Вы тут

Якасць пітной вады ў вясковых калодзежах выклікае заклапочанасць


Ёсць такое меркаванне, што вада з калодзежа самая смачная і чыстая. Да названага стэрэатыпа прыклалі руку нават пісьменнікі і паэты. Шмат прыгожых слоў было сказана пра сцюдзёную калодзежную ваду. Яна, вядома, таго вартая. Тым больш што ў былыя часы калодзеж быў адзінай крыніцай пітной вады ў сельскай мясцовасці. Зараз многае памянялася.


Яўген Лагота.

Маніторынг

Санітарныя ўрачы па ўсёй краіне б'юць трывогу. Надта часта ў пробах вады выяўляюцца нітраты. У пагоні за высокай рэнтабельнасцю сельгаспрадпрыемствы ўносяць пад пасевы тоны мінеральных угнаенняў. Дождж змывае з палёў названыя рэчывы, яны трапляюць у рэкі і азёры, у падземныя воды. Такім чынам нітраты лёгка аказваюцца ў калодзежах. Усё сказанае характэрна і для аднаго з самых маленькіх раёнаў краіны — Жабінкаўскага. Тут 40 працэнтаў вясковага насельніцтва ўжывае ваду неводаправоднага паходжання.

З галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна Надзеяй ШОСЦІК праглядаем справаздачы аб выніках маніторынгу вады ў вёсках. Цікава, што нават на суседніх падворках карціна можа кардынальна адрознівацца. У аднаго вяскоўца вада цалкам чыстая, у другога —
з нітратамі, а то і з бактэрыямі. Таму нельга сказаць, што той ці іншы населены пункт мае прыгодную да ўжывання пітную ваду, а іншы — наадварот.

— Многае залежыць ад выканання правілаў пры будаўніцтве калодзежа, — расказвае Надзея Шосцік. — Шэраг калодзежаў выкапаны даволі даўно бацькамі альбо дзядамі цяперашніх гаспадароў домаўладанняў. Некаторыя не паклапаціліся, каб захаваць патрэбную адлегласць ад хлявоў, не ўлічвалі ўхіл — калодзеж не павінен размяшчацца ніжэй за гаспадарчыя пабудовы — не адступілі далёка ад выграбной ямы. І самае галоўнае, перш чым пакласці калодзежныя колцы-трубы, неабходна абсталяваць так званы гліняны замок. Слой гліны патрэбны, каб не прапускаць у калодзеж шкодныя рэчывы. Калі гэтыя патрабаванні парушаны, можна чакаць адмоўных вынікаў даследавання.

Кіпячэнне не дапаможа

Раз на месяц спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць выбарачны маніторынг. Гэта значыць у той ці іншай вёсцы раёна бяруцца пробы і праводзіцца хіміка-біялагічны аналіз вады з калодзежаў. Калі ёсць праблемы, — а найчасцей гэта перавышэнне дапушчальнай нормы нітратаў, — адразу паведамляецца кіраўніцтву сельскага Савета. Людзей папярэджваюць, ім даецца рэкамендацыя не ўжываць ваду для піцця і прыгатавання ежы, а пераходзіць на ваду ў бутэльках.

— На жаль, — канстатуе галоўны санітарны ўрач, — летась былі зарэгістраваныя адхіленні па хіміка-біялагічных паказчыках у 60 працэнтах проб. Асноўная бяда, як ужо гаварылася, — павышаная колькасць нітратаў. Яны каварныя тым, што ад іх фактычна няма паратунку. Калодзеж нельга ачысціць нейкім рэактывам. І калі пры бактэрыях дапамагае кіпячэнне вады, то нітраты цудоўна захоўваюцца і ў кіпні. Такая вада не падлягае ўжыванню.

Нітраты не мяняюць колеру вады, не маюць смаку. І санітарная служба не можа прымусіць адмовіцца ад вады таго, хто гэтыя рэкамендацыі ігнаруе. Яна можа толькі інфармаваць, заклікаць, адным словам, выконвае асветніцкую функцыю.

Калонка ці калодзеж?

Старшыня Жабінкаўскага сельскага Савета Галіна АКУЛІЧ гаворыць, што маніторынг праводзіўся ў большасці населеных пунктаў іх сельсавета.

— Праблемы выяўлялі амаль у кожнай вёсцы. Калі з цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паступае інфармацыя аб перавышэнні дапушчальных паказчыкаў па нітратах ці іншых рэчывах, абавязкова паведамляем гаспадару, просім адмовіцца ад ужывання вады. Асаблівую ўвагу звяртаем на сем'і, дзе ёсць альбо куды прыязджаюць на канікулы малыя дзеці.

Варта сказаць, што людзі апошнім часам праяўляюць зацікаўленасць да праблемы і свядома падыходзяць да яе вырашэння. Шэраг гаспадароў прабіваюць свідравіну на падворку, устанаўліваюць калонку, а калодзеж калі і пакідаюць, то ваду выкарыстоўваюць для тэхнічных патрэб. У калонках жа, як правіла, вада чыстая — тут адыгрывае станоўчую ролю глыбіня.

У вёсцы Сенькавічы мы сустракаем гаспадароў, якія маюць і калонку, і калодзеж. А ў Яўгена Лаготы на падворку толькі калодзеж. Гаспадар выцягвае вядро вады і дэманструе яе чысціню. Яўген Рыгоравіч расказвае, што гэты дом пабудаваў яго бацька, ён жа капаў у свой час калодзеж. На пытанне, ці правяралі хоць раз ваду з калодзежа на санітарна-хімічныя паказчыкі, адказвае адмоўна. «Прывык, што з дзяцінства піў гэтую ваду, яна заўсёды падавалася смачнай і чыстай. Але калі вы кажаце пра пагалоўнае перавышэнне нітратаў, то пастараюся адвезці ў лабараторыю ў найбліжэйшы час. Самому ж цікава», — кажа гаспадар.

Кантроль абавязковы

Як гэта зрабіць жыхару Жабінкаўскага раёна? Не так і складана, хоць у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі сваёй лабараторыі няма — аналізы спецыялісты робяць у Брэсце. Але ў райцэнтры працуе вытворчая лабараторыя водазабору Жабінкаўскай ЖКГ. Тут кантралююць водаправодную ваду па 27 хімічных паказчыках. І не адмовяць у парадку платных паслуг праверыць пробу з прыватнага калодзежа.

Таццяна Іваноўская.

Інжынер-хімік названай лабараторыі Таццяна Іваноўская хоць і рэдка мае справу з вадой ад прыватных гаспадароў, але аб праблеме ведае. Спецыяліст заўважае, што, здараецца, каровы п'юць больш якасную ваду, чым людзі. Для такога сцверджання ёй даюць падставу рэгулярныя праверкі вады з воданапорных вежаў сельгаспрадпрыемстваў. Пры цяперашніх патрабаваннях малочных заводаў аграрыі павінны мець пацвярджэнне якасці вады, якой выпойваецца жывёла. Дык вось, у абсалютнай большасці ААТ і СВК вада каля фермаў здабываецца чыстая, прыгодная для ўжывання. «У ХХІ стагоддзі трэба ведаць паказчыкі якасці вады, якую п'еш», — лічыць Таццяна Аляксандраўна.

Той маніторынг, які праводзіць санітарная служба раёна, робіцца бясплатна ў парадку дзяржаўнага нагляду. Але ж сёння кожны можа зрабіць аналіз самастойна. Аўтар гэтых радкоў, як толькі купіла домік у вёсцы, у першыя ж месяцы зрабіла такі аналіз. Тры гады таму гэта каштавала каля 20 рублёў. Згадзіцеся, уласная бяспека вартая затрат, бо праблем з якасцю вады ў калодзежах хапае.

У тэму

Нітраты — гэта адна з формаў азоту. Солі азотнай кіслаты з'яўляюцца кампанентамі мінеральных угнаенняў (напрыклад, калійнай альбо аміячнай салетры). Асабліва небяспечныя нітраты, якія трапляюць у арганізм з вадой, бо ваду мы ўжываем штодня.

Трапляючы ў арганізм, нітраты ператвараюцца ў нітрыты. Апошнія злучаюцца з гемаглабінам, які пераносіць кісларод да тканак. Нітрыты робяць гемаглабін неактыўным. Наступае кіслароднае галаданне ўсіх органаў, авітаміноз, хваробы шчытападобнай залозы. Асабліва небяспечныя нітраты для дзяцей.

Анатоль ШАЛТАНЮК, старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў:

Нядаўна пытанні якасці пітной вады былі разгледжаны на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета. Гэтую праблему мы заўсёды трымаем на кантролі. Варта сказаць, што ў раёне больш за 90 працэнтаў гарадскога насельніцтва і 60 працэнтаў сельскага карыстаюцца цэнтралізаваным водазабеспячэннем. Вада, якая паступае з сетак, пастаянна кантралюецца. А вось калодзежная вада выклікае нараканні. Адным з рашэнняў гэтай праблемы становіцца, несумненна, пашырэнне сетак водаправода.
У нас цяпер вядзецца будаўніцтва названых камунікацый у прыгарадных вёсках Курпічы, Здзітава, Шчэглікі. Але ж у малыя, аддаленыя населеныя пункты сеткі не пацягнеш. Калодзежы будуць актуальнымі яшчэ працяглы час. На маю думку, на дзяржаўным узроўні варта было б прыняць нейкія загады, каб зрабіць бутыляваную ваду для такой катэгорыі насельніцтва таннейшай, чым яна ёсць сёння. Разумею, што гэта дадатковыя затраты, але на іх трэба пайсці, калі мы гаворым пра здароўе насельніцтва.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Каварныя нітраты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».