Вы тут

Андрэй Снігур: Я праехаў аўтастопам каля 120 тысяч кіламетраў


Бабруйскі падарожнік Андрэй Снігур нядаўна дабраўся гэтым спосабам ажно да Кітая. Узяўшы з сабой у дарогу сумку з рэчамі і 27 долараў, ён пераадолеў больш за 5 тысяч кіламетраў усяго за 4 дні і 22 гадзіны. Падарожнік адправіўся па маршруце Мінск—Масква—Уладзімір—Ніжні Ноўгарад—Чабаксары—Казань—Набярэжныя Чаўны—Уфа—Чалябінск—Троіцк—Кустанай—Астана—Караганда—Алматы—Жаркент—мяжа з Кітаем.


З Андрэем Снігуром мы гутарым па скайпе. У мікрафон залятае адрывістая кітайская гаворка. Недзе на заднім фоне грукочуць грузавікі. Сувязь ненадзейная, гук перыядычна выключаецца. Але зважаючы на велізарную адлегласць, гэта і не здаецца вялікай праблемай.

— Як у вас нарадзілася задума такога транскантынентальнага падарожжа?

— Насамрэч я еду ў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі ўжо трэці раз. Тры гады таму шлях у Кітай заняў у мяне 5 месяцаў. Праўда, тады я наведаў заадно і іншыя азіяцкія краіны.

— Чым прыцягвае ўвагу менавіта Кітай?

— Гэтая краіна мне падабалася яшчэ ў дзяцінстве. Усё пачалося з фільмаў з Джэкі Чанам і Брусам Лі. Цяпер жа я запусціў свой праект — Bulbа Сhаnnеl, для якога і хачу здымаць відэа пра падарожжы. Скажам, нешта накшталт «гонза-журналістыкі» для фармату Yоutubе. Натуральна, гэта прасцей рабіць у краіне, дзе ты ўжо быў і калі штосьці ведаеш. Таму першай краінай у маім турнэ аказаўся Кітай.

— Як шмат часу займае падрыхтоўка да падарожжа аўтастопам?

— Усё проста — я зрабіў візу, сабраў сумку і паехаў.

— У многіх людзей падарожжа аўтастопам звязана з бояззю...

— Я праехаў такім спосабам ужо каля 120 тысяч кіламетраў. Лічыце, тройчы аб'ехаў зямны шар па экватары. Мяне падвозіла агулам недзе каля 3 тысяч чалавек. І з іх усіх толькі адзін аказаўся нядобрым. Усе астатнія кіроўцы ў рознай ступені былі адкрытыя, сяброўскія. Зла я ад іх не бачыў. Але пагаджуся, што гісторый аб тым, што падарожнікі-аўтастопшчыкі знікаюць, — вельмі шмат. Мушу зазначыць, што небяспека тут ёсць і з боку кіроўцы, і з боку аўтастопшчыка. Нават можна сказаць, што паміж імі ўзнікае ўзаемная боязь. Але проста абодвум бакам трэба паводзіць сябе адэкватна. І гэта мала таго што панізіць градус недаверу, дык яшчэ і вырашыць многія пытанні.

— Андрэй, а чаму быў абраны шлях з такой вялікай колькасцю перавалачных пунктаў?

— Насамрэч іх не так і шмат. Справа ў тым, што гэта быў самы кароткі і хуткі маршрут. Я наўмысна выбіраў аўтамабілі, якія абміналі гарады. У вялікія населеныя пункты я заязджаю ў рэдкіх выпадках. Таму што пытанне, як у іншай краіне дабрацца, скажам, з горада А ў горад Б, вельмі вострае. Ты не ведаеш ні вулічна-дарожнай сеткі, ні маршрутаў грамадскага транспарту. Ды і самі гарады могуць вельмі адрознівацца ад беларускіх па сваіх памерах. Я аднойчы трапіў у горад Ланьчжоў, сталіцу правінцыі Ганьсу ў Цэнтральным Кітаі. (Там жыве больш за 3 мільёны чалавек, але ж і плошча гарадской акругі велізарная — больш за 13 тысяч квадратных кіламетраў! — Аўт.) Дык я адтуль выбіраўся паўдня. А трасы я ведаў, бо ездзіў па іх раней.

— Вядома, што ў Кітаі горад-мільённік мае статус чагосьці звычайнага — як у нас, скажам, райцэнтр
з насельніцтвам у 15 ці 20 тысяч чалавек. Але наколькі адрозніваюцца беларускія гарады ад кітайскіх па планіроўцы?

— Вось я так і не магу зразумець, адкуль узяўся гэты стэрэатып. Інжынеры і архітэктары будуюць і плануюць гарады па адным і тым жа прынцыпе. Што ў нас, што ў Кітаі. У цэнтры гарадоў стаяць дамы раскошныя, сярод іх шмат высотак. Бліжэй да ўскраін пачынаюцца трушчобы. І відавочных трушчоб у цэнтры я не сустракаў.

— Што вас больш за ўсё здзіўляе падчас паездак?

— Заўжды радуюць людзі, якіх мне падкідвае лёс. Калі жывеш проста, то неяк зачыняешся ў сваім мікракосме і пяць дзён на тыдзень крэйсіруеш па маршруце дом-праца-дом. І ў рэшце рэшт прыходзіць усведамленне, што вялікі свет недзе там за гарызонтам, а я знаходжуся толькі тут. Падчас аўтастопу ж пастаянна сутыкаешся з іншым светам, з іншымі людзьмі. Напэўна, будзе залішне казаць пра ментальныя адрозненні паміж кітайцамі і беларусамі. І гэта мне вельмі цікава.

— Па Кітаі вы перасоўваліся на мясцовых фурах. А як жа моўны бар'ер? Няўжо шмат кітайцаў ведаюць англійскую мову?

— Сярод кітайскіх дальнабойшчыкаў, на жаль, вельмі мала тых, з кім можна пагутарыць па-англійску. З рускай мовай таксама там не вельмі. Але праблема вырашальная, калі вы гулялі ў дзяцінстве ў гульню «кракадзіл». Калі машына спынілася, то дастаткова паказаць, што вы едзеце прама і без грошай. І просіце знакамі падвезці хоць кудысьці, пакуль не збочыце з трасы. У асноўным кітайцы гэтую сістэму разумеюць. І калі аўтамабіль спыніўся, то, як правіла, кіроўца вас возьме на борт.

— Вы ўзялі з сабой 27 долараў. На што вы іх патрацілі?

— Агулам я выдаткаваў 20 долараў. Я іх патраціў на тое, каб перакусіць у прыдарожных кафэ, некалькі разоў папіў гарбату, і давялося заплаціць за грамадскі транспарт, каб выбрацца з горада. Напрыклад, Алматы — горад па планіроўцы даволі складаны, выбрацца адтуль цяжка. Адтуль я выехаў на таксі за 3 долары. Частку грошай я адклаў на тое, каб перасекчы казахска-кітайскую мяжу. Справа ў тым, што там пешага пераходу няма. І ў Паднябесную можна трапіць толькі на маршрутцы. Але кіроўца мікрааўтобуса з мяне грошай не ўзяў. Ён спытаў: «Ты гоп-стопам едзеш?» Я зразумеў, што ён хоча сказаць, і адказаў: «Так, аўтастопам». Кошт маршруткі быў 3 тысячы тэнге — гэта каля 10 долараў. Вось так я і трапіў у Кітай. Адметна, што пры перасячэнні любой мяжы бачна, што ты ў іншай краіне. Беларусь і Расія адрозніваюцца станам палёў, дарог, шыльдамі і аўтамабілямі, якія едуць па трасе. Паміж Расіяй і Казахстанам кантраст узмацняецца, а апошні вельмі рэзка адрозніваецца ад Кітая ўжо на першых хвілінах язды. Кітай — магутная краіна з выдатнымі трасамі, гмахамі, якія пастаянна будуюцца, чыстымі і шырокімі вуліцамі, якія пастаянна добраўпарадкоўваюцца. І гэта вельмі моцна кідаецца ў вочы.

— Андрэй, а назад у Мінск вы таксама паедзеце аўтастопам?

— Буду глядзець па сваім матэрыяльным стане. Вяртацца я буду ў лістападзе. Справа ў тым, што я зараз вучуся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце на 3-м курсе, і ў гэты час мне трэба будзе здаваць сесію. Ды і па Казахстане, і па Расіі ехаць у халодную пару года нязручна — у іх зіма наступае раней, чым у нас. Выязджаць планую з Паўднёвай Карэі, у якой яшчэ не быў. У планах таксама правесці два месяцы ў Кітаі, паўмесяца ў В'етнаме, тыдзень у Лаосе, месяц у Тайландзе, каля месяца ў Малайзіі. Хачу таксама трапіць у маладасяжныя Тыбет і КНДР.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся падчас паездкі?

— Я выязджаў 11 мая з Мінска ў Маскву. У гэты час валіў добры мокры снег. А я разлічваў, што будзе сонечна і цёпла. Але хачу сказаць, што да мяжы з Кітаем я дабраўся нават крыху хутчэй — за 4 дні і 10 гадзін. Вось толькі атрымалася няўдача: апошняя маршрутка з Казахстана сышла літаральна за пяць хвілін да таго, як я туды прыехаў. І ўсё — памежны пераход закрываецца да наступнага дня. Мне трэба было недзе пераначаваць. Думаў ставіць палатку, але знайшоў прытулак у мясцовага жыхара ў вёсцы непадалёк. Вось гэта і была самая вялікая цяжкасць.

— А што параіце на ўласным досведзе тым, хто хоча падарожнічаць аўтастопам?

— Бярыце з сабой другога чалавека. Паездка будзе крыху павольнейшай па часе, але значна весялейшай.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.