Вы тут

Аздараўленчы лагер — выдатная школа сацыяльнай практыкі


«Лета — час адкрыццяў» — менавіта пад такім дэвізам у Год навукі пройдзе летняя аздараўленчая кампанія, якая стартуе ў нашай краіне ў найбліжэйшыя дні. Плануецца, што ў летні перыяд умацуюць сваё здароўе больш як 357 тысяч дзяцей, у тым ліку 12,6 тысячы дзяцей-сірот і 3,9 тысячы дзяцей-інвалідаў.


Сёлета будуць функцыянаваць 6072 дзіцячыя аздараўленчыя лагеры (1553 — з кругласутачным знаходжаннем дзяцей, у тым ліку 146 стацыянарных, і 4519 лагераў — з дзённым).

На правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2017 года са сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе накіравана BYN39,1 млн. Сярэдні кошт пуцёўкі ў аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем на 18 дзён складзе BYN410, з дзённым знаходжаннем — BYN90. Частка выдаткаў на набыццё пуцёвак будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў прадпрыемстваў, прафсаюзных арганізацый, а таксама мясцовых бюджэтаў.

Профілі — на любы густ

Не сакрэт, што найбольшую колькасць спрэчак выклікае функцыянаванне аздараўленчых лагераў пры школах. Ці можа дзіця паўнавартасна адпачыць у тых жа сценах, у якіх правяло ўвесь навучальны год пад наглядам сваіх школьных педагогаў? Тым больш што час ад часу і настаўнікі, і бацькі выказваюць незадаволенасць прымусовым напаўненнем школьнага лагера.

— Аздараўленне — гэта права, а не абавязак: супраць жадання наведваць школьныя летнікі ніхто не прымушае, а калі такое ўсё ж адбываецца, мы заўсёды ўмешваемся і рэагуем на падобныя сігналы, — запэўнівае начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя САРОТНІК. — Планавыя аб'ёмы на аздараўленне фарміраваліся толькі пад рэальную патрэбу. Аднак бацькам усё ж такі варта задумацца, чым будуць занятыя іх дзеці, калі тыя застаюцца ў горадзе. Між іншым, адпачынак у школьным лагеры — самы танны і самы даступны, у тым ліку і для малазабяспечаных сем'яў.

Па інфармацыі Міністэрства адукацыі, сёлета ва ўсіх рэгіёнах будуць працаваць профільныя лагеры самай рознай накіраванасці: экалагічныя, біялагічныя, тэхнічныя, гісторыка-археалагічныя, сацыяльна-педагагічныя, матэматычныя, грамадска-гуманітарныя, лінгвістычныя, лагеры для актывістаў грамадскіх арганізацый, для высока матываваных і адораных дзяцей, мастацкія, харэаграфічныя, ваенна-патрыятычныя, абаронна-спартыўныя, прававыя, прафарыентацыйныя і іншыя.

Для прыкладу, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства арганізуе змены для юных біёлагаў, юных лесаводаў, юных краязнаўцаў і экскурсаводаў. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ініцыюе профільную змену на базе Нацыянальнага дзіцячага цэнтра «Зубраня» — для актывістаў дзіцячых і маладзёжных аб'яднанняў «Лідар-2017». У Лідскім раёне пройдзе рэспубліканская профільная змена для членаў клубаў інтэлектуальных гульняў. На профільныя змены запрашае школьнікаў, якія захапляюцца робататэхнікай, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Актыўна будзе развіваецца таксама і валанцёрска-педагагічны профіль.

Папулярнасцю карыстаюцца палатачныя лагеры, якія ствараюцца па прынцыпе «летнік у летніку» — на базе стацыянарных лагераў з добра развітой інфраструктурай. Яны працуюць, як правіла, у 9-дзённым рэжыме. Так, на тэрыторыі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» дзейнічае палатачны лагер пад назвай «Ружа вятроў». Ён ахоплівае 8 профіляў (ад тэхнічнага да фізкультурна-спартыўнага і грамадска-гуманітарнага). Кожную змену ў ім пражываюць 5 атрадаў па 24 чалавекі. Але дзеці не спяць у спальніках на зямлі, як хтосьці падумаў. У палатках з драўлянымі насціламі ўстаноўлены ложкі, ёсць санітарныя блокі. Плюс выхаванцы карыстаюцца ўсёй інфраструктурай цэнтра.

Працаваць і адпачываць

У зоне асаблівай увагі педагогаў падчас летніх канікул традыцыйна знаходзяцца дзеці і падлеткі з неўладкаваных сем'яў і дзеці, якія стаяць на розных відах уліку. Яны будуць працаваць у складзе студэнцкіх маладзёжных атрадаў (узроставы цэнз для іх удзельнікаў зніжаны да 14 гадоў), накіроўвацца ў лагеры працы і адпачынку ці ваенна-патрыятычныя лагеры.

Усяго гэтым летам у 884 лагерах працы і адпачынку плануецца аздаравіць 15 тысяч падлеткаў. Мінулым летам заробак там даходзіў да BYN250. У Рэспубліканскім цэнтры па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні абяцаюць: заработная плата падлеткаў сёлета ніжэйшай не стане. Усё будзе залежаць ад віду работ, прадукцыйнасці працы і працягласці змены...

Пералік аб'ектаў, дзе будуць працаваць падлеткі, фарміруецца на рэгіянальным узроўні, а патрэбы пралічваюцца зыходзячы са спецыфікі рэгіёна: калі рэгіён сельскагаспадарчы, то асноўнымі аб'ектамі стануць аграпрамысловыя арганізацыі, а калі рэгіён прамысловы, то, безумоўна, для старшых школьнікаў знойдзецца некваліфікаваная праца на прамысловых прадпрыемствах ці ў гандлёвых аб'ектах.

З бацькамі — на сувязі

Апошні трэнд у аздараўленчай кампаніі — стварэнне адзінай камунікацыйнай прасторы выхаваўча-аздараўленчых устаноў.

— Важнае значэнне мы надаём сайтам нашых лагераў, размяшчэнню на іх карыснай для бацькоў інфармацыі як напярэдадні змены, так і падчас знаходжання дзіцяці ў летніку, — падкрэслівае Марыя Саротнік. — Важна, каб з сайта можна было даведацца, чым жывуць дзеці ў летніку, што там адбываецца на працягу змены. Выдатна, калі можна будзе задаць пытанне педагогу ці псіхолагу. Пакуль што найбольш напоўнены актуальнай інфармацыяй сайт Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня», дзе ёсць віртуальная кніга дзіцячых дасягненняў, парады для педагогаў і бацькоў, працуе анлайн-пляцоўка...

Увогуле, ёсць меркаванне, што прынцыпы дзейнасці псіхалагічнай службы падчас аздараўленчай кампаніі трэба змяняць, у прыватнасці працаваць на апярэджанне, праводзіць своечасовую псіхалагічную дыягностыку. Калі ў штаце лагера няма свайго псіхолага, для гэтых мэт будуць прыцягвацца адпаведныя спецыялісты з устаноў сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Натуральна, што бацькі дзяцей, якія ўпершыню едуць у лагер, хвалююцца. Псіхолагі рэкамендуюць ім не спяшацца з візітам: дзіцяці патрабуюцца 2—3 дні на адаптацыю, а прыезд дарослых у гэты час можа абвастрыць у ім жаданне з'ехаць дадому. Аптымальна — прытрымлівацца ўстаноўленых бацькоўскіх дзён. Разам з тым дзіцячы аздараўленчы лагер — гэта выдатная школа сацыяльнай практыкі, выстройвання стасункаў у соцыуме. І ўсё, чаму навучалі дзіця ў школе і ў сям'і, можа яму тут спатрэбіцца...

Дазваляецца перадаваць дзецям у лагер:

  • цукеркі, зефір, мармелад, шакалад, кандытарскія вырабы без крэму, сушкі, булачкі, кексы, арэхі (вычышчаныя), сухафрукты, сокі, свежую садавіну ў невялікай колькасці (не больш за 0,5 кг).

Забараняецца перадаваць:

  • прадукты, якія хутка псуюцца (мясныя, малочныя, рыбныя, кандытарскія вырабы з крэмам, агародніну, ягады і г. д.), а таксама кансерваваныя прадукты дамашняга прыгатавання

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Нясумныя канікулы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.