Вы тут

Як вясковая школа трымае ў тонусе сваіх выхаванцаў


Наведаць сярэднюю школу-сад у аграгарадку Пятрэвічы давялося невыпадкова. Сюды з'ехаліся кіраўнікі і педагогі школ з усяго Навагрудскага раёна. Арганізатары прапанавалі гасцям турград і медыяэкскурс, пазнаёмілі з клубам па інтарэсах і школай мастацтваў і нават згулялі ў шашкі на падлозе.


Здаецца, што кожны вучань гэтай школы мае нейкія здольнасці. І, што самае важнае, з задавальненнем іх дэманструе. Тут вам і вакальныя нумары, і вершы-байкі, і тэатральныя пастаноўкі.

— Хоць мы і вясковая школа, але ад жыцця не адстаём, шукаем новыя формы правядзення вольнага часу, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Засадзінская. — Напрыклад, выкарыстоўваем рэаліці-тэку. Гэта шэраг творчых пляцовак, дзе можна ўбачыць работу па інтарэсах ужывую, а не проста паказаць відэафільм.

Вось пляцоўка «Фантазія», дзе школьнікі робяць цікавыя рэчы, вось школа мастацтваў, а вось незвычайная пляцоўка на школьным калідоры, дзе можна згуляць у вялізныя шашкі. Малодшыя школьнікі запрасілі скласці ім партыю. Госці-педагогі з радасцю далучыліся да гульні.

— У нашай школе ёсць многа чаго, каб заняць дзяцей, — кажа дырэктар Сяргей Гірыновіч. — Ёсць танцавальны калектыў, які добра выступіў на рэспубліканскім конкурсе, ёсць тэатральная майстэрня, у якой удзельнічаюць і педагогі. Мы, як адна сям'я, жывём.

Пятрэвічы — невялікая вёска, хоць і аграгарадок. Школа таксама далёка не новая, пабудавана ў пачатку 70-х. Наведвае яе дзесьці сто дзяцей разам з дашкольнікамі. Не так ужо і мала, хоць возяць сюды з навакольных вёсак. На думку начальніка ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Алега Анікевіча, школа забяспечвае не толькі навучальны працэс, гэта яшчэ і месца, дзе праходзіць культурнае жыццё вяскоўцаў. А для дзетак яшчэ і магчымасць заняць свой вольны час. Яны нават пасля вучобы не пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі.

— Для нас гэта прыярытэтны кірунак работы, — зазначыў Алег Анікевіч, — таму важную ролю надаём суботам, калі вучні і настаўнікі могуць нефармальна сустракацца, бавіць час, рабіць карысныя справы.

Больш таго, вясковыя школьнікі яшчэ могуць і нешта зарабіць. Напрыклад, нядаўна яны дапамагалі мясцоваму лясніцтву ў пасадцы лесу, здаюць макулатуру, металалом. На заробленыя грошы набываюць матэрыял для творчасці, выязджаюць на экскурсіі.

Кіраўнікі іншых школ прыгадалі нямала творчых сустрэч з вучнямі Пятрэвіцкай школы. Гэта і турыстычныя злёты, і конкурсы, і агульныя паходы. Успомнілі пра валейбол для мам, валанцёрскі рух, дабрачынныя акцыі. Каб не вучні школы, можа, так ніхто і не адрадзіў бы ў вёсцы крынічку.

Іх справа — даглядаць помнікі загінулых на вайне. Дарэчы, у гонар 75-годдзя партызанскага руху на Навагрудчыне каля школы закладзена алея Памяці. Школьнікі далучылі да гэтай акцыі і ўдзельнікаў семінара.

Ёсць у школе і атрад «Супраць наркотыкаў». Дзяўчаты самі пішуць песні і выступаюць на кожным мерапрыемстве, а таксама па-за межамі школы.

Праблем з педагагічнымі кадрамі ў школе няма, як і наогул у раёне, адзначыў Алег Анікевіч. Апошнім часам тут назіраецца такая тэндэнцыя — вяртаюцца спецыялісты, якія адпрацавалі ў іншых раёнах, але родам з Навагрудчыны. Тут заўсёды гатовы падтрымаць педагогаў. Напрыклад, у райцэнтры адкрыты два інтэрнаты для маладых спецыялістаў, праведзена рэканструкцыя. Што датычыцца школ, то ў раёне ўжо адбылася неабходная на гэты час аптымізацыя. Памяншаць колькасць навучальных устаноў сёлета не плануюць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Тут жыве захапленне

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...