Вы тут

Якія серыялы прапануе тэлебачанне?


Летам на тэлебачанні — своеасаблівыя канікулы. Пакуль каналы-канкурэнты рыхтуюць да новага сезона інфармацыйныя і забаўляльныя «бомбы», гледачоў чакаюць паўторы папулярных перадач, а таксама — меладраматычныя, камедыйныя, дэтэктыўныя, фантастычныя і абавязкова шматсерыйныя фільмы, або наўпрост серыялы.

Дзеля цікавасці зазірніце ў праграму: практычна кожны тэлеканал, акрамя вузкаспецыфічных (спартыўныя, навуковыя, мультыплікацыйныя і г. д.) штодня прапануе аўдыторыі як мінімум адзін серыял — ад сціпла-сціслых фільмаў з 4—8 серый да, здаецца, бясконцых жыццёвых калізій, якія дэманструюцца гадамі.


«Сан­та-Бар­ба­ра».

Пры чым тут мыла?

Многія лічаць, што серыялы прыйшлі на тэлебачанне з кіно. Насамрэч, першы ў свеце серыял, зняты на відэастужку, «Адзінокі рэйнджар» (The Lone Ranger), нарадзіўся з амерыканскіх радыёшоу ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Паводле задумкі стваральнікаў, фільм пра чалавека ў масцы — барацьбіта са злом і несправядлівасцю, і яго вернага сябра індзейца Тонта быў разлічаны на школьнікаў, але прывабіў да экранаў і мільёны дарослых. Ён дэманстраваўся ў ЗША ўсяго раз на тыдзень, затое ажно з 1949 да 1957 года (выйшла больш як 300 серый), а пазней атрымаў працяг у мультыплікацыйным выглядзе.

Амерыканскія гісторыкі тэлебачання, праўда, згадваюць яшчэ «Фэйрвэй Хіл» — шматсерыйны фільм, што здымаўся ў прамым эфіры на камерцыйнай тэлесетцы ў 1946 годзе. Ён расказваў пра лёс удавы з Нью-Ёрка, якая пераехала да сваякоў у прыдуманы правінцыйны гарадок і сустрэла мужчыну сваёй мары, зрэшты несвабоднага. Аднак ніводнага кадра і падрабязнасцяў пра гэту «мыльную оперу» не захавалася, бо запіс на стужку з'явіўся толькі ў 1947 годзе.

Дарэчы, цікавае само паходжанне тэрміна «мыльная опера», якім і сёння характарызуюцца многія драматычныя серыялы з паслядоўным развіццём сюжэта. Гэта азначэнне з'явілася яшчэ ў 1938 годзе, калі серыялы ішлі ў фармаце радыёспектакляў для хатніх гаспадынь і займалі да 90% дзённага эфіру. Спонсарамі іх былі буйныя кампаніі па вытворчасці мыла — у прыватнасці, добра знаёмы многім Procter & Gamble. Адзін з амерыканскіх журналістаў-крытыкаў з'едліва заўважыў: «Гэтыя гісторыі я называю «мыльнай операй», бо без дапамогі мыла я не змог бы праліць ніводнай слязы над пакутамі іх герояў». З лёгкай рукі газетчыкаў назва прыляпілася і да пазнейшых шматсерыйных тэлефільмаў.

Першай паўнавартаснай «мыльнай операй», якую паглядзелі на сваіх блакітных экранах жыхары СССР, стала бразільская тэленавела «Рабыня Ізаўра» (1976 год выпуску), адаптаваныя серыі якой былі паказаны ў кастрычніку 1988 года. Следам па пратаптанай сцежцы трыумфальна прайшлі мексіканскія серыялы «Багатыя таксама плачуць» і «Дзікая Ружа», галоўная гераіня якіх Вероніка Кастра вокамгненна стала любіміцай савецкіх гледачоў, «Проста Марыя», пад уражаннем ад якога беларускія селекцыянеры вывелі аднайменны сорт груш, і, нарэшце, класічная «мыльная опера», амерыканская «Санта-Барбара», канцоўкі якой, дарэчы, гледачы на постсавецкай прасторы так і не дачакаліся.

* Сёння, паводле падлікаў медыяэкспертаў, за апошнія 10 гадоў кожны год вытворчасць серыялаў у свеце павялічваецца ў некалькі разоў. Зацяжныя камедыйныя меладрамы і сіткамы саступілі месца дэтэктывам, фэнтэзі, эпасу і драмам. Наогул у серыяльную індустрыю прыйшлі найлепшыя сілы Галівуда: рэжысёры Дэвід Лінч, Стывен Содэрберг, браты Коэны і Дэвід Фінчэр, акцёр і прадзюсар Морган Фрымэн, акцёры Джон Траволта, Энтані Хопкінс, Роберт Дэ Ніра, Джуліяна Мур і многія іншыя.

«Гуль­ні пра­сто­лаў».

Ад Шцірліца да «Кухні»

А што наконт серыялаў уласна савецкай вытворчасці — як вы мяркуеце, які фільм адкрывае іх адлік?.. Хтосьці ўспомніць пра «Сямнаццаць імгненняў вясны». І памыліцца. Насамрэч першым шматсерыйным тэлевізійным мастацкім фільмам (па сучасных мерках — міні-серыялам усяго з 4 серый) у СССР стала чорна-белая карціна 1965 года «Выклікаем агонь на сябе», якая расказвала пра подзвіг падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На хвалі вялізнага поспеху карціны было заснавана спецыяльнае аб'яднанне «Тэлефільм», якое надалей выпускала большасць мастацкіх фільмаў для тэлебачання.
А ўжо крыху пазней быў зняты цэлы камплект дэтэктыўна-шпіёнскіх серыялаў паводле Юліяна Сямёнава — «Маёр Віхр» (1967), уласна «Сямнаццаць імгненняў вясны» (1973), «ТАСС упаўнаважаны заявіць...» (1984) і «Супрацьстаянне» (1985). Ну, і, канешне, легендарны 22-серыйны дэтэктыўны цыкл «Следства вядуць ЗнаТоКі», які з 1971 да 1989 года збіраў каля экранаў цэлыя сем'і.

Таксама ў 1971—1972 гадах дэманстравалася і першая савецкая тэленавела, знятая паводле ўсіх законаў класічнага серыяльнага жанру, — называлася яна «Дзень за днём», складалася з двух сезонаў і расказвала пра жыхароў камунальнай кватэры — настолькі дружных, што нават пасля рассялення па асобных кватэрах яны працягваюць дапамагаць адно аднаму.

Нарэшце, на беларускае тэлебачанне першы серыял уласнай вытворчасці прыйшоў толькі ў 1998 годзе. 33-серыйную меладраму «Пракляты ўтульны дом» рэжысёр Уладзімір Арлоў зняў на нацыянальнай кінастудыі паводле рамана — «сямейнага падання» Стэфана Жаромскага «Верная рака». Падчас трагічных падзей паўстання 1863 года ў старую сядзібу, што стаіць на скрыжаванні дарог дзесьці на Гродзеншчыне, бесцырымонна ўрываюцца то царскія жандары, то марадзёры, то акрываўленыя паўстанцы. Аднаго з іх шляхцянка панна Саламея спрабуе выратаваць, рызыкуючы ўласным жыццём... Канцоўка, у лепшых серыяльных традыцыях, прымушала гледачоў дадумаць свой варыянт альбо чакаць працягу — якога, зрэшты, так і не атрымалася.

Пасля распаду СССР, перажыўшы «бум» нізкаякаснай прадукцыі на тэлебачанні, краіны-суседкі абралі кожная свой шлях развіцця галіны. Расія і Украіна спярша адаптавалі замежныя фарматы, а потым пачалі штампаваць уласныя шматсерыйныя меладрамы, дэтэктывы і сітуацыйныя камедыі. А вось Беларусь не настолькі актыўна здымае серыялы сама, часцей прадастаўляе свае пляцоўкі (цалкам у нашых пенатах здымаліся серыялы «Каменская», «Курсанты», «Вольф Месінг», «Апостал», «Зала чакання», «Снайпер», «Васьмідзясятыя» і шэраг іншых) і творчыя сілы (так, былыя КВЗшнікі з Белдзяржуніверсітэта сталі сцэнарыстамі і прадзюсарамі гумарыстычных серыялаў «Салдаты», «Паскораная дапамога», «6 кадраў», «Татавы дочкі», «Галыгін.Ру», «Кухня», «Гатэль «Элеон» і г. д.).

Па неафіцыйных звестках, у сярэднім расійскія серыялы каштуюць даражэй, чым замежныя (натуральна, калі не браць у разлік сусветныя хіты накшталт «Гульні прастолаў», вытворчасць кожнай серыі якога летась абыходзілася ў 10 мільёнаў долараў, ды і пракат каштуе шалёных грошай).

Не рэйтынгам адзіным

— Серыялы для паказу мы набываем планава на міжнародным медыярынку. Прычым часта закупка адбываецца задоўга да выхаду ў пракат, яшчэ на стадыі распрацоўкі сцэнарыя, — дзеліцца сакрэтамі тэлевізійнай кухні генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Глеб ШУЛЬМАН. — З улікам жанравай палітыкі, мэтавай аўдыторыі кожнага з тэлеканалаў холдынга, а таксама патэнцыйнай аўдыторыі, на якую разлічаны канкрэтны серыял, мы і размяркоўваем кантэнт. Напрыклад, «Беларусь 2» пазіцыянуецца сёння як канал для маладой сям'і — падбіраем адпаведны прадукт; «Беларусь 3» мы прадстаўляем як канал сапраўдных каштоўнасцяў, культуралагічны — значыць, у праграме мусяць быць класіка сусветнага кіно, экранізацыі класічнай мастацкай літаратуры, нацыянальны кінематограф і лепшыя ўзоры нацыянальнага кіно розных краін (такім чынам, дарэчы, беларусы паглядзелі японскі серыял «Гваздзік», перакладзены на беларускую мову, а японскі тэлеканал атрымаў фільмы пра Беларусь. — Аўт.).

— Атрымліваецца, у выбары вы арыентуецеся не на рэйтынг серыяла, а на яго змест?

— Па-першае, значная частка серыялаў праходзіць у нас прэм'ерны паказ, і загадзя вызначыць іх рэйтынг немагчыма, а па-другое, арыентавацца на рэйтынгі іншых тэлеканалаў дастаткова складана, бо і яны, і ацэнкі крытыкаў з іншых краін далёка не заўжды супадаюць з глядацкімі перавагамі беларусаў.

— Дарэчы, пра перавагі беларусаў: памятаю, што беларускія гледачы ўпадабалі серыял «Не нарадзіся прыгожай», таму яго паказвалі некалькі разоў. Якія яшчэ шматсерыйнікі выклікаюць у нашай публікі падобны інтарэс?

— З вялікім адрывам лідзіруе камедыйны серыял «Сваты». Гэты серыял, які паказваюць каналы не толькі нашага холдынга, але таксама расійскія і ўкраінскія, паўсюдна мае найвялікшы поспех. Колькі б разоў яго ні ставілі ў праграмную сетку (мы паказваем яго па выхадных, можа, чацвёрты раз), раніцай або вечарам, у паўторах — заўжды яго глядзяць з захапленнем, заўжды стабільна высокі рэйтынг. Аднак у цэлым ажыятажу, які быў вакол серыялаў у 90-я, калі ўся краіна садзілася глядзець «Санта-Барбару» або «Проста Марыю», — цяпер няма.

— Я тут праштудзіравала тэлепраграму: з 11 серыялаў, якія паказваюць па буднях тэлеканалы «Беларусь 1», «Беларусь 2», «Беларусь 3» і «Беларусь 24», цэлых 8 — расійскай і ўкраінскай вытворчасці. Гэта таму, што яны бліжэй да нас па менталітэце, або проста больш даступныя?

— І тое, і другое. Не заўжды замежныя фільмы ў нас добра глядзяць, здаралася нават, што ў дзень правядзення цырымоніі «Оскар» мы паказвалі «аскараносны» фільм — а ён правальваўся з трэскам! І яшчэ трэці фактар: расійскія і ўкраінскія серыялы зроблены на рускай мове, таму не патрабуюць асобнага перакладу. Мы працуем над пытаннем перакладу замежных фільмаў на беларускую і рускую мовы, але гэта досыць сур'ёзныя фінансавыя выдаткі. Хоць на сёння вядуцца актыўныя пошукі ў розных кірунках — і магчыма, калі ўдасца вырашыць пытанне з адаптацыяй, на каналах холдынга з'явіцца сербскае, славацкае, чэшскае, нават карэйскае кіно.

— Глеб Міхайлавіч, наколькі я ведаю, вольны час вы з большай ахвотай бавіце на рыбалцы, а не перад тэлевізарам. Тым не менш, якія серыялы глядзіце ўласна вы — не для работы, а для душы?

— На рыбалцы я не быў ужо чатыры гады, — уздыхае генеральны прадзюсар, — затое за гэты час паглядзеў «Сватоў» разоў дваццаць. Мне насамрэч падабаецца гэты серыял, таксама як «Інтэрны», некаторыя ваенныя серыялы. З задавальненнем паглядзеў «Зваротны бок Месяца-2» — гэты расійскі серыял здымаўся ў Мінску, і некаторыя натурныя пляцоўкі былі бачныя з акна майго дома. Таксама люблю біяграфічныя гісторыі, але мае ўласныя густы тут не супадаюць з перавагамі аўдыторыі: серыял «Фурцава», скажам, у нас паказаў вельмі сярэдні вынік. А больш за ўсё мне даспадобы кіно савецкага перыяду — тое, што выпускалі «Масфільм» і «Ленфільм», магу пераглядаць па паўсотні разоў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Кніга рэкордаў

Лідарамі па вытворчасці серыялаў у свеце лічацца ЗША і Вялікабрытанія.

На сёння найдаражэйшы па вытворчасці серыял — знятая брытанцамі «Карона», прысвечаная каралеве Елізавеце ІІ. Бюджэт 1-га сезона (10 серый) перавысіў 150 мільёнаў долараў.

Самы доўгі серыял у свеце, занесены нават у Кнігу рэкордаў Гінеса, — «Пуцяводнае святло», пачаўся на радыё ў студзені 1937 года, прыйшоў на тэлебачанне ў 1952 годзе і скончыўся ў верасні 2009-га ў сувязі са скарачэннем фінансавання. За гэты час было знята больш за 15 700 серый — каб паглядзець іх усе, спатрэбіцца 164 дні, 4 гадзіны і 30 хвілін.

Загаловак у газеце: Шматсерыйная гісторыя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.