Вы тут

Мітрапаліт Павел: Добрая думка пра чалавека — ужо праява любові


За яго спінай служэнне ў многіх краінах — Ізраілі, Злучаных Штатах Амерыкі, Канадзе, Мексіцы, Аўстрыі, Венгрыі. Апошняй у гэтым спісе значыцца Беларусь. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, вось ужо чацвёрты год нясе служэнне ў нашай краіне. Ён змяніў мітрапаліта Філарэта, на плечы якога яшчэ за савецкім часам лягло адраджэнне Беларускай праваслаўнай царквы. Цяпер уладыка Павел працягвае пачатую ім справу. У размове сам-насам мітрапаліт Павел расказаў пра цуды, якія сустракаліся ў яго жыцці, як марыў стаць лётчыкам, і пра тое, як аднымі светлымі намерамі можна дапамагчы сабе і блізкім.


— Уладыка, на ваш погляд, як праяўляецца духоўнасць у беларусаў?

— Духоўнасць — паняцце ўніверсальнае, яно не прывязана ні да нацыянальнасці, ні да краіны. Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства, у часы ганенняў, язычнікі, абмяркоўваючы публічныя пакаранні смерцю тых, хто адмаўляўся пакланяцца ідалам, дзівячыся і разважаючы паміж сабою, казалі, што з'явіліся нейкія людзі, якія не баяцца смерці. Мясцовых жыхароў здзіўляла тое, што ў гарадах пануе эпідэмія, людзі паміраюць проста на вуліцах, вакол шмат трупаў, а хрысціяне не баяцца смерці. Яны смела ходзяць, збіраюць нябожчыкаў і хаваюць іх.

Вядома, сёння сітуацыя і жыццё прыкметна змяніліся. Сёння часам можна пачуць аб хрысціянах зусім іншае: «Глядзі, як сябе паводзіць, а яшчэ праваслаўны!». Людзі, далёкія ад Царквы, сёння чакаюць ад вернікаў амаль роўнаанёльскага жыція, суцэльную любоў і добрае стаўленне адно да аднаго і асабліва да іх. Мы стараемся не асуджаць такіх людзей і не крыўдзімся на іх, бо любоў і дабрыню прапаведаваў Хрыстос Збавіцель. Ён, нават знаходзячыся на крыжы, маліўся за сваіх распінацеляў.

Адказваючы на ваша пытанне, мне вельмі цяжка вызначыць нейкія асаблівасці ў людзей, якія маюць розныя нацыянальныя карані, няхай гэта будуць беларусы, рускія ці ўкраінцы. Усе мы — славяне. У нас адзін Бог, адна Царква, адна вера, адзін алфавіт, адна культура. У нас адзін генетычны код. Так, напрыклад, у сям'і брат і сястра могуць любіць розную музыку, хтосьці захапляецца тэхнікай, а хтосьці — жывапісам, так і ў нацыянальнасцях. Аднак ад гэтага яны не становяцца чужымі, а працягваюць заставацца роднымі людзьмі. Сёння нашу славянскую сям'ю спрабуюць штучна падзяліць, ды яшчэ і пасварыць. І да таго часу, пакуль мы будзем захоўваць духоўнае адзінства ў Хрысце, ва ўлонні Царквы Хрыстовай, мы будзем заставацца вялікай духоўнай праваслаўнай сям'ёй.

— Зараз нярэдка сустракаецца такое, што для веруючага чалавека абрадавы бок веры становіцца важнейшым за яго ўнутранае, духоўнае жыццё.

— Бянтэжыцца такім становішчам не варта, але разумець сітуацыю трэба. І пастыры, ведаючы пра гэта, павінны імкнуцца выпраўляць яе. Многія людзі прыходзяць у праваслаўныя храмы таму, што ім знешне нешта спадабалася: архітэктура, харавы спеў, богаслужэнне, пропаведзь. Можа быць, першы раз чалавек зайшоў у храм дзеля цікавасці, але хто ведае, можа быць Гасподзь такім чынам заклікае яго да Сябе. Можа быць, праз нейкі час гэты чалавек пачне глыбей знаёміцца з жыццём Царквы, а потым зацікавіцца і багаслоўскімі пытаннямі. Трэба сказаць, што такія працэсы — частая з'ява. Як адбываецца ў звычайным жыцці? Як часта ствараюцца сем'і? Убачыў малады чалавек дзяўчыну, спадабалася яна яму вонкава, а потым пачынае знаёміцца з ёй бліжэй, а там, глядзіш, і пакахалі адно аднаго, а потым і злучыліся на ўсё жыццё.

Прыкладна такое ж адбываецца і з абрадавым бокам жыцця нашай Царквы. Жыццё ў Царкве мае знешні і ўнутраны складнік. Знешні, абрадавы бок мае важнае значэнне, але ён не галоўны. Звярніце ўвагу — многія літургічныя дзеянні ў нас называюцца таінствамі. Гэта значыць, за знешнімі дзеямі святаром здзяйсняецца нешта таямнічае, тое, што чалавек не бачыць, але адчувае. Мы не бачым Благадаць Святога Духа, але Яна дзейнічае і жыватворыць кожнага, хто мае веру і прыступае да таінстваў з пакорай. Знешні бок не павінен станавіцца самамэтай, але і без яго мы абысціся не можам. Калі хтосьці больш звяртае ўвагу на абрадавы бок, то ў гэтым выпадку пастыр павінен растлумачыць, што для нас галоўнае, а што другараднае.

— А што вас прывяло да веры?

— У нас у сям'і тата быў чалавекам няверуючым — перакананым атэістам, хоць і нарадзіўся ў сям'і святара. Так склалася, што ў тыя, ужо далёкія, паслярэвалюцыйныя гады ўсіх дзяцей з сем'яў святароў, чыіх бацькоў высылалі ў лагеры, адпраўлялі ў прытулкі, а там начыста выбівалі з іх веру. Праўда, у канцы жыцця мой тата ўсё ж прыйшоў да Бога. А мама была чалавекам веруючым. У нас у сям'і было, калі так можна выказацца, два супрацьлеглыя бакі.

У пасляваенны час у горадзе Карагандзе, дзе мы жылі, служыў адзін з апошніх опцінскіх манахаў — айцец Севасціян. Тады ён быў простым іераманахам, які адбыў ссылку ў сталінскіх лагерах ды так і застаўся на ўсё жыццё ў Карагандзе. У 1996 годзе схіархімандрыт Севасціян быў далучаны да ліку святых. Яго малітвамі Гасподзь здзяйсняў мноства цудаў, і мы, тады яшчэ зусім маладыя людзі, бачылі гэта і, вядома, убіралі ў свае душы ўсё, што адбывалася вакол нас. Магу прывесці маленькі прыклад. Здзяйсняе бацюшка паніхіду і памінае імёны з запісак. Раптам спыняецца і пытаецца: «Хто падаў запіску аб супакаенні такога? Ён жывы». А гэты чалавек з вайны не прыйшоў, і ўсе думалі, што ён памёр. На самай справе мужчына ляжаў у шпіталі і не пісаў лісты, каб не засмучаць блізкіх, а праз нейкі час вярнуўся дадому.

У нашай сям'і хварэла маці. Ёй аднойчы зрабілі найскладанейшую аперацыю. У яе выздараўленне дактары не верылі. Непрытомнае цела мамы на каталцы адпіхнулі да ўвахода ў морг. А бацюшка якраз у гэты момант рыхтаваўся здзяйсняць літургію і, убачыўшы, што ўваходзіць у храм сяброўка мамы, паклікаў яе і сказаў: «Насця, вось табе прасфара і святая вада. Бяжы хутка да Анечкі ў бальніцу, хай з'есць прасфару і пап'е святой вады, а мы будзем зараз маліцца». Насця ўсё так і зрабіла. На здзіўленне дактарам, мама засталася жывой і з часам пайшла на папраўку.

Разам з айцом Севасціянам маліліся і падвізаліся манахіні, якія, як і ён, былі сапраўднымі падзвіжнікамі і нават валодалі адмысловымі благадатнымі дарамі, мелі дар празорлівасці. Калі я вырашыў паступаць вучыцца ў Маскоўскую духоўную семінарыю, у адной гутарцы са мной матушка Агнія парэкамендавала добра падрыхтавацца. «У цябе ёсць настольны каляндар?» — спытала яна мяне. — Куды ты хочаш ехаць паступаць?» «У лаўру прападобнага Сергія Раданежскага», — адказваю. «А які там галоўны храм?» — задае пытанне манахіня. «Троіцкі сабор», — кажу. «А трапар Святой Тройцы ведаеш? Трэба ведаць. Вывучы, спатрэбіцца. А трапар прападобнаму Сергію Раданежскаму ведаеш? Вывучы, спатрэбіцца. А 50-й Псалом ведаеш?» Кажу: «Ведаю». «Прачытай», — кажа яна. «Памілуй мяне, Божа, па вялікай міласці Тваёй і па мноству шчодрасцяў Тваіх...» — чытаю. «Ну ўсё, даволі, даволі, — ківае матушка. — А 90-й псалом ведаеш?» «Ведаю. Той, хто жыве з дапамогаю Усявышняга, пад покрывам Бога Нябеснага...» — пачынаю чытаць. «Ну ўсё, даволі, даволі, — усміхаецца яна. — А лічбы царкоўнаславянскія ведаеш, па-царкоўнаславянску чытаць умееш?» Я пачынаю чытаць і яна зноў: «Ну, хопіць, хопіць». Потым пачала лічбы пытацца па чарзе. «Нядрэнна, нядрэнна, ты добра падрыхтаваўся, так, глядзіш, і адразу ў другі клас паступіш», — кажа яна. Потым спытала, чым цяпер займаюся. А я тады вучыўся ў прафтэхвучылішчы, і трэба было пасля яго прайсці адпрацоўку. І расказаў ёй, што гарадскім дзецям можна было лёгка атрымаць дыплом і не ехаць на адпрацоўку ў калгас. «А дыплом дадуць?» — пытаецца. «Дадуць», — адказваю.

Калі прыехаў у семінарыю і здаў усе экзамены, пайшоў глядзець вынікі. На стэндзе вывесілі спісы тых, хто паступіў, але мяне ў іх не аказалася. Спускаюся на другі паверх і чую, што нехта называе прозвішчы. Падыходжу, пытаюся, чым магу дапамагчы, можа быць, кагосьці паклікаць. «А як тваё прозвішча?» — пытаецца бацюшка. «Панамароў», — кажу. «Бягом да інспектара ў кабінет!» Іду, заходжу да яго ў кабінет, там камісія чалавек з 15. Спыталі маё прозвішча, імя, а потым адзін з іх пачынае пытацца ў мяне слова ў слова, як матушка, у той жа чарговасці: пра галоўны храм, трапары Святой Тройцы і прападобнаму Сергію Раданежскаму, псалмы 50-й і 90-й, папрасіў пачытаць па-царкоўнаславянску і лічбы назваць. Усе словы — адзін у адзін як матушка пыталася. І на ўсе мае адказы, пытаючы, бацюшка рэагаваў аднолькава: «Ну, хопіць, хопіць». А потым і пра дыплом і адпрацоўку спыталі. Хіба не цуд? І, паверце, у маім жыцці такіх прыкладаў мноства.

— І ўсё ж такі сэнс хрысціянскага жыцця — гэта перш за ўсё любоў. Як яе варта праяўляць?

— Сэнс жыцця чалавека на зямлі — богапрыпадабненне. Мы закліканы стаць богападобнымі. А паколькі Бог — гэта Любоў, то і мы, вернікі-хрысціяне, павінны выхаваць у сабе гэты каштоўны дар. Я ведаў адну жанчыну, якая была ў састарэлым узросце і па немачы сваёй ужо не магла выходзіць з кватэры. Яна вельмі перажывала, што не можа тварыць справы любові і міласэрнасці. Дык вось, яна падыходзіла да акна, абапіралася на падаконнік і глядзела на вуліцу. Бачыць, ідзе па вуліцы мужчына з палачкай, кульгае. Думае: «Госпадзі, ён такі няшчасны, дапамажы яму!» Хтосьці нясе цяжкія сумкі, яна звяртаецца да Бога: «Госпадзі, як цяжка чалавеку, дапамажы яму». Яна з кватэры не магла выйсці, але спачувала людзям, малілася і жадала ім дабра. Хіба гэта не добрыя справы? Гэтага і чакае ад нас Гасподзь: спагады і спачування чужому болю. Гасподзь бачыць наш унутраны стан, наша імкненне шукаць Бога і жаданне імкнуцца ў Царства Нябеснае, а яно знаходзіцца ўнутры нашага сэрца.

Мы павінны памятаць, што Бог заўсёды знаходзіцца ў нашым свеце, нават калі мы адварочваемся ад Яго. Задача кожнага хрысціяніна — прыпадабняцца Хрысту, а на гэтым шляху нам варта змагацца са сваімі страсцямі, якія ў кожным з нас жывуць і ствараюць перашкоду на шляху богапрыпадабнення. Прападобны Серафім Сароўскі сказаў: «Здабудзь дух мірны, і вакол цябе выратуюцца тысячы». Імкненне выхаваць у сабе дух мірны і благадаць Духа Святога — гэта і ёсць мэта хрысціянскага жыцця.

Цяжкі гэты шлях — богапрыпадабненне, але ён цалкам магчымы для кожнага, хто хоча выратаваць сваю душу і ўвайсці ў Царства Нябеснае. Нам варта пачынаць з малога. Калі захочацца адказаць крыўдзіцелю — прамаўчы, трэба імкнуцца не прайсці міма таго, хто жыве ў нястачы. Калі не можаш аказаць канкрэтную дапамогу, то ў думках звярніся да Госпада і скажы: «Госпадзі, не магу дапамагчы, хто ў тым мае патрэбу, дапамажы яму Ты, як можаш». Калі наша жыццё будзе напоўнена справамі дабра, любові і міласэрнасці, зменімся мы і зменіцца ў лепшы бок жыццё людзей на зямлі.

— Але ж не ўсе сёння — пагалоўна веруючыя. Як думаеце, што ўвогуле можа прывесці сучаснага чалавека ў Царкву, калі яго жыццё поўніцца клопатам аб матэрыяльным?

— Думаю, што варта ўспомніць словы Хрыста Збавіцеля: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў» (Ін. 15,16). Гасподзь усіх без выключэння заклікае да выратавання. Але толькі той, хто адгукнецца на заклік Божы і сапраўды пажадае выратавання сваёй душы, — прыйдзе ў Царкву. Мімаволі ўзнікае іншае пытанне: «А чаму не ўсе ў такім выпадку адгукаюцца на гэты заклік?» Адказ просты. Калі чалавек пагодзіцца прыняць Евангелле, то яму прыйдзецца змяніць свой ранейшы заганны лад жыцця. Не ўсе да гэтага гатовыя. Змяняць сябе, працаваць над сабой, над сваімі пачуццямі і думкамі — гэта заўсёды подзвіг. Значна прасцей — паеў і на канапу. А калі ў доме тэлевізар, то яшчэ і забавы пад бокам, ляжы і пстрыкай кнопкамі на пульце. Але гэты шлях бяздзейнасці заўсёды вядзе чалавека ў пагібель.

— Зараз па тэлевізары амаль кожны дзень можна ўбачыць тэракты, крушэнні, забойствы, у якіх паміраюць ні ў чым не вінаватыя людзі, дзеці, старыя. Хочаш-не хочаш задаешся пытаннем: чаму Бог гэта дапускае?

— А пры чым тут Бог? Хіба гэта Бог падкладае бомбы, страляе, запускае ракеты, забівае? Бог стварыў чалавека не для таго, каб ён забіваў, а для таго, каб ён, выконваючы запаведзі Божыя, дасягаў святасці і прыпадабняўся Богу, услаўляючы свайго Стваральніка. А ўслаўляючы Бога, удзельнічаў у Божай любові і дабрыні ў Царстве Нябесным. Вось якая была задума ў Бога перад тварэннем свету і чалавека. Але чалавек выбраў іншы шлях, а зграшыўшы і ўсвядоміўшы, што ён нарабіў, зараз шукае сабе ва ўсім апраўданне. Свайго граху і злачынстваў не хоча бачыць, а ва ўсіх бедах і правінах вінаваціць усіх, але толькі не сябе. У гэтым корань усіх нашых бед і нестраенняў. Апынуўшыся ў такім становішчы, чалавек спрабуе зваліць сваю віну на іншага, гэта значыць шукае «ахвярнага казла», а не знаходзячы яго, усё зло перакладае на Бога. І ў выніку ва ўсім вінаваты Бог, але ніяк не чалавек.

Царква на працягу вось ужо двух тысячагоддзяў заклікае людзей не шукаць вінаватых звонку. Чалавек, зазірні ў свой унутраны свет, і ты зразумееш, што Бог нічога дрэннага нам не зрабіў. Усё дрэннае здзейснілі мы самі, супраціўляючыся Богу і жывучы так, як нам хочацца.

— Як вы лічыце, які шлях складанейшы: манаскі або сямейнага жыцця?

— У кожным кірунку ёсць свае цяжкасці і радасці. Не кожны можа стаць манахам і не ў кожнага складваецца сямейнае жыццё. Думаю, што несці подзвіг сямейнага жыцця складаней, чым манаскага. У сям'і кожны імкнецца да свайго асабістага шчасця, а манаская абіцель — гэта таксама духоўная сям'я, але тут усе свядома выбралі гэты шлях і гатовыя жыццё сваё пакласці за бліжняга свайго, каб здабываць благадаці Святога Духа. Сямейнае жыццё — гэта штодзённы подзвіг. Калі подзвігу не будзе, такая сям'я не ўстаіць і распадзецца.

Многія маладыя людзі, беручыся шлюбам, не разумеюць сапраўднага сэнсу сямейнага жыцця. Нехта ў сямейным жыцці шукае задавальнення для сябе, а нехта спадзяецца, што, уступіўшы ў шлюб, пазбавіцца ад паўсядзённых побытавых клопатаў. Адзін малады чалавек мне калісьці сказаў: «Вось дажыў да трыццаці гадоў і думаю, да якога часу буду сам сабе мыць шкарпэткі і гатаваць ежу? Трэба ажаніцца, і хай жонка клапоціцца пра мяне». А жанчына, дасягнуўшы такога ж узросту, думае: «Дакуль жа я буду працаваць, трэба выйсці замуж і хай муж мяне ва ўсім забяспечвае». Два эгаісты сышліся, паспрабавалі жыць дзеля сябе, але доўга не пратрымаліся і разбегліся. А потым кажуць: не сышліся характарамі.

— І што ж можа іх падштурхнуць змяніцца? Што наогул можа змякчыць чалавечае сэрца, душу?

— Прыклад нам даў Хрыстос Збавіцель. У хрысціян ёсць прыклад, да якога мы павінны імкнуцца. Гэта Збавіцель свету — Ісус Хрыстос. Апостал Павел аднойчы выказаў выдатную думку: «Пераймайце мяне, як я — Хрыста» (1 Кар. 4,16). І для апостала Паўла Ісус Хрыстос быў узорам для пераймання. Рэкамендую ўсім часцей чытаць Евангелле. Яно дапаможа нам раскрыць глыбіню і сэнс чалавечага жыцця на зямлі. Там — адказы на ўсе нашы пытанні...

7 асабістых пытанняў

— Як зразумець, дзе дабро, дзе зло?

— Як па пладах можна даведацца пра дрэва, так і па справах чалавека можна даведацца, дабро гэта ці зло. Размаўляючы з прыхаджанамі, я часта рэкамендую кожнаму пратэсціраваць сябе, хто ж я ёсць на самай справе. У пасланні апостала Паўла да Галатаў ёсць выдатныя думкі пра плады духу. Гэта «... любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, дабрыня, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманне» (Гал. 5, 22—23). Калі ў мяне ёсць гэтыя добрыя якасці, то значыць, я на выратавальным шляху. А калі іх няма, а толькі справы плоці, пра якія кажа апостал Павел: «Учынкі плоці вядомы, вось яны: пралюбадзейства, блуд, нечыстата, разбэшчанасць, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры, [спакусы], ерасі, нянавісць, забойствы, п'янства, бясчынствы і таму падобнае; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўнаследуюць» (Гал. 5, 19—21).

— Як вы адпачываеце?

— Для мяне вялікім суцяшэннем з'яўляецца богаслужэнне. Успамінаю маму. Яна мне казала, што я адпачываць не ўмею, як усе людзі. А я схаджу на службу, а ўжо тым больш калі сам служу, адразу прыліў сіл адчуваю. Упэўнены, што гэта Гасподзь падмацоўвае. Целам часам стамляешся, а душой заўсёды адпачываеш.

— Самы дарагі падарунак, які вам зрабілі бацькі?

— Па-першае, яны падарылі мне жыццё! Па-другое, іх жыццё для мяне яркі і непаўторны ўрок і прыклад. Я да гэтага часу памятаю, што яны ніколі не высвятлялі адносіны пры дзецях. Часам тата на працы затрымаецца, а ў мамы спраў безліч, ёй дапамога патрэбна: «Зараз прыйдзе бацька дадому, я яму ўсё выкажу!» — пагарачыўшыся, казала мама. Тата прыходзіць, мама пачынае яму нешта казаць, а хвілін праз дзесяць чуем — яны смяюцца. Яна яму папрок — ён ёй жарт або анекдот. Тата ўмеў звесці ўсё на жарт. Таму і сварак у іх сур'ёзных ніколі не было. Мудрыя былі бацькі.

— Без чаго не можа жыць хрысціянін?

— Вядома, без Бога.

— Што можа ўпрыгожыць ваш дзень?

— Можна гэта зрабіць самому. Раніцай прачнуўся, звесіў ногі з ложка і сказаў: «Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу. Слава Табе Божа, што я жывы. Навучы мяне, Госпадзі, выконваць волю Тваю». Потым ранішняя малітва. У плыні дня вельмі важна навучыцца бачыць у кожным чалавеку вобраз Хрыста. Тады кожная сустрэча з кім пажадаеце будзе радасцю.

— Якая кніга змяніла вашае жыццё?

— Безумоўна, Евангелле. Калісьці я захапляўся кнігамі пра ваенных лётчыкаў, ды і сам хацеў ім стаць, шмат чытаў пра Івана Кажадуба, Аляксандра Пакрышкіна. А потым даведаўся, што лётчыкам можа стаць толькі камсамолец, а ў той час гэта азначала адмовіцца ад Бога. Таму адразу кінуў думаць пра гэта. Ужо пасля службы ў войску на мяне надзвычайнае ўражанне зрабіла кніга «Маё жыццё ў Хрысце» святога праведнага Іаана Кранштацкага.

— Як зразумець, што жывеш правільна?

— Варта часцей зазіраць у свой унутраны свет і справядліва ацэньваць свае ўчынкі. Даваць бесстароннюю ацэнку свайму жыццю, часцей звяртацца да голасу сумлення. На шляху самапазнання, вядома ж, павінен быць непарушны арыенцір — Евангелле. Праз прызму Евангелля можна лёгка вызначыць і добрае, і злое.

Увечары, кладучыся ў ложак, успомні, што сёння зрабіў? Калі было нешта добрае, скажы: «Госпадзі, слава Табе! Хоць нешта зрабіў з Тваёй дапамогай». А калі зрабіў нешта не тое ці дрэннае, не забудзься сказаць: «Прабач мне, Госпадзі, і дапамажы выправіцца». І пастарайся выправіцца. І так кожны дзень. Толькі так можна прыйсці да добрых вынікаў
у духоўным жыцці.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.