Вы тут

Прадпрымальнік з Радуні пашырыць вытворчасць на пустуючых плошчах


На ўскрайку гарадскога пасёлка Радунь, што ў Воранаўскім раёне, не адно дзесяцігоддзе пустуе былая база перасоўнай механізаванай калоны. Малады бізнесмен Андрэй Масель частку памяшканняў арандуе пад вытворчасць драўніны і шынамантаж. Але большасць плошчаў так і стаяць незанятыя.


Пра бізнес

Мы размаўляем з Андрэем у драўлянай альтанцы пасярэдзіне былой базы ПМК. Некалі тут былі гаражы, майстэрні, кацельная і нават кавярня. Утрымліваць базу ўласніку не пад сілу, вось і стаіць яна без справы, зарастае травой.

На гэта звярнуў увагу малады мясцовы прадпрымальнік. Ён меў уласны млын і ўжо атрымаў у арэнду адно з пустых памяшканняў. Паслуга аказалася запатрабаванай, бо жыхары тут мелі вялікія гаспадаркі. Кажуць, што гадоў 7—8 назад на падворку маглі трымаць да 100 свіней. Але цяпер Радунь, як і большасць населеных пунктаў раёна, апынулася ў зоне рызыкі распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і апошніх тут трымаць нельга. Ад млына Андрэй адмовіўся, але стаў ажыццяўляць сваю новую задумку — аўтасэрвіс.

Легальнага рамонту аўто на той час не было, і Андрэй заняў гэту нішу, атрымаўшы адпаведны сертыфікат. Кажа, што кліентаў хапае, прыязджаюць з усяго наваколля. Так што ў хуткім часе прыйшлося пашырацца. Узяў у арэнду гараж, два гаражныя блокі, былы навес для сельгастэхнікі. Наняў на работу некалькі майстроў.

Андрэй не тоячыся расказвае пра крокі на шляху пабудовы ўласнага бізнесу. І адзначае — не трэба займацца тым, што не можа прынесці прыбытак. Калі гэта не выгадна — варта змяніць кірунак і знайсці тое, што будзе карыстацца попытам. Яго наступным крокам стала апрацоўка драўніны.

— Мае родныя абураюцца, што я ўсе сродкі ўкладваю ў вытворчасць, — кажа ён з усмешкай. — Але ў мяне такі прынцып — спачатку станок, затым тое, што жонка папросіць.

Пра экспарт

Разам з тым Андрэй не бярэцца сцвярджаць, што прадбачыць эканамічны эфект ад новай справы. Ён хутчэй з тых, хто спачатку нешта набывае, а затым размяркоўвае, што рабіць з вынікам. Так адбылося і з вытворчасцю драўніны. Для гэтых мэт была закуплена піларама і лесавоз. Машыну ўдалося яшчэ без растаможвання набыць за мяжой.

Андрэй заняўся распілоўкай драўніны. Спачатку лес набываў у калгасе, затым заключыў дагавор з лясгасам. Ёсць у яго зараз і вальшчыкі лесу, і пільшчыкі. За некалькі гадоў знайшоў партнёраў за мяжой: у Літве, Польшчы, Латвіі. Ёсць і гадавыя кантракты, і асобныя заяўкі. Напрыклад, у Польшчы з беларускай драўніны робяць скрыні для яблыкаў. Бывае так, што радунскі лес плыве цераз мора ў кантэйнерах, і толькі праз два месяцы трапляе да пакупніка.

— Я лічу, што адгружаць піламатэрыял на экспарт — не зусім правільна, — разважае Андрэй. — Сыравіну трэба перапрацоўваць у сябе. Напрыклад, мы маглі б прадаваць больш дарагую прадукцыю — дошкі для падлогі, вагонку, блок-хаусы. Для гэтай вытворчасці патрэбна іншае абсталяванне. У першую чаргу — сушыльная ўстаноўка. Але на арэндныя плошчы яе не паставіш, бо гэта стацыянарны комплекс, трэба падводзіць электрыку, камунікацыі. Мне на гэта ніхто не дасць дазволу.

Магчыма, у будучым з Радуні будуць адпраўляць на экспарт не толькі сыры лес, але і перапрацаваны. Такі намер у бізнесмена ёсць.

Пра льготы

Андрэй у гэтым сэнсе рэаліст. Вядома ж, ад ільгот не адмовіцца, але ён ведае правілы гульні і лічыцца з імі. Тым больш што для развіцця прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці ёсць свае прэферэнцыі: тут значна меншыя падаткі.

— У чым важна падтрымаць бізнес? — ставіць пытанне Андрэй і сам адказвае. — Трэба спрасціць працэдуру атрымання крэдыту. Правяраюць амаль месяц, быццам ты хочаш кагосьці падмануць.

Аднойчы ён паспрабаваў узяць крэдыт на пакупку аўтамабіля, каб вазіць работнікаў у лес. Але пакуль ішлі перамовы з банкам, змяніліся нормы заканадаўства, і самім валіць лес забаранілі, усе работы выконвае цяпер лясгас. Адпала і неабходнасць у транспарце. Андрэй паспрабаваў перанесці крэдытную лінію на набыццё станкоў, але перапрафіляваць крэдыт не ўдалося. Хоць Андрэй больш спадзяецца на сябе, без фінансавай падтрымкі ён не абышоўся — крэдыт спатрэбіўся для пакупкі трактара. Тады прадпрымальніка ўразіў такі парадокс: склады на трактарным заводзе запоўнены, а на пакупку тэхнікі спатрэбіўся амаль месяц.

Пра аб'екты

Андрэй Масель не супраць таго, каб пашырыць сваю вытворчасць. Магутнасцяў хапае, у штаце яго цяпер каля 20 чалавек. І пытанне аб продажы аб'ектаў быццам бы вырашаецца. Навошта яны будуць пуставаць? Тым больш што ёсць прыклад увядзення іх у абарот.

— Я арандую некалькі гаражоў, будынак, дзе раней была тэхніка. Там зараз стаяць мае трактары, — кажа Андрэй. — Гэтыя аб'екты прыведзены ў належны стан, устаўлены новыя вокны, дзверы, зроблены новы дах. Іншыя будынкі таксама можна адрамантаваць, прывесці іх у парадак.

Можна сказаць, што Андрэй Масель адзіны на ўсю Радунь прадпрымальнік-вытворца. Яго паслугамі карыстаюцца і вяскоўцы, і ўстановы. Нядаўна адсюль вазілі піламатэрыялы для рамонту даху крамы ў суседняй вёсцы. Не было б тут сваёй піларамы, прыйшлося б ехаць у суседні, Лідскі, раён.

Кампетэнтна:

Як паведамілі ў Фондзе «Гроднааблмаёмасць», база былой ПМК унесена ў графік па ўключэнні ў гаспадарчы абарот у гэтым годзе. Канкрэтныя тэрміны пакуль невядомыя, бо ўсё залежыць ад таго, калі ўласнік (ААТ «Гроднааблсельбуд») прадаставіць неабходныя дакументы. Трэба падрыхтаваць пашпарты, а гэта не танная працэдура. Плануецца, што база будзе мець некалькі лотаў. Арандатар мае першачарговае права на набыццё аб'ектаў. Таксама ён можа купіць іх па рыначным кошце.

Наша даведка:

У Гродзенскай вобласці назіраецца рост колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў і суб'ектаў гаспадарання. Яшчэ два гады таму складвалася адмоўная эканоміка. Так, у 2015 годзе было мінус 160 юрыдычных асоб, летась толькі мінус 20. Сёлета ствараецца больш, чым ліквідуецца.


У тэму

Андрэй Свірыдаў, старшыня камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама:

— У вобласці ёсць праграма падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. З другога квартала адкрыта льготнае крэдытаванне для суб'ектаў прадпрымальніцтва са штатам да ста чалавек, з любым відам дзейнасці. Сродкі будуць выдзяляцца на другое паўгоддзе, агульны фонд — 8 млн рублёў. Прадпрымальнікі, якія маюць бізнес-праекты, могуць атрымаць транш. Дарэчы, сродкі за апошнія тры гады выдзяляюцца ўпершыню.

Таксама мы працуем у рамках грамадска-кансультацыйных саветаў і абмяркоўваем тыя акты, якія прымаюцца для спрашчэння вядзення бізнесу. Далучаем да гэтай справы экспертаў. Што датычыцца арэнды камунальнай маёмасці, мы працуем над тым, каб у заканадаўчым парадку знізіць гэтыя затраты на 10—15%.

Аляксандр Чубрык, дырэктар Цэнтра «Даследаванні, прагнозы, маніторынг»:

— Згодна з аналізам рэгіянальнага развіцця, «жывое» прадпрыемства, якое арыентавана на экспарт, пачынае развівацца і цягнуць за сабой унутраны попыт. Вакол такога «генератара» могуць пачаць стварацца альбо аднаўляцца іншыя прадпрыемствы малога ці сярэдняга бізнесу.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гульня па правілах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».