Вы тут

Селекцыянер адказвае на пытанні, якія хвалююць чытачоў


«Не садзіце маладыя дрэўцы ў старым садзе», — раіць загадчыца аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства», доктар сельгаснавук, прафесар Зоя Казлоўская, якую называюць спадкаемніцай знакамітых селекцыянераў Аляксея і Эмы Сюбаравых.


— Я была апошняй аспіранткай Эмы Пятроўны, выконвала першую дысертацыйную работу па сліве дамашняй. У размовах з Эмай Пятроўнай (я тады, у далёкім 1981 годзе, яшчэ зусім маладая, а ёй было 84 гады) была ўражана яе вострым розумам, адэкватнымі заўвагамі і рэкамендацыямі. На ўсё жыццё ў маёй галаве адклалася, што калекцыі — аснова селекцыі ў стварэнні новых сартоў, — расказвае Зоя Аркадзеўна. — Мы збераглі нашы калекцыі ў цяжкія 90-я гады, і ядро старэйшых навукоўцаў захавалі. У гэты ж час многія супрацоўнікі шукалі іншую працу, пакідалі інстытут, а ахвочыя да лёгкай нажывы людзі рабавалі нашы сады... Сёння наш калектыў селекцыянераў мае добры навуковы патэнцыял і здольны ставіць і вырашаць самыя складаныя сучасныя задачы ў галіне пладаводства.

Мы задалі вядучаму спецыялісту ў галіне селекцыі пладовых культур пытанні, якія хвалююць нашых чытачоў.

— Колькі часу займае працэс стварэння новага сорту?

— Традыцыйная схема селекцыйнага працэсу яблыні займала да 1995 года 36—42 гады. Прыкладна столькі ж часу патрэбна і для іншых культур. Вылучэнне найлепшых гібрыдаў адбываецца пасля іх ацэнкі ў гібрыдным селекцыйным садзе не меней чым пасля трох ураджаяў. Потым трэба іх размножыць на падвоях і зноў дачакацца трох таварных ураджаяў і толькі пасля гэтага размножыць і перадаць на дзяржаўнае выпрабаванне, якое праводзілі не меней чым на працягу 10 гадоў. І толькі калі сорт уключалі ў спіс раянаваных, яго можна было назваць сортам, прызнаным вынікам селекцыйнай работы. Мае намаганні па скарачэнні названых этапаў вывучэння гібрыдаў даюць рэальны вынік за кошт прымянення новых метадаў ацэнкі і вегетатыўных карлікавых падвояў, што адлюстравана ў маёй манаграфіі. Цяпер на прызнанне сорту патрэбна 18—20 гадоў.

— Якія з сартоў параіце нашым садаводам-аматарам?

— Лічу добрымі сартамі яблыні — Елена, Дарунак, Дыямент, Аксаміт, Красавіта; слівы — Далікатная, Кромань, Венера, Волат, Венгерка беларуская, а наогул, садаводам-аматарам можна саджаць любы сорт, раянаваны ў апошнія 20 гадоў. Існуюць адзнакі яблыкаў на смак. Мне падаецца, што чалавеку са страўнікам паніжанай кіслотнасці падабаюцца кіслыя яблыкі, а са страўнікам павышанай кіслотнасці — салодкія. А па-другое, смак яблыкаў залежыць ад кліматычных умоў кожнага года і ад рэгіёна, дзе яны растуць. Вось, напрыклад, адзнака яблыкаў сорту Зара Алатау на смак 4,8 бала. Але ў мяне на Віцебшчыне яны ніколі такімі смачнымі не бываюць, не хапае ім цяпла, ды і дрэва расце свечкай. Буду яго перапрышчапляць.

Для кожнага рэгіёна трэба падбіраць свой сорт і нават улічваць якасць глебы, рэльеф мясцовасці і г. д. Зара Алатау не можа рэалізаваць свой патэнцыял нават у Мінскай вобласці, не гаворачы пра Віцебскую ці Магілёўскую. Садзіце беларускія сарты, і ўсё ў вас атрымаецца. Мы можам сёння прапанаваць сарты як з салодкімі, так і з кісла-салодкімі яблыкамі, таму выбар за вамі.

— Без хіміі альбо біяпрэпаратаў зараз не абысціся?

— Нельга пасадзіць пладовае дрэва і забыць пра яго да моманту збору ўраджаю. Патрэбна прафілактыка па ахове саду ад шкоднікаў і хвароб. Я раю чытаць парады вучоных і практыкаў у газетах і часопісах, можна знайсці шмат рэкамендацый і ў інтэрнэце.

— У многіх у садах яшчэ засталіся старыя яблыні 80-гадовага ўзросту. Пакрысе пачынаю іх выразаць, хоць і шкада... Што вы параіце рабіць з такімі дрэвамі?

— Калі дрэвы здаровыя, то можна не шкадуючы іх кардынальна абрэзаць, а калі пачалі хварэць, то лепей выкарчаваць, бо яны з'яўляюцца інфекцыйным асяродкам многіх хвароб і шкоднікаў. І калі пасадзіць побач маладыя дрэўцы, то гэта прыкладна тое, што малое дзіця даць даглядаць хвораму на грып чалавеку.

— У кожнага з нас смак яблыкаў звязаны з маленствам. Я, напрыклад, дагэтуль не магу развітацца з Карабоўкай і Ананасам Бержаніцкага, а вось Пепін шафранны ўжо не мае таго смаку ды і паршой занадта пашкоджваецца. А якія сарты яблыкаў і груш звязваюцца ў вас з дзяцінствам?

— Смачнымі былі ўсе яблыкі і грушы, а вішням і наогул не давалі паспець. Цяпер калі я параўноўваю смак яблыкаў з нашай калекцыі, то сорту Пуціўка больш за 3 балы не стаўлю, а ў дзяцінстве — гэта было адно з найсмачнейшых яблыкаў позняй восенню.

— Вы займаецеся не толькі селекцыяй яблыні, але і арэхамі. Зараз у дзяржрэестры чатыры сарты грэцкіх арэхаў: Памяць Мінова, Пінскі, Самахвалавіцкі-1 і Самахвалавіцкі-2. Многія мараць набыць іх саджанцы. На прыдарожным кірмашы ў Самахвалавічах я абышоў усіх гандляроў і ні ў кога з іх не знайшоў прышчэпленага арэха, усе прапаноўвалі сеянцы, сцвярджаючы, што яны захоўваюць якасці зыходнага сорту. Ці так гэта?

— На сёння вельмі складаная справа зрабіць прышчэпкі арэха грэцкага ў Беларусі і не толькі. Гэта вельмі капрызная культура, яна на працягу прышчэплівання патрабуе шмат цяпла і ноччу і днём. Вядома, лепш за ўсё пасадзіць прышчэпленае дрэва, але і сеянцы, напрыклад, сорту Самахвалавіцкі-2 дастаткова аднародныя па сіле росту і гаспадарчым адзнакам пладоў-арэхаў, і пасля адбору ў гадавальніку найлепшых раслін па зімастойкасці і ўстойлівасці да хвароб, іх можна высаджваць у садку. Іншая справа, што не кожны прадавец на Самахвалавіцкім прыдарожным кірмашы праводзіць неабходны адбор сеянцаў. Ва Украіне вырошчваюць вельмі шмат арэхаў і нават нам пастаўляюць, і ўсе гэтыя арэхі з сеянцаў. Там толькі ў апошнія 7—8 гадоў пачалі садзіць арэхавыя сады прышчэпленымі саджанцамі.

— Мяне, напрыклад, палохае вышыня дрэва грэцкага арэха і тое, што многія пладовыя культуры, такія як вінаград, не любяць суседства з ім. Што тут можна параіць?

— Трэба ўлічваць памер дрэва, напрыклад, дрэвы сорту Самахвалавіцкі-2 у праекцыі кроны маюць памер 6—7 м. Пад дрэвам у цяні могуць расці толькі вельмі ценевыносныя расліны, напрыклад кветкі — цюльпаны, нарцысы і г. д. Але ж ні вінаград, ні парэчку пад дрэва арэха нельга садзіць, а за межы праекцыі кроны можна садзіць усё, што вам падабаецца.

— Не ведаю па якой прычыне, але на Віцебшчыне апошнія гадоў трыццаць у лесе немагчыма набраць ляшчыны, якую ў дзяцінстве мы збіралі торбамі. Арэхі гнілыя і пустыя. Выйсце ў пасадках фундуку. Колькі слоў пра гэтую культуру.

— Па-першае, ляшчына альбо арэшнік звычайны цвіце вельмі рана, у канцы лютага ці ў сакавіку, як у гэтым годзе. Кветкі арэшніку ў адліжны перыяд пачынаюць цвісці, а потым здараецца мароз, і будучы ўраджай гіне. А зімы цяпер цёплыя, вёсны халодныя, перападаў тэмпературы болей, чым трэба. І расліны не паспяваюць прыстасавацца да такіх умоў. Але хачу вас парадаваць: селекцыянеры Расіі стварылі новыя зімаўстойлівыя сарты ляшчыны — фундуку, якія кожны год даюць добры ўраджай арэхаў. Мы сабралі разнастайную калекцыю не толькі расійскіх сартоў, але і дастаткова зімастойкіх еўрапейскіх, украінскіх і нават маем экзэмпляры з Грузіі. Садзіце фундук, і будуць у вас каштоўныя арэхі кожны год. А што да хвароб арэшніку, то і тут павінна быць прафілактыка.

— Цяпер на асобных сайтах прапануюць саджанцы міндаля. Ці мае перспектыву гэтая культура ў Беларусі?

— Думаю, не трэба спяшацца садзіць яго, толькі адзінкавыя экзэмпляры вытрымліваюць наш клімат. Але калі не шкада грошай і вельмі хочацца эксперыментаваць, то калі ласка — спрабуйце!

— Зоя Аркадзеўна, раскажыце пра тыя пладовыя культуры, якія вы вырошчваеце на сваім прысядзібным участку.

— У мяне ў садку міні батанічны сад: і розныя сарты пладовых, ягадных культур, кветкавыя расліны, а таксама некаторыя экзатычныя — аўралія, магнолія, рададэндроны; лясныя (сасна, піхта, лістоўніца, бяроза, арэшнік) і іншыя.

— Што яшчэ хочацца паспець зрабіць?

— Шчыра, не ведаю што і адказаць, я ўся ў навукова-садовым працэсе. Толькі думаю ўздыхнуць і памарыць, як нешта новае і неадкладнае захапляе мяне. Вось кнігу з рэкамендацыямі па доглядзе за садамі просяць знаёмыя садаводы-аматары напісаць — а ўсё часу не хапае, вельмі занятая навуковай справай.

Гутарыў Аляксандр ВАШЧАНКА

Загаловак у газеце: Адзнака для яблыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».