Вы тут

«Ружанская брама» зноў склікае гасцей


Брэндавы фестываль Пружанскага раёна вярнуўся пасля перапынку.

Сёння ў Ружанах праходзіць пяты па ліку фестываль у гонар галоўнай мясцовай славутасці. Правядзенне маштабнага свята стала магчымым пасля рэстаўрацыі часткі велічнага палаца роду Сапегаў, які яшчэ ў даўнія часы заслужана параўноўвалі з Версалем.


Заняпад і адраджэнне

Варта нагадаць, што Сапегі мелі на тэрыторыі сучаснай Беларусі паўтара дзясятка маёнткаў. Але Ружанскі палац стаў галоўнай рэзідэнцыяй магутнага роду. Канцлер Вялікага Княства Літоўскага, складальнік Статута ВКЛ Леў Сапега ўзвёў велічны замак-палац. Тут быў славуты на ўсю Еўропу тэатр, не менш вядомая бібліятэка. У розны час Ружаны ўганаравалі візітам каралі Рэчы Паспалітай Жыгімонт І, Уладзіслаў ІV, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Спачатку двухпавярховы будынак рэзідэнцыі, узведзены на мяжы ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, быў замкам, які меў тры вежы. І толькі ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, пасля амаль поўнага разбурэння, адноўлены замак ператварыўся ў раскошны палац. Рэзідэнцыя, акрамя іншага, славілася сваімі шмат'яруснымі падваламі, у якіх захоўваліся розныя каштоўнасці: ад казны і зброі да калекцыі рэдкіх він. З веку ў век у розных крыніцах перадаецца легенда пра падземны ход, які вядзе да Косаўскага палаца, што знаходзіцца на адлегласці ў 25 кіламетраў.

На працягу ўсёй гісторыі велічная ружанская рэзідэнцыя цярпела ад войнаў і набегаў. Замку даставалася ад канфліктаў мясцовай шляхты ды Паўночнай вайны. А пачаткам заняпаду палаца стала паўстанне 1831 года, пасля якога ўладанні канфіскавала царская ўлада і ў былых княжацкіх пакоях запрацавала ткацкая фабрыка. Першая сусветная вайна прынесла пэўную разруху ў маёнтак. Ну, а Другая сусветная прывяла да знішчэння палацава-паркавага ансамбля роду Сапегаў.

Адразу пасля вайны на тэрыторыі палаца яшчэ некаторы час працавалі розныя прадпрыемствы, ва ўсходнім флігелі, напрыклад, была кантора калгаса. А потым людзі пакінулі векавыя муры. Астаткі былой велічы актыўна ішлі мясцовым жыхарам на будматэрыялы. Ахвотныя разбіралі цэглу, камень — што каму трэба было. І вось да пачатку 2000-х на тэрыторыі, куды простаму чалавеку некалі быў уваход забаронены, спакойна пасвіліся козы ды рос бур'ян.

У 2008-м пачаліся работы па аднаўленні. І паступова літаральна на вачах уздымалася ўязная брама з бакавымі флігелямі і варотамі. У адным з флігеляў адкрыўся музей.

Галоўны экспанат

Першы фестываль «Ружанская брама» правялі ў 2011 годзе, калі была гатовая брама і толькі адзін флігель. Тады ўжо сабраліся тысячы людзей, у той год і было вырашана прадоўжыць фестывальную традыцыю. А яшчэ першы фэст вызначыўся адной знамянальнай падзеяй: на ім правялі прэзентацыю віртуальнай бібліятэкі Сапегаў. Гэтая бібліятэка колькасцю ў 4,5 тысячы асобнікаў была, несумненна, галоўным інтэлектуальным і духоўным складнікам палаца. Бо якімі б шыкоўнымі ні былі маёнткі, галоўнае, які дух у іх лунаў, якімі каштоўнасцямі кіраваліся гаспадары, як выхоўвалі сваіх дзяцей...

Пры падтрымцы бюро ЮНЕСКА ў Маскве група навукоўцаў рэалізавала праект «Віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі роду Сапегаў». Цяпер дастаткова ўключыць дыск і можна чытаць копіі кніг, якія знаходзяцца ў Вільнюсе, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, іншых гарадах. Названы дыск стаў адным са знакавых экспанатаў музея.

За апошнія пяць гадоў паявіліся іншыя экспанаты, якімі ганарацца супрацоўнікі. Напрыклад, бронзавая пячатка роду Сапегаў з выявай герба «Ліс» у абрамленні ружаў і ўпрыгожаная сімваламі вайсковай доблесці. Цяпер ідзе рэстаўрацыя ўсходняга корпуса.

Так што ў Ружанах ёсць што паказаць гасцям і падчас свята, і ў будныя дні. Пасля першага прайшло яшчэ тры фестывалі. Потым здарыўся двухгадовы перапынак з прычыны недахопу фінансавання. І вось добрая навіна: фэст аднаўляе работу. Апошняму паспрыяў грант ад Еўрасаюза, які пасялковы Савет выйграў на развіццё турызму.

Штрыхі да праграмы

Гэтым разам фестываль атрымлівае статус міжнароднага. Арганізатары чакаюць гасцей з блізкага і далёкага замежжа.

— Найлепшыя калектывы аматарскай творчасці Брэстчыны прыедуць на свята, — расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Таццяна ЯРОШКА.
Напярэдадні ў Пружанах прайшоў фінал абласнога конкурсу «З любоўю да песні», а на фестывалі адбудзецца гала-канцэрт яго найлепшых удзельнікаў. Публіка пазнаёміцца з творчасцю расійскага фолк-гурта «Партызан FM». Тэатралізаваная праграма пачнецца гістарычнай пастаноўкай, плануецца выступленне ансамбля «Крэсіва». Брэсцкіх артыстаў зменіць сталічны гурт «Без білета». Заключным акордам свята стане шоу агню і лазера, неба над палацавым комплексам асвецяць феерверкі.

У «Горадзе майстроў» будзе працаваць больш за сотню ўмельцаў з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. «Фішкай» свята абяцае стаць дух Сярэднявечча, які ўзяліся стварыць гістарычныя клубы. Яны падрыхтавалі майстар-класы па танцах Сярэдніх вякоў, рыцарскі турнір, спаборніцтвы па кіданні тапароў, лучны цір. Вядома ж, у гэты дзень гасцей запросяць паглядзець экспазіцыю музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў». З ранку да вечара будзе працаваць выязны гандаль. «І гэта толькі невялікія штрыхі да насычанай разнастайнай праграмы свята», — падкрэсліла Таццяна Іванаўна.

Паводле яе слоў, галоўнае, што фестываль чакалі мясцовыя жыхары. Ружанцы вельмі ганарацца сваім палацам, сваёй гісторыяй. Ведаюць і з задавальненнем дзеляцца з прыезджымі легендамі, паданнямі пра славутасць. У пасёлку яшчэ жывуць людзі, якія хадзілі на працу ў калгасную кантору, што размяшчалася ў адным з флігеляў былога палаца. Іншыя шмат чаго памятаюць з расказаў сваіх бацькоў і дзядоў. І вось гэты фестываль для іх як сведчанне таго, што пра Ружаны ведаюць не толькі на местачковым узроўні, але і ў краіне, і нават за яе межамі. Таму на фэст абавязкова прыязджаюць дзеці, унукі цяперашніх жыхароў пасёлка. Сустрэчы з роднымі дадаюць сямейнага каларыту ў культурна-масавае мерапрыемства. А пасля свята прыезджыя сваякі і проста госці раскажуць сябрам і знаёмым, напішуць у сваіх пастах у сацыяльных сетках пра ўражанні. І гэта цудоўная магчымасць прывабіць яшчэ больш турыстаў у старажытныя Ружаны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Каментары

Калі кажуць "старажытные" - я ўспамінаю Рым! Ружанская брама - чарговае местачковае свята а-ля "дажынкі"! І нічога тутака не зробіш! А з "партызан - ФМ" увесь род Сапегаў у труне павернўся і мусіць не адзін раз! https://www.youtube.com/watch?v=p9lDdlRdRYg

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.