Вы тут

Гісторыя сяброўства Максіма Багдановіча і Аркадзя Смоліча


У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча захоўваецца самы вялікі ў Беларусі архіў Аркадзя Смоліча, які налічвае каля пяцісот адзінак захавання. Гэта перапіска, успаміны жонкі Алесі Смоліч пад назвай «Зорка», даведкі аб рэабілітацыі, асабістыя дакументы А. Смоліча, рукапісы навуковых прац (у тым ліку непублікаваныя), карты, фотаздымкі А. Смоліча з экспедыцый па Беларусі, асабістыя рэчы. Прадметы, звязаныя з асобай і дзейнасцю А. Смоліча, паступалі ў фонды музея на працягу многіх гадоў.


А. Смоліч. Мінск, 1919 год.

Першыя паступленні з сямейнага архіва Смолічаў трапілі ў 1989 годзе. Рыхтавалася першая сталая экспазіцыя музея і «Беларускай хаткі». Дачка Аркадзя Смоліча — Ганна Аркадзеўна Смоліч перадала музею калекцыю сямейных фотаздымкаў, а ў 1992 г. ад яе паступіла вышываная кашуля, якая належала вучонаму.

У 2011 годзе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча да 120годдзя з дня нараджэння славутага географа была адкрыта дакументальная выстаўка «Чалавек — крыніца сілы», падрыхтаваная сумесна з Беларускім дзяржаўным архіваммузеем літаратуры і мастацтва. Дзякуючы асвятленню гэтай падзеі ў інтэрнэт-рэсурсах, пра яе даведаўся ўнук вучонага (сын дачкі Ганны) Віталій Бертгольдавіч Маос, які жыве ва Украіне. З удзячнасці за памяць пра вялікага дзеда ён вырашыў перадаць у фонды музея дакументальны архіў А. Смоліча, які ўсё жыццё зберагала сям’я. Асабіста наведаўшы Мінск, В. Маос прывёз каштоўныя дакументы, а ў 2012 годзе супрацоўнікі музея з Украіны даставілі другую частку архіва. На сёння дакументы апісаны, сістэматызаваны і могуць выдавацца даследчыкам для аналізу і навуковага выкарыстання.

 Сярод фотаздымкаў, пасведчанняў, лістоў і дакументаў асабістага характару неабходна вылучыць рукапісы навуковых прац А. Смоліча, многія з якіх не публікаваліся. Большасць з іх і сёння застаюцца ўнікальнымі і актуальнымі, а менавіта: «Дзённік экспедыцыі для доследу палескае гаспадаркі. 1927 год», «Сельскагаспадарчае раёнаванне БССР», «Умовы развіцця сельскай гаспадаркі БССР», «Класіфікацыя геаграфічная тыпаў сельскай гаспадаркі, з распрацаванымі табліцамі», «Эканамічнае становішча Беларусі перад вайной і рэвалюцыяй (1920-я гг.)», «Справаздача аб навукова-даследчай экспедыцыі па Беларусі» ды інш. У дадатак да пералічаных навуковых прац у архіў паступіла вялікая колькасць фотаздымкаў з разнастайных экспедыцый з удзелам географа. Таксама былі перададзены працы, якія вучоны пісаў у высылцы, як вынік даследаванняў іншай геаграфічнай прасторы, у якой апынуўся: «Зона лиственных лесов и займищ Западной Сибири на меридиане г. Ишима», «Дневник путешествия по меридиану г. Ишима на север до истоков р. Ик Малый».

Гэты каштоўны збор трапіў у музей Максіма Багдановіча невыпадкова. Музей — адзін з самых важных цэнтраў па вывучэнні і даследаванні жыцця і дзейнасці Максіма Багдановіча, а таксама яго акружэння. А ўвага асобе Аркадзя Смоліча надаецца ў сувязі з тым, што менавіта ён стаў лепшым сябрам паэта, калі М. Багдановіч вярнуўся на Радзіму ў 1916 годзе.

У 1930 г. А. Смоліч быў арыштаваны па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі і ў 1931 г. высланы ў Пермскі край. У 1938 г., у выніку другога арышту, быў асуджаны да найвышэйшай меры пакарання. Доўгі час яго імя ў савецкім друку, нягледзячы нават на рэабілітацыю, было пад забаронай. Адна з першых, хто паступова пачаў вяртаць імя Аркадзя Смоліча з нябыту, — вядомая мемуарыстка і пісьменніца Людвіка Сівіцкая-Войцік (больш вядомая пад псеўданімам Зоська Верас).

У кнізе «Шлях паэта» (зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча. Мінск, 1975), грунтоўна падрыхтаванай даследчыцай Нінай Ватацы, імя А. Смоліча не згадвалася, а з тэкстаў, дзе першапачаткова прысутнічала, выкрэслівалася цэнзурай. Да прыкладу, вядомыя ўспаміны згаданай тут Зоські Верас «Пяць месяцаў у Мінску», апублікаваныя ў зборніку, пачынаюцца наступным чынам: «— У хуткім часе ў Мінск прыедзе Максім Багдановіч! — Калі? — Надоўга? — Што ён піша? — Максім Багдановіч піша, што хоча пабыць у Мінску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго, а калі канкрэтна прыедзе, яшчэ напіша або папярэдзіць тэлеграмай» («Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча / склад. Н.Б. Ватацы. Мінск: Мастацкая літаратура, 1975). У першакрыніцы тэкст пачынаецца так: «У хуткім часе ў Менск прыедзе Максім Багдановіч!» — пачулі мы голас А. Смоліча, які ўвайшоў у сталоўку Беларускай хаткі, трымаючы ў руках ліст. Усе прысутныя заварушыліся, пасыпаліся пытанні: “Калі?” “Надоўга?”, “Што ён піша?”…» (З. Верас «Выбраныя творы». Уклад., прадм., камент. Г. Запартыка. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2015).

Такім чынам з тэкстаў выкрэслівалася імя А. Смоліча, хаця, па сведчаннях многіх мінскіх сяброў і знаёмых паэта, менавіта ён з’яўляўся лепшым сябрам Максіма Багдановіча і ўвесь час апекаваўся ім. У многім дзякуючы Зосьцы Верас імя вядомага беларускага вучонага пачало вяртацца, хаця не пра ўсё мемуарыстка мела магчымасць распавядаць і доўгі час сама была вымушана замоўчваць прозвішча чалавека, які меў самае непасрэднае дачыненне да побыту М. Багдановіча ў Мінску.

Менавіта А. Смолічу паэт напісаў ліст, што прыедзе ў Мінск, менавіта ён шукаў для М. Багдановіча працу, менавіта яго першага ўстрывожыў стан здароўя паэта, менавіта ён па просьбе М. Багдановіча ўпершыню публічна ў Беларускай хатцы прачытаў знакаміты верш «Пагоня»…

Аркадзь Смоліч з жонкай Алесяй. Мінск, 1920 год.

У Мінску А. Смоліч, З. Верас і М. Багдановіч працавалі разам над стварэннем беларускага лемантара: «Прадчуваліся ўжо блізкі канец вайны і змены, якія могуць наступіць у жыцці народаў. Мы часта гаварылі аб тым, што, можа, хутка дачакаемся сваіх беларускіх школаў, а кніжак да навукі няма. Лемантары сякія-такія былі, а вось чытанкі пасля лемантара няма. Смоліч запрапанаваў узяцца за апрацоўку гэтакай чытанкі-хрэстаматыі. Складаць яе мы мелі ўтраіх: М. Багдановіч, А. Смоліч і я. Насамперад распрацавалі план. Кніжка мела дзяліцца на 4 часці: 1 — вясна, 2 — лета, 3 — восень, 4 — зіма. Трэба было падбіраць матэрыялы, і працу падзялілі паміж сабой так: М. Багдановіч меў заняцца паэзіяй: падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і, разумеецца, пісаць самому. А. Смоліч браў на сябе тэмы геаграфічныя і гістарычныя, а таксама пераклады з расейскай мовы, а я тэмы прыродазнаўчыя і пераклады з польскай мовы. Шмат вечароў прасядзелі мы ў сталоўцы ў познія гадзіны, калі нашыя штодзённыя вячэрнія госці парасходзіліся” (З. Верас «Выбраныя творы»… С. 119 — 120). Як вядома, працу над лемантаром М. Багдановіч працягваў нават у Ялце, дзе правёў апошнія месяцы свайго жыцця.

У той час, калі Багдановіч прыехаў у Мінск, Аркадзь Смоліч працаваў статыстыкам у Мінскім губернскім земстве. Зосьцы Верас пісаў у Альхоўнікі на Гродзеншчыне (радавы маёнтак сям’і), што адкрыў у Мінску «Аддзел Таварыства помачы ахвярам вайны», але працаваць там няма каму і аддзел існуе пакуль толькі намінальна. Да гэтай справы актыўна далучылася, па прыездзе ў Мінск, менавіта Зоська Верас і стала сапраўднай паплечніцай Аркадзя Смоліча. Пра яго яна заўсёды адгукалася з цеплынёй і захапленнем: «Смоліч на маё пытанне, ці любіць сваю прафесію, адказаў, што любіць настолькі, наколькі яна служыць людзям. Прыроду, праўда, любіў, адчуваў яе хараство і ўмеў вельмі прыгожа, паэтычна апісваць свае ўражанні…

Ён любіў працу арганізацыйную. Стараўся быць у кантакце і з Вільняй, і з Петраградам, прымаць удзел у кожнай працы, якая б дзе ні развівалася, напрыклад, у выдаванні аднаднёвак (“Раніца”), пісаў крытыку на “Сон на кургане” і адначасна “Эканамічныя нарысы” для “Лучынкі”. Энергія і шырыня запраектаванай працы проста дзівілі. У адным з лістоў да мяне піша: “Трэба паспяшыць пашырэнне беларускага руху на Усход. Арганізм толькі тады здаровым будзе, калі ўсе яго часткі роўна будуць працаваць. Уся Магілёўшчына, усходняя Меншчына ды Віцебшчына, урэшце Смаленшчына, Чарнігаўшчына ляжаць незакранутымі абшарамі. Там патрэбная газета — у Магілёве” (З. Верас «Выбраныя творы»… С. 90-91). Зоська Верас падкрэслівала, што такая чулая, добрая душа, як у Аркадзя Смоліча, не магла не прывязацца да Максіма Багдановіча і наадварот. У сваіх успамінах і ў многіх лістах мемуарыстка заўсёды падкрэслівала, што яны былі лепшымі сябрамі і што нават сына свайго А. Смоліч назваў у гонар памерлага сябра — Максімам.

У многім дзякуючы клубу беларускай інтэлігенцыі «Беларуская хатка» захаваліся ўспаміны пра самыя цікавыя і значныя факты з жыцця многіх беларускіх дзеячоў, якія з’яўляліся яго сябрамі, у тым ліку пра Максіма Багдановіча і Аркадзя Смоліча. Вось як апісвала некаторыя падзеі Апалонія Радкевіч, якая неаднойчы прыходзіла на вечарыны ў Беларускую хатку: «Ну вось. Сабраліся першы раз у спякотную восеньскую суботу. Цёпла, чыста, утульна ў святліцы, дзе ўдзень была сталовая дамашніх абедаў, а цяпер сталы й крэслы, ссунутыя да сценкі. Мы, як вераб’і на дроце, прымасціліся на іх.

Што-ж, можа, паспяваем, сабараўшыся? — прапануе Лявіцкі.

Але-ж хто пакіруе? — цікавіцца Бядуля.

Ну, хіба ўжо я, пакуль знойдзецца хто больш адпаведны. І выходзіў на сярэдзіну пакою Аркадзь Смоліч, малады, шыракаплечы, з буйнымі энэргічнымі рысамі твару, ільняной чупрынай. Дарослыя, усе да аднаго, хто мог ці ня мог спяваць, станавіліся, клікалі нас.

У адзін з такіх восеньскіх суботнікаў з’явіўся Максім Багдановіч. Высокая, худая, сутулая постаць, павольныя рухі, ціхі нізкі голас. Ён быў зусім не падобны да тых фота, што мы знаходзім тут у нашых эміграцыйных выданнях. Пэргамэнтна бледны твар. Сур’ёзны, спакойна-выпытваючы позірк бліскучых вачэй. Па тэй пашане, якую яму ўдзялялі дарослыя, па той любові, якой яго акружалі Смоліч, Ядвігін Ш., мы разумелі, што гэта вялікі чалавек, і пранікліся глыбокай пашанай да яго.” (Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / уклад. Л. Юрэвіч. Нью-Ёрк: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 1999. С. 115, 117).

На вялікі жаль, успамінаў пра М. Багдановіча Аркадзь Смоліч не пакінуў, хаця верагоднасць іх існавання ўсё ж ёсць. Ён ніколі не падкрэсліваў сваё асаблівае месца ў біяграфіі паэта, але рабіў усё магчымае дзеля захавання яго памяці. Менавіта А. Смоліч быў адказным рэдактарам збору твораў М. Багдановіча ў двух тамах, выдадзенага ў 1927 — 928 гг. Цікавыя ў гэтым сэнсе паказанні А. Смоліча, дадзеныя падчас арышту 1930 года: «Им (М. Багдановічам. — М. З.) руководили приблизительно те же мотивы, что и мною, и он приехал из Ярославля доживать в Минске свои последние месяцы (он был в чахотке). С ним был я очень дружен, и он несомненно оказал на меня большое влияние. По своим взглядам он был анархист-индивидуалист с яркой националистической окраской. В национальной политике, которой он тогда руководил, он твердо стоял на точке зрения коалиции с буржуазией. Эту точку зрения он и проводил в жизнь во время своей работы в Минске. Я же занялся главным образом культурной работой, подготавливал театр и хор, но организовывал также социалистические кружки молодежи». (Сьведчаньні арыштаў А. Смоліча // Полацак. — 1994. — № 2. — С. 31).

Улічваючы абставіны, пры якіх была выказана такая характарыстыка палітычных поглядаў Максіма Багдановіча, нельга прымаць іх за абсалютную праўду. Іронія лёсу ў тым, што гэта адзінае пісьмовае сведчанне самаго А. Смоліча (то бок запісанае з яго слоў) пра сяброўства з беларускім паэтам.

Марына ЗАПАРТЫКА

Фота з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Загаловак у газеце: Адна муза для паэта і географа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?