Вы тут

Чым здзіўляе айчынны ВПК?


Штогод на Міжнароднай выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі «МІLEХ» колькасць экспанентаў з розных краін павялічваецца. Сёлета на адным з найбуйнейшых ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне салоне ўзбраенняў сярод 350 ноу-хау ваеннага прызначэння вядучых сусветных кампаній былі прадстаўлены і распрацоўкі 80 беларускіх прадпрыемстваў.


Дзякуючы высокай якасці, надзейнасці і тэхнічным характарыстыкам, айчынная абаронная прадукцыя сёння складае канкурэнцыю замежным аналагам. Вось толькі некалькі армейскіх навінак, створаных таленавітымі беларускімі распрацоўшчыкамі.

1. Шматфункцыянальная браніраваная машына «Кайман». Беларускія браневікі паспяхова вытрымалі дзяржаўныя выпрабаванні і ўжо трапляюць на ўзбраенне нашай арміі. Машына ўпэўнена перамяшчаецца па моцна перасечанай мясцовасці. Па шашы «Кайман» рухаецца да 110 км/г, затое па грунтовых дарогах набірае хуткасць да 60 км/г. Як прызнаюцца распрацоўшчыкі, тэхніка прыдатная для бездарожжа. Больш таго, яна можа пераадолець і глыбокія водныя перашкоды — прычым без спецыяльнай падрыхтоўкі!

Аўтамабіль прызначаны для разведвальных і дыверсійных аперацый, можа выкарыстоўвацца падчас патрулявання і суправаджэння, правядзення міратворчых аперацый, дзеянняў ва ўмовах надзвычайных сітуацый. «Кайман» абсталяваны супрацьміннай абаронай. Дадатковай абаронай для экіпажа, які, дарэчы, складаецца з шасці чалавек, з'яўляюцца супрацьасколачныя маты, а таксама бакавыя дзверы транспартнага сродку: пры пасадцы або высадцы дэсанта яны выступаюць у якасці браніраванага шчыта, які ратуе ад франтальнага агню.

2. Аўтаматызаваны дыстанцыйна кіраваны назіральна-агнявы комплекс «АДУНОК» прызначаны для назірання і дыстанцыйнага кіравання сродкамі агнявога паражэння. Дзякуючы ўсталяванай аднайменнай рэактыўнай сістэме, баявыя магчымасці комплексу павялічваюцца за кошт двух тыпаў узбраення: стралковай зброі і рэактыўных гранат. Найбольш эфектыўны «АДУНОК» пры паражэнні лёгкабраніраванай і небраніраванай тэхнікі, агнявых сродкаў і жывой сілы праціўніка. Дыстанцыйнае кіраванне зброяй дазваляе захаваць асабовы склад за кошт адсутнасці непасрэднага кантакту з праціўнікам.

3. Партатыўны перадатчык перашкод «Граза-Р». Распрацоўка разлічана на барацьбу з мульцікоптарамі і малапамернымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі, якія ўсё часцей выкарыстоўваюцца не ў самых лепшых мэтах. Пераносны перадатчык падаўляе радыёканалы кіравання беспілотнікамі і стварае перашкоды для сістэм спадарожнікавай навігацыі. Карыстальніку радыёэлектроннай зброі дастаткова навесці перадатчык на беспілотнік і ўключыць выпраменьванне, пасля чаго паветраны «парушальнік» спачатку страціць кіраванне, а потым выканае экстранную пасадку або ўвогуле ўпадзе.

4. Рабатызаваны супрацьтанкавы ракетны комплекс «Багамол» створаны на базе самаходнага дыстанцыйна кіраванага гусенічнага міні-шасі, здольнага перамяшчацца па перасечанай мясцовасці. Баявой машынай па бесправадным канале сувязі кіруе аператар, які можа знаходзіцца на адлегласці да 300 метраў. Комплекс выкарыстоўваецца для паражэння ў аўтаматызаваным рэжыме ўмацаваных наземных цэляў, танкаў, бронемашын і завіслых верталётаў. Прычым кругласутачна!

5. Беспілотны лятальны апарат серыі «ІNDELA — І.N.SKY» мадыфікацыі BUR уяўляе сабой верталёт аднавінтавой схемы. Шасі ў ім не прыбіраецца, ёсць дапаможнае крыло з дзвюма кропкамі падвескі баявой нагрузкі і рухавік унутранага згарання, які працуе на высокаактанавым бензіне. Комплекс авіёнікі, якім абсталяваны беспілотнік, у аўтаматычным рэжыме забяспечвае ўзлёт, палёт і пасадку, прычым з магчымасцю завісання над аб'ектам, каб выканаць пастаўленую задачу.

6. Лёгкабраніраваны аўтамабіль «Волат», створаны па заказе Міністэрства абароны, ужо прайшоў поўны цыкл выпрабаванняў, пераадолеўшы 40 кіламетраў, дэманструючы пры гэтым уражальныя характарыстыкі. Тэхніка, браніраваная па чацвёртым класе, развівае хуткасць да 110 км/г, з лёгкасцю пераадольвае водныя перашкоды глыбінёй да паўтара метра.

«Волат» прадугледжвае шматлікія варыянты камплектавання рухавікамі, электрыкай і тармазнымі сістэмамі. На базе шасі МЗКТ-4901 зманціравана больш за пяць відаў комплексаў, прызначаных у тым ліку для патрэб Міністэрства ўнутраных спраў і сіл спецыяльных аперацый. Яшчэ адна з асаблівасцяў — устаноўка на шасі гідрамеханічнай аўтаматычнай перадачы, якая не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Апошняя распрацоўка — таксама справа беларускіх майстроў. Яна ўжо серыйна ўсталёўваецца на машыны, прызначаныя для камплектавання як беларускай, так і расійскай арміі.

7. Мадэрнізаваны танк Т-72БМЭ адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад'яўляюцца да сродкаў узброенага проціборства XXІ стагоддзя. Характарыстыкі танка максімальна набліжаны да навейшых танкаў тыпу Т-90. Мадэрнізаваная тэхніка ўключыла ў сябе апошнія дасягненні ў галіне стварэння сістэм кіравання агнём, назірання і абароны ад сучасных сродкаў паражэння. На сучасным танку ўсталяваны новы прыцэльны комплекс з цеплавізійным прыцэлам, узмоцнена бранявая абарона, за кошт больш магутнага рухавіка павялічана яго рухомасць. Яшчэ адна з асаблівасцяў тэхнікі — аўтаномнасць пры вядзенні засадных і абарончых дзеянняў за кошт выкарыстання ўбудаванай аўтаномнай крыніцы харчавання.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота прадстаўлены Дзяржваенпрамам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».