Вы тут

Дзюдаістка Марына Слуцкая: Пасля Алімпіяды я страціла сябе


Самая паспяховая дзюдаістка краіны расказала, чаму не трапіла на Гульні ў Бразілію, навошта так рана пачала трэнерскую кар'еру і чаму яе не пускалі ў начныя клубы сталіцы.


Марына Слуцкая ў сёлетнім сезоне пабіла ўсе рэкорды: упершыню ў гісторыі сярод беларусаў выйграла спаборніцтва Гран-пры і чэмпіянат Еўропы, а пасля турніру Вялікага шлема, дзе стала трэцяй, узначаліла сусветны рэйтынг дзюдо ў катэгорыі звыш 78 кг.

— Вельмі задаволеная, як для мяне складваецца старт сёлетняга сезона. Лепш, чым ёсць, ужо не трэба. Добра было б пратрымацца ў такой форме да чэмпіянату свету, які будзе ў канцы жніўня. Усё ж першынство Еўропы і свету — для нас галоўныя старты сезона. Таму, калі стала першай на кантыненце, вельмі ўзрадавалася, эмоцый было нашмат больш, чым ад навіны, што ўзначаліла сусветны рэйтынг. Хоць ён таксама важны, ад рэйтынгу залежыць жараб'ёўка на спаборніцтвах: чым вышэй спартсменка ў выніковым спісе, тым менш шанцаў сустрэцца з лідарамі дзюдо на першых этапах турніру.

«Пасля Гульняў у Лондане наша дзюдо трапіла ў яму»

Нягледзячы на свой узровень, па дзіўным збегу абставін Слуцкая не трапіла на Алімпіяду ў Рыа. Каб адабрацца туды, ёй не хапіла ўсяго 40 рэйтынгавых ачкоў.

— Цяпер шукаць вінаватых няма сэнсу. 40 ачкоў — гэта адна выйграная сутычка на чэмпіянаце свету, з якога мяне знялі. Афіцыйная прычына — не выкананне трэнерскіх установак. Гучыць дзіўна... Да гэтага мяне не павезлі яшчэ на некалькі турніраў. А я чалавек, які не можа працаваць у стрэсе, у канфлікце, гэтая праца не прыносіць ні задавальнення, ні выніку.

Цікаўлюся ў Марыны, з чым, на яе погляд, звязаны відавочны спад узроўню беларускага дзюдо пасля перамогі Ігара Макарава на Алімпійскіх гульнях 2004 года.

— Атрымалася так, што дарослыя спартсмены тады паказвалі добрыя вынікі, але за імі не было моладзі. Потым яна з'явілася, але не змагла на такім жа высокім узроўні перайсці ў дарослы спорт. Пасля Гульняў у Лондане наша дзюдо трапіла ў яму. Зноў жа ў камандзе пастаянна ўзнікалі нейкія канфлікты. Асабіста для мяне гэтыя чатыры гады перад Алімпіядай у Бразіліі былі вельмі складаныя: мяняліся трэнеры, некалькі разоў мяняліся правілы.

Цяпер ужо адбылася змена пакаленняў, не толькі спартсменаў, але і трэнераў. Прыйшлі маладыя настаўнікі з сучаснымі падыходамі, новымі павевамі, сталі з'яўляцца клубы. Мой асабісты трэнер — Леанід Фёдаравіч Свірыд — цудоўны чалавек і вялікі прафесіянал. Цяпер у нацыянальнай камандзе стварылася вельмі камфортная абстаноўка, разуменне паміж спартсменамі і трэнерамі, добрая атмасфера. Гэта было відаць на чэмпіянаце Еўропы, калі зборная на адным з маіх паядынкаў заскандзіравала «Беларусь, Беларусь», яны перакрычалі залу на некалькі тысяч чалавек. Я думаю, калі такімі ўдарнымі сіламі і калектывам мы падыдзем да алімпійскага адбору, можам разлічваць не на адну і не на дзве ліцэнзіі ў Токіа.

«Як толькі сказаў сабе «не магу», ты прайграў»

Марына адзначае, што сёння наймацнейшымі ў дзюдо з'яўляюцца родапачынальнікі гэтага віду спорту — японцы, на добрым рахунку расіяне, ды і еўрапейскія прадстаўнікі становяцца ўсё мацнейшыя.

— Лічу, што залог поспеху ў нашым відзе спорту — гэта парадак, таму што парадак, як правіла, б'е клас. Парадак у галаве, у сваіх дзеяннях. Вялікае значэнне мае псіхалогія: ты можаш быць супертэхнічным і моцным у фізічным плане, але быць баязліўцам — і тады наўрад ці дасягнеш выніку. У кожнага спартсмена ёсць моцныя бакі, я, напрыклад, не асабліва кідковы барэц, але здольная цярпець і ў фізічным, і ў псіхалагічным плане.

У сутычцы, дзе фізічна складана, на першы план выходзіць псіхалогія, як толькі ты сказаў сабе «не магу», ты прайграў.

Гаворачы пра максімум, якога хацелася б дасягнуць у кар'еры, Марына прызнаецца, што марыць аб алімпійскім медалі, і ўсё роўна якой вартасці ён будзе.

— Я рэальна ацэньваю свае магчымасці, алімпійскі медаль — гэта далёка ідучыя планы, для пачатку на Гульні трэба адабрацца, таму што, як правіла, алімпійскі адбор у 10 разоў складаней за сам турнір. У жанчын на Алімпіяду трапляе 14 чалавек з больш чым 100 спартсменак.

«Калі ў камандзе няма ўрача, галоўны ўрач я»

Спецыялісты адзначаюць: дзюдо досыць траўманебяспечны від спорту, у асноўным пакутуюць галёнкаступнёвыя суставы, калені, плечы, локці і пальцы.

— Калі з намі ў камандзе няма ўрача, галоўны ўрач я. За столькі гадоў ужо навучылася тэйпіраваць усіх, перавязваць, заклейваць. Неяк нават сама адкачвала сабе вадкасць з калена. Бачыла гэтую працэдуру шмат разоў, таму вырашыла паспрабаваць. Атрымалася. Праўда, цяпер такой неабходнасці ўжо няма, у нас у зборнай ёсць вельмі добры ўрач.

Марына ўпэўнена, што яе відам барацьбы можа займацца кожны, нягледзячы на вагу, рост і камплекцыю.

— Я лічу, што гэта вялікі плюс дзюдо. У маёй катэгорыі звыш 78 кг можа змагацца спартсменка 80 кг а можа за дзвесце. Таму дыеты мне не пагражаюць, магу есці, што хачу, хоць, вядома, ёсць межы, якія я стараюся не пераступаць па вазе. Наогул, я — ласун, тарты, пірожныя, цукеркі — гэта маё. Напрыклад, адзін кілаграм цукерак магу з'есці не за раз, але за два дакладна. Аднойчы на зборах вымяняла беларускую каўбасу на ўкраінскія цукеркі (смяецца).

«Я строгая, сваруся, дзеці мяне баяцца»

Высокія спартыўныя амбіцыі не перашкаджаюць Марыне працаваць трэнерам, з дзецьмі яна займаецца ўжо каля пяці гадоў.

— Спачатку проста дапамагала сваёй сяброўцы, яна толькі пачала працаваць трэнерам і не спраўлялася, а ў мяне характар баявы. Потым у адной са школ прапанавалі паспрабаваць трэніраваць самой, я была ўжо на 3-м курсе ўніверсітэта фізкультуры. А праз некалькі гадоў са сваімі сябрамі, таксама маладымі трэнерамі, вырашылі арганізаваць клуб дзюдо, які цяпер называецца «Тыгр», ён працуе ўжо год, знаходзіцца ў Мінску на нядрэнным рахунку.

Я строгая, сваруся, дзеці мяне баяцца (смяецца). Складана працаваць з сучасным пакаленнем, у першую чаргу, таму што іх цяжка зацікавіць.

Напрыклад, зараз арганізуем набор у лагер, бацькі даюць грошы, а дзеці кажуць: «Я не хачу, буду дома сядзець у камп'ютары». Мне складана для сябе гэта растлумачыць, таму што я плакала, калі не ехала ў лагер. Дзеці, вядома, цяпер іншыя, з групы 15 чалавек, у лепшым выпадку адзін умее падцягвацца, што казаць, баяцца залезці на шведскую сценку.

Сама Марына прыйшла ў дзюдо толькі ў 8 класе, да гэтага займалася настольным тэнісам і вольнай барацьбой.

— Мяне ўвогуле не дужа хацелі кудысьці браць, таму што я была такая булачка — маленькага росту з вялікімі шчокамі. Мама была катэгарычна супраць дзюдо, не адпускала на трэніроўкі. Пасля таго, як прыйшлі вынікі, я пачала ездзіць на спаборніцтвы за мяжу, стаўленне, вядома, змянілася. Цяпер бацькі ганарацца мной. Першае, што робіць тата, калі прыходзяць госці, — адкрывае дзверы ў мой пакой і кажа: «Паглядзіце, у мяне дачка дзюдаістка». А там усё ўвешана фатаграфіямі, медалямі, кубкі стаяць.

Марына — чалавек, які хварэе сваёй справай, яе хвалюе не толькі ўласная кар'ера, але і папулярнасць дзюдо ў краіне ў цэлым.

— Я выйграла чэмпіянат Еўропы, і, думаеце, гэта дзесьці неяк прагучала? Мінімальна! У аэрапорце мяне сустрэў адзін журналіст з «ВаенТБ». Беларускаму дзюдо не хапае рэкламы, гэта вельмі крыўдна.

«На дыскатэцы была чатыры разы, два з іх мяне не пусцілі»

А вось тое, што прафесійны спорт на няпэўны час патрабуе адкласці асабістае жыццё, Марыну не палохае, яна сцвярджае, што самае галоўнае — правільна расставіць прыярытэты.

— Высакакласны спартсмен, таленавіты чалавек павінен знаходзіць час на ўсё. Зараз я расставіла акцэнты ў бок спорту, у гэтым мяне падтрымліваюць блізкія. Як будзе праз год-два — невядома. Мінулым летам наогул хацела заканчваць са спартыўнай кар'ерай. Няўдалы чэмпіянат Еўропы, там суддзі зрабілі ўсё для майго пройгрышу, быў для мяне велізарным ударам. Я настройвалася на медаль. Пасля няўдачы не спала трое сутак, першы час заплюшчвала вочы, а ў мяне сутычка, як слайд-шоу праносіцца. Толькі адышла ад яго, як мяне чакаў наступны ўдар — не трапіла на Алімпійскія гульні. Ні з-за чаго ў жыцці я так яшчэ не перажывала. Пасля гэтага наогул згубіла сябе і вырашыла пакінуць спорт. Паспрабаваць яшчэ раз мяне ўгаварыў трэнер.

Што датычыцца адпачынку і шумных кампаній, то Марына аддае перавагу спакойнаму баўленню часу.

— Не люблю клубы, вечарыны, нейкія свецкія выхады. Наогул, на дыскатэцы была чатыры разы, два з іх мяне не пусцілі. Я была цвярозая, акуратна апранутая, але... Адзін раз сказалі, што ўстанова перапоўнена, хоць перад намі ў яе пусцілі чалавек 10, а другі раз мы не трапілі ў клуб, бо мае сябры нібыта вельмі гучна размаўлялі.

Усё ж такі я больш люблю адпачынак на прыродзе, шашлыкі. Калі моцна стамляюся, магу з'ехаць на дачу, там лазня, рыбалка.

У завяршэнне нашай размовы Марына Слуцкая падзялілася чаканнямі ад маючых адбыцца буйных турніраў, якія будзе прымаць Беларусь.

— Хакей не вельмі люблю і чэмпіянат свету ў 2014 годзе прайшоў міма мяне. А вось на Еўрапейскіх гульнях у Баку я была, бачыла, як выдатна там усё было арганізавана. Грошай укладзена шмат, асабліва ў цырымонію адкрыцця і закрыцця. Магчыма, нашай краіне столькі сродкаў не спатрэбіцца. У нас жа ўмеюць будаваць піраміды, вазы з гімнастаў. Я жыву ў раёне Трактарнага завода, у іх там нейкі крэатыўны чалавек з'явіўся. Кожны тыдзень святы, феерверкі, лазернае шоу, танцуючыя трактары. Я думаю, калі яны вывезуць гэтыя машыны на стадыён «Дынама», нікому больш нічога і не спатрэбіцца. А калі сур'ёзна, то такія турніры — гэта, перш за ўсё, магчымасць прарэкламаваць сваю краіну, умацаваць яе аўтарытэт і завабіць турыстаў у Беларусь.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.