Вы тут

Францыск Скарына праз прызму самасвядомасці


Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка». У выданні сабраны самыя цікавыя артыкулы знакамітых пісьменнікаў, навукоўцаў, даследчыкаў, культурных і грамадскіх дзеячаў пра жыццё і дзейнасць Першадрукара цягам апошняга стагоддзя. Выданне атрымалася прадстаўнічым, яркім, пазнавальным.


Здаецца, усё, што можна было напісаць пра нашага знакамітага суайчынніка, ужо напісана. Тая частка біяграфіі Францыска Скарыны, якую зараз можна дакладна ўзнавіць, перайшла ў шэраг агульнавядомых рэчаў, а яго значэнне для беларускай і нават сусветнай культуры неаднаразова пацверджана. Што ж вылучае гэтую кнігу сярод іншых выданняў скарынаўскай тэматыкі? Адметнасць і нават нечаканасць кнігі «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» ў тым, што праз публікацыю раней надрукаваных і знаёмых нарысаў атрымалася ўзбагаціць справу Асветніка. Сабраныя пад адной вокладкай, тэксты ўзаемадзейнічаюць і атрымліваюць дадатковы, звышаўтарскі, сэнс.

 Кніга складаецца з некалькіх пластоў. Чытач, у залежнасці ад асабістых схільнасцей ды ўзроўню філалагічнай і гістарычнай падрыхтоўкі, можа засяродзіцца на кожным з іх. Першы, відавочны, пласт — асоба Францыска Скарыны. Першы раздзел, які мае назву «Дзеі Скарыны», прысвечаны публікацыям біяграфічнага кірунку. Цікава прасачыць, як журналісты і літаратуразнаўцы збіралі агульнавядомыя цяпер звесткі, друкавалі артыкулы, праз якія масавая аўдыторыя ўпершыню адкрывала для сябе Скарыну. Другім пластом кнігі можна назваць своеасаблівы агляд скарынаўскай эпохі, пазнавальныя рэмаркі, скіраваныя на павышэнне агульнай адукацыі чытача. Напрыклад, Сцяпан Александровіч у артыкуле «Францыск, Скарынін сын з Полацка» зазначае: «Францыск Скарына быў сучаснікам вялікіх падарожнікаў — Калумба, Амерыга Веспучы, Магелана і Васка да Гамы, славутых італьянскіх мастакоў — Леанарда да Вінчы, Рафаэля і Мікеланджэла. Толькі на год раней, чым з’явілася першая кніга беларускага друкара, выйшла “Утопія” Томаса Мора. У той жа год, калі Ф. Скарына стаў ля друкарскага станка, Марцін Лютэр выступіў супраць продажу індульгенцый. У 1519 годзе, калі беларускі асветнік заканчваў друкаванне кніг у Празе, Магелан накіраваўся ў падарожжа вакол свету. У 1529 годзе, калі Ф. Скарына знаходзіўся ў Вільні, полымя сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Томаса Мюнцэра ахапіла ўсю Германію».

Апошні пласт — прыхаваны, але надзвычай актуальны — утрымлівае пункт гледжання саміх публіцыстаў, большасць якіх — перадавыя культурныя дзеячы сваёй эпохі. Як слушна заўважыў у прадмове да кнігі ўкладальнік выдання Алесь Суша, «Францыск Скарына, які стаяў ля вытокаў нацыянальнай беларускай культуры, з’яўляецца яе сімвалам». Сімвал — гэта ўмоўны, зборны мастацкі вобраз, які мае на мэце перадаць пэўную ідэю, закладзеную аўтарам. Такім чынам, замест сапраўднага Францыска Скарыны, рэальную асобу якога мы ўжо не здолеем спасцігнуць, паўстае герой, патрэбны беларусам: асветнік, гуманіст, доктар медыцынскіх навук, выпускнік Падуанскага ўніверсітэта, нарэшце, Першадрукар усходніх славян. Вобраз Скарыны дапамагаў абуджаць самасвядомасць, абгрунтоўваў гістарычную значнасць беларусаў, сцвярджаў права нашай нацыі на асобную дзяржаўнасць. У матэрыялах пра Францыска Скарыну захавалася эпоха, у якой жылі аўтары тэкстаў. Славуты беларус падаваўся праз прызму светабачання вядомых культурных дзеячаў, станавіўся носьбітам іх думак і ідэй.

Трэба ўлічваць, што многія з публікацый з’явіліся пад уплывам святкавання 400 і 450-годдзя беларускага кнігадрукавання. Юбілейныя ўрачыстасці 400-годдзя прыпадалі на 1917 — 1926 гг., калі на культурнай сферы пакінулі адбітак Першая сусветная вайна і падзеі рэвалюцыі. Цікава паглядзець на каментарый Максіма Гарэцкага ў артыкуле «Доктар Францыск Скарына» за 1917 год: «На гэты бок акопаў нешта не чуць таго і свята. 400-лецце друку нашага пройдзе ціхенька адзначаным у нас і забытым у палякаў і маскоўцаў». Бачым, што аўтарскія матэрыялы пра Францыска Скарыну і яго эпоху былі актуальныя для іх сучаснікаў.

Кніга зацікаўлівае і з пункту гледжання гісторыі журналістыкі, і з пункту гледжання філалогіі. Выявы старонак такіх выданняў, як «Наша Ніва», публіцыстыка вядомых пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў прыцягвае ўвагу не толькі як носьбіт інфармацыі пра Першадрукара. У раздзеле «Слова Скарыны» праведзена паўнавартаснае філалагічнае даследаванне, бо першыя друкаваныя беларускія кнігі — важны аб’ект для вывучэння.

Асобна трэба звярнуць увагу на працу Усевалада Свентахоўскага, адказнага за мастацкае афармленне і дызайн кнігі. Выданне атрымалася надзвычай прыгожае і добра ілюстраванае. Аўтарскія матэрыялы перамяжоўваюцца з гравюрамі, малюнкамі, фотаздымкамі, узорамі распрацоўкі шрыфтавых гарнітур паводле шрыфту Скарыны, адсканаванымі старонкамі газет, часопісаў і нават кніг самога Францыска Скарыны. Заўважна, што першая вядомая беларускамоўная публікацыя пра Францыска Скарыну — артыкул Сяргея Палуяна «Калі друкавалася першая беларуская “Біблія”?», надрукаваны ў «Нашай ніве» — змешчаная ў першапачатковым выглядзе як адсканаваная старонка газеты.

У выніку кніга «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» атрымалася добрым увасабленнем цікавай задумы.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Кніга «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» насычаная цікавымі фактамі пра жыццё і творчасць Першадрукара. Акрамя дакладных звестак, на старонках выдання можна сустрэць і арыгінальныя меркаванні даследчыкаў. Нягледзячы на тое, што адшукаць доказы на такім вялікім часавым прамежку вельмі складана, некаторыя тэорыі вартыя ўвагі.

Прыкладам, пісьменнік і літаратуразнаўца Алег Лойка сцвярджаў, што Францыск Скарына дакладна ўсведамляў значэнне сваёй друкарскай дзейнасці не толькі для суайчыннікаў, але і для нашчадкаў. Дзеля гісторыі ён захаваў даты, калі пабачылі свет самыя значныя яго выданні. Больш за тое, пісьменнік меркаваў, што дзень узнікнення беларускага кнігадрукавання, 6 жніўня 1517 года, быў невыпадковы. Францыск Скарына загадзя абраў менавіта гэтую дату для выдання Псалтыра: «Будучы прававерным хрысціянінам, Скарына не мог працаваць у гэты дзень ці паказваць праваслаўнаму, што ён на свята працаваў. Але Скарына не зважаў на забароны, бо яму важная была сімволіка: шэсць дзён Бог ствараў свет, шостага скончана ім, Скарынам, друкаванне Псалтыра; 6 жніўня — свята Спаса-выратавання, дык дзеля выратавання душаў яго Псалтыр; 6 — свята праабражэння-пераўтварэння, дык дзеля пераўтварэння душ, тварэння новых душ, адрыву іх ад цемры і далучэння да святла — Псалтыр!». У доказ тэорыі Алег Лойка звярнуўся да ўласнага партрэта Першадрукара, які той змясціў на старонках святой кнігі. На думку пісьменніка, гэты факт сведчыць пра гуманістычнае імкненне Скарыны выйсці за межы сярэдневяковых дагматаў і наблізіць «чалавека-тварца» да «Бога-тварца».

 Беларускі мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін зрабіў спробу выйсці на дзень нараджэння Францыска Скарыны праз яго герб, так званае «Сонейка маладзіковае». Паколькі Першадрукар не належаў да шляхты, то, хутчэй за ўсё, азначаны герб з’яўляўся не геральдычным знакам яго роду, а сімвалам, які Скарына абраў самастойна. Але ў сярэднявеччы спалучэнне сонца і месяца лічылі прыкметай няшчасця. Што магло падштурхнуць асветніка да такога нечаканага выбару? «…Знак у “гербе” Скарыны хутчэй за ўсё трэба тлумачыць як знак зацьмення; знак гэты быў прыняты Скарынам, нягледзячы на тое, што ён меў значэнне благога вешчавання, і, мабыць, нават уласна з гэтай прычыны; ужыванне яго ў “гербе” магло мець значэнне прадахоўнага талісмана з мэтаю забяспечыць сябе ад таго благога ўплыву, які, згодна забабонным вераванням сярэдневякоўя, мог аказаць на лёс Скарыны нейкі факт сонечнага зацьмення, выпадкова датычны да якоганебудзь аднаго з важных момантаў яго жыцця». Мікола Шчакаціхін дапускае, што такім важным момантам быў год нараджэння Францыска Скарыны. Пасля вывучэння астранамічных дадзеных ды супастаўлення іх з вядомымі фактамі біяграфіі Першадрукара даследчык прыводзіць гіпотэзу, што Францыск Скарына мог з’явіцца на свет 6 сакавіка 1486 года.

Загаловак у газеце: Сімвал беларушчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?