлікі перавяліся), а сам Янка выкупіў свае грахі ахвярай уласнага жыцця, каб выратаваць Марыську.

Але не так ужо адназначна шчасліва заканчваецца казка «Палярная зорка». Дачка ведзьмака Разалька вырашае паўстаць супраць намеру бацькі зрабіць яе злой чараўніцай і дапамагае ёй у гэтым каралевіч. У канцы як быццам бы дабро і перамагае: злы чараўнік памірае, прывіды і здані зноў ператвараюцца ў людзей, а Разалька з каралевічам становяцца Палярнай зоркай ў Зорнай краіне. Яна свеціць «як напамін людзям пра тое, што прага святла здольна адужаць любую цемру…», а «каралевіч грае на срэбным ражку балады пра сваё каханне». Здаецца, у гэтых радках і заключана галоўная канцэпцыя ўсіх казак Алены Масла: ахвяраванне сабою дзеля іншых і любоў і ёсць сапраўднае жыццё.

Герой-дзіця сучасных літаратурных казак адрозніваецца ад героя народнай і савецкай казак. У народных казках герой, часцей за ўсё абяздолены ці пакрыўджаны лёсам, урэшце атрымлівае дапамогу ад чароўных сіл. Галоўнае, што аб’ядноўвае герояў сучасных айчынных казак, — імкненне дапамагчы, своеасаблівая міласэрнасць. Дзеці не так часта сустракаюцца ў казках Алены Масла ў якасці асноўных персанажаў, аднак іх наяўнасць гарантуе, што твор будзе максімальна прыдатны для дзіцячага ўспрымання.

Выхаваўчая ідэя казак празрыстая нават з самага пачатку, бо пачынаюцца яны з парушэння дзецьмі прынятых грамадствам норм. Адрозніваецца ў творах толькі ступень прысутнасці цуда, якое, дарэчы, вельмі ўмоўнае. Так, напрыклад, у казцы «Кітайскія ліхтарыкі» дзяўчынцы ўвогуле проста прысніўся сон, фармальна праяў чарадзейнага нават не адбылося. У сне хохлікі, якія жывуць у кветках-ліхтарыках, дакараюць дзяўчынцы за тое, што яна не цэніць зямлю і працу, якой займаецца яе бабуля. Дзяўчынка прачынаецца з цвёрдым намерам дапамагчы бабулі. Дзеці-героі твора «Цудадзейныя лекі» праз свае спрэчкі наклікалі на сябе злую істоту — Сварабабку, і, апынуўшыся ў небяспецы, вырашылі палепшыць свае стасункі. Гэта не толькі дапамагло дзецям пазбавіцца Сварабабкі, але нарэшце і паправіцца. Прычым на заўвагу іншых пра змену ў сваіх паводзінах яны шчыра адказваюць: «Ніякіх цудаў! Проста мы навучыліся сябраваць!»

У казцы «Крыўда Старога Вадзяніка» хлопчык трапляе ў сапраўдную краіну Цудадзейнага — Царства Старога Вадзяніка, дзе пранікаецца скаргамі Старога на дзейнасць людзей, праз якую загінула рэчка Шнуроўка. Аднак і тут няма безумоўнага цуда, бо праз імгненне хлопчык ужо бачыць твар бабулі, якая сварыцца на ўнука за тое, што не паслухаў дарослых, пайшоў адзін на рэчку. Атрымоўваецца, што і тут чароўнае царства прымроілася хлопчыку. Чароўныя істоты дапамагаюць зразумець пэўныя факты, усвядоміць маральныя законы жыцця, бо ўсіх дзяцей з твораў пісьменніцы аб’ядноўвае праніклівая шчырасць і чуласць, кожны з іх праходзіць праз выпрабаванне і засвойвае для сябе вельмі важную ісціну.

Аўтарская казка яшчэ цікавая і тым, што яна часта мае розныя крыніцы і адпаведна адчувае на сабе уплыў іншых мастацкіх твораў, як фальклорных, так і літаратурных. Аднак ёсць яшчэ адна аснова, якая вызначае маральную культуру казак, яна суадносіцца з хрысціянскімі матывамі ў казачным сюжэце. Казкі Алены Масла апелююць да хрысціянскіх пачуццяў, менавіта таму адмоўныя героі часта так і застаюцца не пакаранымі. Для гэтага патрэбна выкарыстаць гвалт, што супярэчыць хрысцінскай маралі.

Ідэя бессмяротнасці душы часта абумоўлівае і трагічную канцоўку казак, хаця дзеці могуць нават і не адчуць гэтай трагедыі, успрыняць яе як чароўнае ператварэнне. Амерыканскій псіхіятр Ірвін Ялам сцвярджае, што дзеці ўжо ў малым узросце адкрываюць для сябе смерць, што выклікае ў іх трывогу. Дзіця змагаецца з гэтай трывогай двума шляхамі: не верыць у непазбежнасць смерці, яе незваротнасць (іншымі словамі, стварае ўласны міф пра бессмяротнасць) і верыць ва ўласную выключнасць ці ўвогуле ўпэўнена, што дзеці не паміраюць. Такім чынам, з боку псіхалагічнага ўспрымання імі смерці такая канцоўка апраўдана. А ў апошні час усё большасць псіхолагаў, а таксама прадстаўнікоў царквы лічыць, што гэта і карысна для таго, каб навучыць дзяцей правільна ацэньваць смерць і не адчуваць жаху перад смерцю іншых. У якасці самага эфектыўнага сродку ў задавальненні жадання атрымаць інфармацыю пра смерць лічыцца менавіта казкатэрапія, прычым у рэкамендацыйным пераліку кніг прапаноўваюцца ўсё тыя ж казкі Г. Х. Андэрсена.

Казкі Алены Масла не толькі прывіваюць дзецям хрысціянскія каштоўнасці, а яшчэ і паспяхова выконваюць педагагічна-псіхалагічныя задачы. Магчыма, найбольш паказальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца казка «Пакінутае дзіця», у якой прапануецца хрысціянская мадэль свету: дзеці жывуць у Даліне шчасця, як анёлы, і анёлы іх жа назад і забіраюць пасля смерці. Увогуле казка дае адказы на многія «дарослыя» пытанні дзяцей: «Адкуль я узяўся? Чаму тата і мама разышліся? Чаму некаторыя дзеці няшчасныя?» Невыпадкова Даліна шчасця ў казцы знаходзіцца на небе, з якім звязаны сюжэты многіх казак пісьменніцы.

Нябёсы як бясконцы працяг Сусвету прысутнічаюць ва ўсіх рэлігіях. У хрысціянстве нябёсы — гэта не толькі новае жыццё для памерлых, але і месца прысутнасці ўсёведнага і ўсемагутнага Бога. У казцы «Першая прыгажуня» галоўны прысуд у спрэчцы пра прыгажосць дзяўчат выносяць нябёсы, прычым прысуд іх даволі справядлівы. Яны выбіраюць прыгожую менавіта душою і дапамагаюць ёй стаць шчаслівай. Смерць герояў у творах «Палярная зорка» і «Зорачка» звязана са здольнасцю герояў ахвяраваць дзеля шчасця іншых і ўсёмагутнасцю дабрыні.

У творчасці Алены Масла адлюстравана і тэндэнцыя да напісання больш аб’ёмных твораў — казачных аповесцей. Гэты жанр патрабуе не толькі максімальнай індывідуалізацыі галоўнага героя і стварэння некалькіх сюжэтных ліній, але і максімальнай забаўляльнасці, бо ўвагу дзяцей патрэбна трымаць даволі доўга.

Ідэальнымі прапорцыямі такога ўплыву вылучаецца кніга «Вандроўка з божымі кароўкамі», якую можна аднесці да аднаго з самых удалых твораў пісьменніцы. У пачатку кнігі аўтар развівае ідэю знакамітай дзіцячай заклічкі пра божую кароўку, стварае сваіх божых каровак, якія лятаюць у Краіну Паветраных Замкаў. Але аднойчы яны прыносяць адтуль дрэнную навіну: прапала прынцэса Чысцюля. А роля ў яе незвычайная — яна сваімі чароўным сітам ачышчае мары людзей ад дрэнных думак. З просьбай знайсці прынцэсу божыя кароўкі звяртаюцца да хлопчыка Даніка, які згаджаецца дапамагчы. У другой частцы кнігі завязваецца асноўны канфлікт паміж станоўчымі і адмоўнымі персанажамі, сюжэт становіцца больш дынамічным. У якасці галоўнага героя выступае ўжо герой-аднагодак чытача Данік, а дарослы апавядальнік адыходзіць у другі бок. Займальнасць кнігі для дзяцей відавочная: прыгоды аднагодка, якому прыходзіцца супрацьстаяць сапраўднаму касмічнаму пірату Дзюрабою, не пакінуць абыякавым маленькага чытача.

Ёсць тут і ўсе вышэйзгаданыя прыметы маслаўскага стылю: высокая, вызначальная роля нябёс і яго насельнікаў, ідэя пра матэрыяльнасць нашых думак і мар, імкненне да іх чысціні, адсутнасць адкрытага пакарання злодзея (Дзюрабою прапаноўваюць служыць у Краіне Паветраных Замкаў). Прычым брудныя думкі супастаўляюцца аўтарам з брудным дымам ад фабрык і заводаў, бо іх разам адсейвае прынцэса і адпраўляе на касмічны сметнік.

Увогуле, экалагічная тэматыка сама па сабе таксама даволі блізкая творчасці Алены Масла. Гераіня аповесці жабка пані Чаротная вымушана ісці ў падарожжа на Балтыйскае мора. На шляху ёй сустракаюцца самыя розныя перашкоды, аднак заканчваецца ўсё аптымістычна: вяселлем пані Чаротнай і яе балтыйскага жаніха. Нягледзячы на ўсю заможнасць сям’і жаніха, пані Чаротная з абраннікам вяртаюцца на Радзіму. Патрыятызм разглядаецца ў творы як захапленне сваім месцапражываннем, яго прыродай, вывучэнне гісторыі, паважлівыя адносіны да іншых краін. Радзіма мае канкрэтнае ўвасабленне ў выглядзе раслін, жывёл, краявідаў, помнікаў, уласцівых для Беларусі.

Па-свойму ўнікальнай можна лічыць кнігу «Каляды з хроснай», для якой характэрны прыметы каляднай казачнай аповесці. Заснавальнікамі каляднай казкі лічацца Ч. Дзікенс («Калядная песня ў прозе») і Г. Х. Андэрсен («Дзяўчынка з запалкамі»). У такім творы абавязкова адбываецца цуд і перараджэнне героя. У цэнтры казачнай каляднай аповесці аўтара — дзяўчынка і яе незвычайная хросная. Як правіла, героі каляднай казкі знаходзяцца ў стане духоўнага ці матэрыяльнага крызісу. Гераіню гэтай кнігі нельга назваць няшчаснай, але ўвесь час дзяўчынка згадвае свайго тату і сумуе, што зараз ён далёка ад сям’і яна з ім рэдка бачыцца. У лепшых традыцыях каляднай казкі менавіта з татам дзяўчынкі звязаны апошні цуд у творы: бацька прылятае на Пегасе да дачкі. Прычым цуд здарыўся не толькі па ініцыятыве хроснай, але і па жаданні самога таты, які раптам пачаў пісаць вершы для сваёй дачушкі. Апошняму эпізоду папярэднічаюць розныя прыгоды, чароўныя і рэалістычныя, што здараюцца з дзяўчынкай і яе хроснай. Ёсць тут і з’яўленне анёлаў (тое, без чаго не абышлася б калядная казка), і чарговы зварот казачніцы да тэмы нябёс і зорак (хросная дае сваёй падапечнай каменьчыкі, і тыя ператвараюцца ў зоркі, калі яна робіць нешта добрае).

Але прысутнічаюць у творы і больш рэалістычныя сюжэты, здольныя навучыць дзіця станоўча вырашаць любыя канфлікты. Напрыклад, калі хросную спыніў паставы і папрасіў заплаціць штраф, яна не проста выконвае патрабаванне, але яшчэ і перадае сыну міліцыянера плюшавага мядзведзіка. Паставы яшчэ даволі доўга не можа адысці ад шоку, бо плюшавы мядзведзік і ёсць любімая цацка яго сына. Усе праблемы хросная вырашае станоўча і з павагай да свайго апанента. І такія паводзіны здаюцца сапраўдным цудам для людзей, звыклых да даволі агрэсіўнага стылю вырашэння праблемных сітуацый.

У чым жа рэцэпт казак Алены Масла?

Можа быць, у тым, што ў іх узята лепшае з казачных традыцый класікаў, народных традыцый і хрысціянскай стратэгіі жыцця.

У тым, што дарослы ў іх не чытае мараль, а становіцца суразмоўцам дзіцяці.

У тым, што ў аснове гэтых твораў — абсалютная дабрыня і любоў да ўсяго, што атачае.

А любоў і дабрыня, як бы не мяняўся свет, заўсёды будуць асновай любой сістэмы выхавання дзіцяці — каб выхаваць Чалавека, які любоў і дабрыню ўмее аддаваць

Таццяна Пятроўская

 

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?