Вы тут

Ці магчыма стварыць культурны цэнтр уласнымі сіламі?


Гэта спрабуюць зрабіць Вадзім ГЛІННІК і Ядвіга ЛУКАШЫК з г. п. Лынтупы. Творчую пляцоўку для мясцовых жыхароў яны вырашылі арганізаваць самі. Наш карэспандэнт сустрэўся з імі і высветліў, чым прывабіла гэта мястэчка і чаго чакаць ад ініцыятывы.


Лын­ту­пы на ста­рых фо­та­здым­ках.

Лынтупскі сельсавет знаходзіцца ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Тамтэйшыя краявіды на дзіва разнастайныя. На поўначы — Свянцянскае ўзвышша, а поўдзень сельсавета мяжуе з запаведнымі Блакітнымі азёрамі, тут навакольныя ландшафты болей падобныя на карэла-фінскія. Гэта адзін з самых экалагічна чыстых раёнаў краіны.

У часы ВКЛ абшар належаў да летапіснай Нальшчанскай зямлі з балта-славянскім насельніцтвам. Тагачасная сталіца княства — Вільня, да якой ад Лынтупаў каля 70 км (да Мінска — 185 км) — заставалася рэгіянальным культурным цэнтрам да апошняга часу. Сапраўдная мяжа паміж літоўскімі і беларускімі землямі паўстала толькі пасля распаду СССР. Гэтая падзея змяніла традыцыйныя эканамічныя сувязі. Пазбаўленая транспартнага транзіту, памежная Лынтупшчына сёння перажывае эканамічныя праблемы, з якіх галоўная — недахоп працоўных месцаў.

У медаля два бакі — адсутнасць індустрыі захавала ўнікальную прыроду і традыцыйныя культурныя краявіды, якія ад 80-х гадоў мінулага стагоддзя вабяць творчую эліту — дызайнераў, акцёраў, музыкаў і мастакоў. Яны спакваля куплялі спусцелыя вясковыя хаты пад свае лецішчы. Таму некаторыя вёскі вакол возера Балдук сёння больш падобныя на курортныя пасёлкі. Пазней трэнд падхапілі бізнесмены, якія пачалі развіваць турызм — тут паўсталі аграсядзібы, будуецца спа-гатэль. Энтузіясты вераць, што Лынтупшчына — перспектыўны турыстычны мікрарэгіён.

— Для ўстойлівага развіцця Лынтупшчыне не хапае турыстычнай інфраструктуры, — расказвае мінскі архітэктар Вадзім Гліннік, які дзесяць гадоў таму набыў пад Лынтупамі хату і марыць пераехаць у яе назаўжды. — Сюды прывозяць гасцей, паказваюць выдатнай архітэктуры касцёл, збудаваны паводле праекта аднаго з найлепшых віленскіх архітэктараў пачатку ХХ стагоддзя Тадэвуша Раствароўскага, потым садзяць у аўтобус і вязуць далей — у Камаі. Лынтупы ад такога турызму нічога не маюць, бо тут няма ні кавярань, ні сувенірнай крамы, ні музея — месцаў, дзе турыст мог бы пакінуць свае грошы. Але ёсць багатая прыродная і культурная спадчына. Летась мы з мясцовымі энтузіястамі задумаліся, як можна ператварыць патэнцыял Лынтупшчыны ў фактар яе эканамічнага развіцця. Мясцовыя ўлады падтрымалі нашы намаганні. Мы плануем найбліжэйшым часам сумесна распрацаваць стратэгію ўстойлівага развіцця Лынтупшчыны як перспектыўнага турыстычнага мікрарэгіёна.

Другі наш праект — стварэнне Лынтупскага культурнага цэнтра. Для гэтага летась мы на аўкцыёне выкупілі гістарычны будынак і цяпер працуем над канцэпцыяй. Пасля рамонту ў гэтым будынку будзе выставачная зала, музей, прастора для разнастайных клубаў, звязаных з мастацтвам і музыкай. Да нас можна будзе прыйсці з дзеткамі і, пакуль яны забаўляюцца на дзіцячай пляцоўцы, пачаставацца добрай кавай. Летась з дапамогай нашых аднадумцаў мы зрабілі сімвалічнае адкрыццё будучага цэнтра — салісты аркестра сталічнага тэатра оперы і балета на нашым падворку адыгралі канцэрт для мясцовых жыхароў. Людзей прыйшло нечакана многа, што пацвердзіла нашы меркаванні — культурны цэнтр тутэйшым людзям патрэбны.

Кан­цэрт для мяс­цо­вых жы­ха­роў.

Цяпер арганізатары шукаюць юрыдычную форму ўстановы, вызначаюць эканамічныя падставы для існавання прыватнай культурнай інстытуцыі ў небагатым сельскім рэгіёне. Заснавальнікі не чакаюць ад цэнтра прыбыткаў, а калі нейкія сродкі з'явяцца, дык усе грошы будуць укладвацца ў далейшае развіццё. Да таго ж тут яны створаць некалькі працоўных месцаў.

— Наш культурны цэнтр — праект не камерцыйны, а сацыяльны. На жаль, беларускае заканадаўства не прадугледжвае льгот для сацыяльных прадпрыемстваў. Хаця ў многіх краінах для іх існуе магутная дзяржаўная падтрымка. Трэба быць вар'ятам, каб у небагатым сельскім рэгіёне за свой кошт будаваць культурны цэнтр. Але мы перакананыя, што вельмі сімпатычныя людзі, якія жывуць на гэтай старажытнай зямлі, маюць права карыстацца здабыткамі сучаснай культуры, таксама як і мы ў Мінску.


Ядвіга ЛУКАШЫК — арт-дырэктар будучага культурнага цэнтра ў Лынтупах:

— Мы марым прывозіць у Лынтупы музыкантаў і мастакоў, падтрымліваць мясцовыя рамёствы, разам з тутэйшымі жыхарамі ладзіць традыцыйныя святы, спрыяць развіццю турызма. Адным з першых праектаў будзе арганізацыя мемарыяльнага пакоя вядомага прускага фатографа Фрыца Краўскопфа, які падчас Першай сусветнай вайны некалькі гадоў служыў тут у кайзераўскім войску і зрабіў сотні фотаздымкаў Лынтупаў і наваколляў.

Надзея АНІСОВІЧ

anіsovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бліжэй да прыроды

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.