Бабыніцкая дзіцячы сад — сярэдняя школа — найстарэйшая ў Полацкім раёне. Ёй сёлета спаўняецца 155 гадоў. Здаецца, важная дата. Але настрою святкаваць юбілей ні ў настаўнікаў, ні ў вучняў няма.
І гэта цалкам зразумела. З 1 верасня сярэднюю школу рэарганізуюць у дзіцячы сад. Вучняў жа, якія з першага класа вывучалі ўсе прадметы на беларускай мове, перавядуць у суседнюю Ветрынскую рускамоўную школу.
Вёска Бабынічы знаходзіцца за 40 кіламетраў ад Полацка, дзе сёлета пройдзе свята беларускага пісьменства. Двухпавярховая школа размешчана якраз на ўездзе ў вёску. Вакол будынка прыгажосць — вачэй не адарваць: дрэўцы рознай формы, клумбы, з густам выкладзеныя каменьчыкамі, драўляны мосцік над штучным вадаёмам. Тут жа стаіць памятны знак славутаму земляку Браніславу Эпімаху-Шыпілу, дырэктару камісіі Інстытута беларускай культуры па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.
На ўваходзе ў школу ўздымаюць настрой беларускамоўныя надпісы, выразаныя з рознакаляровай паперы: «Шчыра вас вітаем!», «Добрым людзям — добры дзень!». У калідоры на сценах — партрэты выдатных беларускіх дзеячаў. «Іх намаляваў простым алоўкам качагар гэтай школы. Цяпер ён жыве ў Амерыцы», — расказвае вучаніца 10 класа Інга Зайцава на чысцюткай беларускай мове.
Прашу школьнікаў паказаць мне клас беларускай мовы і літаратуры. Там у вочы кідаюцца ручнікі з арнаментам, на якіх ляжаць кнігі. Адразу ж захацелася сфатаграфаваць гэты цуд. Але настаўніца беларускай мовы Святлана Ендаурава сціпла адмаўляецца фатаграфавацца і адразу ж дастае з шафы копіі ўзнагарод сваіх вучняў. Сярод іх ёсць і дыплом пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. «Яго атрымала мая вучаніца, цяпер ужо калега. Лепш Інгу сфатаграфуйце з яе дыпломамі. Яна ў нас таксама не раз перамагала ў алімпіядах па роднай мове».
Святлана Ендаурава прысвяціла Бабыніцкай школе 30 гадоў свайго жыцця. Паспела нават год папрацаваць у першым яе будынку. Ён (а дакладней, тое, што ад яго засталося) добра відаць з акна класа.
Сённяшні будынак школы яшчэ ў даволі добрым стане, пабудаваны ўсяго 28 гадоў таму. Жыхары Бабыніцкага сельсавета перажываюць, каб пасля таго, як зачыняць школу, ён не паўтарыў лёсу свайго папярэдніка і не ператварыўся ў руіны. А гэта немінуча адбудзецца, калі мясцовыя ўлады своечасова не знойдуць яму прымяненне.
Паводле слоў вяскоўцаў, школа — гэта культурны цэнтр усяго сельсавета. Клуб закрылі, таму менавіта тут адбываюцца канцэрты, узімку па вечарах у школьную спартзалу прыходзяць усе ахвотныя займацца спортам. «Закрыццё школы — гэта выміранне вёскі. Не будзе школы — моладзь дакладна сюды не паедзе. Ужо пайшлі пагалоскі па вёсцы, што многія збіраюцца ад'язджаць», — кажуць мясцовыя жыхары.
Бабыніцкая школа — сёння адзіная ў Полацкім раёне, дзе не толькі ўсе прадметы выкладаюцца, але і ўся дакументацыя вядзецца на роднай мове. Тут, пераканалася на ўласныя вушы, настаўнікі нават на перапынках і паміж сабой размаўляюць па-беларуску.
— Вучні і настаўнікі ў нас размаўляюць на мове і нясуць яе ў свае сем'і, — з гонарам кажа дырэктар Бабыніцкай дзіцячага сада — сярэдняй школы Вікенцій Шклянік. —У школе працуе высокакваліфікаваны калектыў педагогаў, аб чым сведчыць тое, што выпускнікі паступаюць у ВНУ (як рэгіянальныя, так і сталічныя). Працэнт паступлення за апошнія 10 гадоў — ад 50 да 100. Шкада, што школа закрываецца. Але яшчэ больш шкада, што нашых дзяцей пераводзяць у рускамоўныя класы... Ёсць у раёне яшчэ дзве беларускамоўныя школы, але, на жаль, яны знаходзяцца вельмі далёка ад Бабынічаў...
— Мы даведаліся аб закрыцці школы толькі ў сярэдзіне лютага. Таму цяпер аператыўна рыхтуем дзетак да пераходу на рускую мову навучання, — дадае Святлана Станоўка, настаўніца пачатковых класаў. — У нас жа яны праходзяць: «множнік», «здабытак», «дзель». А ў рускамоўнай школе ўсё па-іншаму. Я ўжо сваім павесіла плакат з перакладам: «множитель», «произведение», «частное». І так па кожным прадмеце. Мы павінны падрыхтаваць сваіх дзетак, каб яны не адчувалі сябе ў новым класе белымі варонамі. Разумеем, што ў нашай школе мала дзяцей і іх навучанне дорага абыходзіцца дзяржаве. Але сэрца баліць, што мы столькі сіл уклалі, каб малыя, якія выхоўваліся ў рускамоўных сем'ях, загаварылі па-беларуску! Яны ўжо кажуць «хлопчык», «дзяўчынка», «настаўніца»... Толькі пачаўся гэты працэс станаўлення. А іх пераводзяць у іншую школу, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на рускай мове... Нейкі зваротны працэс атрымліваецца...
Ад аўтара
Вось ужо дзесяць гадоў, як я размаўляю не толькі па працы, але і ў штодзённым жыцці па-беларуску. І ўсё дзякуючы таму, што ў мяне была магчымасць вучыцца ў беларускамоўнай школе.
Відавочна, Бабыніцкая школа закрываецца не таму, што яна беларускамоўная, а па аб'ектыўных прычынах: дзяцей з кожным годам усё менш і менш (усяго на сёння тут 34 вучні і 8 дашкольнікаў), і яе фінансава нявыгадна ўтрымліваць дзяржаве.
Але ж у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Добра было б, каб і беларускамоўных школ стала калі не больш, дык хоць бы столькі ж, колькі рускамоўных. Каб дзеці, бацькі і настаўнікі маглі ў поўнай меры рэалізаваць выбар, на якой мове вучыцца і выкладаць. Каб мы, беларусы, не страцілі свае карані і адметнасць.
Дзмітрый ХОМА, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама: «Дзецям будзе лепш»
— На жаль, сёння даводзіцца шмат школ закрываць. За апошнія 11 гадоў — ажно 272. А ўсё таму, што ў вёсках з кожным годам усё менш дзяцей... Калі вырашаем пытанне аб закрыцці школ, глядзім не толькі на колькасць школьнікаў, а і на перспектыву развіцця населенага пункта. Там, дзе сёння не так шмат школьнікаў, але ёсць вытворчасць ды шмат маладых сем'яў, мы нават не падымаем пытанне аб тым, каб нешта закрыць. У вёсках жа, замацаваных за Бабыніцкай школай, зарэгістравана ўсяго 14 дзяцей ва ўзросце ад 0 да 5 гадоў. Сярэдняя напаўняльнасць класаў там — 3,2 вучня. На аднаго настаўніка прыходзіцца дзесьці 2 вучні. Атрымліваецца, на клас, дзе вучыцца 25—30 чалавек, траціцца столькі ж грошай, колькі на 3 чалавекі. Відавочна, што ўтрымліваць гэтую школу фінансава немэтазгодна. Акрамя таго, калі ў класе 1—2 вучні, то ім нават кантактаваць у прынцыпе няма з кім. Гэта сур'ёзнае пытанне нават у частцы адаптацыі дзяцей.
Міністэрства адукацыі ставіць перад намі задачу закрываць малакамплектныя і арганізоўваць падвоз у больш буйныя школы. Аптымізаваць сетку навучальных устаноў вобласці, каб вясковыя дзеці атрымлівалі якасную адукацыю і пры паступленні маглі на роўных канкурыраваць з гарадскімі выпускнікамі. Будынак Бабыніцкай школы знаходзіцца ў адносна добрым стане, але адных толькі сцен недастаткова. Час ад нас патрабуе паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, сучаснага абсталявання, мультымедыйных праграм. Таксама стаіць задача — сабраць лепшых настаўнікаў з розных школ, каб сфарміраваць якасны калектыў педагогаў.
Кіраўнік дзяржавы падпісаў пагадненне з Сусветным банкам аб мадэрнізацыі ўстаноў сістэмы адукацыі. Ветрынская сярэдняя школа трапіла ў лік тых, што будуць фінансавацца па лініі гэтага банка. Сёлета на ўмацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы — рамонт класаў, інтэрната пры школе — вылучаецца больш за 800 000 беларускіх рублёў. Гэта школа будзе адпавядаць самым сучасным патрабаванням, не саступіць гарадскім навучальным установам.
У Ветрынскай школе для выпускнікоў з Бабынічаў будзе адкрыта пры класе беларускамоўная група. Дзеці не будуць ні ў якім разе ўшчэмлены. Тое, што яны валодаюць роднай мовай — гэта вельмі добра. Але ж, на жаль, рэаліі такія, што практычна ў кожнай ВНУ навучанне вядзецца на рускай мове. Таму іх усё роўна чакае гэты моўны пераход.
Што датычыцца адаптацыі, мы ставім задачу калектывам прымаць дзяцей з іншых школ, як сваіх. Каб яны не адчувалі сябе там чужымі. І тут жорсткі кантроль з нашага боку. Летась 21 школа была закрыта. І ніводнага звароту па падвозе ды па рабоце гэтых устаноў да нас не паступала.
Пётр ПЯТКЕВІЧ, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама: «Нічога не заставалася, як прыняць рашэнне аб рэарганізацыі»
— Мы з павагай ставімся да гэтай беларускамоўнай школы. Там добры педагагічны калектыў. Асабіста мяне заўсёды здзіўляла, што са звычайнай вясковай навучальнай установы дзеці паступалі ў БДУ. Асабліва на тыя спецыяльнасці, дзе трэба было здаваць беларускую мову. Спачатку мы планавалі рэарганізаваць яе ў 2018 годзе, каб даць магчымасць дзесяцікласнікам давучыцца ў родных сценах. Але перад намі паставілі задачу ўжо з 1 студзеня ўсе школы раёна перавесці на нарматыўнае фінансаванне. Фінансаванне Бабыніцкай дзіцячага сада — сярэдняй школы на 151,4% перавышае фінансаванне, прадугледжанае базавым нарматывам для вучняў (выдаткі на ўтрыманне 1 вучня на год па гэтай школе складаюць 8195,5 беларускага рубля, па раёне ў сельскіх школах — 4595,7). Таму нам нічога не заставалася, як прыняць рашэнне аб яе рэарганізацыі. За 18 кіламетраў ад Бабынічаў ёсць перспектыўная Ветрынская сярэдняя школа. Туды будзе арганізаваны падвоз усіх дзяцей, у тым ліку і з прылеглых вёсак. Чатыром вучням 10-га класа Бабыніцкай школы мы ў наступным навучальным годзе дадзім магчымасць працягваць вывучаць усе прадметы на роднай мове.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.
Каментары