Вы тут

​Кіраўнік краіны бярэ ўдзел у саміце ШАС у Астане


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане зрабіў акцэнт на пытаннях бяспекі і на неабходнасці ўзмацнення эканамічнага вымярэння ў дзейнасці ШАС.


Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што невялікі прамежак часу, які прайшоў з моманту далучэння Беларусі ў якасці назіральніка да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, цалкам умацаваў беларускі бок у правільнасці зробленага выбару. «Я натуральна тут выступаю як уважлівы назіральнік за тымі працэсамі, якія адбываюцца сёння ў ШАС», — сказаў ён.

Згуртаванасць і адзінства

Паводле слоў Прэзідэнта, ШАС імкліва і паступальна ператвараецца ў адну з самых уплывовых міжнародных структур. «Ва ўмовах рэгіянальных канфліктаў, што ўсё больш узмацняюцца, асаблівую каштоўнасць набывае працэс збліжэння краін, якія прадстаўляюць больш за палову насельніцтва планеты», — заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на нядаўнюю перасцярогу Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб нейкім гіпатэтычным сутыкненні ЗША і Расіі. Адказваючы на пытанне журналіста, расійскі лідар, у прыватнасці, сказаў, што ніхто ў выніку падобнага сутыкнення не зможа гэтага перажыць. «Вельмі правільна і вельмі надзённа. Асаблівасць ШАС сёння заключаецца ў тым, што пры жаданні ўсіх членаў арганізацыі ніхто нідзе і ніколі не зможа дэстабілізаваць абстаноўку ў свеце. У гэтым велізарны патэнцыял ШАС, і гэта трэба бачыць. Гэта найвялікшая каштоўнасць, якая сёння створана», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Згуртаванасць і адзінства — той ключавы фактар супрацьстаяння сучасным выклікам і пагрозам, уключаючы тэрарызм, экстрэмізм, арганізаваную злачыннасць», — упэўнены Прэзідэнт Беларусі. Паводле яго слоў, сведчаннем умацавання аўтарытэту ШАС, у тым ліку яго эканамічнага вымярэння, з'яўляецца павелічэнне колькасці краін, якія падтрымліваюць шанхайскі дух раўнапраўнага ўзаемавыгаднага і мірнага суіснавання народаў.

«Дзве наймагутнейшыя дзяржавы — Індыя і Пакістан — становяцца яе паўнапраўнымі членамі. Гэта не проста найважнейшы вынік саміту, а мужны і адказны крок нашай арганізацыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не будзем скрываць, ёсць пэўныя праблемы ў адносінах паміж гэтымі цудоўнымі наймагутнейшымі дзяржавамі. І тое, што вы іх сёння прынялі ў склад ШАС, кажа пра тое, што вы проста адказныя людзі. Гэтым самым вы ўзялі на сябе рашэнне і гэтых праблем. Упэўнены, што, будучы членамі ШАС, і Індыя, і Пакістан не проста наблізяцца да вырашэння нейкіх невялікіх праблем, але яны іх вырашаць».

Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з гэтай падзеяй прэм'ер-міністра Індыі Нарэндра Модзі і прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа.

Бяспека — непадзельная

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь, знаходзячыся на «заходнім рубяжы» ШАС, як донар рэгіянальнай стабільнасці гатова на справе ўносіць свой канкрэтны ўклад у дасягненне мэтаў арганізацыі зыходзячы з неабходнасці ўсеагульнай і непадзельнай бяспекі.

«Лічу, што ў спалучэнні з намаганнямі «шанхайскай сям'і» захоўвае сваю актуальнасць беларуская ініцыятыва аб наладжванні новага маштабнага дыялогу паміж Усходам і Захадам, аналагічнага Хельсінкскаму працэсу. Шанхайскую арганізацыю сёння немагчыма праігнараваць ні па адным з пытанняў парадку дня сусветнага развіцця. Маючы негатыўны вопыт падзелу і войнаў, наша краіна адначасова служыць пазітыўным прыкладам мірнага суіснавання культур і рэлігій», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Умацаванне эканамічнага вымярэння

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што сацыяльная нестабільнасць, якая расце ў асобных краінах і рэгіёнах, цесна звязана з узроўнем іх развіцця. «Прычына нестабільнасці менавіта ў гэтым. Скажу шчыра: сёння Еўропа пакутуе ад наплыву бежанцаў, дык вось, калі б Еўропа не адгароджвалася і не дэстабілізавала гэты рэгіён, а дапамагла, то сёння не мела б гэтай праблемы. Заява Сі Цзіньпіна аб тым, што Кітай будзе садзейнічаць развіццю дзяржаў не толькі ШАС, але і па перыметры арганізацыі, якраз вельмі важная з пункту гледжання вырашэння гэтай страшнай праблемы нелегальнай міграцыі, якая вядзе да глабальнага тэрарызму. Перакананы, што ўмацаванне эканамічнага вымярэння ШАС будзе садзейнічаць вырашэнню гэтага няпростага пытання», — сказаў Прэзідэнт. Ён прапанаваў падумаць над распрацоўкай канкрэтных праектаў (эканамічных, інвестыцыйных, лагістычных, гуманітарных), у тым ліку з актыўным прыцягненнем дзяржаў-назіральнікаў.

«Мы падтрымліваем ініцыятыву аб неабходнасці гарантавання харчовай бяспекі на кантыненце. Праблема нарастае. З'яўляючыся буйным вытворцам харчовай прадукцыі, Беларусь паслядоўна выступае за зняцце штучных бар'ераў у гэтай сферы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным той факт, што саміт у Астане па часе фактычна супадае з пачаткам работы міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «ЭКСПА-2017», якая прысвечана энергіі будучыні. «Гэты сусветны агляд дасягненняў дазволіць пашырыць эканамічную кааперацыю членаў ШАС і іх партнёраў», — упэўнены ён.

Сувязнае звяно паміж Еўропай і Азіяй

Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі надаюць вялікае значэнне вырашэнню задач па ліквідацыі перашкод на шляху руху тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы ў Еўразіі.

«Вырашыўшы гэтую праблему, мы зробім так, што свет наогул перастане пра яе гаварыць», — падкрэсліў беларускі лідар. «Сённяшняя сустрэча, па сутнасці, з'яўляецца працягам таго лёсавызначальнага дыялогу, які мы вялі ў Пекіне ў рамках міжнароднага форуму «Адзін пояс і адзін шлях». Гэта адзін з глабальных прыкладаў, у такім кірунку павінна развівацца наша арганізацыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Бясспрэчна, гэта наймагутнейшы стымул для развіцця не толькі ШАС, але і Еўразіі, усяго свету. Форум прадэманстраваў зацікаўленасць большасці краін свету ў рэалізацыі такога беспрэцэдэнтнага па маштабе праекта».

«Мы гатовыя ўзмацняць ролю Беларусі як сувязнага звяна паміж Еўропай і Азіяй і прапануем партнёрам больш актыўна выкарыстоўваць гэты патэнцыял», — адзначыў беларускі лідар.

* * *

Прэзідэнт таксама правёў перагаворы з замежнымі лідарамі ў кулуарах саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы прадуктыўна і прадметна пагутарыў з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндра Модзі, які запрасіў Прэзідэнта наведаць гэтую краіну восенню. Грунтоўная размова на палях форуму адбылася з прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам напярэдадні яго візіту ў жніўні ў Беларусь. Адбыліся таксама сустрэчы з кіраўнікамі Расіі, КНР, Афганістана і Таджыкістана. Зацікаўленасць у візіце Аляксандра Лукашэнкі для выпрацоўкі новага парадку дня ва ўзаемадзеянні дзвюх краін выказаў падчас перагавораў і міністр замежных спраў Ірана. Раней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам.

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Сіла ў яднанні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?