Вы тут

У Талачынскім раёне абмеркавалі прадпрымальніцтва ў глыбінцы


Падчас выязнога пасяджэння прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў у Талачынскім раёне абмеркавалі прымяненне Дэкрэта №6 аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці ў глыбінцы. Таксама разгледзелі, як выконваецца даручэнне Прэзідэнта па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання нерухомасці...


На тэрыторыі прадпрыемства па вырабе труб.

А многія і не ведаюць...

За час дзеяння дэкрэта (уступіў у сілу 1 ліпеня 2012 года) бізнесу ў глыбінцы стала на 8% больш. Гэта параўнальна не многа, але і не мала. На думку старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, трэба актыўней расказваць пра дэкрэт.

— Мы павінны ісці да людзей, каб яны ведалі пра нюансы. Дэкрэтам прадугледжаны льготы па падаткаабкладанні, іншыя прэферэнцыі. Ёсць магчымасць атрымаць крэдыт пад бізнес на вельмі прывабных умовах. А многія ўсяго гэтага не ведаюць. І, вядома, неабходна садзейнічаць стварэнню бізнес-прадпрыемстваў у малых і сярэдніх гарадах, прыходу інвестараў...

Што да продажу нерухомасці, нярэдка гэты працэс займае шмат часу. І інвестар сыходзіць, губляючы цікавасць. Магчыма, трэба ўносіць змяненні ў адпаведнае заканадаўства. Калі спатрэбіцца, будзем з прапановамі звяртацца ў Нацыянальны сход, — падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў.

Паводле слоў дырэктара Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Міхаіла Паўлючкова, сёлета ўцягнута ў гаспадарчы абарот 78 аб'ектаў нерухомасці (па стане на 30 мая). За 5 месяцаў на 27 аўкцыёнах прадалі 27 аб'ектаў — за 262,8 тысячы рублёў. У тым ліку 18 будынкаў — з устанаўленнем пачатковай цаны ў памеры базавай велічыні.

Але, як адзначае старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, працэс падрыхтоўкі да рэалізацыі нерухомасці за «базавую» няпросты. Бо ёсць шмат арганізацыйных юрыдычных нюансаў. І нярэдка дзелавыя людзі не хочуць чакаць адпаведнай магчымасці па 6 месяцаў і больш.

— Наогул пачаткоўцам у бізнесе складана. У прыватнасці, дзе ўзяць грошы для стартавага капіталу? І ніяк не атрымаць крэдыт у банку, калі няма што прадставіць у якасці закладу, — агучыла яна тыповыя праблемы прадпрымальнікаў. Як выйсце, неабходна прадумаць сістэму гарантый. Магчыма, трэба стварыць адпаведны фонд або страхавую кампанію. І было б добра, каб мясцовыя ўлады таксама маглі выступіць у якасці гарантаў.

Прафесійныя грыбнікі

Паводле слоў старшыні Талачынскага райвыканкама Сяргея Ягорава, падатковыя паступленні ад прадпрымальніцтва складаюць 37%. І калі ў суседнім Крупскім раёне Мінскай вобласці развіваецца індывідуальнае прадпрымальніцтва, у Талачынскім — вытворчасць. І ў выніку выручка тут у 2 разы большая. І хоць са «сталічным» рэгіёнам складана канкурыраваць у пытанні прыцягнення інвестыцый, у талачынцаў атрымліваецца.

Напрыклад, сёлета ў пасёлку Коханава плануецца ўвесці ў эксплуатацыю цэх па вырошчванні шампіньёнаў. (Доўгі час будынак не эксплуатаваўся. Раней там займаліся перапрацоўкай драўніны.) Працу атрымаюць да 50 чалавек. У планах — дадатковае стварэнне працоўных месцаў. Грыбы будуць вырошчваць па польскай тэхналогіі.

Як адзначыў адзін з заснавальнікаў фірмы, на ёй не рыхтуюць тэхнолагаў грыбной спецыялізацыі. Таму іх спачатку запросяць з-за мяжы. Праектная магутнасць цэха — каля 3 тысяч тон грыбоў у год. Бізнесмен падкрэсліў, што мясцовая ўлада актыўна спрыяла рэалізацыі ідэі. Паказалі будынкі, расказалі пра плюсы, але і мінусы не ўтойвалі. У выніку падабралі ідэальны варыянт для арганізацыі вытворчасці.

У Польшчы, Прыбалтыцы, на Украіне шмат аналагічных прадпрыемстваў. У тым ліку і ў якасці сямейнага бізнесу. Гэтым выгадна займацца. У невялікіх гарадках і вёсцы «грыбныя фермы» — эфектыўны спосаб працаўладкаваць насельніцтва. Асабліва жанчын.

Зайшлі ў... трубу

У Коханаве з насельніцтвам больш за 4,2 тысячы чалавек некалькі паспяховых прадпрыемстваў. Знаходзіцца пасёлак прыкладна за 24 кіламетры ад райцэнтра.

Дэпутатам паказалі ўнікальныя вытворчасці. Адна з іх — ТАА «Коханаўскі трубны завод «Белтрубпласт». Ён заснаваны ў 1982 годзе. Але і ў наш час, як кажуць, на плыву. Тут вырабляюць поліэтыленавыя трубы для сістэм газа- і водазабеспячэння, каналізацыі і г. д. Завод — вядучы вытворца палімерных вырабаў з магутнасцю 20 тысяч тон у год. (Дыяметр некаторых уражвае. Калі чалавек зойдзе ўнутр і падыме руку, да верху дакладна не дацягнецца.) Прадпрыемства пастаянна ўкараняе новыя тэхналогіі, неаднаразова займала прызавыя месцы за якасць на рэспубліканскіх конкурсах «Найлепшы будаўнічы прадукт года».

А суседняе СП «Святавіт» праектуе і вырабляе тэлескапічныя экскаватары-планіроўшчыкі на платформах «МАЗ», «КАМАЗ», «УРАЛ» і гэтак далей, а таксама на гусенічным хаду. У асартыменце і вытворчыя комплексы на базе ўстановак гарызантальнага накіраванага свідравання. Для расіян тут вырабляецца каля 85% прадукцыі. Нават ва Уладзівастоку можна ўбачыць беларускія «агрэгаты». Заробак рабочых дасягае 1,1 тысячы ў месяц.

Дзе нарадзіўся, там і...

У канцы насычанай праграмы Уладзімір Цярэнцьеў падзяліўся ўражаннямі.

— На Віцебшчыне назіраецца цікавая тэндэнцыя. Усё больш прыкладаў таго, што выхадцы з раёнаў укладваюць у малую радзіму грошы. Той жа бізнесмен, які інвестуе ў вырошчванне шампіньёнаў, — яскравы прыклад эфектыўнага выкарыстання маёмасці і стварэння працоўных месцаў. У заходніх раёнах будуюць гатэлі, развіваюць турыстычны бізнес, — адзначыў ён.

А яшчэ старшыня абласнога Савета параіў браць прыклад з кіраўніка аднаго з раённых Саветаў. Яна, з кім бы ні знаёмілася, нават з кіраўнікамі буйнога бізнесу Расіі, ва ўсіх просіць візітоўкі. І гэта не проста «хобі». Потым выходзіць на сувязь, прапануе стварыць вытворчасць. І ўжо ёсць канкрэтныя вынікі...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanski@zviazda.by

Загаловак у газеце: Укласці грошы і не прагадаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.