Вы тут

Як арганізаваць адпачынак дзяцей?


Лета ледзь толькі адлічыла першы тыдзень, а зводкі здарэнняў з дзецьмі паступаюць адна за адной. У Глыбоцкім раёне 12-гадовая школьніца трапіла пад аўтамабіль. Па папярэдняй версіі здарэння, яна ішла па ўзбочыне дарогі і размаўляла па мабільным тэлефоне. Раптоўна яна змяніла траекторыю руху і выйшла на праезную частку. Кіроўца пастараўся ўхіліцца ад сутыкнення, выехаўшы на сустрэчную паласу, але бокам усё ж зачапіў дзяўчынку.


Прыходзяць трагічныя звесткі і з вадаёмаў. У Бешанковіцкім раёне драма разыгралася ўвечары чацвёртага чэрвеня. Маці гуляла ў двары з 2-гадовым хлопчыкам і адлучылася на некалькі хвілін дадому па сок. Пасля вярнулася, але малога не знайшла. Цела небаракі знайшлі ў штучным вадаёме побач з прысядзібным участкам.

Як жа правесці цёплы час года так, каб дзеці адчувалі сябе бяспечна, нягледзячы на многія спакусы? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з афіцыйным прадстаўніком МНС па Мінскай вобласці Настассяй Швайбовіч.

Людзі — не птушкі...

Ужо сёлета па краіне было адзначана некалькі выпадкаў, калі дзеці падалі з вокнаў. У Гомелі гэта скончылася трагедыяй — 5-гадовая дзяўчынка, якая выпала з 14-га паверха, загінула.

— Большасць няшчасных выпадкаў адбываецца з-за таго, што бацькі і сваякі не сочаць за тым, дзе іх дзеці і што яны робяць, — кажа Настасся Швайбовіч. — Калі прааналізаваць усе падобныя здарэнні, то праглядваецца адна і тая ж сюжэтная лінія трагедыі. Малы застаўся адзін у пакоі, пры дапамозе крэсла ўзлез на падаконнік, каб паглядзець, што ж там адбываецца за акном. Згадайма, якімі цікаўнымі былі ўсе мы ў дзяцінстве. І да таго ж малыя дзеці не знаёмыя з пачуццем страху. І не могуць разумець, што там, за акном, пустата.

Ніводная маскітная сетка, якую многія ставяць на лета, каб забяспечыць пастаянны прыток свежага паветра, не разлічана на тое, каб абараніць дзіця ад падзення. Трэба растлумачыць малому, што на падаконнік залазіць ні ў якім разе нельга. Але і самім бацькам важна паклапаціцца пра бяспеку сыноў і дачок. З рам трэба паздымаць ручкі, каб малы не здолеў адчыніць акно, а таксама выкарыстоўваць спецыялізаваныя «дзіцячыя замкі». Усю мэблю ад вокнаў трэба адсунуць як мага далей. І не паказвайце малому, як адчыняецца акно. У рэжыме праветрывання зазор павінены быць як мага меншым.

Між іншым, у крыху выйгрышнай сітуацыі апынуліся тыя, у каго стаяць шклопакеты ці вокны, дзе ёсць верхняя і ніжняя форткі. Такая канструкцыя вельмі хітрая — што ніжнюю фортку, што раму можна адчыніць толькі пасля таго, як вы расчынілі верхнюю фортку. А фішка ў тым, што ручка верхняй форткі знаходзіцца прыкладна на ўзроўні росту дарослага чалавека ў 180—185 сантыметраў.

«Крот» атакуе

З цягам часу дарослыя людзі перастаюць зважаць на нейкія дробязі, якія не адыгрываюць важную ролю ў іх побыце. Скажам, пакладуць манету з кішэні штаноў каля тэлевізара або паставяць сродак для мыцця каля ванны, каб не шукаць яго кожны раз, ці кінуць таблеткі на стале, каб не лезці зноў па іх у шафу. І ўсё змяняецца, калі ў хаце з'яўляецца маленькі адкрывальнік. Ён не ведае, што бяспечна, а што не. А цікаўнасць да прадметаў навокал мае вялізную. У выніку карэта хуткай дапамогі на ўсіх парах імчыць у бальніцу.

Заўважана, што малыя найбольш «дэгустуюць» сродкі для чысткі каналізацыйных труб кшталту «Крата», батарэйкі і пральныя парашкі. Пры такіх атручэннях слізістыя абалонкі атрымліваюць моцны хімічны апёк, які можа раз'есці сценкі страўніка або стрававода.

— Менавіта таму варта сесці і прааналізаваць, што ж знаходзіцца ў зоне дасяжнасці малога па ўсёй кватэры, — раіць Настасся Швайбовіч. — Мы рэкамендуем паглядзець на ютуб-канале Міністэрства па надзвычайных сітуацыях спецыяльныя мультфільмы, прысвечаныя бяспецы дзяцей. Там разабраны ўсе сітуацыі, у якія могуць трапіць малыя. І будзе выдатна, калі вы не проста ўключыце гэты мультфільм, а паглядзіце і разбераце яго з дзецьмі. Мы стваралі анімацыйныя стужкі разам з кваліфікаванымі псіхолагамі, якія ўлічылі шмат асаблівасцяў дзіцячай псіхікі.

Гадоў пяць таму здарыўся паказальны выпадак у Нясвіжскім раёне. У прыватным доме, які гарэў, знаходзіўся дзядуля-інвалід. На шчасце, яго паспелі выцягнуць на свежае паветра, але атручэнне чадным газам ён усё ж атрымаў. А пажар узнік з-за дзіцячага свавольства. Высока ў незачыненай шафе стаяў тостар. Яго выцягнулі адтуль дзеці, напхалі сурвэтак і ўключылі ў разетку. Натуральна, што праз некалькі секундаў адтуль паваліў дым. Дзеці ўбачылі, што яны зрабілі, і выбеглі. А стары застаўся ў хаце...

Вакацыі ў вёсцы

Лета — час, калі дзеці адпраўляюцца ў вёску пад кантроль бабуль і дзядуль. Праўда, у параўнанні з горадам, там магчымых сітуацый для небяспекі больш. Да таго ж малыя, якія бавяць у горадзе 9 школьных месяцаў, куды менш спрактыкаваныя ў асаблівасцях жыцця вясковага.

— Напрыклад, у сельскай мясцовасці дастаткова шмат кінутых кар'ераў, у якіх калісьці вяліся распрацоўкі карысных выкапняў, — працягвае Настасся Швайбовіч. — Дзеці ідуць туды пакупацца, але забываюць пра тое, што берагі там неўмацаваныя і ў любы момант могуць абрынуцца. І нават на рэках і азёрах не адпускайце дзіця далёка ад берага. Таксама кантралюйце, каб у рукі малому не трапілі запалкі. Бо з маленечкай іскры можа заняцца лясны і тарфяны пажар.

Але небяспека можа прыйсці і з неба. Летась у Рагачоўскім раёне сям'я сабралася павячэраць у альтанцы. Пайшоў моцны дождж, загрымеў гром. Дзевяцігадовы хлопчык выбег пад дождж. І тут жа на вачах у сваякоў яго працяў электрычны разрад. На шчасце, хлопчык выжыў.

— Калі вас заспела навальніца, то нельга бегаць і ездзіць на веласіпедзе, — гаворыць Настасся Швайбовіч. — Прадмет, які перасоўваецца, прыцягвае маланку. Калі ж вы трапілі пад яе ў чыстым полі, то трэба тут жа выключыць мабільны тэлефон, бо радыёвыпраменьванне апарата можа прыцягнуць разрад. Здымны акумулятар лепш дастаць. Высокія дрэвы і лініі электраперадач абыходзьце бокам. Парасоны варта скласці: металічныя спіцы з'яўляюцца выдатным правадніком электрычнасці. У горадзе перачакаць непагадзь прасцей — можна зайсці ў любую пабудову. А вось у полі чалавек з'яўляецца самым высокім аб'ектам. З-за гэтага магчымасць таго, што ў яго пацэліць маланкай, узрастае шматкроць. Таму адзінае, што застаецца, — прыняць «позу эмбрыёна» — сесці на калені, прыціснуць да іх галаву і так перачакаць стыхію. Працягваць шлях можна толькі тады, калі навальнічны фронт адышоў далёка.

У лесе не дазваляйце малым далёка заходзіць гуляць. Калі ж лес побач з домам, то няхай дзіця трымае пры сабе мабільнік з магутнай батарэяй, каб з ім у любы час выйшлі на сувязь. Усё ж такі з падлеткамі сядзець 24 гадзіны на суткі ў вёсцы не будзе ніхто.

— Падчас конкурсу «Студэнты. Бяспека. Будучыня» адна з абласцей прапанавала цікавы ролік, — успамінае афіцыйны прадстаўнік МНС па Мінскай вобласці. — Адну і тую ж карцінку паказвалі дзецям і дарослым. Аб прасе малыя казалі, што гэта — ракета. У іх разуменні гэта той прадмет, што яны могуць выкарыстоўваць для гульні. Вось так і атрымліваецца, што часам мы глядзім на свет зусім не тымі вачыма, як гэта робяць дзеці. І таму пастарайцеся з імі пагутарыць на іх жа мове.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лета без бяды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?