Вы тут

У Бярэзінскім запаведніку ствараецца цэнтр міфалагічнага турызму


У Бярэзінскім біясферным запаведніку па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Адпачынак ў вёсцы» ствараецца цэнтр міфалагічнага турызму. Вобразы незвычайных істот будуць выкарыстоўвацца для таго, каб расказваць пра прыроду і вучыць людзей беражліва да яе ставіцца.


Напрыканцы чэрвеня плануецца адкрыць тут музей, які будзе знаёміць з беларускай міфалогіяй, а адпаведная экалагічная сцежка ўжо пачала працаваць. У час падарожжа па ёй вы сустрэнецеся з Пушчавіком, русалкамі, асілкам, Кладнікам, Аржавенем, змяіным царом і іншымі незвычайнымі істотамі. Усяго было зроблена 17 інсталяцый, і чаравалі над імі беларускія дызайнеры і скульптары. Супрацоўнікі запаведніка прапануюць гасцям і начныя экскурсіі па чароўнай сцежцы з ліхтарыкамі. Тут сапраўды можна атрымаць незабыўныя ўражанні, бо пры стварэнні кампазіцый былі задзейнічаны шкло і люстэркі, якія ў цемры ствараюць розныя водбліскі. Дарэчы, перад пачаткам падарожжа гасцям прапануюць прачытаць аўтэнтычную замову на шчаслівую дарогу, прычым нават замежнікі вымаўляюць яе па-беларуску. А напрыканцы гасцям давядзецца паблукаць па драўляным лабірынце.

Плануецца, што ў час экскурсій будзе задзейнічана анімацыя. У штаце запаведніка ёсць свой «Балотнік» — вопытны экскурсавод. Акрамя таго, была праведзена школа аніматараў сярод мясцовых школьнікаў, і дзеці з задавальненнем дапамагалі праводзіць экскурсіі, а таксама пісалі сачыненні і рабілі малюнкі, прысвечаныя мясцовым легендам і паданням. Між іншым, у першую чаргу ў запаведніку плануюць знаёміць з міфамі свайго рэгіёна. Думалі тут і над тым, якія сувеніры можна было б вырабляць для турыстаў. Так, адной з прапаноў на праведзеных тут занятках у школе рамеснікаў стала фігурка вужовага караля.

Актыўна вядуцца работы па пераўтварэнні былога лясніцтва ў міфалагічны музей. Аўтары праекта кансультаваліся з навукоўцамі аб тым, чым варта яго аздобіць. Тут вы не ўбачыце візуальных вобразаў, будуць выкарыстаны гукавыя, светавыя інсталяцыі. Пра беларускія традыцыі нагадваюць прадметы, размешчаныя ў пакоях. Напрыклад, пра зімовыя сведчаць калядныя маскі, дуда; вясновыя — галёпы, фігуркі птушак; лета — гэта, безумоўна, вяночкі і грэбень (якім быццам расчэсвалі доўгія валасы русалкі)...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У госці да Балотніка

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.