Гэту тэрыторыю плошчай 5 га ў народзе называлі «шанхаем» з-за шчыльнага размяшчэння ўчасткаў. Мінулай восенню будаўнічая тэхніка зруйнавала іх дзеля таго, каб стварыць тут новы куток адпачынку гараджан.
Развалілі развалюхі
Мікрараён Фолюш у Гродне будаваўся для вайскоўцаў. Сюды ў 70-х гадах вярталіся ваенныя з Усходняй Германіі. Навасёлы звярнулі ўвагу на вялікі яр каля дамоў. Ніякіх дакументаў не афармлялі, а пачалі самі па сабе асвойваць тэрыторыю. На плошчы каля 10 га з'явіліся агароды, часовыя забудовы, плоцікі, цяплічкі. Колькі тут было ўчасткаў, наўрад ці хто лічыў, можа нават некалькі сотняў.
Стыхійныя дачныя ўчасткі размясціліся ў маляўнічай зоне на ўскрайку горада, дзе працякае невялікая рачулка Ласасянка. Сюды прыязджаюць адпачыць з усяго горада. На гэту акалічнасць звярнулі ўвагу мясцовыя ўлады. Ды і парадак трэба было наводзіць на зямлі — «шанхай» не ўпісваўся ў воблік гарадскога асяроддзя. Мінулай вясной жыхароў папярэдзілі, каб разбіралі свае развалюхі.
— Адразу было шмат скаргаў і зваротаў, — успамінае кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алег Бялінскі. — Але трэба разумець — агароды ствараліся самазахватам, ніхто права на ўласнасць не даваў. Між іншым, свой ураджай усе паспелі сабраць.
А позняй восенню сюды прыгналі будаўнічую тэхніку, якая падрыхтавала вялізны ўчастак пад будучы сквер.
Усёй грамадой
Цяпер ужо многія зразумелі — старыя забудовы стрымліваюць добраўпарадкаванне тэрыторыі, якая магла б стаць новай зонай адпачынку і для мікрараёна, і для ўсяго горада. Першыя вынікі не прымусілі доўга чакаць.
— Толькі смецця было вывезена 600 самазвалаў, — заўважае Алег Бялінскі. — Пасля чаго завезлі грунт, каб выраўняць тэрыторыю, а гэта даволі вялізная плошча. Да расчысткі далучыліся многія гродзенскія ўстановы.
У адміністрацыі растлумачылі: работы вядуцца не за бюджэтныя сродкі, а за кошт розных арганізацый — будаўнічых, транспартных, а таксама прыватных прадпрыемстваў горада. Падтрымалі і гараджане. Падчас суботніка сюды прыйшлі амаль 80 мясцовых жыхароў, а ўсіх дабраахвотнікаў было больш за 400. Дарэчы, адным суботнікам не абышліся. Каб паскорыць работы, у маі арганізавалі яшчэ адзін, дзе таксама набралася каля сотні памочнікаў.
— Паступова мы пазбавіліся ад непрывабнай карціны, якая псавала выгляд, — адзначыў Алег Бялінскі, — зараз бераг рэчкі Ласасянкі пачынае нагадваць паркавую зону, хаця работы яшчэ многа.
Будучыня — за паркам
Былы «шанхай» набывае новыя рысы. За кароткі час пасаджана каля 160 дрэў — бярозак і клёнаў. Дарэчы, усе яны агароджаны і пастаянна паліваюцца. За гэтым сочыць мясцовы ЖЭС. Вызначана некалькі алей, пракладзена дарога. Камунальна-эксплуатацыйным прадпрыемствам устаноўлены дзясятак драўляных лавак, даволі арыгінальных.
Сюды ўжо пацягнуліся жыхары мікрараёна. Далучаюся да жанчын, якія выйшлі пагуляць з сабачкамі. У першую чаргу яны пачынаюць выказваць свае заўвагі:
Жанчыны развіталіся і пайшлі збіраць па полі малады кроп. Гэта частка тэрыторыі пакуль нагадвае пустку, а не сквер. І усе ж, згодна з праектам, недзе тут будуць уладкаваны спартыўныя пляцоўкі — для валейбола, футбола.
Група хлопцаў рухаецца з боку мікрараёна. У парку ім пакуль няма чым заняцца, толькі што на лаўцы пасядзець. А зробяць спартыўныя пляцоўкі — можа і моладзь зацікавіцца. Хлопцы згодны, што сквер трэба абжываць, рабіць цікавым і ўтульным.
Напрыканцы
Пачула ў парку, як адна з жанчын сказала: «Дык на суботніку толькі на адну гадзіну выйшлі, працаўнікі...» Сама яна не выходзіла, бо мела тут агарод і лічыць сябе пацярпелай. Затое зараз не супраць прагуляцца па новай дарожцы.
Дарэчы, з другога боку мікрараёна яшчэ застаецца вялікі ўчастак са стыхійнымі дачамі. Такая ж тэрыторыя ў 5 га. Ёсць звесткі, што і там калі-небудзь пачнуць уладкоўваць зону адпачынку.
Сяргей Сарока, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна:
— У хуткім часе прыступім да прыбірання смецця з астатняй часткі тэрыторыі. Там таксама пракладзём дарожкі, высадзім алею, будзе больш лавак. Маем намер усталяваць кантэйнерную пляцоўку для сметніка.
Думаю, што да восені гэта тэрыторыя значна зменіцца. Пасля ландшафтнай перапланіроўкі з'явяцца газоны з роўнай травой, дзіцячыя пляцоўкі. Ёсць намер высадзіць у цэнтры ёлку, усталяваць асвятленне, каб збіраліся тут гараджане на навагоднія святы.
Марым упрыгожыць парк-сквер скульптурамі, малымі архітэктурнымі формамі. Магчыма, нашы прафесійныя майстры згодзяцца правесці пленэр і падарыць свае творы. Мы разлічваем толькі на спонсарскія сродкі і дапамогу гараджан.
Маргарыта УШКЕВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».