Вы тут

Хутка з'явяцца новыя тэхналогіі вырошчвання маліны


«Маліна пайшла!» У хуткім часе, хочацца верыць, такімі навінамі беларусы змогуць дзяліцца ўжо ў апошнія дні мая. Ва ўсякім разе, нашы вучоныя зараз адпрацоўваюць тэхналогіі, якія дазволяць атрымліваць запатрабаваную ягаду не толькі ў канцы вясны, а нават у лістападзе — снежні.


Усяго з дзясятак гадоў таму цяжка было паверыць, што на Беларусі можна вырошчваць рэмантантную маліну, а сёння яна становіцца прамысловай культурай. У краіне ёсць нават некалькі спецыяльных камбайнаў для ўборкі такой ягады. Адзін з іх набыты і летась выпрабаваны на ягадных плантацыях Інстытутам пладаводства. Праўда, маліна, сабраная такім чынам, ідзе на перапрацоўку. Але і «ручны» ўраджай з Самахвалавіч ужо парадаваў наведвальнікаў сталічных магазінаў.

— Гэта цікавая культура мае шэраг пераваг, і галоўнае, працягвае тэрмін ужывання свежых ягад практычна да першых маразоў, — расказвае загадчык аддзела ягадных культур Інстытута пладаводства Вольга Емяльянава. — Расце маліна ў закрытым грунце. Дзве цяпліцы па шэсць сотак кожная, усяго ў іх — 1200 раслін, і за сезон летась мы атрымалі дзве тоны дэсертных ягад першага гатунку. Гэта вельмі добры вынік. Часта з адкрытага грунту падобнага ўраджаю не атрымаць. Апошнім часам назіраюцца раннія асеннія замаразкі. У пачатку ці сярэдзіне верасня тэмпература можа паніжацца да мінус 2—3 градусаў, ягада замярзае на кустах і больш не аднаўляецца. Ва ўмовах закрытага грунту такой праблемы няма.

Дом для ягаднікаў

Уявіце: пачатак вясны, на «вулічнай» маліне і іншых культурах толькі паўзуць першыя лісточкі, а ў самахвалавіцкіх цяпліцах ужо завязваюцца ягады, сюды спецыяльна пастаўлены скрыні з чмялямі, каб яны дапамаглі з апыленнем.

Ёсць розныя прыёмы, як «прыспешыць» ураджай. Аматары, якія вырошчваюць у сябе рэмантантную маліну, ведаюць, што трэба выдаліць леташнія пабегі, каб атрымаць багаты позні ўраджай, які выспее на атожылках. Але ў адной з цяпліц галінкі, якія перазімавалі, вучоныя не чапалі — дзеля таго, каб на іх як мага хутчэй выспелі першыя, самыя раннія ягады на Беларусі. Гэта тэхналогіія «long cane», што ў перакладзе азначае «доўгі парастак». А ўжо калі кусты адпладаносяць, абрэзкі ім не пазбегнуць — усё для таго, каб яны паспелі парадаваць другім, асеннім ураджаем.

А вось у другой цяпліцы вучоныя адпрацоўваюць іншую тэхналогію, тут парасткі былі ўкарочаны. Маліна расце ў гаршках з какосавым субстратам, у кожным па дзве расліны. Праведзены «персанальныя» кропельніцы, праз якія дастаўляецца вада з угнаеннямі. Усё ж гэта культура, каб даць багаты ўраджай, мае патрэбу ў добрым сілкаванні.

Дзякуючы кліматычным умовам, якія стварае чалавек, можна не толькі кантраляваць тэрміны выспявання, але і рабіць перыяд збору ягад больш працяглым. Пры дадатковай падсветцы і абагрэве ягаду можна атрымліваць і зімой. Дарэчы, летась апошнюю маліну ў Самахвалавічах збіралі 20 лістапада.

— Пакуль мы адпрацоўваем тэхналогіі вырошчвання рэмантантнай маліны на невялікім аб'ёме. Вывучаем галандскія сарты (але ў найбліжэйшы час плануем выпрабоўваць і свае), — расказвае Вольга Уладзіміраўна. — Адпрацоўваем сістэму падкормак. Выкарыстоўваем розныя угнаенні, каб падабраць таннейшыя рэчывы.

Смачна есці!

Сёння ў нашых супермаркетах прадаецца багата заморскай маліны. Напрыклад, можна сустрэць ягаду іспанскую, мексіканскую. Але, калі бачыш, які шыкоўны малінавы ўраджай ужо саспеў пад Мінскам, разумееш, што імпартазамяшчэнне ў гэтым кірунку цалкам магчыма. Прычым кошт беларускай ягады будзе ў 2—3 разы ніжэйшы. Ды і больш карысная яна за заморскую, бо цяжка сказаць пра прадукцыю, вырашчаную ва ўмовах іншага клімату, чым яе апрацоўвалі.

— Мінск у сярэднім за тыдзень спажывае 100 кілаграм дэсертных ягад, гэта толькі супермаркеты. Ляжаць яны ва ўпакоўках па 150—200 грамаў у адзін слой. І мы плануем развіваць кірунак менавіта на падобную вытворчасць, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Ужо летась мінчане маглі сустрэць у супермаркетах нашу маліну, прычым тавар, сабраны ўручную ўсяго за 2—3 гадзіны да таго, як паступіў у продаж. Як правіла, гэта ягада хутка разыходзілася. А мы працуем з сартамі, якія маюць добры патэнцыял. Ёсць такі тэрмін як «shelf lіfe» — «жыццё на паліцы». Ён азначае, колькі ягада можа захоўвацца ва ўмовах магазіна, не псавацца і не страчваць смакавых якасцяў. Так, у нашых ягад тэрмін захоўвання ў звычайных халадзільніках — да двух тыдняў! Другі сорт можна прадаваць на рынку па кошце, зніжаным на 20—30 працэнтаў, напрыклад, у кошыках са шпоны, адкрытых латках. Але нават калі не атрымліваецца ягаду прадаць, яе можна замарозіць ці пусціць на перапрацоўку.

— Ці будзем мы адыходзіць ад звычайнай маліны?

— Летняя маліна таксама патрэбна, каб прадукцыя паступала на працягу ўсяго сезона. Заканчваецца летняя — пасля прамежак у 2—3 тыдні, калі ягад няма, пакуль не пачалася рэмантантная. І каб вырашыць гэту праблему, фермеры пачалі завозіць сарты замежнай селекцыі позняга тэрміну выспявання. Дарэчы, нашым інстытутам створаны першы ўласны сорт позняй летняй маліны. Зараз падалі яго на дзяржвыпрабаванне. Фермеры ж прывозяць сарты англійскай селекцыі позняга тэрміну выспявання. Мы іх таксама плануем вывучаць, паколькі клімат Англіі і Беларусі розніцца, трэба высветліць, наколькі мэтазгодна вырошчваць гэтыя сарты і ці рэкамендаваць іх буйным гаспадаркам. Акрамя таго, іх можна дадаваць у нашы селекцыйныя работы, скрыжоўваць.

— На што павінен звярнуць увагу прыватнік, калі набывае маліну?

— Найперш на каранёвую сістэму і надземную частку. Калі пупышкі адкрыты, каранёвая сістэма валасніковістая, мае добрыя абрастаючыя карані, і на іх, самае каштоўнае — адвентыўныя пупышкі — маленькія белыя парасткі наступнага года. Галоўнае, каб яны былі жывыя, тады прыжываемасць гарантаваная. Калі на расліне 2—3 пупышкі, з адной матачнай расліны атрымаецца 2—3 дадатковыя саджанцы.

— Штогод у продажы з'яўляецца маліна ў яскравых папяровых скрынях, прычым куст у іх наогул не разгледзець, альбо саджанцы ляжаць з каранямі, завернутымі ў цэлафан. І людзі набываюць такія расліны нават у канцы мая.

— Вясной садзіць маліну можна ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, пакуль у глебе захоўваецца вільгаць і расліна не пачала вегеціраваць, інакш ёй складаней будзе прыжыцца. Пазней — растуць выцягнутыя парасткі, парушаецца фізіялогія раслін. А яшчэ я рэкамендавала б садзіць маліну ўвосень, каб у яе была магчымасць адаптавацца і спакойна ўвайсці ў зімоўку. Дарэчы, у нас ёсць свой магазін. І на восень заўсёды больш прапаноў, разнастайнейшы выбар. Мы робім траншэю, прыкопваем расліны і кожны дзень правяраем, як яны сябе адчуваюць, сочым, каб захоўвалася вільгаць. Калі ж у магазінах расліна прадаецца з каранямі, завернутымі ў цэлафан, там няма адтулін, дрэнажу, яна можа загніваць, з'явіцца плесень, іншыя праблемы, яна можа не прыжыцца наогул ці доўга хварэць.

Важна ўмець выбраць і сарты. Так, часта людзі ганяюцца за замежнымі сартамі, а яны ў нашых умовах сябе не заўсёды добра паказваюць. Напрыклад, такі сорт, як «Зева Хербстэнт», у цэнтральным рэгіёне апраўдвае сябе толькі на 45 працэнтаў, часта ўходзіць пад зіму з зялёнымі ягадамі. У нас жа сортавыпрабавальныя станцыі ёсць у кожнай вобласці і назіранні за культурамі вядуцца не адзін год.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Першая — у маі, апошняя — у лістападзе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.