Вы тут

Дзесяць задач для спорту


Мінулы раз сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта адбыўся некалькі гадоў таму. Гэта падзея сапраўды вызначае асноўныя кірункі развіцця спартыўнай сферы дзяржавы на цэлы перыяд. Учарашняе мерапрыемства не стала выключэннем.


На пачатку сходу вырашаліся кадравыя пытанні. Так, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны на пасаду Прэзідэнта НАК.

Спорт стаў папулярным

Аляксандр Лукашэнка пачаў са станоўчых прыкладаў працы ў спартыўнай сферы апошніх гадоў. Так, у Беларусі захавана дзяржаўная сістэма падтрымкі фізічнай культуры і спорту, мы працягнулі будаваць і рэканструяваць спартыўныя аб'екты і ў сталіцы, і ў рэгіёнах. Сярод насельніцтва расце папулярнасць здаровага ладу жыцця. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся: яму прыемна глядзець, вяртаючыся з працы, як нехта займаецца бегам, нехта — едзе на веласіпедзе, нехта выконвае спартыўныя практыкаванні. Як заўважыў Прэзідэнт, людзі гэта робяць не толькі для таго, каб выглядаць больш прывабна, але і каб быць здаровымі, не пакідаць грошы ў аптэках.

Не менш важнае — для нашага іміджу — дасягненне: Беларусь стала адным са спартыўных цэнтраў Еўразіі. На нашых стадыёнах праходзяць міжнародныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню.

Ёсць у галіне і нявырашаныя пытанні. На жаль, спорт, як адзін з найважнейшых ідэалагічных інструментаў дзяржаўнай палітыкі, так і не стаў для беларусаў крыніцай нацыянальнага гонару і натхнення.

Пра аддачу і вынікі

— Для спартсменаў у нашай краіне робіцца ўсё неабходнае, але патрэбнай аддачы, адкрыта заяўляю, няма, — канстатаваў Прэзідэнт. Прынамсі, асабліва маланатхняльным стала выступленне нашай каманды на Алімпійскіх гульнях у Рыа.

— У цэлым выступленне каманды — правал! Саракавое месца ў медальным заліку. Хіба гэта адпавядае нашым укладанням у спорт і ўвазе дзяржавы да гэтай сферы? — задаў ён рытарычнае пытанне.

Па словах Прэзідэнта, тут нельга абвінавачваць суддзяў, клімат або неарганізаванасць бразільцаў:

— Усе ж разумелі, што Алімпіяда ў Рыа — не турыстычная прагулка. Гэта найскладанейшы экзамен. І ўсе былі ў роўных умовах. Мы павінны былі быць на галаву вышэй за сваіх сапернікаў, каб не ўзнікала сумненняў у нашай перамозе.

І гэта магчыма. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад нашых спартсменаў — Дар'ю Домрачаву, біятланістку, і кідальніка молата Івана Ціхана.

Пераабраны Прэзідэнт НАК асобна спыніўся на кожным з алімпійскіх відаў спорту — ад гульнявых: баскетбола, футбола, валейбола, гандбола да індывідуальных. І там і там вынікі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, нездавальняючыя.

— Сёння мы павінны прызнаць, што гэтыя рэзультаты — рэальнае адлюстраванне нерухавасці спартыўных служачых, чыноўнікаў, невысокай кампетэнтнасці трэнераў ды і волі да перамогі атлетаў, — заявіў ён.

Кіраўнік краіны агучыў шэраг задач, вырашэнне якіх дапаможа вывесці айчынны спорт на годны ўзровень. Па-першае, неабходна вызначыць перспектыўныя, патэнцыйна медальныя, традыцыйныя для нас віды спорту і менавіта ім аказваць асноўную падтрымку. Па-другое, патрабуе кардынальнага паляпшэння сітуацыя ў дзіцяча-юнацкім спорце.

Трэцяя задача адрасавалася Міністэрству адукацыі. Прысвечана яна развіццю студэнцкага спорту, які, на жаль, дагэтуль так і не стаў апорай спорту прафесійнага. Прэзідэнт даручыў выправіць сітуацыю.

Чацвёртая задача прысвечана аптымізацыі сістэмы навучання трэнерскіх кадраў:

— Шчыра кажучы, гэтае пытанне ўжо набіла аскоміну. Мы сотнямі штампуем іх ва ўніверсітэце. Існуе цэлая Вышэйшая школа трэнераў, інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. А дзе высакакласныя спецыялісты? Трэба яшчэ разабрацца, хто і чаму там вучыць. І цяперашні рэктар (Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. — Заўв. рэд.), нядаўна назначаны, ён жа сёння віцэ-прэзідэнт НАК, думаю, у гэтым разбярэцца.

Што да замежных трэнераў, якія запрашаюцца ў краіну, то Прэзідэнт прызнаўся: ён не супраць запазычання чужога вопыту. Але вакол кожнага з іх павінны расці беларускія кадры.

Пятае даручэнне датычыцца аптымізацыі работы рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. Шостае — вырашэння праблем у спартыўнай навуцы і медыцыне.

За аўтарытэт трэба пастаяць

Не абышоў кіраўнік дзяржавы і допінгавыя пытанні.

— Усе бачаць, якая ўвага да гэтай тэмы паднімаецца ў свеце, міжнародны спорт ужо каторы год ліхарадзіць ад допінгавых скандалаў. І чым далей, тым горш. На жаль, нас гэтыя праблемы таксама закранулі. Незразумелая вазня з медыкаментамі, мельдоніем, пазбаўленне беларускіх атлетаў медалёў Пекіна і Лондана балюча ўдарылі па нашым аўтарытэце. Тут патрэбна выразна спланаваная праца па прафілактыцы гэтага зла.

Так, цяпер у свеце абмяркоўваецца забарона на ўдзел у Алімпійскіх гульнях спартсменаў, якія раней пападаліся на допінгу. Па словах кіраўніка дзяржавы, нам трэба рабіць больш жорсткімі пакаранні за такія парушэнні, але гэта адна частка праблемы.

— Другая — мы павінны быць гатовы граматна супрацьстаяць беспадстаўнаму ціску. Пад пагрозай адхілення знаходзіліся нашы цяжкаатлеты. Не даехалі да Рыа весляры. Лёгкая атлетыка прыбыла не ў аптымальным складзе, але ж гэта былі патэнцыяльныя медалі! Ведаючы ўсю сітуацыю, трэба было спрацаваць на папярэджанне. Частку прэтэнзій Міжнароднага алімпійскага камітэта атрымалася зняць, але глабальна, як высветлілася, федэрацыі не гатовы абараняць самі сябе.

Кожны ўзровень важны

Восьмая задача, пастаўленая Аляксандрам Лукашэнкам перад спартыўнай сферай, прысвечана ролі рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў.

— Мясцовыя ўлады іграюць значную ролю ў развіцці спорту. Цікавая губернатару гэта сфера — і яна будзе развівацца. Будзе падтрымка рэгіёнаў — будуць з'яўляцца новыя зоркі. Калі гэтага няма, то ў лепшым выпадку перспектыўны атлет пераедзе на новае месца жыхарства, у горшым — кіне займацца з-за таго, што ён нікому не патрэбен.

У працяг гэтай тэмы Прэзідэнт паведаміў: кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта атрымала распараджэнне наконт таго, каб у райвыканкаме быў чалавек, які займаецца спортам. Раней жа была ўпэўненасць, што на раённым узроўні магчыма сумяшчаць кіраўніцтва адукацыяй і спортам. Як паказала практыка, гэта не самы эфектыўны механізм, спортам займаліся па астаткавым прынцыпе.

Дзявятае даручэнне прысвечана загрузцы спартыўнай інфраструктуры. Так, будуюцца сучасныя спартыўныя аб'екты, якія потым нярэдка прастойваюць без работы. Такую сітуацыю кіраўнік дзяржавы ацаніў адмоўна.

Нарэшце, дзясятая задача датычылася працы спартыўных федэрацый, большасць якіх узначальваюць спецыялісты, якія прыйшлі са сферы спорту.

*  *  *

Падчас свайго выступлення кіраўнік дзяржавы нагадаў: дзякуючы спорту Беларусь ведаюць у свеце, нам давяраюць правядзенне самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. У 2019 годзе мы ўпершыню ў гісторыі прымем такое маштабнае мерапрыемства, як другія Еўрапейскія гульні. Для нас гэта і вялікі гонар, і вялікая, нават велізарная, адказнасць. Важна правесці гэта мерапрыемства на годным узроўні — і тады яно спрацуе на станоўчы імідж Беларусі ў Еўропе і свеце.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?